У касцёле Божага Цела ў Нясвіжы адбыўся канцэрт харавой духоўнай музыкі,
якую прадставіў хор “Coro de la universidad de Alcala”. У яго склад увайшлі студэнты
і выкладчыкі ўніверсітэта горада Алькала–дэ–Энарэс — прыгарада Мадрыда.
Яго гісторыя налічвае звыш пяці тысяч гадоў і ён вядомы перш за ўсё тым,
што ў яго межах быў пабудаваны першы паўнавартасны ўніверсітэцкі гарадок,
які ў далейшым стаў узорам для іншых навуковых цэнтраў Еўропы і Амерыкі.
Універсітэт і гістарычная частка горада Алькала-дэ-Энарэс, як і нашы замак і касцёл, уваходзяць у Спіс аб’ектаў сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, і канцэрт, які адбыўся ў нясвіжскім касцёле Божага Цела, стаў своеасаблівым мастацкім падарункам ад аднаго культурнага цэнтра другому.
Творы, што прагучалі ў храме, адкрылі слухачам найцікавейшыя пласты еўрапейскай духоўнай музыкі, пачынаючы ад ХІІІ стагоддзя. Прысутныя пачулі творы са збору рукапісаў песень аб Святой Дзеве Марыі, напісаных на сярэднявечным галіцыйскім дыялекце, у якім сабрана 420 сачыненняў у гонар Дзевы Марыі, песні ХІV стагоддзя са зборніка, які захоў-ваўся ў бенедыкцінскім абатстве Мансэрат, і творы эпохі Рэнесанса — ХVІ стагоддзя. Апошні перыяд быў прадстаўлены трыма еўрапейскімі кампазітарамі — Аркадэльтам, які нарадзіўся ў Нідэрландах, Томасам Луісам дэ Вікторыяй, ураджэнцам іспанскай Авілы, і Пэдра дэ Эскабарам, які нарадзіўся ў Партугаліі, але стаў адным з самых вядомых кампа-зітараў Іспаніі тых часоў.

Спявае хор “Coro de la universіdad de Alcala”
Адкрыла канцэрт славутая “Salve Regina” — адна з самых вядомых у свеце каталіцкіх малітваў да Марыі, маці Ісуса Хрыста, а апошняй стала “Непараўнальная Святая Дзева” — песня, якая ўваходзіць у Калекцыйны музычны зборнік, створаны пры двары іспанскіх манархаў. Яна была напісана Пэдра дэ Эскабарам у форме Калядных напеваў.

Са словамі падзякі да гасцей з Іспаніі на іх роднай мове звярнуўся ганаровы грамадзянін горада Нясвіжа Леанід Крупец, які ў 2011 — 2016 гадах працаваў Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Бразіліі
Цудоўным сюрпрызам для слухачоў стаў славуты гімн усіх вышэйшых навучальных устаноў “Gaudeаmus igіtur”, якім хор развітаўся са слухачамі. А тыя доўга не адпускалі спевакоў, дзякуючы ім гарачымі апладысментамі.

Нягледзячы на будні дзень, храм быў запоўнены
аматарамі духоўнай музыкі
Ад імя ўсіх прысутных за выдатны музычны падарунак гасцям з Іспаніі падзякаваў пробашч Рымска-Каталіцкай парафіі Божага Цела ў Нясвіжы, дэкан Нясвіжскага дэканата, ксёндз-канонік Пётр Шарко.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.
Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ.