Да школы гатовы? Заўжды гатовы!
23.08.2019
—
Разное
|
Пацікавілася неяк у сына, што трэба купіць да новага навучальнага года. “Ручку і сшытак”, – крыху падумаўшы, адказаў мой сямікласнік. Спадзяюся, хаця б на 48 аркушаў, усміхнулася я пра сябе.
Праўду кажучы, у сёмы раз “збірацца” ў школу не так ужо і страшна. Дэфіцыту, дзякуй богу, няма, затое ёсць усялякія зніжкі і растэрміноўкі. Да апошняга варыянту, прызнаюся, я ніколі не звярталася, але і дзіцё ў наяўнасці пакуль адно. Мая шматдзетная сяброўка, да прыкладу, падрыхтоўку да новага навучальнага года пачынае яшчэ ў маі папярэдняга, каб не сустрэць верасень з пустым кашальком.
Па інфармацыі Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) сёлета аптымальная экіпіроўка школьніка малодшых класаў абыдзецца да 750 рублёў, зрэшты, у мінулым сезоне агучвалася такая ж сума. Бацькі старшакласнікаў могуць выдаткаваць на зборы да 890 рублёў. Лічбы не маленькія, але варта мець на ўвазе, што дадзеныя сумы разлічваліся МАРГам з улікам усіх патрэбных да школы рэчаў – адзення, абутку, галантарэйных тавараў, пісьмовых і канцылярскіх прылад. Таму, калі дзіцё ідзе не ў першы, а ў які іншы клас, ёсць надзея некаторы час пакарыстацца леташнімі рэчамі. З рукзака, да прыкладу, досыць складана вырасці. І калі вы не бацькі модніцы, якая не стане карыстацца аксэсуарамі мінулага сезона, то правядзіце маніторынг шафаў і тумбачак у дзіцячым пакоі. Рукзак, дзве кашулі, папка для сшыткаў, з дзясятак саміх сшыткаў, столькі ж вокладак для іх – мой улоў не такі і багаты, але і гэта ўжо нешта. Сэканоміў – лічы, зарабіў.
Тое ж Міністэрства сцвярджае, што на пашыраных продажах тавараў для школьнікаў, якія ідуць па ўсёй краіне і працягнуцца да кастрычніка, прадстаўлена каля 500 мадэляў адзення дзелавога стылю для хлопчыкаў і дзяўчынак, 200 мадэляў абутку, больш за 70 – трыкатажных вырабаў, а таксама каля сотні мадэляў ранцаў і сумак. Мы пацікавіліся, што пачым, і ці магчыма ўкласціся ў лічбы, прыведзеныя вышэй.
Такое адчуванне, што ў жніўні школьным асартыментам гандлююць усе. Сёе-тое можна купіць у Шуміліне, за нечым давядзецца ехаць у гарадскія крамы.
Касцюм для хлопчыка каштуе ад 50 до 145 рублёў, за сарафан просяць ад 25 до 50 рублёў. Самая танная кашуля каштуе 20, а самая дарагая – 50 рублёў, блузка – 17 і 55 рублёў адпаведна. Цана залежыць ад мадэлі і ўзросту дзіцяці – чым старэйшы, тым даражэй абы-дзецца яго экіпіроўка.
Спартыўны касцюм для школьніка малодшых класаў можна знайсці і за 40 рублёў, а кеды нават за 14. Самыя дарагія туфлі, якія мне трапіліся, каштавалі крыху больш за сотню. Дадаткова можна набыць джэмпер (ад 8 до 40 рублёў), камплект ніжняй бялізны (ад 5 до 17 рублёў), ну і па дробязі – шкарпэткі і калготкі.
Дарэчы, многія гандлёвыя кропкі збіраюцца паўдзельнічаць у адзіным дні зніжак, які пройдзе 25 жніўня.
Звычайна школьнае адзенне шыецца са змешанай тканіны, у складзе якой пераважаюць сінтэтычныя матэрыялы. Бірка, да прыкладу, сарафана ці касцюма выглядае так: 60 % – поліэстэр, 38 – віскоза і 2 – які-небудзь спандэкс. Калі ў складзе тканіны ёсць шэрсць ці бавоўна, то, звычайна, не больш за 20 працэнтаў. Гэта гарантуе нашым дзецям ахайны выгляд, які так любяць настаўнікі, але я як маці аддала перавагу б мятаму пінжаку, але каб той “дыхаў”. Трэба прызнаць, што ненатуральнасць касцюмаў у некаторай ступені кампенсуецца баваўнянымі кашулямі.
На пытанне, ці можна падабраць адзенне для дзяцей з нестандартнай фігурай, усе прадаўцы адказваюць станоўча. Але са свайго досведу магу сказаць, што не так гэта і проста. Ва ўсякім разе, знайсці штаны для свайго сына ў айчыннага вытворцы я так і не змагла. Давялося купіць іх у H&М за 60 рублёў. Кашулю мы ўзялі ў Colin’s за 40 рублёў, спартыўны касцюм абышоўся ў 40, пінжак – у 59 рублёў. Канцылярскія заказалі на Оz.by (выдаткавалі 60 рублёў). Трэба будзе яшчэ купіць рабочыя сшыткі па ўсіх прадметах, атласы і контурныя карты (3–5 рублёў за штуку). У выніку мой канкрэтны школьнік абыдзецца мне прыкладна ў 500 рублёў. Выходзіць, што ў лічбы, заяўленыя МАРГам, мы ўклаліся. А вы?
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №66 ад 22. 08.2019 г.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Да школы гатовы? Заўжды гатовы! Пацікавілася неяк у сына, што трэба купіць да новага навучальнага года. “Ручку і сшытак”, – крыху падумаўшы, адказаў мой...
|
|