Лукашэнка правёў нараду з праваахоўным блокам
23.08.2019
—
Разное
|
У аснове стабільнасці ў дзяржаве – унутрыпалітычная сітуацыя і давер людзей да ўлады. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 20 жніўня на нарадзе па пытанні якасці работы праваахоўных органаў па выяўленні і расследаванні злачынстваў.
“Я рэдка карыстаюся рознай патэтыкай і высокімі словамі, але сёння хачу сказаць, што наша з вамі сустрэча ў рамках гэтай нарады павінна стаць гістарычнай. Гістарычнай у тым сэнсе, што ў гэтай зале сабраліся ўсе тыя, ад каго залежыць суверэнітэт і незалежнасць нашай краіны, у іх аснове - стабільнасць. А ў аснове гэтай стабільнасці – унутрыпалітычная сітуацыя ў нашай дзяржаве і давер людзей да ўлады. У гэтай зале сабраліся ўсе тыя, хто вызначае лёс краіны і лёс кожнага з грамадзян. Ад нас з вамі залежыць, якая будзе краіна, як будуць жыць нашы людзі і якімі будуць гэтыя людзі”, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы заявіў, што пасля нарады сітуацыя ў праваахоўнай сферы зменіцца кардынальна ў лепшы бок, будуць ліквідаваны ўсе недахопы, выяўленыя пры падрыхтоўцы да нарады.
Абарона жыцця
і правоў чалавека
Прэзідэнт падкрэсліў, што ў аснове ўсёй палітыкі дзяржавы заўсёды былі, ёсць і будуць чалавек і справядлівае стаўленне да яго.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што праваахоўнікі ў першую чаргу абавязаны забяспечваць прэзумпцыю невінаватасці, у той жа час павінен працаваць прынцып няўхільнасці пакарання за злачынства. “Менавіта гэтага патрабуе ад нас народ, на вернасць якому мы прысягалі, – заўважыў ён. – Тым больш што сёння праваахоўныя органы забяспечаны ўсім неабходным для работы. Таму людзі і дзяржава маюць права разлічваць на адпаведны вынік”.
Пра недахопы
ў рабоце праваахоўнай сістэмы
Звароты грамадзян і правапрымяняльная практыка выяўляюць праблемы, прычым у шэрагу выпадкаў даволі вострыя. “Нядаўні прыклад (ён актыўна абмяркоўваўся ў СМІ, але я не хачу мусоліць яго) – гэта справа галоўнага інжынера Мінскага завода колавых цягачоў. Гэта вельмі добры і яскравы прыклад вашай работы як па сутнасці, так і па форме, у прыватнасці, міліцыі, – адзначыў Аляксандр Лукашэнка. – Колькасць зваротаў, іншыя рэзанансныя справы сведчаць аб сур”ёзных недахопах і праліках у рабоце аператыўна-вышуковых і следчых падраздзяленняў, а таксама, на жаль, пракуратуры”.
Паводле яго слоў, у людзей часам складваецца ўражанне, што супрацоўнікаў праваахоўных органаў у першую чаргу цікавяць не жыццё і лёс чалавека, а лічбы і рэйтынгі, якімі вымяраецца эфектыўнасць іх работы. “Прычым фальсіфікацыя ў ходзе расследавання крымінальных спраў такая, што лепш бы вы не ўзбуджалі гэтыя крымінальныя справы. Некаторыя ў пагонах сталі нахабнымі да таго, што яны не проста не павінны іх насіць – гэтыя людзі павінны быць выключаны з нашага грамадства ў першую чаргу, перш чым тыя, справы якіх яны расследуюць”, – заявіў кіраўнік дзяржавы.
Яшчэ горш, дадаў кіраўнік дзяржавы, калі гэта суправаджаецца прымяненнем актыўных сілавых метадаў, неадпаведных узнікаючым сітуацыям.
Аб якасці даследчых праверак і папярэдняга следства
Кіраўнік дзяржавы заявіў аб нізкай якасці работы ў абазначанай сферы. Практыка пракурорскага нагляду сведчыць, што асноўнымі характэрнымі недахопамі ў рабоце органаў унутраных спраў з’яўляецца павярхоўнае даследаванне заяў і паведамленняў аб злачынствах, а таксама недастатковае веданне аператыўных супрацоўнікаў аб крымінальных праявах на аб’ектах аператыўнага абслугоўвання. У шэрагу выпадкаў гэта прыводзіць да таго, што вінаватыя асобы, карыстаючыся сваёй беспакаранасцю, учыняюць больш цяжкія злачынствы. Маюць месца працягласць аператыўных распрацовак, парушэнне парадку і ўмоў правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў, уключаючы вынясенне нематываваных пастаноў. “І што асабліва недапушчальна – валакіта ў рабоце па ўстанаўленні асоб, якія ўчынілі злачынствы”, – падкрэсліў Прэзідэнт.
Аб злоўжываннях
“Злоўжыванні службовымі асобамі праваахоўных органаў службовымі паўнамоцтвамі. Глядзіце, як гучыць: тое, супраць чаго павінны праваахоўнікі змагацца, ім ставіцца ў віну”, – заўважыў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што па яго даручэнні былі выяўлены найбольш распаўсюджаныя працэсуальныя парушэнні. У іх ліку аказанне націску на ўдзельнікаў крымінальнага працэсу – падазроных, абвінавачаных, бок абароны, а таксама суддзяў.
Пазначаныя факты абумоўлены як карыслівымі матывамі (подкуп з мэтай прыняцця канкрэтнага рашэння, жаданне атрымаць асабістую выгаду), так і імкненнем службовых асоб забяспечыць выкананне даведзеных кіраўніцтвам паказчыкаў аператыўна-службовай дзейнасці і статыстычнай справаздачнасці. “Дзікасць!” – абурыўся Прэзідэнт.
Аб пракурорскім наглядзе
Аляксандр Лукашэнка заявіў аб недастатковасці дзейснага пракурорскага нагляду. “Гэта нарада, якую мы праводзім на ўзроўні Прэзідэнта, павінна была быць праведзена не раз у год генеральным пракурорам. Так у нас пракуратура ў суверэннай незалежнай краіне працуе, што за іх трэба яшчэ працаваць Прэзідэнту”, – адзначыў ён.
“Шматлікія памылкі і недахопы дасудовага вядзення па справе выпраўляюцца непасрэдна ў судовым пасяджэнні, а не пракурорамі перад тым, як накіраваць гэту справу ў суд. Як вынік – няякасны пракурорскі нагляд вядзе да заканамернага зніжэння якасці папярэдняга расследавання, прыводзіць да апраўдальных прыгавораў”, – заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле даных судовай статыстыкі, апраўдальныя прыгаворы вынесены ў першым паўгоддзі 2019 года ў адносінах да 50 асоб, у 2018 годзе – 80, у 2017-м – амаль 100. У большасці выпадкаў падставамі для пастановы апраўдальных прыгавораў з’яўлялася адсутнасць у дзеяннях складу злачынства, недаказанасць удзелу ва ўчыненні злачынства. У прыватнасці, толькі па абвінавачанні ў забойстве з 2017 года былі прызнаны невінаватымі і апраўданы 5 чалавек.
Аб палачна-птушачнай сістэме ацэнкі
Прэзідэнт падкрэсліў недапушчальнасць захавання палачна-птушачных падыходаў да ацэнкі дзейнасці органаў унутраных спраў і следчых падраздзяленняў. “Гарачым жалезам трэба гэта выпаліць. Словамі не дапаможам”, – сказаў кіраўнік дзяржавы.
“Тэндэнцыя работы праваахоўных органаў на статыстыку садзейнічае канцэнтрацыі супрацоўнікаў не на забеспячэнні законнасці, абароне правоў і інтарэсаў грамадзян, рэагаванні на парушэнне законаў, а на штучнай дэманстрацыі сваёй работы шляхам дасягнення планавых паказчыкаў і статыстыкі”, – падкрэсліў беларускі лідар.
Аб карупцыі
і жалезабетонных доказах
Асобную ўвагу Аляксандр Лукашэнка звярнуў на наяўнасць дастатковай доказнай базы пры расследаванні карупцыйных злачынстваў. На праблемы ў гэтым напрамку паказвае і Вярхоўны суд.
“Хабар – гэта калі вы зафіксавалі аўдыя, відэа, што чалавеку прынеслі і далі яго. Усё – нікуды не дзенешся, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. – А што такое, калі чалавек недзе ўспомніў, што ён камусьці даў хабары? І пачынаецца (гэта асабліва міліцыі характэрна): нехта недзе сказаў – чалавеку заламалі рукі і пачалі выкручваць. Павінны быць жалезабетонныя доказы такіх рэчаў, інакш мы прыйдзем да таго, што ў грамадстве з’явіцца і бурна будзе працвітаць практыка: не спадабаўся чалавек – абгаварыў яго, даў супраць яго паказанні і пайшлі”.
Пры гэтым Прэзідэнт папярэдзіў, што аслабляць барацьбу супраць хабарніцтва нельга і ніякага змякчэння пакарання для карупцыянераў быць не павінна. “Трэба проста эфектыўна і правільна працаваць, цярпліва, і прыцягваць да адказнасці максімальна тых, хто бярэ хабары і ўчыняе карупцыйныя злачынствы. Але ні ў якім разе мы не павінны пакараць чалавека, які не вінаваты. Лепш не расследуйце гэтыя крымінальныя справы, калі вы не бачыце жалезабетонных доказаў”, – сказаў ён.
Падводзячы вынікі нарады, Аляксандр Лукашэнка арыентаваў праваахоўныя органы на больш якасную работу ў сферы абароны законных правоў грамадзян.
Звяртаючыся да кіраўніцтва Адміністрацыі Прэзідэнта, ён сказаў: “Кадры трэба не толькі назначаць, але і ахоўваць іх. А жулікаў і прайдзісветаў трэба гарачым жалезам выпальваць з нашых радоў”.
“Справядлівае павінна быць стаўленне да людзей! Самі ж можам апынуцца на месцы тых людзей, якіх вы часам прасуеце, і незаконна. Вывады сказанага мною: праваахоўныя органы павінны працаваць не проста эфектыўна, а якасна, талкова. І ў аснову трэба пакласці не толькі закон (у ім не прапішаш усё, што адбываецца ў жыцці) – пакладзіце ў аснову справядлівасць. Не націскайце на людзей залішне. Але, з іншага боку, не даруйце нічога падонкам, нягоднікам і бандытам. Інакш аб стабільнасці потым у нашым грамадстве размовы быць не можа”, – рэзюмаваў Прэзідэнт.
Паводле матэрыялаў
БЕЛТА.
Надрукавана ў №66 ад 22. 08.2019 г.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Лукашэнка правёў нараду з праваахоўным блокам У аснове стабільнасці ў дзяржаве – унутрыпалітычная сітуацыя і давер людзей да ўлады. Аб гэтым Прэзідэнт... |
|