В номерах – чистота, а в сердце – чуткость. За порядок в элитных номерах санатория «Лесные озёра» отвечает Ольга Антопуш
28.08.2019
—
Разное
|
Прывабная жанчына з акуратнай прычоскай і макіяжам, якую сустрэла ля катэджных домікаў санаторыя “Лясныя азёры”, выклікала ва ўяўленні вобраз работніка якога-небудзь гарадскога офіса. І толькі стос ручнікоў у яе руках ды бэйдж на адзенні засведчылі, што насамрэч прафесія Вольгі Уладзіміраўны Антопуш з іншай оперы. Жанчына адказвае за тое, каб у 18-ці элітных нумарах здраўніцы заўсёды была бездакорная чысціня і парадак. “А як жа інакш? Мы пастаянна на вачах у адпачываючых, а значыць у пэўным сэнсе з’яўляемся візітоўкай здраўніцы, таму прыстойны знешні выгляд – абавязковае патрабаванне”, – тлумачыць работніца. Асаблівым у чалавека такой прафесіі павінен быць і характар: ураўнаважаны, неканфліктны, добразычлівы. Як бы ні старалася пакаёўка, заўсёды сустрэнуцца кліенты, у якіх знойдуцца заўвагі, і важна ўмець правільна на іх рэагаваць. Трэба дагадзіць кожнаму, але ж пры гэтым не страціць і пачуццё ўласнай годнасці. “Калі, напрыклад, адпачываючы жадае пазапланава памяняць пасцельную бялізну, канечне, задаволім просьбу. Але ж бывае і такое, што чалавеку не падабаецца колер штор ці шпалер – тут знайсці ўзаемаразуменне ўжо больш складана”, – усміхаецца Вольга Уладзіміраўна. Але ж у пераважнай большасці выпадкаў адпачываючыя застаюцца задаволенымі яе работай. Жанчына працуе ў здраўніцы ўжо 10 год: у першы час прыбірала адміністрацыйныя будынкі, потым – нумары жылых карпусоў, а на катэджы, якія лічацца найбольш адказным участкам, яе перавялі не так даўно. “Люблю сваю работу і не памяняла б яе на іншую! – прызнаецца Вольга Уладзіміраўна. – Асабліва прыемнымі з’яўляюцца моманты, калі прыязджаюць пастаянныя кліенты – з некаторымі сустракаемся, як з роднымі: сяброўскія абдымкі, цёплыя словы. А калі надыходзіць дзень ад’езду – бываюць і слёзы… Штогод браніруе ў нашай здраўніцы месца мужчына з Маладзечна: заўзяты рыбак, які ўстае на досвітку і прападае на азёрах. Літаральна на нашых вачах вырас маленькі масквіч, што праводзіць з бацькамі тут усе летнія месяцы. Не першы раз прыязджаюць з Расіі і размяшчаюцца ў катэджы бабуля з унучкай. Днямі, дарэчы, у дзяўчынкі зламаўся самакат – дык я аддала яго ў рамонт нашаму сталяру Максіму Пугачу – зараз тэхніка ўжо спраўная, людзі задаволены, рады і мы, што змаглі дапамагчы”. Ніколі не адмовіць Вольга Уладзіміраўна пажылому чалавеку, які просіць купіць у райцэнтры лекі ці ўзяць білет на мінскі аўтобус. А між тым вось з такіх драбніц і складаецца потым спрыяльнае ўражанне пра наш санаторый і яго работнікаў. Калектыў жа тут, па словах жанчыны, дружны. Сярод тых, з кім найбольш даводзіцца кантактаваць па службе, – сястра-гаспадыня Тамара Міхайлаўна Апёнак, работнік пральні Людміла Сямёнаўна Чубік. А гэтым летам адной з калег Вольгі Уладзіміраўны стала дачка Марыя: навучэнка каледжа ў час канікул уладкавалася ў санаторый і таксама наводзіць парадак у нумарах. Дзяўчына ў будучым марыць стаць высакакласным цырульнікам – а значыць, таксама працаваць у сферы абслугоўвання, запатрабаванай і прывабнай ніколькі не менш, чым работа ў гарадскіх офісах. Наталля БАГДАНОВІЧ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прывабная жанчына з акуратнай прычоскай і макіяжам, якую сустрэла ля катэджных домікаў санаторыя “Лясныя азёры”, выклікала ва ўяўленні вобраз работніка...
|
|