На парозе юбілею… У верасні “Нясвіжскія навіны” адзначаць сваё 80-годдзе!. 21.by

На парозе юбілею… У верасні “Нясвіжскія навіны” адзначаць сваё 80-годдзе!

06.09.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Наша раённая газета стаіць на парозе свайго 80-гадовага юбілею. Вялікі і няпросты шлях прайшла яна, як і ўвесь беларускі народ. Час станаўлення, узлёты і зацішша, радасці і смутак… Звычайнае жыццё. Адначасова сёлета на прасторы масмедыя краіны адзначаецца яшчэ адзін юбілей: 75-годдзе факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Галоўнай установы вышэйшай адукацыі, дзе рыхтуюць журналістаў. Маёй альма-матэр. Лёс нашай газеты, большасці яе творчых работнікаў цесна звязаны з лёсам журфака БДУ, таму хачу сёння паказаць даную сувязь — іменна праз людзей, асвятліць гэту старонку гісторыі “раёнкі”.

Пастанову аб адкрыцці ў БДУ факультэта журналістыкі ЦК ВКП (б) прыняў 9 жніўня 1944 года. У Мінску ён быў створаны першым у Савецкім Саюзе. У Кіеве — у 1946-м, у Маскве — у 1947-м. А заняткі на журфаку БДУ пачаліся 1 лістапада 1944 года.

Трэба адзначыць, што раней журналістаў рыхтавалі на базе губернскіх партшкол у Віцебску (1918 г.), у Мінску (1920 г.). З 1932 да 1941-га — у Мінскім Камуністычным інстытуце журналістыкі. З 1935 г. — у Магілёўскім газетным тэхнікуме. Так што весці газетную справу было каму. Але “стварэнне факультэта журналістыкі ва ўніверсітэцкім асяродку знамянавала ўваходжанне журналісцкай адукацыі ў рэчышча сустветнай практыкі”, — адзначаў у сваім артыкуле ў кнізе “Журфак” дэкан факультэта ў 1997 — 2005 гг. Васіль Вараб’ёў.


Я захоўваю, а час ад часу перачытваю кнігу “Журфак”, складзеную выкладчыкамі факультэта да яго 60-годдзя (у 2004 г.). Адзін з яе раздзелаў — “Родам з журфака” — утрымлівае спіс яго выпускнікоў, пачынаючы з першага выпуску, з 1949 года. Падумалася: трэба было б успомніць былых работнікаў газеты, хто з дыпломам журфака некалі прыйшоў у нашу “раёнку”, аддаў ёй хто — усё жыццё, хто — некалькі гадоў, але ўсе ўнеслі ў працу калектыву свой адметны ўклад, пакінулі свой след.

У 1951 годзе журфак скончыў Яфім Капялян. Спачатку ён працаваў рэдактарам газеты палітаддзела Гарадзейскай МТС, затым узначаліў раённую газету “Чырвоны сцяг”. З часам Яфім Хаймавіч пераехаў у Мінск, абараніў дысертацыю на званне кандыдата філасофскіх навук, працаваў на ніве навукі.

Яўген Зубараў атрымаў дыплом у 1956-м, працаваў адказным сакратаром газеты. Тамара Беляковіч (Ярмоленка) — у 1958-м. Адразу пасля ўніверсітэта яна шчыравала ў газеце Халопеніцкага раёна (цяпер — Крупскі раён), а пасля яго расфарміравання прыехала ў Нясвіж. У “Чырвоным сцягу” загадвала аддзелам пісьмаў, аддзелам прапаганды і масавай работы, была адказным сакратаром. Мне пашчасціла доўгі час працаваць побач з Тамарай Пятроўнай, вучыцца ў яе журналісцкаму майстэрству, захапляцца яе аптымізмам, энергічнасцю, уменнем супрацьстаяць цяжкасцям. Яна засталася вернай раз і назаўсёды выбранай прафесіі, працавала ў газеце і пасля выхаду на пенсію.

У 1962 годзе завочнае аддзяленне журфака скончыў Уладзімір Якубовіч, у 1963-м — Павел Нікалайчук. Вячэрняе аддзяленне ў 1965-м — Леанід Дубовік.

У 1965 г. журфак скончыў і Вітольд Іваноўскі. У нашым “Чырвоным сцягу” ён працаваў адказным сакратаром. Затым Вітольда Уладзіміравіча прызначылі ўласным карэспандэнтам рэспубліканскай газеты “Звязда” па Гродзенскай вобласці…

У 1966 годзе, ужо працуючы ў Нясвіжскай “раёнцы”, дыплом журфака атрымаў Уладзімір Ліпскі. Цяпер Уладзімір Сцяпанавіч — вядомы беларускі пісьменнік, 41 год рэдагуе дзіцячы часопіс “Вясёлка”.

Таксама завочна вучыўся Канстанцін Прыёмка, які загадваў у “раёнцы” сельгасаддзелам. Багаты жыццёвы і практычны вопыт дазволілі яму стаць уласным карэспандэнтам абласной газеты “Мінская праўда”. Канстанцін Пятровіч з’яўляецца пастаянным падпісчыкам на нашу газету, часта тэлефануе ў рэдакцыю, цікавіцца справамі.

У “абойме” выпускнікоў журфака БДУ 70-х гадоў — Браніслаў Яблонскі (рэдактар Нясвіж-скага раённага радыё, пазней узначальваў раённую газету “Пухавіцкія навіны”), Аляксандр Пляшэвіч (карэспандэнт нашай “раёнкі”, стаў рэдактарам Салігорскай райгазеты “Шахцёр”), Тамара Кудрыцкая (загадвала ў “Чырвоным сцягу” аддзелам пісьмаў, пайшла працаваць далей па партыйнай лініі), Мікалай Яроцкі (карэспандэнт, адказны сакратар газеты), Дзмітрый Турко (фотакарэспандэнт), Уладзімір Маковіч (рэдагаваў газету з 1988 да 1995 года), Лілія Зізіка (Кухта) — яна працавала карэктарам “Чырвонага сцяга” да паступлення на вучобу, Людміла Пахолкіна (Цімчанка), якая праз пэўны час узначаліла Ліёзнен-скую раённую газету.

Выпускнікі 80-х гадоў — Ірына Чырко (карэспандэнт “Чырвонага сцяга”), Святлана Мазан (Башылава) — працавала рэдактарам раённага радыё, цяпер — на рэспубліканскім радыё. Заканчвалі наш факультэт таксама былыя супрацоўнікі газеты несвіжане Лявонцій Саланевіч і Лілія Крутава.

У кожнага журналіста быў свой стыль, свае характэрныя рысы ў творчасці. І яны з натхненнем складалі летапіс Нясвіж-чыны. З вялікім жаданнем браліся за розныя тэмы, унікалі ў праблемы, падымалі іх на старонках газеты, разам са спецыя-лістамі галін шукалі выйсце са складаных сітуацый, раскрывалі і паказвалі перадавы вопыт, цёпла, шчыра пісалі пра людзей раёна, пра яго сацыяльнае і культурнае жыццё.

А вучылі гэтаму на працягу 5-і ці 6-і гадоў выкладчыкі журфака, мэтры ў сваёй спецыяльнасці.

І колькі выдатных вучоных, нашых выкладчыкаў даў журфак БДУ! На жаль, вельмі многіх ужо няма сярод жывых. Літаральна 9 жніўня прачытала ў газеце “СБ. Беларусь сегодня” аб тым, што пайшла з жыцця адна са старэйшых выкладчыкаў дацэнт кафедры гісторыі журналістыкі і літаратуры Ніна Аляксандраўна Сніцарава. А яна ж была ў ліку першых выпускнікоў факультэта ў 1949 г. Як і Ефрасіння Леанідаўна Бондарава, доктар філалагічных навук, прафесар, вядомы кінакрытык, выдатны аналітык кінамастацтва.

У 1950-м закончыў журфак Міхаіл Яўгенавіч Цікоцкі, у будучым — знакаміты вучоны і педагог, доктар філалагічных навук, прафесар. Ён вучыў нас стылістычным асаблівасцям газетнай мовы, літаратурнаму рэдагаванню. Міхаіл Яўгенавіч стаў і заснавальнікам адпаведнай кафедры.

Выпускнікамі журфака з’яўляліся таксама Рыгор Васільевіч Булацкі (дэкан факультэта на працягу 13-і гадоў), Георгій Захаравіч Бягун — выкладчык дысцыпліны “Асновы фата-графіі”, Анатоль Вікенцьевіч Балаш, які вучыў студэнтаў тэх-ніцы афармлення газеты, яе правільнай вёрстцы, Вадзім Іванавіч Дубовік (мы з ім вывучалі асаблівасці рэгіянальнай прэсы Беларусі), Таццяна Дзмітрыеўна Арлова — аўтарытэтны знаўца тэатральнага мастацтва, у будучым — доктар філалагічных навук, прафесар, Сцяпан Васільевіч Говін, дацэнт кафедры гісторыі журналістыкі, Алег Георгіевіч Слука, які стаў доктарам гістарычных навук, прафесарам, з 1986 па 1996 гг. працаваў дэканам факультэта.

З асаблівым піетэтам студэнты ставіліся да Барыса Васільевіча Стральцова, доктара філалагічных навук, журналіста, пісьменніка, даследчыка тэорыі беларускай публіцыстыкі, загадчыка кафедры тэорыі і практыкі сучаснай журналістыкі, прафесара кафедры сацыялогіі журналістыкі. Ён вучыўся на філалагічным факультэце БДУ (я парушыла рамкі публікацыі, бо павага да Барыса Васільевіча — велізарная і нельга не сказаць пра такога Настаўніка), працаваў у рэдакцыях рэспубліканскіх газет “Чырвоная змена”, “Звязда”. Вучоны і крытык, ён з’яўляўся аксакалам беларускай журналіс-тыкі, прывіваў студэнтам любоў да прафесіі. “Ён лічыў, што студэнты павінны даказаць сваю прафпрыгоднасць. Мог дараваць прагулы, але толькі не тое, што студэнт ніяк не праяўляе сябе ў прафесіі”, — гаворыць сёння пра свайго выкладчыка і старэйшага калегу Людміла Пятроўна Саянкова, загадчык кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі журфака, кандыдат філалагічных навук.

Нашы выкладчыкі вучылі нас бачыць, думаць, пісаць. Яны стварылі і ўмацоўваюць падмурак нацыянальнай інфармацыйнай прасторы. Адна з цаглінак гэтага падмурку — Нясвіжская раённая газета.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Наша раённая газета стаіць на парозе свайго 80-гадовага юбілею. Вялікі і няпросты шлях прайшла яна, як і ўвесь беларускі народ.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика