Память солдат армии генерала Андерса почтили в Миорах. 21.by

Память солдат армии генерала Андерса почтили в Миорах

06.09.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

>

 На міёрскім касцёле 1 верасня ўрачыста адкрылі дошку ў памяць пра воінаў-землякоў, якія ваявалі супраць нямецкіх захопнікаў у складзе арміі генерала Уладзіслава Андэрса і ў іншых баявых злучэннях на Заходнім фронце ў 1939 – 1945 гадах. Гэта першы ў Беларусі помнік салдатам арміі Андэрса і іншых баявых злучэнняў на Заходнім фронце Другой сусветнай вайны.

Госці мерапрыемства – намеснік пасла Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Марцін Вайцяхоўскі, члены Саюза Пілсудчыкаў Рэчы Паспалітай Стэфан Лапацкі і Чэслаў Рэмізовіч з Мінска, Дзяніс Краўчанка з Віцебска, нашчадкі воінаў ІІ Польскага корпуса. Мясцовую ўладу прадстаўлялі намеснік старшыні райвыканкама Валерый Драба і намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Аксана Ашурка.


 Кожнаму дарагая памяць пра сваіх родных, якія змагаліся на франтах Другой сусветнай вайны. У арміі Андэрса ваявала каля 20 тысяч беларусаў. У тым ліку ўраджэнцы нашага краю Сцяпан Матэленак, Францішак Лагун, Павел Грэцкі і іншыя. Іх сваякі знаходзяць дакументальныя пацвярджэнні – спіс імёнаў дапаўняецца. Фотаздымкі, рэчы, узнагароды з архіваў сем’яў Рынкевічаў, Матэленкаў і Сухойдаў можна было пабачыць на міні-выставе.


 Вядучая сустрэчы – галоўны захавальнік фондаў музеяў Браслава Ганна Базарэвіч – падкрэсліла, што дошка памяці адкрываецца ў сімвалічную дату. 80 гадоў таму, 1 верасня 1939-га, пачалася Другая сусветная вайна. Сёлета ў маі адзначалася 75-гадавіна перамогі ў баях за італьянскае ўзвышша Монтэ-Касіна. Гэта была адна з самых кровапралітных бітваў. У штурме разам з многімі беларусамі ўдзельнічалі ўраджэнцы сучасных Шаркаўшчынскага, Міёрскага і Лідскага раёнаў Ісай Лутохін, Сямён Ерамееў і Ян Сухойда. Невядома, ці ведалі яны адзін аднаго. Аднак праз некалькі дзесяцігоддзяў сустрэліся іх праўнукі. Хлопцаў звязала цікавасць да ваеннай гісторыі, жаданне ўшанаваць памяць блізкіх і ўсіх беларусаў, што ваявалі за мір далёка ад радзімы. Падтрымаў сяброў былы пробашч міёрскай парафіі ксёндз Крыштаф Міенкіна. На жаль, не змог прыехаць на мерапрыемства.


Аўтары ідэі Павел Лутохін, Арцём Сухойда і Аляксандр Рынкевіч з хваляваннем выказвалі сваю радасць ад ажыццяўлення задумкі, гаварылі пра важнасць памяці і сувязі пакаленняў.


 Асвяціў мемарыяльную дошку ксёндз-пробашч парафіі Андрэй Кулік.
– Спадзяюся, гэта будзе добры прыклад для маладога пакалення, – заўважыў святар. – Усё пачынаецца з памяці пра сям’ю. Пра тых, хто жыў даўно, даў бацькам і нам жыццё, вучыў любіць Бога, Айчыну, мову. Гэта важная і неад’емная частка існавання кожнага чалавека.


Намеснік пасла Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Марцін Вайцяхоўскі дзякаваў за магчымасць удзельнічаць у важным гістарычным мерапрыемстве. Адзначыў, што лёсы людзей у вайну былі розныя: частка вярнулася, другія засталіся на Захадзе, іншыя загінулі. Устанаўленне дошкі – падзяка ўсім, хто змагаўся за свае сем’і, за краіну, за свабоду.


– На могілках пад Монтэ-Касіна шмат магіл. Каталіцкія, праваслаўныя, яўрэйскія пахаванні. Жылі ў сяброўстве людзі рознай веры. А прыйшоў нялёгкі час – плячо ў плячо змагаліся за свабоду. Слава памяці ўсіх ахвяр Другой сусветнай вайны, – падагуліў госць.
Намеснік старшыні райвыканкама Валерый Драба акрэсліў значны ўнёсак нашых землякоў у агульную перамогу ў вайне.


 Да мемарыяльнай дошкі ўсклалі кветкі і вянок. Запалілі лампады.
Гісторыю ўдзелу выхадцаў з Міёршчыны ў Другой сусветнай вайне, у тым ліку ў радах арміі генерала Андэрса, не адно дзесяцігоддзе вывучаў са сваімі выхаванцамі настаўнік СШ № 3 імя Я. Томкі Вітольд Ермалёнак. З вызваліцеляў Варшавы гісторык прыгадаў Вячаслава Гяча. Выхадзец з вёскі Дзедзіна Аляксандр Дарашкевіч узняў сцяг над Варшавай 19 студзеня 1944 года. На Захадзе ваявалі Мамерт Станкевіч і яго брат Раман. Нядаўна адкрыта новае імя ўдзельніка арміі Андэрса – Станіслаў Пілецкі-Сілаў.

Слова нашчадкам

Павел Лутохін, праўнук Ісая Лутохіна:
– У мяне шаркаўшчынскія карані. Вывучэннем тэмы арміі Андэрса заняўся шэсць гадоў таму. З Сашам і Арцёмам пазнаёміліся выпадкова. Нашы продкі трапілі ў жарнавы гісторыі, пераадолелі нялёгкі шлях, білі ворага, за некалькі тысяч кіламетраў ад ра- дзімы гераічна змагаліся за мір. Усталяванне і асвячэнне мемарыяльнай дошкі – важная падзея для ўсёй краіны. Спадзяюся, што міёрскі касцёл стане месцам, дзе мы, нашчадкі змагароў, зможам ушаноўваць памяць нашых прадзедаў і землякоў.

Віктар Сухойда, унук Яна Сухойды:
 – Прыехалі ў Міёры з сынам Арцёмам. Мой дзед і яго прадзед Ян Сухойда быў салдатам ІІ Польскага корпуса. Ваяваў пад Монтэ-Касіна. Узнагароджаны за баявыя заслугі. Пасля вайны 25 гадоў пражыў у Італіі, але вярнуўся ў Беларусь. Памёр у 1976 годзе. Расказваў пра вайну мала, не хацеў прыгадваць жах перажытага. Памятаю яго аповяд пра ўдзел у баях у Афрыцы. У танках было вельмі халодна ноччу і спякотна днём. Каб сагрэцца, спалі, прыціснуўшыся адзін да аднаго. Другі эпізод, калі пераплывалі з Афрыкі ў Італію, а дэльфіны іх суправаджалі. З Арцёмам мы тры разы былі на Монтэ-Касіна.
Вялікая падзяка хлопцам за рэалізацыю важнай справы. Удзячны касцёлу і мясцовым уладам. З Лідчыны загінулі пад Монтэ-Касіна каля 20 чалавек. Міёры падалі прыклад, што памяць трэба берагчы і ўвекавечваць.

Арцём Сухойда, праўнук:
– Насычаная паездка ў Італію адбылася ў маі. Спецыяльна планавалі ўдзельнічаць у мерапрыемствах, прыўрочаных да 75-гадавіны з дня перамогі пад Монтэ-Касіна. Наведалі ўсе мемарыялы, помнікі, вышыні, у тым ліку тыя, дзе ваяваў мой прадзед у 1944-ым. Ён служыў у чацвёртым танкавым палку «Скарпіён». Сёлета на ўрачыстасцях, дзе былі людзі з усяго свету – ЗША, Вялікабрытаніі, Канады, Францыі, Японіі, з Беларусі прысутнічалі толькі мы двое. Хочацца спадзявацца, што ў наступны раз землякоў будзе больш.

 Святлана Антановіч з Вілейкі:
– Мой дзед Максім Скрабец служыў у польскай арміі Андэрса. Ураджэнец Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. Мама шмат расказвала пра яго. Іх папярэдзілі, што бой пад Монтэ-Касіна будзе жорсткім. Калі вярнуўся з Англіі, усю сям’ю адправілі ў ссылку. Англічане прапаноўвалі застацца, але яны хацелі і мелі права вярнуцца на радзіму. Сёння паклала да новага помніка кветкі – і адчула лёгкасць на душы.

Адзін у полі не воін
Ажыццявіць ідэю дапамаглі дзясяткі людзей. Ахвяравалі грошы жыхары Міёр, Вілейкі, Мінска, Ліды, з замежжа – з Санкт-Пецярбурга, Лондана, Рыгі.


Аб’яўлены падзякі. За выраб мемарыяльнай дошкі – Аляксандру Чарняўскаму, за мастацкае афармленне – Таццяне Пацеенак, за навуковае абгрунтаванне для ўвекавечання памяці – Вітольду Ермалёнку, за выраб сувенірнай прадукцыі – Сяргею Сушко, за дапамогу ў правядзенні мерапрыемства – Ганне Базарэвіч.

ГІСТАРЫЧНАЯ ДАВЕДКА
Стварэнне Польскай арміі пад камандаваннем генерала Ула- дзіслава Андэрса пачалося 14 жніўня 1941 года. Яна павінна была змагацца на нямецка-савецкім фронце, але генерал дабіўся ад Сталіна згоды на эвакуацыю польскіх часцей на тэрыторыю Ірана. Там армія падпарадкоўвалася брытанскаму камандаванню.
25 верасня 1942 года створана Польская армія на Усходзе, часці якой кватараваліся ў Іраку, Палестыне, Егіпце. Там праходзілі пад- рыхтоўку паводле стандартаў брытанскага войска. Пасля брытанскае камандаванне вырашыла накіраваць Корпус генерала Андэрса ў Італію, дзе пачаліся буйныя баявыя дзеянні.
23 сакавіка 1944 года са згоды генерала ІІ корпус накіравалі на ўзвышша Монтэ-Касіна. 18 мая вайскоўцы ІІ Польскага корпуса ўзнялі на руінах кляштара брытанскі і польскі сцягі. Да верасня 1946 года ІІ корпус заставаўся ў Італіі, дзе выконваў вартавую службу. Пасля яго перакінулі ў Вялікабрытанію. Там адбываўся павольны працэс дэмабілізацыі і расфарміравання польскіх частак.

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Вольга ВІШНЕЎСКАЯ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
 На міёрскім касцёле 1 верасня ўрачыста адкрылі дошку ў памяць пра воінаў-землякоў, якія ваявалі супраць нямецкіх захопнікаў у складзе арміі генерала Уладзіслава...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика