Ушаччина отметила 95 лет со дня образования района. 21.by

Ушаччина отметила 95 лет со дня образования района

17.09.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

ПАДАРУНАК ДЗЕЦЯМ І ГОРАДУ

95-годдзе ўтварэння Ушацкага раёна ўвойдзе ў гісторыю многімі адметнымі мерапрыемствамі, але, напэўна, самым знакавым і радасным стала ўрачыстае адкрыццё пасля мадэрнізацыі і капітальнага рамонту дзіцячага ясляў-сада №4. На працягу двух гадоў у будынку, якому жыццёва неабходна было абнаўленне, вяліся работы, і сёння садок вабіць яркімі фарбамі, тут звіняць дзіцячыя галасы і поўным ходам ідзе адукацыйны працэс. Дарэчы, другое жыццё ён атрымаў якраз да свайго 30-гадовага юбілею – узведзены будынак быў у 1989-м годзе.

Моманту, калі ў пакоях груп зноў стане шумна і ажыўлена, з нецярпеннем чакалі не толькі педагогі садка, а і іх калегі з іншых дашкольных устаноў, на якіх была ўскладзена дадатковая нагрузка, а таксама бацькі і дзеці. Усе яны, як і многія ўшачане, прыйшлі ў суботу раніцай раздзяліць з калектывам урачысты момант. А ганаровымі гасцямі адкрыцця сталі старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Паўлавіч Андрэйчанка, старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Уладзіміравіч Цярэнцьеў, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Генадзь Міхайлавія Ягораў, старшыні райвыканкама Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка і раённага Савета дэпутатаў Наталля Мікалаеўна Марковіч.

Ад старога будынка засталіся толькі сцены. Заменены дах, мадэрнізаваны ўсе інжынерныя сістэмы і камунікацыі, закуплена новае абсталяванне для сталовай, мэбля, зроблена добраўпарадкаванне. На ўсе віды работ было затрачана каля 2 мільёнаў рублёў. Для ажыццяўлення працэсу выхавання дзяцей на сучасным узроўні маюцца і цацкі, і дыдактычныя матэрыялы з вучэбнымі дапаможнікамі, прасторная і прывабная музычная зала, гульнявы комплекс на дваровай тэрыторыі.

У.П.Андрэйчанка пастаянна цікавіўся ходам работ на аб’екце і падкрэсліў, што для таго, каб сад прыняў выхаванцаў да новага навучальнага года, мясцовыя ўлады рабілі ўсё магчымае і нават звыш таго. Ён павіншаваў іх з паспяховым выкананнем пастаўленай задачы, падзякаваў будаўнікам, якія працавалі над мадэрнізацыяй аб’екта. У асноўным яна вялася сіламі работнікаў шумілінскай ПМК-70 і ўшацкай ПМК-66. У сваю чаргу кіраўнік нашага раёна падзякаваў за падтрымку ў фінансаванні і будаўніцтве аб’екта Уладзіміру Паўлавічу, аблвыканкаму: “Такім чынам мы ствараем умовы для падтрымкі маладых сямей, упэўнены, што сюды кожную раніцу малышы будуць ісці з задавальненнем!”

Справядліва прагучала ўдзячнасць і ў адрас усіх грамадзян, арганізацый, якія рыхтавалі аб’ект да ўводу, шчыруючы падчас суботнікаў, а таксама непасрэдна персаналу ўстановы.

“Як жыхар Шумілінскага раёна, шчыра кажучы, па-добраму зайздрошчу ўшачанам, у якіх з’явіўся чарговы прыгожы сацыяльны аб’ект!” – прызнаўся дырэктар ПМК-70 Юрый Аляксеевіч Крыўко, якому выпала місія ўручыць загадчыку ўстановы Святлане Іванаўне Лёлі сімвалічны ключ.

– Мы так рады, што нашы дзеці будуць вучыцца і спасцігаць новае ў гэтым светлым і ўтульным будынку, хочацца выказаць шчырую ўдзячнасць за садок усім, хто меў дачыненне да рамонту, – шчыра казала Ірына Мікалаеўна Контарава і ад бацькоўскага камітэта перадала ўстанове, а дакладней выхаванцам, новыя цацкі. Зрэшты, падарункаў, як і мае быць на наваселлі, было шмат, у тым ліку і ад У.П.Андрэйчанкі – арыгінальнае пано ўпрыгожыць абноўленыя памяшканні. Не з пустымі рукамі завіталі прадстаўнікі Наваполацкага філіяла УП “Інстытут Віцебскграмадзянпраект”, прыгаданых будаўнічых арганізацый, упраўлення капітальнага будаўніцтва Ушацкага раёна, уручыўшы развіваючыя гульні, цацкі, дываны. Падарачнымі сертыфікатамі і спартыўным інвентаром падмацавалі свае віншаванні Ушацкае райспажыўтаварыства, раённы аддзел унутраных спраў, раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Белая Русь”.

Чырвоная стужка перарэзана, запушчаны ў сонечнае неба паветраныя шары, госці запрошаны на экскурсію па дзіцячым садзе. Зараз пад наглядам вопытных і кваліфікаваных педагогаў у ім займаюцца 62 дашкольнікі, тут жа размясціліся і два першыя класы Ушацкай школы, у якіх навучаецца 41 вучань. Як і раней у будынку базіруецца дзіцячы сацыяльны прытулак, цяпер у ім знаходзяцца двое дзяцей, пакуль іх бацькам дадзены час на выпраўленне. Усе госці маглі ўпэўніцца, што ў садзе створаны выдатныя ўмовы. “Уражаны сучаснымі гульнявымі пляцоўкамі на тэрыторыі: альтанкі, якія схаваюць дзяцей ад сонца, дажджу і ветру, горкі, арэлі, пясочніцы, а які аўтагарадок для вывучэння дзеткамі правіл дарожнага руху!” – не хавалі эмоцый і шчыра радаваліся за калег педагогі з ясляў-сада №1.

ГАЛОЎНАЯ СЛАВУТАСЦЬ – ЛЮДЗІ

Ганаровыя госці і кіраўніцтва раёна ў рамках акцыі “Дарогамі памяці” ўсклалі кветкі да помніка загінуўшым воінам і партызанам у скверы гарпасёлка, ушанавалі іх памяць хвілінай маўчання.

“Ушаччына – унікальны куточак нашай краіны, край некранутай прыроды і прыгажосці. Галоўная ж яе славутасць – людзі, якія ўмеюць вырошчваць хлеб, будаваць дамы, выхоўваць дзяцей. Рэгіён развіваецца, становіцца яшчэ больш прыгожым і ўтульным. Ніхто наша жыццё не зробіць лепш, акрамя нас саміх, – вітаючы удзельнікаў святочнага канцэрта “Квітней, родная зямля!”, казаў У.П.Андрэйчанка, дзякаваў за запрашэнне на ўрачыстасць і шчыра жадаў працвітання раёну і яго жыхарам. Старшыня У.Г.Аўдошка справядліва адзначыў, што цяжка пераацаніць уклад у развіццё Ушаччыны нашага дэпутата, і яго словы працяглымі апладысментамі падтрымалі ўсе прысутныя.

Поспех раёна – заслуга многіх пакаленняў. У розныя гады Ушаччыну ўзначальвалі моцныя кіраўнікі, а ў арганізацыях працавалі старанныя людзі. Можна доўга пералічаць і расказваць пра герояў працы. Напрыклад, добрым словам і зараз жыхары раёна прыгадваюць такіх аксакалаў справы, як Мікалай Афанасьевіч Дук, які прысвяціў сферы страхавання 36 гадоў, пад началам Мікалая Васільевіча Храмёнка ўшацкая аўтакалона з’яўлялася адной з лепшых у сваёй сферы, займела грунтоўную матэрыяльна-тэхнічную базу, а Галіна Анатольеўна Грыдзюшка за такі ж тэрмін змагла вывесці прамкамбінат са стратных прадпрыемстваў і зрабіць лідзіруючым у рэспубліцы па вытворчасці спецадзення. Выдатна спраўляліся са сваімі абавязкамі Ганаровы лесавод Беларусі Аляксандр Паўлавіч Рудасаў, былыя дырэктар жыллёва-камунальнай гаспадаркі Мікалай Прохаравіч Несцярэнка і галоўны ўрач райбальніцы Канстанцін Мікалаевіч Цімафееў, “мэрам горада” і сёння называюць ушачане Уладзіміра Іванавіча Падольскага. Лістамі-падзякамі старшыні райвыканкама і падарункамі былі таксама адзначаны Уладзімір Мікалаевіч Малаткавец, Іван Мікалаевіч Падгол, Пётр Мікалаевіч Хвашчэўскі, Аляксандр Ягоравіч Кухта, Віктар Іванавіч Шэршань, Іван Іванавіч Сіпко, Пётр Мечыслававіч Мажэйка, Іван Іванавіч Баруноў, Аляксандр Лукіч Фамёнак. Апладысментамі і кветкамі сустракалі лаўрэатаў звання “Чалавек года Віцебшчыны” – з моманту заснавання яго ўдастоены 13 працаўнікоў раёна: С.М.Ільюшэвіч, А.М.Коўшаль, З.С.Ільінова, У.У.Лёля, С.Ц.Леснічэнка, А.М.Чарнышоў, М.Ф.Гардзіёнак, С.А.Філімонаў, Т.М.Малак, С.Ф.Папко, В.М.Шыркевіч, В.В.Мядзвецкі, Н.М.Маковіч.

З юбілеем Ушаччыну віншавала нямала гасцей, сярод якіх былі і прадстаўнікі расійскага Сестрарэцка, з якім ужо больш года наладжана супрацоўніцтва. Галоўны спецыяліст мясцовай адміністрацыі па пытаннях сацыяльнай сферы Яна Рэйнаўна Храмцова адзначыла, што на запрашэнне адгукнуліся з задавальненнем, і перадала віншаванне ад губернатара Санкт-Пецярбурга і кіраўніка муніцыпальнага ўтварэння Сестрарэцка. “Для мяне асаблівы гонар быць сёння тут. У такія дні адчуваеш, што нам дае малая радзіма – магчымасць рэалізаваць сябе, мы ж павінны аддзячыць за гэта працай”, – казаў ураджэнец Ушаччыны, ваенны камісар Докшыцкага раёна Віталь Генадзьевіч Леснічэнка, які віншаваў землякоў ад імя ўлады суседняга рэгіёна.

Аб тым, што асноўны наш гонар гэта працалюбівыя людзі, казаў і дырэктар Полацкага камбіната хлебапрадуктаў В.К.Хамёнак: “Лёс распарадзіўся так, што наша інтэграцыйная структура павінна падставіць плячо раёну для адраджэння аграрнай галіны, і ўшацкая зямля можа даваць добры ўраджай. Мяркуйце самі: “Маяк-Ушацкі” атрымаў сярэднюю ўраджайнасць каля 40 цэнтнераў з гектара, а гэта – другое месца з 38 гаспадарак холдынга! Упэўнены, што разам нам па плячы многія задачы”. Васіль Кузьміч завітаў на мерапрыемства з падарункамі, адзін з якіх – ікона, напярэдадні асвечаная ў Спаса-Ефрасінеўскім манастыры.

Віншаванне яшчэ ад адных нашых блізкіх суседзяў было ўкладзена ў выступленне ўзорнага ансамбля барабаншчыц “Віват” Глыбоцкага гарадскога Дома культуры. Эфектныя нумары не пакінулі раўнадушным ніводнага гледача ў цалкам запоўненай зале раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Свае таленты яскрава прадэманстравалі выхаванцы і педагогі нашай дзіцячай школы мастацтваў, творчыя калектывы раёна.

ДОЖДЖ НАСТРОЮ НЕ ПАМЕХА

На жаль, свае карэктывы ў праграму свята ўнесла надвор’е і ўшачане не змаглі ў поўнай меры атрымаць асалоду ад шматлікіх пляцовак пад адкрытым небам. Напрыклад, вельмі цікавы гістарычны экскурс у мінулае арганізавалі работнікі музея народнай славы, майстар-класы гатовы былі даць работнікі дзіцячай школы мастацтваў, а дасягненні прадэманстраваць некаторыя працоўныя калектывы. На свае падворкі традыцыйна запрашалі прадстаўнікі ўсіх сельсаветаў, інфармацыйныя і конкурсна-гульнявыя пляцоўкі разгарнулі раённая бібліятэка, выратавальнікі, БРСМ. Незвычайныя атракцыёны прывезлі прадпрымальнікі з суседніх раёнаў. І калі надзіманымі горкамі і батутамі ўшачан не здзівіць, то паплаваць у басейне ўнутры вялікай сферы, пагойдацца на “тарзанцы” і пакатацца на поні выстройваліся чэргі.

Трэба сказаць, што да 95-годдзя ўтварэння раёна прайшло нямала разнапланавых мерапрыемстваў. Напрыклад, напярэдадні адбылося адкрыццё этнаграфічнай выставы “Жыццё і быт ушачан”, якая будзе працаваць на пастаяннай аснове. Размясцілася ж яна ў былым Доме рамёстваў. А на будынку Ушацкай школы была адкрыта памятная дошка ў гонар знакамітых выпускнікоў установы – Рыгора Барадуліна, Еўдакіі Лось, Генадзя Гарбука.

Стварыць выдатны настрой ушачанам імкнуліся і ўдзельнікі першага раённага творчага конкурсу мастацкай самадзейнасці сярод аматарскіх аб’яднанняў Ушаччыны і сярод маладых работнікаў Ушацкага раёна “Нам песня будаваць і жыць дапамагае”. Маладыя выканаўцы Анастасія Карымава з Арэхаўскага сельскага Дома культуры і Ганна Рубіс з Глыбачанскага рабілі стаўку на патрыятычную тэму. Старэйшае пакаленне з задавальненнем падпявала ансамблю “Веркужаначка” Вяркудскага СДК. Артыстызмам і душэўным выкананнем “зачапіла” Ірына Краснова з той жа ўстановы, за што безагаворачна атрымала прыз глядацкіх сімпатый. Спецыяльнага прыза быў удастоены ад журы ансамбль “Дубравушка” Арэхаўскага СДК. А вось п’едэстал паміж сабой раздзяліла выключна моладзь. Не засталіся непрыкмечанымі вакальныя даныя Аляксандры Зільберт з дзіцячай школы мастацтваў – дзяўчына заняла трэцяе месца, “срэбра” дасталася Наталлі Міхейка, якая прадстаўляла раённы цэнтр культуры і народнай творчасці. Ну а перамогу заваяваў яе калега адзіны прадстаўнік моцнай паловы на конкурсе Кірыл Шалыга. Усе ўдзельнікі атрымалі дыпломы аддзела ідэалагічнай работы, культуры, па справах моладзі райвыканкама і раённага аб’яднання прафсаюзаў.

“Цудоўныя артысты! Выступленне прайшло на адным дыханні!” – казала ўшачанка Таццяна Прашкевіч і з ёй былі згодны ўсе, хто завітаў на канцэрт ВІА “Чараўніцы”, які прайшоў з аншлагам.

Нягледзячы на дажджлівы вечар, нямала ўшачан сабралася і на плошчы, каб паглядзець фінальны акорд свята – неба над гарпасёлкам расквецілі сотні агнёў працяглага салюту ў гонар юбілею нашага самабытнага, гераічнага і любімага раёна.

Вольга КАМАРКОВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
ПАДАРУНАК ДЗЕЦЯМ І ГОРАДУ 95-годдзе ўтварэння Ушацкага раёна ўвойдзе ў гісторыю многімі адметнымі мерапрыемствамі, але, напэўна, самым знакавым і радасным стала...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика