29 верасня біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў у адпустовую ўрачыстасць у гонар св. Міхала Арханёла парафію ў Гнезне (Ваўкавыскі дэканат).
Сёлетняя ўрачыстасць мела асаблівае значэнне, бо адзначалася таксама 495-годдзе пабудовы прыгожай гістарычнай святыні, паведамляе
Таксама прыпадаў яшчэ адзін, больш сціплы, але вельмі блізкі і дарагі юбілей 30-годдзя з часу першай святой Імшы, якую папярэдні пробашч парафіі, спачылы кс. канонік Людвік Станішэўскі, цэлебраваў на падворку перад толькі што вернутым касцёлам, якому патрабаваўся тады грунтоўны рамонт.
8 жніўня 1989 г. святыня пасля доўгага перыяду атэізму была вернута парафіяльнай супольнасці. З 1961 г., калі адышоў у вечнасць кс. Эдвард Цеханоўкі, у парафіі не было святара.
Сем гадоў парафіяне збіраліся на малітве без святара, клапаціліся аб парадку ў святыні, аб яе годным выглядзе і старанна плацілі падаткі, якія станавіліся ўсё больш высокімі.
У 1968 г., калі супольнасць ужо не магла сабраць патрэбнай сумы на аплачванне падатку, касцёл забралі ў вернікаў, і ён быў асуджаны на паступовае ператварэнне ў руіны.
30 гадоў таму з прыездам кс. Людвіка і з вяртаннем касцёла ў сэрцах вернікаў зноў нарадзілася надзея, што гэтая прыгожая, дарагая ім святыня будзе адрамантавана, а разам з ёю ажыве парафія.
І сапраўды, агульнымі сіламі пробашча і ўсіх парафіян на працягу амаль года ўдалося вярнуць касцёлу годны выгляд, і ў жніўні 1990 г. біскуп Тадэвуш Кандрусевіч здзейсніў яго асвячэнне.
На ўрачыстасці падзякі і парафіяльнага адпусту сабралося шмат мясцовых вернікаў і гасцей. Яны прыбылі дзякаваць Богу за ўсе тыя дары і ласкі, якія атрымалі ў гнезненскай святыні.
Біскупа, святароў, парафіян і гасцей прывітаў сённяшні пробашч кс. Раман Ялоўчык. Ён адзначыў, што для вернікаў супольнасці вялікая радасць разам перажываць гэты дзень.
Святар дадаў, што, святкуючы 495-годдзе пабудовы касцёла, вернікі пачынаюць своеасаблівы пяцігадовы шлях, рыхтуючыся духоўна да вялікага юбілею 500-годдзя парафіі, які будзе адзначацца ў 2024 г.
Біскуп Кашкевіч у гаміліі падкрэсліў, як красамоўна лёс гэтага касцёла і гісторыя парафіі ўпісваюцца ў пасланне ўрачыстасці св. Міхала Арханёла – таго, які заўсёды атрымлівае перамогу, бо верны Пану.
Па словах іерарха, нягледзячы на тое, што д'ябал быў канчаткова пераможаны праз муку, смерць і ўваскрасенне Сына Божага, ён, пакуль існуе гэты свет, стараецца далей змагацца з вызнаўцамі Хрыста, каб адвесці іх ад веры і перашкодзіць на шляху да збаўлення.
«Мы паддадзены яго атакам і павінны быць асцярожнымі і чуйнымі, а найперш трэба памятаць, што ў гэтай барацьбе мы не адны», - дадаў пастыр Касцёла на Гродзеншчыне.
Ён падкрэсліў, што ў нас ёсць цудоўны, магутны абаронца ў постаці св. Міхала Арханёла.
Біскуп заахвоціў дзякаваць Богу за дар анёлаў, а таксама прасіць іх дапамогі і абароны, асабліва ў небяспеках і наогул у цяжкіх сітуацыях, асабліва тады, калі чалавек паддадзены атакам злога духа.
«Чым мацнейшая будзе наша вера ў дапамогу анёлаў, чым больш гарачая і даверлівая малітва, тым часцей і выразней мы будзем адчуваць іх апеку і заступніцтва», - сказаў іерарх.
З нагоды 495-годдзя існавання касцёла парафіяне дзякавалі Пану за яго фундатараў і ахвярадаўцаў, будаўнікоў і архітэктараў, святароў, якія неслі ў ім душпастырскае служэнне, і вернікаў – сваіх продкаў, якія амаль паўтысячагоддзя ўзносілі ў ім пакорныя малітвы, слухалі Божае слова, прыступалі да сакрамэнтаў.
Дзякавалі таксама за ўсіх, чыімі стараннямі касцёл 30 гадоў таму быў вернуты і адноўлены.
Урачыстасць завяршылася эўхарыстычнай працэсіяй вакол святыні.