
Надзеі Шатроўскай восемдзесят. Узрост шаноўны. Аднак яна не сядзіць без спраў. У сваім палісадніку вырошчвае болей за два дзясяткі кветак самых розных гатункаў, спявае ў ветэранскім хоры… А яшчэ вышывае крыжыкам карціны. І трэба прызнаць, робіць гэта з вялікай акуратнасцю і густам.
– Іншы раз на дварэ далёка за поўнач, а мне не да сну, – прызнаецца Надзея Адамаўна. – Вочы пільна ўглядаюцца на абцягнутую пяльцамі тканіну, па якой стальной іголкай з рознакаляровай нітачкай мулінэ выводзіцца малюнак. А які дзіўны момант, калі пасля некалькіх месяцаў напружанай працы на свет з’яўляецца новая вышыванка! Колькі радасці і святла ў душы ад гэтага нараджэння! Іншы раз здаецца, што заспявала б, моцна-моцна!
За гады творчай працы Надзея Адамаўна «намалявала» больш за трыццаць карцін. І ў кожнай з іх закладзены кавалачак няўрымслівага сэрца жанчыны, яе няздзейсненыя мары, няспраўджаныя надзеі.
– Прызнаюся, што развітваюся са сваімі вышыванкамі неахвотна, – кажа субяседніца. – Усяго некалькі падарыла родным, астатнія як найвялікшы скарб захоўваю дома.
Іншы раз работы Надзеі Шатроўскай з’яўляюцца на выставах у Доме рамёстваў, раённай бібліятэцы, гарадскім Доме культуры. Яе калекцыя вышыванак – нацюрморты і пейзажы, добрая частка – іконы, вышытыя бісерам.
– Вышыванне – частка мяне і майго жыцця, – прызнаецца Надзея Адамаўна. – За гэтай работай я не адчуваю стомы, добрай нізкі пражытых гадоў, якія былі напоўнены не толькі радасцю і шчасцем, але і горыччу, і расчараваннем…
Лёс склаўся так, што большую частку свайго жыцця Надзея Шатроўская прысвяціла Ганцавіцкай друкарні.
– Працавала і рабочай, і наладчыкам, і загадчыкам, – усміхаючыся, успамінае жанчына. – Разам з легендарным пісьменнікам, рэдактарам раённай газеты «Савецкае Палессе» Васілём Праскуравым давялося дзясяткі гадоў шчыраваць. Добры чалавек быў. Сумленны. Дзякуючы яму фарба для друкарні пастаўлялася толькі высокай якасці, таму і работа наша была выдатнай. Вясёлыя і добрыя былі часы. Нам усім разам радасна працавалася, хораша адпачывалася…
Між тым ужо тады знаходзіўся ў жанчыны час для вышывання.
– І калі толькі ўсё паспявала рабіць? – задаецца пытаннем Надзея Адамаўна. – Дом, сям’я, гаспадарка… Да таго ж і на рабоце не лайдачыла. Іншы раз з дзяўчатамі да трох часоў ночы «Савецкае Палессе» друкуем, а раніцай, вясёлыя, шчаслівыя, зноў распачынаем новыя справы.
Руплівай, няўрымслівай была Надзея Шатроўская ў маладосці, такой і засталася. Яе дзеці, унукі дарослыя, даўно не трэба бегчы на работу, а кожны яе дзень распісаны па хвілінах: трэба забегчы ў раённы Дом рамёстваў на пасяджэнне клуба «Багач», затым у тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, каб замацаваць камп’ютарныя веды, у бібліятэку па новыя кнігі, на рэпетыцыю ў гарадскі Дом культуры…
– І як тут растлумачыць дзецям, якія турбуюцца за мяне, што ўсё гэта ў радасць, – смяецца Надзея Адамаўна. – А значыць, застаць дома можна хіба што толькі ноччу. І то за вышыўкай.
Таццяна МАЛЯЎКА, загадчык аддзела абслугоўвання ЦРБ імя В. Ф. Праскурава.

