Думаю, што, убачыўшы загаловак, абсалютная большасць чытачоў успомніла класічную цытату з Астроўскага пра жыццё, якое «даецца чалавеку толькі раз, і пражыць яго трэба так, каб не было пакутліва балюча…» і г.д. Ну і што вы на гэты конт скажаце? Я, напрыклад, згодна з аўтарам. І нават калі ў літаральным сэнсе і ў скарочаным варыянце (вось у такім, колькі працытавала), немагчыма аспрэчыць у класічным выказванні ніводнага слова. Таму што, сапраўды, АДЗІН-АДЗІНЫ раз мы з’яўляемся ў цудоўны падзоркавы свет, каб стварыць жыццём свой уласны лёс, каб паўплываць на тое і тых, што і хто побач з намі, каб паклапаціцца пра працяг.
Наўмысна засяроджваю ўвагу не на першасэнсе выказвання наогул, а на прыватнасці, якая вызначана словамі «адзін раз». Дазволю дадаць уласнае меркаванне наконт незразумелых – легкадумных – адносін некаторых з нас да гэтага самага «разу». Прыкладаў-ілюстрацый, на жаль, хапае. Прычыны, аўтары (вінаватыя) і дзеючыя асобы ў кожным выпадку свае, але не без тыповых рыс.
…Пачуўся віск тармазоў. Аўто спынілася ўпрытык: яшчэ крыху – і пешаход, які ішоў па зебры, мог стаць ахвярай дарожна-транспартнага здарэння і ў лепшым выпадку апынуцца на бальнічным ложку. Жанчына ў Гродне, падлетак у Брэсце, пешаход у Мінску — гэта з нядаўняй хронікі ДТЗ.Чырвоны агеньчык светлафора не спыняе парушальнікаў. Сумна, але факт. Ліхацтва за рулём, кіраванне машынай ці байкам у стане «пад шафэ», пешаход, не пазначаны флікерам, ігнараванне правіл дарожнага руху – не рэдкасць. Пацікаўцеся ў супрацоўнікаў ДАІ, медыкаў-траўматолагаў, зазірніце ў хроніку дарожна-транспартных здарэнняў – жах бярэ.
…Свой мартыролаг і ў пажараў. Няспраўная электраправодка, разетка трымаецца на чэсным слове, а мы ў яе ўключаем электрапрыбор і важка аргументуем, маўляў, не ў першы раз. Шчыліны ў коміне, непрачышчаны дымаход , вугельчык, які выпаў з печкі на драўляную падлогу, і многае іншае лёгка становіцца прычынай вогненных здарэнняў. А ў прывычцы курыць, тым больш у ложку, ды яшчэ ў нецвярозым стане відавочныя аж тры бяды: «найменьшая» – атручванне арганізма нікацінам, фатальная – рызыка пажару і, адпаведна, матэрыяльных страт, трагічная – людскія ахвяры агню.
…А яшчэ круглы год папаўняецца сумны спіс ахвяр вады: летам – гэта пераважна купальшчыкі, зімой – аматары падлёднай рыбалкі. Апошніх я параўноўваю з камікадзе (так у час Другой сусветнай вайны называлі японскіх лётчыкаў-смертнікаў). Зімовыя вадаёмы байкатуюць самых рызыкоўных парушальнікаў іх законаў, але не заўсёды і не ўсе фанаты паварочваюцца тварам да здаровага сэнсу. Сёлета першы лядок з’явіўся на рэчках і сажалках лапінамі – па надвор’і хутчэй міжсезонне, толькі з вектарам на халады. Мароз не моцны, але тэсціраванне зімовых дэкарацый пачалося. Рыбакі ў прадчуванні, выратавальнікі ў трывожным чаканні экстрэмалаў.
…А вось яшчэ быццам бы бяскрыўдныя малюнкі. Маладая мама пайшла ў магазін, каляску з дзіцем пакінула без нагляду на двары. Другая, пакуль яе малалеткі спалі, на хвілінку зазірнула да суседкі. Нават у думках не дапусцілі, што можа здарыцца непрадбачанае і непапраўнае.У першым выпадку, на шчасце, абыйшлося, у другім – трохгадовы хлопчык прачнуўся, залез на стул, потым на падаконнік і адчыніў акно… У дзіцячых бедах заўсёды вінаваты дарослыя. Без варыянтаў.
Разумную асцярожнасць трэба выхоўваць. Так-так, з ранняга дзяцінства. Ліхацтва дарослага цягнецца менавіта адтуль – дзе ўсё можна, таму што «дзіця сплачацца», калі не дазволіць яму пагуляць са скрыначкай з запалкамі, патрэсці бутэлечку з бабулінымі таблеткамі, калі не даць у рукі ліхтарык, начынены батарэйкай. Колькі на першы погляд бясшкодных, дзяжурных сітуацый абарочваюцца сюжэтам са знакам бяды. Пастфактум знаходзяцца вінаватыя, але не заўсёды сітуацыю можна выправіць.
Магчыма, сто разоў запар рызыкоўныя паводзіны не даводзілі да наступстваў. Але дзе гарантыя, што і ў сто першы таксама іх не здарыцца? І ў прамым сэнсе, і ў пераносным: жартаваць з агнём не варта. Не будзі ліха, пакуль яно ціха. Дарэчы, што такое дрэнна і небяспечна, засвойваць ніколі не рана. Абсалютна карысна для сябе і для навакольных быць абачлівымі, у меру асцярожнымі, уважлівымі і пільнымі.
Хапае сітуацый, якія ўяўляюць патэнцыяльную небяспеку для жыцця. Нават бяскрыўдны лядзяш можа стаць прычынай вялікіх непрыемнасцяў, калі зваліцца прахожаму на галаву. Але ж не адменіш ледзяшы, завеі, галаледзіцу, туманы, навальніцы, паводку. Проста заўсёды трэба ўлічваць сітуацыю і па максімуму змяньшаць рызыку няшчаснага выпадку, тым больш «не напрошвацца» на яго. Нездарма народная мудрасць сцвярджае, што беражонага і бог беражэ. А яшчэ дакладнае веданне (не ўсміхайцеся, скептыкі) азбукі бяспекі – на працы і дома, у дарозе і на адпачынку.
Зусім не трэба, каб у момант мы ўсе дружна напалохаліся і пачалі паўсюдна дзьмухаць на ваду, асцярожнічаць дзе не трэба. Гэта было б ужо дыягназам са словам «фобія». Але ж у разумных межах асцярожнымі павінны быць усе: рацыяналісты і рамантыкі, флегматыкі і халерыкі, маладыя і старыя, «асы» і пачынаючыя, кіраўнікі і падначаленыя, вадзіцелі і пешаходы, таму што «жыццё даецца чалавеку толькі адзін раз», і … глядзіце пачатак артыкула.
Вольга БАРАДЗІНА.