Радзівон Іларыёнавіч Шпец з вёскі Гуркі — чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй
11.12.2019
—
Разное
|
На самым ускрайку вёскі Гуркі Германавіцкага сельсавета знаходзіцца дом, у якім разам са сваёй жонкай пражывае ветэран педагагічнай працы Радзівон Іларыёнавіч Шпец. 27 лістапада гэты паважаны чалавек сустрэў свой 90-гадовы юбілей. Радзівона Іларыёнавіча многія ведаюць як грамадзяніна з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. У мінулым ён быў настаўнікам і дырэктарам Гуркаўскай васьмігадовай школы, лектарам, прапагандыстам ідэй Камуністычнай партыі. І цяпер, нягледзячы на ўзрост, Радзівон Іларыёнавіч з’яўляецца членам прэзідыума раённага савета ветэранаў, старэйшынай вёскі Гуркі, актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці раёна. Дзіцячыя і юнацкія гады Радзівона Іларыёнавіча выпалі на часы Вялікай Айчыннай вайны. — Калі нашу мясцовасць акупіравалі нямецка-фашысцкія захопнікі, мне было дванаццаць год, — успамінае наш суразмоўца. — У меру сваіх сіл, здольнасцей і магчымасцей стараўся прынесці якую-небудзь карысць партызанам, якія дыслацыраваліся ў мясцовых лясах. Па заданні народных мсціўцаў я, рызыкуючы жыццём, неаднаразова хадзіў пешшу ў Шаркаўшчыну, дзе размяшчаўся варожы гарнізон, з мэтай выяўлення колькасці тэхнікі, узбраення і жывой сілы праціўніка ў гарадскім пасёлку. Мая сціплая дапамога давала магчымасць партызанам наносіць агнявыя ўдары па гітлераўскіх злучэннях. Добра памятаю майскі ранак 1945 года, калі дыктар сваім голасам з радыёрэпрадуктара абвясціў аб заканчэнні вайны. Пачалося мірнае жыццё… Свой працоўны шлях Радзівон Іларыёнавіч прысвяціў ніве адукацыі. Закончыў завочна Даўгаўпілскі педагагічны інстытут. Усё жыццё адпрацаваў настаўнікам ў школах раёна, працяглы тэрмін з’яўляўся дырэктарам Гуркаўскай базавай школы. — Школай жыцця, лідарства, гадамі маёй маладосці, якія ў сэрцы жывуць і цяпер, стаў для мяне камсамол, — працягвае Радзівон Іларыёнавіч. — У яго рады я ўступіў у 1950 годзе. І цяпер да радка памятаю статут УЛКСМ. Цяпер у некаторых краінах былога СССР многія не ведаюць заслугі і подзвігі камсамольцаў. Між тым, камсамол вучыў нас сяброўству, узаемадапамозе, актыўнай жыццёвай пазіцыі, самаадданаму служэнню Айчыне. У дзень юбілею, 27 лістапада, у дом Радзівона Іларыёнавіча завіталі дырэктар Велікасельскай ДС—СШ Юрый Часлававіч Матуль, настаўнікі гэтай школы Людміла Рамуальдаўна Хаданёнак і Анна Казіміраўна Суднік, старшыня Германавіцкага сельвыканкама Мая Яўгеньеўна Якімовіч, вядучы спецыяліст па ідэалагічнай рабоце ААТ “Агратэхсэрвіс” Яся Станіславаўна Краснікава і старшыня раённага савета ветэранаў педагагічнай працы Ядзвіга Баляславаўна Чарвінская. Госці выказалі імянінніку шчырыя словы віншаванняў, найлепшых пажаданняў, уручылі падарункі і кветкі. Сяргей РАЙЧОНАК. |
|