Сівізною ў іх запарушаны скроні, залатое вяселле сустрэла сям’я. 50-годдзе сумеснага жыцця адзначылі ў мінулую суботу Павел Паўлавіч і Яўгенія Сяргееўна Яфімавы. 21.by

Сівізною ў іх запарушаны скроні, залатое вяселле сустрэла сям’я. 50-годдзе сумеснага жыцця адзначылі ў мінулую суботу Павел Паўлавіч і Яўгенія Сяргееўна Яфімавы

13.01.2020 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

IMG_7825 (Копировать)

Гадавіна з дня вяселля — гэта як шматвекавая мудрасць народа. Без перабольшвання, кожная з іх можа даць мужу і жонцы дзельную параду. Сустракаць дзень нараджэння сям’і прынята штогод. Мы не часта задумваемся над тым, што кожны сумесна пражыты год мае сваю сімволіку і значэнне. Напрыклад, пяцідзесяцігоддзе з моманту стварэння сям’і або залатое вяселле. Менавіта золата — увасабленне чагосьці таго, што дасягнута нялёгкай сумеснай працай улюбёнай пары, якая праз дзесяцігоддзі не згубіла свае вернасць, павагу і любоў адзін да другога.

11 студзеня сям’я Паўла Паўлавіча і Яўгеніі Сяргееўны Яфімавых з вёскі Альхоўцы адзначыла 50-годдзе сумеснага жыцця. Ва ўтульным доме залатых юбіляраў сабраліся іх родныя і сябры. А напярэдадні да Паўла Паўлавіча і Яўгеніі Сяргееўны завіталі начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама Марына Крыштофаўна Каланда і старшыня раённага савета ветэранаў Галіна Мікалаеўна Філатава.

— Паважаныя юбіляры, сёння ўрачыста ўшаноўваецца адметная дата ў вашым жыцці — залатое вяселле, — звярнулася да юбіляраў Марына Крыштофаўна. — Праз гады вы змаглі пранесці ў сэрцы любоў і павагу, разам дзелячы радасныя і сумныя хвіліны вашага жыцця. Няхай жа і надалей вы будзеце яшчэ многа год разам крочыць па жыццёвай дарозе, радуючы сваіх родных людзей.

Пасля Павел Паўлавіч і Яўгенія Сяргееўна абмяняліся залатымі заручальнымі пярсцёнкамі, у трапяткіх абдымках салодкім пацалункам павіншавалі адзін аднаго.

Да слоў віншаванняў далучылася і Галіна Мікалаеўна. Ад імя раённага савета ветэранаў і ад сябе асабіста яна прачытала верш, уручыла юбілярам кветкі, пажадаўшы ім яшчэ доўгіх і шчаслівых год жыцця.

— Ведаеце, здаецца, што літаральна ўчора мы пазнаёміліся з Яўгеніяй Сяргееўнай, вырашылі звязаць свае лёсы ў адзін, — падзяліўся сваімі думкамі Павел Паўлавіч, — а прайшло з той пары ўжо пяцьдзясят год. Нават і не верыцца.

— Вось і я ўспамінаю той час, калі маладой дзяўчынай прыехала на сваё першае месца працы ў тагачасны калгас “Апора міру” з цэнтрам у вёсцы Дзікева, — далучылася да размовы Яўгенія Сяргееўна. — Моладзі ў той час было вельмі многа, асабліва дзяўчат. А хлопцаў на ўсіх не хапала. Вось і Павел Паўлавіч, які мне вельмі спадабаўся, на жаль быў заняты. Канечне, бо стройны, высокі прыгажун даспадобы быў многім дзяўчатам. А звёў нас лёс на вяселлі ў стрыечнай сястры Паўла, на якім гуляла і я. З той пары мы ўжо не пакідалі адзін аднаго. Неўзабаве замацавалі свае пачуцці распісам у Германавіцкім сельсавеце і ажаніліся. Я працавала бухгалтарам, а Павел — аграномам.

— У 1976 годзе калгас “Апора міру” далучылі да суседняй гаспадаркі “Буравеснік” з цэнтрам у Германавічах, — працягвае Павел Паўлавіч. —  Далейшую працу мы прадоўжылі ў аб’яднанай гаспадарцы. Так як абодва былі партыйныя, з’яўляліся маладымі камуністамі, кіраўніцтва раёна прапанавала пераехаць жыць і працаваць у калгас “17-е Верасня”. Пасля некаторы час зноў была праца ў “Буравесніку”: я ўзначаліў гэту гаспадарку, а Яўгенія Сяргееўна стала старшынёй сельсавета.

Час не стаіць на месцы, жыццё ўносіць свае карэктывы. З Германавіч мы пераехалі ў Шаркаўшчыну, дзе жонцы прапанавалі працу на пасадзе сакратара райвыканкама. Я ж стаў намеснікам начальніка райсельгасхарчу па корманарыхтоўках. Але, прызнаюся, не па душы мне аказалася гэта кабінетная работа з паперамі, шматлікімі дакументамі — сэрца прагнула працы на зямлі. І вось аднойчы старшыня калгаса імя Энгельса Пётр Пятровіч Чабатаронак мне сказаў: “Павел, хопіць табе ўжо глядзець на зямлю з чацвёртага паверха шматкватэрнага дома. Я пачаў будаўніцтва ўласнага дома ў Альхоўцах, пачні будаўніцтва і ты свайго. Тым больш, што ў маю гаспадарку патрэбен галоўны аграном. А ты, я ведаю, спецыяліст выдатны. Згаджайся!”. Прапанову я прыняў і ніколькі не пашкадаваў аб гэтым. І сапраўды, у жывапісным месцы, над Дзісной мы ўзвялі ўласны дом, абзавяліся гаспадаркай. Працы ў сельгаспрадпрыемстве імя Энгельса, а потым у аб’яднанай гаспадарцы ААТ “Даватарскі” я аддаў 25 год, усяго ж на зямлі адпрацаваў 45 год.

— Галоўнае ж наша багацце — гэта нашы дзеці — сын Валерый, дачка Марыя, — падкрэсліла Яўгенія Сяргееўна, — яны падарылі нам цудоўных унукаў, ёсць ужо і праўнучка.

У заканчэнні размовы мы спыталі ў залатых юбіляраў, у чым сакрэт іх шчаслівага шматгадовага шлюбу? Без прамаруджвання Яўгенія Сяргееўна адказала:

— Нястрымнае, гарачае каханне, якое з гадамі толькі акрэпла, цярпенне і ўзаемапавага. Без гэтага нельга пабудаваць сям’ю і зберагчы яе назаўсёды.

Згадзіцеся, паважаныя чытачы, што сакрэт сям’і Яфімавых даволі просты. Нягледзячы на розныя жыццёвыя складаныя абставіны, разам яны іх пераадольваюць, разам сустракаюць узыход сонца на блакітным небасхіле, разам упэўненым крокам ідуць да чарговага юбілею — брыльянтавага вяселя. А ўсё чаму? Таму што кожную раніцу пачынаюць новы свой дзень са слоў “Я цябе моцна кахаю!”.

Сяргей РАЙЧОНАК.IMG_7801 (Копировать) IMG_7812 (Копировать) IMG_7815 (Копировать) IMG_7817 (Копировать) IMG_7819 (Копировать) IMG_7825 (Копировать)

Comments are closed.

 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика