Источник материала:
Шчыра і сардэчна віншуем вас са знамянальнай датай – 80-годдзем са дня ўтварэння Шаркаўшчынскага раёна. Дзень нараджэння раёна – гэта агульнае свята для ўсіх, хто мае дачыненне да гісторыі роднага краю. Таму словы віншаванняў адрасуем усім, хто нарадзіўся і вырас на шаркаўшчынскай зямлі, або прыехаў сюды жыць і працаваць, застаўся верны і адданы ёй.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 15 студзеня 1940 года “Аб утварэнні раёнаў у Баранавіцкай, Беластоцкай, Брэсцкай, Вілейскай і Пінскай абласцях Беларускай ССР» на карце нашай краіны ўзнік Шаркаўшчынскі раён. Яго тэрыторыя складала 1129 квадратных кіламетраў, пражывала ў ім звыш 38 тысяч чалавек.
Гады Вялікай Айчыннай вайны пакінулі глыбокі след у гісторыі раёна. Шмат сіл і чалавечых ахвяр запатрабавала вайна. Не было, напэўна, ніводнай сям’і, якая не панесла б цяжкую страту, гібель роднага ці блізкага. Быў амаль поўнасцю зруйнаваны народна-гаспадарчы комплекс раёна.
У пасляваенны час, дзякуючы намаганням шаркаўчан, з’явіліся прадпрыемствы і аб’екты сацыяльна-бытавой сферы, якія складалі гонар і аснову эканамічнага развіцця Шаркаўшчынскага раёна, праслаўлялі яго далёка за межамі Віцебскай вобласці і рэспублікі.
Асобныя словы ўдзячнасці хацелася б сказаць людзям, якія ў розныя гады ўзначальвалі раён, якія працавалі на адказных пасадах і ўнеслі неацэнны ўклад у станаўленне і развіццё нашага раёна. Многія з іх бездакорна на працягу доўгага часу паказвалі прыклады выключнай мэтанакіраванасці і цярпення, майстэрства і адданасці даручанай справе.
Шаркаўчан заўсёды адрознівала любоў да роднай зямлі, высокая свядомасць, цярпенне і ўпартасць. Выхадцамі з нашага раёна з’яўляюцца вядомыя дзяржаўныя і грамадскія дзеячы, навукоўцы і работнікі розных сфер дзейнасці. Багатая гісторыя шаркаўшчынскага краю, наяўнасць слаўных землякоў ускладае сур’ёзную адказнасць на людзей, якія ў цяперашні час жывуць і працуюць у раёне.
Дарагія сябры! У гэты святочны дзень ад усёй душы хочацца пажадаць, каб наш Шаркаўшчынскі раён быў вечна маладым, квітнеючым і прыгожым. Няхай жыццё кожнай сям’і будзе напоўнена душэўным цяплом, радасцю і упэўненасцю. Ад усёй душы жадаем вам моцнага здароўя, міру, дабрабыту, вялікіх поспехаў у стваральнай працы!
Старшыня
Шаркаўшчынскага
раённага выканаўчага камітэта
Д.М.Ламака
Старшыня
Шаркаўшчынскага
раённага Савета дэпутатаў
У.С.Шпец