Ветеран с богатым ветеринарным стажем. Роман Михалевич отметил 80-летний юбилей. 21.by

Ветеран с богатым ветеринарным стажем. Роман Михалевич отметил 80-летний юбилей

22.01.2020 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Раман Васільевіч Міхалевіч 26 гадоў узначальваў ветэрынарную службу раёна – з яго аднаўлення ў 1966-м. Працаваў пры 10 першых сакратарах райкама партыі, 8 начальніках райсельгасхарча, “перажыў” еўрапейскую чуму свіней, яшчур і шмат іншых экзатычных на сённяшні час хвароб. А яго пра­цоўная біяграфія –гісторыя станаўлення сучаснай Ушаччыны.

Надвор’е на Вадохрышча 1940 года ў адрозненне ад сёлетняга поўнасцю адпавядала даце – стаялі лютыя маразы, і ў хаце Васіля Мартынавіча Міхалевіча тройчы тапілі печ, каб сагрэць ваду і пакой, дзе толькі што на свет з’явілася чацвёртае дзіця. Хлопчык рос здаровым, а вось матуля праз сем месяцаў памерла. Каб сям’я хутараніна, якая жыла выключна з натуральнай гаспадаркі, не прапала з голаду, месца гаспадыні заняла яе малодшая сястра.

Вайну Раман Васільевіч не памятае. А ў 1947-м на Глыбоччыне пачалі ўтварацца калгасы. Бацька касіў нараўне з астатнімі, хоць і не меў рукі: адарвала гранатай яшчэ ў дзяцінстве – сёстры адшукалі ў жыце гэты “падарунак” Першай сусветнай і прынеслі брату пагуляць… Уласную гаспадарку ніколі не змяншалі, і ў кожнага з дзяцей былі свае абавязкі. Калі ж што не зробіш – не пускалі ў школу, а вучыцца Раману вельмі хацелася. І скончыў Глыбоцкую сярэднюю са срэбраным медалём.

Перад ім адкрываліся любыя ВНУ. А ён асэнсавана пайшоў у Віцебскі ветэрынарны, бо бачыў, якія запатрабаваныя і паважаныя на сяле ветурачы. Бацька дапамагчы не мог, і Раман Васільевіч акрамя стыпендыі шукаў дадатковы заробак. У інтэрнацкім пакоі зрабіў фоталабараторыю і праяўляў здымкі людзей, якіх фатаграфаваў на вёсцы “ФЭДам”, а потым прадаваў.

Па размеркаванні ён трапіў у свой раён намеснікам галоўнага ветэрынарнага ўрача. У дадатак вёў кадры, таму і будучую жонку Людмілу Пятроўну на работу прымаў. А ў 1966-м, калі аднаўляліся шэраг раёнаў, яму прапанавалі ўзначаліць райветстанцыю ў Шаркаўшчынскім, Шумілінскім або Ушацкім. Прыехаў сюды не толькі таму, што свёкар Пётр Андрэевіч Шарыпа, які выкладаў у Бігосаўскім зааветтэхнікуме, родам з Машчон. Перш за ўсё са сваім калегам, кіраўніком Глыбоцкай райветстанцыі Мікалаем Мікалаевічам Шчагловым, думалі пра перспектывы:

– Былы партызан, родам з Ушач, ён добра ведаў тутэйшыя землі і лічыў спрыяльнымі для развіцця жывёлагадоўлі. І я з ім згодны, наш раён лепш за ўсё прыдатны для развядзення буйной рагатай жывёлы і свіней. І калі іх, а таксама коней, мелі тады ў кожнай гаспадарцы, то яшчэ была звераферма ў “Глыбачанах”, аўчарня ў калгасе імя Леніна, а пазней і імя Кірава. Для выпуску бараніны ды аўчыны наш раён, лічу, не надта падыходзіць: шмат нізін – у жывёлы адміраюць капыты. А вось чарнабуркі вырасталі зайздроснымі, шкуркі ішлі нават на экспарт.

12 тысяч – толькі дойнага статка, да 34 тысяч даходзіла пагалоўе буйной рагатай жывёлы, ферма – практычна ў кожнай вёсцы. Шчыльнасць пагалоўя вялікая, таму на корм ішлі не толькі сеяныя травы, а і ўся лугавіна і балаціна. Нарыхтоўвалі кустоўе і хваёвыя лапкі, з якіх таксама рабілі корм. Аграном па адукацыі, першы сакратар райкама партыі Мікалай Іванавіч Дземянцей адразу зрабіў упор на севазварот, унясенне торфу і ўгнаенняў, вырасла ўраджайнасць, а была і па 7 цэнтнераў з гектара. Тым не менш уласнага фуражу не хапала і зерне пазней завозілі нават з Казахстана. Ды і салома лішняй не была.

Многія гаспадаркі тады спецыялізаваліся на асобным відзе: Кублічы да будаўніцтва комплексу ў Сарочыне – на свіннях, “Ушацкі” – буйной рагатай жывёле, “Глыбачаны” і “Савецкая Беларусія” гадавалі племянных цялушак. Гэтыя гаспадаркі падпарадкоўваліся асобным трэстам, мелі ўласныя пастаўкі камбікармоў, і як вынік – добрыя паказчыкі. Замест пасляваенных паўкровак ды шведскай мяса-малочнай пароды пачалі завозіць чорна-пярэстых кароў. За захаванасць жывёлы, прыплоду і наогул пагалоўя раён у 1973-м, 1975-м станавіўся пераможцам сацыялістычнага спаборніцтва. Побач з гэтымі пасведчаннямі – медаль “За працоўную доблесць”, атрыманы Раманам Васільевічам у ­1971-м – ужо на пяты год работы ў раёне.

– Калі прыехаў, на Ушаччыне была і сібірская язва, і яшчур, – прыгадвае Р.В.Міхалевіч. – Вакцына недасканалая, прывіваем, а жывёла тым не менш заражае іншую. Доўга змагаліся. Наогул, перш чым пачынаць вакцынацыю, яе апрабоўвалі на асобных групах, каб вывучаць развіццё хваробы, заражалі доследную жывёлу, вялі карпатлівыя назіранні. Зараз ужо мабыць забыліся, а колькі кароў было хворых на сухоты і лейкоз. Распрацоўвалі мерапрыемствы не на адзін год. Тады пераважала ручная праца, аднак адказнасць у людзей была вялікая, як, дарэчы, і зацікаўленасць у выніках. Ветурачы ў гаспадарках атрымлівалі болей за нас, таму і з кадрамі праблем не ўзнікала. Прыемна было працаваць з адукаванымі спецыялістамі Яўгенам Дзмітрыевічам Маскаленкам з “Глыбачан”, Мікалаем Захаравічам Гаспадаровым з “Кубліч”, Аляксандрам Леанідавічам Чартковым з “Сарочына”, гэты спіс можа быць вельмі доўгім. У калгасе-камбінаце “Арэхаўна” пабудавалі новы комплекс, я радаваўся ўкараненню там дасканалай сучаснай тэхналогіі.

Раман Васільевіч усё жыццё адпрацаваў кіраўніком і толькі шэсць апошніх гадоў – начальнікам участка. Але памятаю, як жыхары лутаўскага боку раёна тэлефанавалі ў рэдакцыю з просьбай падзякаваць яму як урачу, што неаднаразова ратаваў іх жывёлу. Як не згубілася практыка?

– Гэта немагчыма было страціць. Ну вось у раёне еўрапейская чума свіней, прыязджаюць дырэктар абласной лабараторыі, прадстаўнікі глаўка з Масквы, разам вакцынуем, сочым за развіццём, пабочнымі з’явамі…Тады раён ледзь не закрылі на каранцін. Спынілі ўсе перамяшчэнні жывёлы, тэхнікі з ферм, дзе былі ачагі. І за месяц справіліся. Я ж выязджаў на любое здарэнне, прычым адразу, нават пасярод ночы. Памятаю, для павышэння прываг у корм пачалі далучаць карбамід і ў асобнай жывёлы пайшло атручванне. У калгасе імя Леніна аднойчы замкнула электрапаілкі і токам забіла вялікіх быкоў на адкорме. А як мы ўстанаўлівалі прычыны хвароб пры падзяжы? Самі ўскрывалі. Ці вясна, авітаміноз, частыя пасляродавыя парэзы. Неаднойчы ў такіх выпадках дапамагаў. Ды і практычна ўсе людзі трымалі гаспадарку, зразумела, часта звярталіся ў ветстанцыю. Ці арганізуеш дапамогу, ці сам едзеш. І 15 гадоў на ўласным падворку была карова, пастаянна свінні і птушка, так што практыку не губляў ніколі.

На дзень нараджэння Раман Васільевіч чакаў прыезду сястры, сына і асабліва ўнука Рамана. Кажа, што лазню ніхто лепш яго не натопіць, а ветэран працы і зараз ахвотна парыцца. Ён ганарыцца ўсімі сваімі трыма ўнукамі, сынам і дачкой. Часта наведваецца ў царкву. Дзякуе Богу як за перажытае цяжкое дзяцінства, так і за ўсё добрае, чым адарыў яго лёс.

Вольга Караленка.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Раман Васільевіч Міхалевіч 26 гадоў узначальваў ветэрынарную службу раёна – з яго аднаўлення ў 1966-м. Працаваў пры 10 першых сакратарах райкама партыі, 8 начальніках...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика