Вучні сярэдняй школы № 1 і Велікасельскай ДС—СШ заваявалі на абласным этапе прадметнай алімпіяды тры дыпломы
28.01.2020
—
Разное
|
Нядаўна завяршыўся абласны этап рэспубліканскай прадметнай алімпіяды сярод вучняў, які праходзіў на базе навучальных устаноў Оршы, Полацка і пасёлка Лужасна Віцебскага раёна. Як і кожны год, у ім прынялі ўдзел і шаркаўшчынскія вучні, усяго дзевяць чалавек. Яны прадставілі сярэднія школы № 1 і № 2 гарадскога пасёлка, а таксама Велікасельскую дзіцячы сад— сярэднюю школу. Прыемна адзначыць той факт, што шаркаўчане вярнуліся дадому з узнагародамі. Грунтоўныя веды, якія змаглі атрымаць нашы хлопчыкі і дзяўчынкі ў час школьных заняткаў, факультатываў, прынеслі свой плён. Так, дыпломам трэцяй ступені па беларускай мове ўзнагароджаны вучань 11 класа Велікасельскай ДС—СШ Вадзім Мацяс (настаўніца — Ірына Рычардаўна Рымдзёнак). Вучаніца 9 класа сярэдняй школы № 1 Аляхновіч Дарына заваявала дыплом трэцяй ступені па рускай мове (настаўніца — Рамуальда Антонаўна Бацвінёнак). Вучань 11 класа гэтай жа школы Дзяніс Смірноў узнагароджаны дыпломам другой ступені па гісторыі (настаўнік — Сяргей Віктаравіч Рабіза). Пасля таго, як вучні вярнуліся дадому, мы сустрэліся з імі і пацікавіліся пра ўражанні ад удзелу ў алімпіядзе. Вадзім Мацяс: — Я ужо не першы раз прымаю ўдзел у алімпіядзе па беларускай мове. Прызнаюся, гуманітарныя навукі мне вельмі падабаюцца, у прыватнасці, мова, літаратура, біялогія і іншыя. Іспыты мы праходзілі ў Полацку, у сярэдняй школе ім Еўфрасінні Полацкай. Алімпіяда асабіста для мяне стала і працай, і адпачынкам. Арганізатары паклапаціліся так, каб вучні акрамя прадметных іспытаў яшчэ і культурна ўзбагаціліся. Для нас яны прадугледзелі экскурсіі па старажытным горадзе, наведалі мы таксама Сафійскі сабор, дзе праслухалі канцэрт арганнай музыкі. Заваяваны дыплом трэцяй ступені стаў для мяне чарговай прыступкай у асабістых дасягненнях. У будучым планую звязаць свой лёс з медыцынай. Планую паступіць у Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, каб стаць урачом агульнай практыкі. Дарына Аляхновіч: — У 2019 годзе я прымала ўдзел у алімпіядзе па матэматыцы, што надало мне вопыту. Сёлета разам са сваёй настаўніцай Рамуальдай Антонаўнай вырашылі паспрабаваць сябе ў рускай мове. І, як аказалася, не дарэмна. Вынікам нашай грунтоўнай падрыхтоўкі стаў дыплом трэцяй ступені. Наогул, мне даспадобы любыя школьныя прадметы. У вольны час займаюся ігрой на гітары, люблю таксама шыць, вязаць, вышываць. Са сваёй будучай прафесіяй я яшчэ канчаткова не вызначылася. Для гэтага ў мяне яшчэ ёсць час. Дзяніс Смірноў: — Прадметам гісторыі я цікаўлюся яшчэ з малодшых класаў. Акрамя гэтага падабаюцца фізіка, матэматыка і англійская мова. Заваяваным мною дыпломам другой ступені я задаволены. Ведаеце, пасля яго атрымання ў душы пасялілася пачуццё гонару не толькі за сябе і за свайго настаўніка, але і за тое, што на дастойным узроўні я змог прадставіць наш Шаркаўшчынскі раён. Гэта вельмі радуе. Пасля заканчэння школы планую стаць або інфарматыкам, або гісторыкам. Яшчэ ёсць крыху часу на выбар будучай прафесіі. — Абласны этап рэспубліканскай алімпіяды праходзіў даволі складана і сур’ёзна, — далучылася да размовы настаўніца рускай мовы і літаратуры СШ № 1 Рамуальда Антонаўна Бацвінёнак. — Але гэта акалічнасць ніколькі нас не спужала. Я была ўпэўнена, што мая вучаніца Дарына Аляхновіч, якая ніколі не пасуе перад цяжкасцямі, дастойна пакажа свае веды на іспыце. Так і атрымалася. Дарэчы, наш Шаркаўшчынскі раён аказаўся адзіным у вобласці сельскім рэгіёнам, які атрымаў дастойны вынік — дыплом трэцяй ступені. Вышэй за нас былі толькі вучні гімназій Віцебска і Полацка. Дэкан філілагічнага факультэта ВДУ імя Машэрава асабіста падзякаваў нам за гэта. І мы, настаўнікі, і вучні разам імкнёмся да новых вышынь у адукацыі. Немалаважным фактарам паспяховага ўдзелу ў абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды стала тое, што падчас зімніх канікул у нашай школе працаваў лагер для адораных дзяцей, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі змаглі набыць дадатковыя груноўныя веды па тых або іншых прадметах. Кіраўніцтва аддзела па адукацыі райвыканкама выказвае вялікую ўдзячнасць усім вучням, якія прынялі ўдзел у абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды, за праяўленыя веды, а таксама настаўнікам, якія аказалі ім высокапрафесійную дапамогу ў падрыхтоўцы. Сяргей РАЙЧОНАК.
|
|