Шосты школьны дзень стаў неад’емнай часткай вучэбна-выхаваўчага працэсу ДУА “Сярэдняя школа №1 г.п. Карэлічы”. Гэта дзень, які спрыяе развіццю асобы вучня, які дазваляе актуалізаваць творчыя здольнасці, фарміраваць цікавасць да пазнавальнай дзейнасці, умацоўваць фізічнае і псіхічнае здароўе. Кіруючыся выпрацаванай мадэллю арганізацыі шостага школьнага дня 8 лютага ва ўстанове адукацыі традыцыйна арганізаваны і праведзены Дзень здароўя. Уклад у яго арганізацыю ўнесены не толькі адміністрацыяй установы адукацыі, настаўнікамі фізічнай культуры і здароўя, але і настаўнікамі-прадметнікамі, класнымі кіраўнікамі, медыцынскай сястрой. У спартыўнай зале пад гукі гімна падняты дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь і адбылося ўрачыстае адкрыццё Дня здароўя з удзелам дырэктара ўстановы адукацыі Алены Аляксандраўны Вярбіцкай. Для актыўных вучняў-спартсменаў некалькі хвілін было ўдзелена комплексу ранішняй зарадкі “Рабі як я!”, праведзена спартландыя “Моцныя, лоўкія, хуткія”, вучні 5-6 класаў мелі магчымасць згуляць ў піянербол, а 8-11 класаў правялі спаборніцтва па баскетблолу. Вучні-гледачы ж разам з класнымі кіраўнікамі, госці мерапрыемства прынялі ўдзел у конкурсе каманд-балельшчыкаў “Ведай нашых!”.
Малодшыя вучні папоўнілі багаж ведаў пра інфекцыйныя захворванні падчас ўдзелу ў слайд-рэпартажы “Твой арыенцір – здароўе”, які падрыхтаваны і праведзены настаўнікам біялогіі Аленай Мікалаеўнай Самец і медыцынскай сястрой установы адукацыі Марыяй Браніславаўнай Пучко.
Арганізацыя дзейнасці ў шосты школьны дзень педагагічным калектывам сярэдняй школы №1 г.п. Карэлічы накіравана на развіццё асобы вучня, стварэнне ўмоў для праяўлення і ўзбагачэння яго ўнутраных сіл, схільнасцей, інтарэсаў і здольнасцяў. У адпаведнасці з раскладам працавалі аб’яднанні па інтарэсах “Тэатральная творчасць” пад кіраўніцтвам Алены Іванаўны Гімпель, “Бумажный город”, праграму якога рэалізуе Алеся Аляксандраўна Карчэўская, “Умелыя ручкі” з педагогам дадатковай адукацыі Мікалаем Мікалаевічам Калеснікам. Аб’яднанні па інтарэсах арганізаваны па запытах вучняў і даюць магчымасць наведваць іх вучням на розных ступенях агульнай сярэдняй адукацыі. Старшакласнікі сумесна з Аленай Іванаўнай абмяркоўвалі новы сцэнарый “Запрашаем на вячоркі”, размяркоўвалі ролі, Алеся Аляксандраўна пазнаёміла малодшых вучняў з тэмай “Тарцаванне”, а ў ходзе практычнай часткі дапамагла рэалізаваць дзіцячыя фантазіі пры вырабе валянцінак для родных і блізкіх, Мікалай Мікалаевіч з выхаванцамі сярэдняга ўзросту спрабавалі зрабіць чарцеж для вырабу канторкі.
Нельга не сказаць аб выказаных меркаваннях вучняў наконт шостага школьнага дня ў дадзенай установе адукацыі. Давялося сустрэцца і пагутарыць з тымі, хто наведаў аганёк памяці “Успомнім іх паіменна”, прысвечаны памяці юных герояў-антыфашыстаў. Мерапрыемства арганізавана актывам піянерскай дружыны імя Мікалая Арцюха пры падтрымцы педагога-арганізатара Кацярыны Сяргееўны Стасевіч. Сваімі прыемнымі ўражаннямі падзяліліся Аляксей Лісоўскі і Ягор Куліцкі. У ходзе размовы Аляксей і Ягор паведамілі, што ў суботу яны наведваюць установу адукацыі пастаянна з цікавасцю і задавальненнем.
Не засталіся без падтрымкі ініцыятывы бацькоў. Сумесна з імі настаўнікам пачатковых класаў Марыяй Мікалаеўнай Хіневіч у рамках рэалізацыі праекта “Сем цудаў Беларусі” праведзена інтэлектуальная гульня “Разумнікі і разумніцы” (аналаг тэлегульні).
Напрыканцы суботняга дня яшчэ адна прыемная навіна ўразіла адміністрацыю: каманда васьмікласнікаў “Дружныя рабяты” пад кіраўніцтвам Людмілы Іванаўны Крывіцкай прадставіла Карэліцкі раён на абласным этапе інтэлектуальна-забаўляльнай гульні “Піянерскі КВІЗ” і заняла трэцяе месца сярод каманд-удзельніц Гродзенскай вобласці.
Сапраўды, школьная субота 8 лютага прайшла насычана і карысна.
Наталля Ардзюк, метадыст ДУ “Карэліцкі раённы вучэбна-метадычны кабінет”