У канцы 2019 года больш за сто прадстаўнікоў розных прафесій атрымалі дзяржаўныя ўзнагароды. У іх ліку — Міхаіл Канановіч, галоўны аграном ААТ “Новае жыццё”. Наш зямляк быў узнагароджаны медалём “За працоўныя заслугі” за значныя дасягненні ў сельскай гаспадарцы.
— Гэта сапраўды важная для мяне падзея. Цырымонія праходзіла ў Палацы Рэспублікі, медаль уручаў Прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас, — расказвае Міхаіл Міхайлавіч. — Здаецца, не ўпершыню атрымліваў узнагароду на высокім узроўні, маю званне “Чалавек года Міншчыны-2014”, але крыху хваляваўся. Урачыстая абстаноўка, цудоўная зала, радасныя твары людзей, выдатны настрой і гонар за сябе, сваіх калег, за гаспадарку, якую я прадстаўляю…
Штогод на новажыццёўскіх палетках атрымліваюць высокія ўраджаі: радуюць кукуруза, цукровыя буракі, збожжавыя культуры. Традыцыйна акцыянернае таварыства знаходзіцца ў ліку лідараў жніва. Не стаў выключэннем і мінулы год, даволі экстрымальны для аграрыяў нашай краіны. Тым не менш, з гектара тут сабралі па 81,6 цэнтнера збожжа. Гэта лепшы паказчык на Нясвіжчыне, другі — у вобласці, і трэці — у рэспубліцы.
— У складаныя гады асабліва важна добра спрацаваць камандай. І мне па-шчасціла, нашы людзі — вельмі працавітыя, адказныя. На вынік працуюць аграном-хімік Сяргей Карпач, начальнік участка Яўген Шыдло, загадчык цэнтральнага склада аграгарадка Аношкі Аляксандр Андросік, ды і механізатары ў гаспадарцы падабраліся талковыя. Ім можна даверыць складаную тэхніку, даручыць выкананне любога, самага адказнага задання. Плюс прымяненне інтэнсіўных тэхналогій, высокапрадукцыйных сартоў і гібрыдаў раслін, а таксама прытрымліванне схем хімічных праполак і мерапрыемстваў па ахове раслін. Упусціш хоць адзін пункт — недабярэш потым ураджаю працэнтаў на 30, асабліва ў засушлівы год, — працягвае мой суразмоўца. — Таму цесна супрацоўнічаем з Інстытутам аховы раслін Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, фірмамі-пастаўшчыкамі насення і сродкаў абароны раслін. Многія культуры патрабуюць штодзённай увагі і догляду. Не атрымаецца пасеяць і забыцца, чакаючы ўраджаю. На адным і тым жа полі, бывае, даводзіцца пабываць за дзень некалькі разоў. З гэтага ўсяго і складаецца той сакрэт высокіх ураджаяў, залог стабільнага поспеху.
Родам Міхаіл Канановіч з Зэльвенскага раёна. Пасля заканчэння Гродзенскага сельскагаспадарчага інстытута працаваў на малой радзіме, дзе да пасады галоўнага спецыяліста прайшоў шматлікія прыступкі службовай лесвіцы: быў брыгадзірам, загадчыкам участка, аграномам-хімікам.
У 2002 годзе разам з жонкай Леакадзі-яй Іосіфаўнай і сынам Паўлам пераехаў да сваякоў на Нясвіжчыну. Уладкаваўся на працу аграномам-насенняводам у ААТ “Новае жыццё”, тут выдзелілі і службовую кватэру. Праз паўгода стаў аграномам-хімікам, а праз восем гадоў кіраўніцтва гаспадаркі прапанавала яму ўзначаліць агранамічную службу. У працы імкнецца асвойваць навейшыя тэхналогіі і навуковыя распрацоўкі ў галіне раслінаводства, стараецца ісці ў нагу з часам.
Аксана ГРОХ.