Пра асноўныя накірункі дзейнасці ідэалагічнага актыву раёна ў 2020 годзе ішла гаворка падчас раённага семінара
14.02.2020
—
Разное
|
13 лютага ў малой зале райвыканкама прайшла семінар-вучоба для намеснікаў кіраўнікоў па ідэалагічнай рабоце, спецыялістаў, адказных за арганізацыю ідэалагічнай работы, спецыялістаў па рабоце з моладдзю, кіраўнікоў грамадскіх аб’яднанняў па тэме “Асноўныя накірункі дзейнасці ідэалагічнага актыву Шаркаўшчынскага раёна ў 2020 годзе”. Адкрыў семінар намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Юрый Анатольевіч Васілеўскі. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Людміла Уладзіміраўна Стома паведаміла прысутным аб арганізацыі ідэалагічнай работы ў працоўных калектывах раёна, акрэсліла асноўныя планы і задачы на бягучы год, у якім будзе адзначацца 75-годдзе Вялікай Перамогі, а таксама адбудуцца прэзідэнцкія выбары. Аб рэалізацыі дзяржаўнага прафілактычнага праекта “Шаркаўшчына — здаровы гарадскі пасёлак” паведаміў галоўны санітарны ўрач раёна Уладзімір Леанідавіч Грашчанка. Ён таксама расказаў пра санітарна-эпідэміялагічны стан у нашым рэгіёне, засяродзіў увагу на падрыхтоўцы сталовых сельгаспрадпрыемстваў і іх работнікаў да пачатку вясенне-палявых работ. Першы сакратар райкама БРСМ Міхаіл Часлававіч Пугаўка ў сваім выступленні закрануў пытанні дзейнасці пярвічных арганізацый раёна, растлумачыў, чым сёння жыве, у якіх мерапрыемствах і праектах удзельнічаюць прадстаўнікі самай масавай маладзёжнай арганізацыі краіны. Галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Тэрэза Эдвардаўна Міштоўт агучыла вынікі маніторынга стану ідэалагічнай работы ў арганізацыях раёна. Яна зачытала шэраг прадпрыемстваў і ўстаноў, дзе дадзеная работа знаходзіцца на належным узроўні. У той жа час ёсць некаторыя арганізацыі, дзе стан спраў у гэтым накірунку па тых або іншых прычынах патрабуе некаторых выпраўленняў і дапрацовак. Важным звяном плённай працы ідэалагічнага работніка з’яўляецца яго цеснае ўзаемадзеянне з лідарамі пярвічных грамадскіх арганізацый, у тым ліку з ветэранскімі. Пра гэта і ішла гаворка ў выступленні старшыні раённага савета ветэранаў Галіны Мікалаеўны Філатавай. Як вядома, на прадпрыемствах, у арганізацыях і ўстановах калектыўны дагавор рэгулюе працоўныя і сацыяльна-эканамічныя адносіны паміж наймальнікам і работнікамі і дазваляе ўстанаўліваць дадатковыя палажэнні аб умовах працы і яе аплаты. Менавіта ў гэтым дакуменце афіцыйна аформлены пункты, якія маюць дачыненне да той або іншай арганізацыі і яны ў большай ступені абараняюць работніка і даюць яму больш магчымасцяў. Пра гэта прысутным паведаміў старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ігар Віктаравіч Малюгін. Сёлета будзе адзначацца 75-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Па ўсёй рэспубліцы пройдуць маштабныя мерапрыемствы, прысвечаныя знакавай падзеі ў гісторыі не толькі нашай краіны, але і ўсяго свету. Не выключэннем будзе і Шаркаўшчынскі раён, дзе таксама плануецца правесці ўрачыстасці з гэтай нагоды. Раённае аб’яднанне грамадскай арганізацыі “Беларускі саюз афіцэраў” таксама грунтоўна рыхтуецца да гэтага свята. Пра планы і задачы аб’яднання на 2020 год расказаў яго старшыня Валерый Інакенцьевіч Ан. Юрый Анатольевіч Васілеўскі закрануў тэму правядзення прафілактычнай работы ў працоўных калектывах раёна па прадухіленні правапарушэнняў і злачынстваў. Не абмінуў сваёй увагай намеснік старшыні райвыканкама і абавязковае выкананне метадычных рэкамендацый па прымяненні Пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 15.01.2019г. №22 “Аб прызнанні дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы”. Затым Юрый Анатольевіч уручыў дыпломы пераможцам раённага конкурсу па арганізацыі ідэалагічнай работы ў арганізацыях і прадпрыемствах раёна за 2019 год. Першае месца заняла цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма. Другой стала Германавіцкая дзіцячы сад—сярэдняя школа. Дыплом трэцяй ступені атрымала дарожна-будаўнічае ўпраўленне №26. У раённым цэнтры рамёстваў для наведвальнікаў працуе выстава “Рамёствы — аповесць часу”, прысвечаная 80-годдзю ўтварэння Шаркаўшчынскага раёна. Удзельнікі семінара пабывалі ва ўстанове культуры, дзе экскурсію для іх правяла дырэктар РЦР Вікторыя Дубоўская. Усе з цікавасцю слухалі яе аповед, а у заканчэнні экскурсіі зрабілі агульны фотаздымак.
|
|