На «прямую линию» с нотариусом Ушачской нотариальной конторы традиционно поступило много вопросов
28.02.2020
—
Разное
|
На гэтым тыдні ў рэдакцыі адбылася “прамая тэлефонная лінія” з удзелам натарыуса Ушацкай натарыяльнай канторы Ж.Л.КАВАЛЕНКА. Жанну Леанідаўну ў чарговы раз засыпалі пытаннямі, пераважная большасць якіх датычылася спадчыны. Здаецца, не адзін раз пісалі пра гэта, тым не менш нюансаў у жыццёвых сітуацыях шмат, адбыліся і змены ў заканадаўстве. Не называючы прозвішчаў людзей (ананімнасць захоўваецца пры ажыццяўленні любых натарыяльных дзеянняў), мы друкуем адказы на пытанні. – Хачу скласці завяшчанне на карысць сваіх двух пляменнікаў, а ў іх па-рознаму запісаны прозвішчы. Ці будуць праблемы з атрыманнем спадчыны? – Не, толькі Вы ў завяшчанні павінны напісаць прозвішчы аднаго і другога так, як значыцца ў іх пашпартах. – Дом прыватызаваны, зарэгістраваны ў ім разам з сынам. Хацела б падарыць нерухомасць дачцэ. Ці магу я гэта зрабіць і ці патрэбна згода сына? – Раз сын зарэгістраваны, то неабходна яго згода. А паколькі ў доме ёсць і яго доля, таму распараджацца Вы можаце толькі сваёй, а для гэтага спачатку трэба вызначыць долю кожнага і заключыць пагадненне. Яшчэ адзін нюанс. Калі ёсць спадчыннік – пенсіянер ці інвалід, то яму абавязкова будзе належыць палова той спадчыны, якая б належала па законе. Аднак пры ўмове, што пенсіянер па ўзросце мае патрэбны працоўны стаж – гэта навіна заканадаўства. – Ці можна пры заключэнні Шлюбнага дагавора з былым мужам прапісаць перадачу яго долі кватэры ўзамен выплаты аліментаў на непаўналетняга сына? – Не, аднак Вы можаце натарыяльна заверыць пагадненне аб уплаце аліментаў і перадачы нерухомасці. – Памерлі родныя, пасля якіх застаўся зарэгістраваны ўчастак і недабудаваны дом. Як атрымаць права на валоданне ім? – Пажадана, каб былі дакументы на набыццё будаўнічых матэрыялаў, тады Вы атрымаеце спадчыну на іх. Калі няма, то даказваць правы на дом давядзецца праз суд. – Дзіця вучыцца за мяжой. Патрэбны пераклад дакументаў, як гэта зрабіць? – У натарыяльнай канторы ёсць спіс усіх зарэгістраваных перакладчыкаў, таму я паведамлю вам адрас патрэбнага, застанецца толькі заверыць пераклад натарыяльна. – Ці трэба ўсім спадчыннікам разам збірацца ў натарыуса? – Не, аднак той, хто першы звернецца за прыняццем спадчыны, а зрабіць гэта ўсім трэба на працягу 6 месяцаў пасля смерці роднага, указвае і астатніх спадчыннікаў першай лініі, якім мы паведамляем пра неабходнасць напісаць заяву аб прыняцці спадчыны або адмове ад яе. Бо калі спадчыннікі не ведалі пра смерць блізкага і не атрымалі сваю долю, то пасведчанне будзе прызнана несапраўдным. – Маці хоча падарыць мне кватэру. Я ж непакоюся пра той выпадак, калі са мной што здарыцца. Мабыць варта напісаць які дакумент, каб уладальніцай кватэры ў такім выпадку зноў стала яна? – Нічога рабіць не трэба, бо законам прадугледжана адмена дагавора дарэння (шляхам падачы заявы) у тым выпадку, калі дарыльшчык перажыве таго, каму падарыў жыллё. – Сын жыве за мяжой. Ці можа ён падаць заяву на прыняцце спадчыны пісьмова? – Так. Можна напісаць заяву і адаслаць у натарыяльную кантору па месцы рэгістрацыі памерлага. У лісце трэба ўказаць сваё прозвішча, імя і імя па бацьку, і ад каго жадае прыняць спадчыну – таксама поўнасцю з месцам пражывання. А вось пісаць заяву на атрыманне пасведчання аб праве на спадчыну давядзецца асабіста ці яго прадстаўніку па даверанасці. Вольга Караленка. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На гэтым тыдні ў рэдакцыі адбылася “прамая тэлефонная лінія” з удзелам натарыуса Ушацкай натарыяльнай канторы Ж.Л.КАВАЛЕНКА. Жанну Леанідаўну ў чарговы раз...
|
|