29 лютага ў Рызе на Міжнароднай выставе кніг адбылася прэзентацыя кнігі вядомага беларускага мастака, гісторыка і пісьменьніка ў Латвіі, нашага зямляка Вячкі Целеша «Беларускія мастакі ў Латвіі. 1920 – 1990». Гэта не альбом пра мастакоў, а манаграфія, якая апавядае пра жыццё і творчасць прафесійных жывапісцаў: Пётра Мірановіча, Міхася Калініна, Аркадзя Салаўёва, Дзімітрыя Гадыцкага-Цвірку і Аляксандру Бельцаву, забытых ў гісторыі беларускага мастацтва.

Шматгадовая даследчая праца ў архівах, музеях і бібліятэках розных краін, успаміны людзей, інфармацыйная і фінансавая дапамога людзей і арганізацый дапамаглі ў выданні гэтай працы. Кніга выйшла ў выдавецтве «Jumava» на латышскай і беларускай мовах, у ёй каля 400 рэдкіх фотаздымкаў і каляровых рэпрадукцый карцін.