Вясна – пара паўсюднага навядзення парадку. Аднак сёлета не абавязкова было чакаць надыходу сакавіка, каб прыступіць да добраўпарадкавання. На працягу зімовых месяцаў на тэрыторыі Жухавіцкага сельсавета вялася актыўная работа па вырашэнні праблемных пытанняў, адным з якіх з’яўляецца знос пустуючых дамоў.
– Цёплая зіма нам толькі на руку, – адзначае старшыня Жухавіцкага сельсавета Аляксандр Івашка. – З пачатку года ўжо разабралі 2 дамы ў Трашчычах, іх фундаменты пахаваны. Яшчэ адзін дом у працэсе разборкі. У 2019 годзе знесена 5 дамоў. Безумоўна, без тэхнікі і працоўнай сілы СВК “Жухавічы” мы мала б што зрабілі. Але кіраўніцтва гаспадаркі заўсёды аказвае дапамогу. Трэба адзначыць, што на тэрыторыі сельсавета старых і пустуючых дамоў нямала. Будзем з імі працаваць. Да таго ж у гэтым годзе плануем пафарбаваць агароджу ў Пясочнай. Грашовыя сродкі выдзелены.
Наведаўшы Жухавіцкі сельсавет, асабіста пераканалася ў тым, што работа па навядзенні парадку тут кіпіць. Дарожнікі ачышчаюць ад хмызняку прыдарожную паласу аўтадарогі Кожава–Уша. Працаўнікі сельгаспрадпрыемства выразаюць дзікарослае кустоўе вакол сажалак у Вялікіх і Малых Жухавічах, каля пустуючых дамоў і ўздоўж дарог, якія злучаюць населеныя пункты сельсавета. Педагогі, работнікі і вучні Жухавіцкай сярэдняй школы актыўна завіхаюцца і наводзяць парадак у Парку выпускнікоў непадалёк ад установы адукацыі. Асабіста мне вельмі спадабалася традыцыя жухавіцкіх вучняў: падчас выпускнога балю кожны выпускнік садзіць дрэва, тым самым пакідаючы след на малой радзіме.
Заўважыла несанкцыянаваную звалку каля в. Малыя Жухавічы, і адразу ўзнікла пытанне: “Як так можна? Адны – прыбіраюць, іншыя – смецяць”. Па словах старшыні сельсавета, пасля рэкультывацыі палігона не далёка ад вёскі такая карціна стала не рэдкасцю. Нягледзячы на тое, што паслугай ЖКГ па цэнтралізаванаму вывазу смецця ахоплены амаль усе населеныя пункты сельсавета, не кожны мясцовы жыхар ёй карыстаецца. Як вынік — знешні выгляд сельсавета псуюць несанкцыянаваныя звалкі, узнікненне якіх — на сумленні асобных жухавіччан.
Аксана ЯНУШ
Фота аўтара