Кандытар 4-га разраду філіяла “Нясвіжскі хлебазавод” ААТ “Барысаўхлебпрам” Жанна Дашко на працягу 26 гадоў працуе ў кандытарскім цэху. Па словах кіраўніцтва і калег, Жанна Вячаслаўна заўсёды з адказнасцю ставіцца да выканання сваіх абавязкаў, працавітая і скрупулёзная на працоўным месцы. За высокія паказчыкі ў працы і прафесіяналізм яна неаднаразова ўзнагароджвалася Ганаровымі граматамі прадпрыемства і Нясвіжскага райвыканкама.
У вытворчую сферу Жанна Вячаславаўна прыйшла зусім юнай дзяўчынай, адразу пасля заканчэння тэхнікума.
— Сама я родам з Капыльскага раёна. Па размеркаванні працавала ў г. Узда. Затым выйшла замуж і пераехала ў Нясвіж. З 1994 года працую кандытарам на Нясвіжскім хлебазаводзе. Мне вельмі падабаецца мая прафессія, нават не ведаю, чым бы я яшчэ магла займацца.
Праца кандытара заключаецца ў падрыхтоўцы цеста і выпечкі з яго розных хлебабулачных вырабаў. Асартымент кандытарскага цэха самы разнастайны: бісквіты, булачкі, пранікі, пячэнне, пірожныя, тарты — усяго і не пералічыць.
За адну змену кандытар можа зрабіць да 40 кілаграмаў рознай смакаты. Выконвае Жанна Вячаславаўна і індывідуальныя заказы, стварае вырабы для розных конкурсаў — на іх больш за ўсё ідзе часу. Так, напрыклад, на ўпрыгожванне аднаго торта можа быць затрачана каля двух дзён. Гэта нялёгкая праца падобная мастацтву і кандытар тут выконвае роль мастака.
Адным са сваіх галоўных захапленняў Жанна Вячаславаўна акрамя выпечкі лічыць кветкаводства. З ранняй вясны і да самай зімы на яе ўчастку ўсё квітнее. Сёння яна ўжо пачынае планаваць, якія кветкі і дзе будзе высаджваць — усім на радасць і задавальненне.
Наталля ЕРМАШЭНКА.