Пра станаўленне партызанскага руху на Ганцаўшчыне. 21.by

Пра станаўленне партызанскага руху на Ганцаўшчыне

24.03.2020 21:14 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Фота носіць ілюстрацыйны характар

З пачатку 1942 г. пачаўся новы ўздым партызанскай барацьбы. Гэтаму ў значнай ступені спрыяў праведзены Мінскім падпольным абкомам КП(б)Б рэйд партызан па тылах ворага.

1 сакавіка 1942 г. атрады В. З. Каржа, А. І. Далідовіча, М. М. Розава, А. І. Патрына і іншых, агульнай колькасцю да 400 чалавек, на санях рушылі ў паход. Іх шлях праходзіў па тэрыторыі Любанскага, Старобінскага, Ганцавіцкага, Чырвонаслабодскага, Ленінскага, Жыткавіцкага раёнаў.

Тры тыдні (столькі доўжыўся рэйд) народныя мсціўцы грамілі мясцовыя органы акупацыйных улад, гарнізоны праціўніка, расказвалі насельніцтву аб падзеях на фронце, заклікалі дапамагаць партызанам і ісці да іх у лес.

Смелыя і рашучыя дзеянні партызан не на жарт устрывожылі фашыстаў. «У Старобінскім раёне, – паведамлялася ў адной са зводак паліцыі бяспекі і СД, – з’явіліся партызаны колькасцю да 600 чалавек. Усе бургамістры, старасты раёнаў і служачыя ўцяклі ад партызан».

У ходзе гэтага рэйду расло баявое майстэрства партызан, яны набылі вопыт эфектыўных удараў па ворагу. Акрамя таго, рэйд меў вялікае прапагандысцкае значэнне, бо даў зразумець насельніцтву, што заваёўнікі не павінны жыць на нашай зямлі спакойна. Многія патрыёты гарадоў і вёсак папоўнілі ў час рэйду партызанскія атрады.

Новы ўсплёск партызанскага руху на Ганцаўшчыне прыпадае на ліпень – кастрычнік 1942 г. Менавіта тады прыйшоў сюды атрад пад камандаваннем камандзіраў Чырвонай Арміі Васіля Аляксеевіча Васільева і Івана Васільевіча Зібарава, які налічваў 25 байцоў. У хуткім часе мясцовае насельніцтва пачало называць атрад «васільеўскім» па прозвішчы аднаго з камандзіраў. Дыслацыраваўся атрад у Арлікоўскім лесе, што паміж Чудзінам і Чырвонай Слабадой на стыку Чырвонаслабодскага і Ганцавіцкага раёнаў. Адсюль народныя змагары і пачалі наносіць свае ўдары па ворагу, з кожным днём павялічваючы свае рады за кошт мясцовага насельніцтва і дробных партызанскіх груп, якія дзейнічалі ў гэтай мясцовасці.

Атрад В. А. Васільева – І. В. Зібарава цесна ўзаемадзейнічаў з атрадамі В. З. Каржа, імя С. М. Кірава, Ц. М. Шыша. У верасні 1942 г. яны агульнымі сіламі разграмілі варожыя гарнізоны ў райцэнтры Ленін і іншых населеных пунктах.

Рашучыя дзеянні партызан прывялі да стварэння ў канцы 1942 г. партызанскай зоны, у якую ўвайшлі Ленінскі і часткова Лунінецкі і Ганцавіцкі раёны. Гэта была адна з першых зон на паўднёва-заходняй тэрыторыі Беларусі. З кожным днём яна пашыралася.

Ажыўленню партызанскага руху спрыяла і прыбыццё 26 кастрычніка 1942 г. дэсантнай групы «Сокалы». Спачатку ў ёй налічвалася 11 чалавек. Але хутка яна вырасла ў атрад, які налічваў да 200 байцоў. Камандзір атрада К. П. Арлоўскі паклапаціўся аб стварэнні рэзервовага атрада, якому прысвоілі імя Я. М. Свярдлова. Атрад узначаліў удзельнік грамадзянскай вайны, былы чырвонаармеец Васіль Сцяпанавіч Халецкі з Машукоў. Байцы гэтага атрада жылі па сваіх хатах, але па першым загадзе камандавання атрада браліся за зброю і разам з партызанамі ўдзельнічалі ў баявых аперацыях.

Партызанскія рэзервы ў 1942 г. раслі, нібы грыбы пасля дажджу. Камандаванне атрадаў, партызанскіх брыгад і злучэння надавала ім вялікае значэнне, усяляк дапамагала ім, узбройвала іх. Гэта быў дальнабачны крок, бо ход вайны не абяцаў яе блізкага канца. Барацьба з ворагам патрабавала новых сіл, а яны былі ў партызанскіх рэзервах. На 1 студзеня 1943 г. на Піншчыне партызанскі рэзерв склаў 10000 чалавек.

У канцы лістапада 1942 г. па заданні ЦК КП(б)Б прыбылі з савецкага тылу дыверсійныя групы А. І. Дамброўскага, І. Д. Баброва, Г. М. Ігнаценкі, А. З. Драбені, якія аб’ядналіся ў адзін атрад пад камандаваннем А. І. Дамброўскага.

Пінскі падпольны абком КП(б)Б стварыў штаб партызанскіх атрадаў вобласці, які ў студзені 1943 г. аб’яднаў партызанскія атрады Камарова (В. З. Каржа), імя М. А. Шчорса, В. А. Васільева, імя С. М. Кірава, імя В. І. Чапаева, А. І. Дамброўскага, імя А. В. Суворава, імя С. Лазо, імя М. Ц. Шыша, «За Савецкую Беларусь» у партызанскае злучэнне Пінскай вобласці. Яно налічвала 1855 байцоў. Для кіраўніцтва злучэннем быў створаны штаб. У яго склад увайшлі В. З. Корж – камандзір злучэння (лістапад 1942 – ліпень 1944), А. Я. Кляшчоў – камандзір злучэння (май – кастрычнік 1943), М. С. Фядотаў – начальнік штаба злучэння (люты 1943 – ліпень 1944).

Ішоў працэс аб’яднання атрадаў у брыгады.

У сакавіку – красавіку 1943 г. былі створаны партызанскія брыгады імя С. М. Будзённага і У. І. Леніна. Пазней – партызанскія брыгады імя В. М. Молатава, імя С. М. Кірава, Пінская, «Савецкая Беларусь», імя В. В. Куйбышава. Такім чынам, на тэрыторыі Пінскай вобласці пачалі дзейнічаць сем партызанскіх брыгад і адзін асобны атрад імя І. І. Чуклая. Гэта ўжо была магутная сіла, якая не давала ворагу спакою ні ўдзень, ні ўначы.

Не спыняў сваёй дзейнасці і Пінскі падпольны абком партыі па стварэнні ў тыле ворага партыйнага падполля. Ён арганізоўваў і накіроўваў арганізатарскія групы ў раёны, дзе яны з дапамогай камуністаў і партызан стваралі падпольныя арганізацыі. У паўднёва-заходніх раёнах гэтым займалася група на чале з інструктарам абкома Ф. С. Куньковым, у Ганцавіцкім, Лунінецкім і Лагішынскім – група В. А. Васільева, І. В. Зібарава, М. С. Бяляя. Да восені ў Пінскай вобласці працавала ўжо 11 падпольных райкомаў і адзін гарком партыі. Ганцавіцкія падпольныя райкомы КП(б)Б і ЛКСМБ знаходзіліся пры брыгадзе імя У. І. Леніна. У гэтай жа брыгадзе дзейнічала свая партыйная арганізацыя, якая налічвала 41 члена і 48 кандыдатаў у члены партыі. Яна пастаянна папаўнялася маладымі партызанамі.

Ганцавіцкі падпольны райком партыі быў створаны ў канцы 1942 г. 16 ліпеня 1943 г. яго склад быў адноўлены: сакратары – М. М. Бандарэнка (1942 – 17.2.1943, загінуў), М. С. Бяляй (16.7.1943 – 7.7.1944), члены райкома – С. С. Жарыкаў (канец 1942 – 16.7.1943), П. Р. Кавалёў (канец 1942 – 16.7.1943), Я. П. Узянюк (16.7.1943 – 7.7.1944), М. І. Яцына (16.7.1943 – 7.7.1944), Р. С. Сарока (17.10.1943 – 7.7.1944).

Разам з Ганцавіцкім падпольным райкомам партыі дзейнічаў і раённы падпольны камітэт камсамола. З лістапада 1942 г. па даручэнні намесніка сакратара Пінскага падпольнага абкома ЛКСМБ Э. Б. Нордмана работу сярод моладзі ў раёне ўзначаліў Я. П. Узянюк, які з гэтага часу выконваў абавязкі ўпаўнаважанага Пінскага падпольнага абкома камсамола па Ганцавіцкім раёне. З мая 1943 г. прыступіў да работы райком ЛКСМБ, у які ўвайшлі сакратары Я. П. Узянюк (май 1943 – 7.7.1944), А. А. Замяціна (май 1943 – 7.7.1944), члены райкома Я. Л. Зеляніцкі (май 1943 – 7.7.1944), А. Н. Прыма (май 1943 – 7.7.1944), І. Р. Сергіеня (лістапад 1943 – 7.7.1944), У. П. Повараў (8.4.1944 – 28.6.1944).

Пад іх кіраўніцтвам раслі сілы партызан, ствараліся шматлікія падпольныя групы і арганізацыі. Толькі на тэрыторыі Ганцавіцкага і Ленінскага раёнаў на канец сакавіка 1943 г. іх налічвалася больш за трыццаць.

Узмацніліся іх удары па ворагу.

Гісторыка-дакументальная хроніка «Памяць. Ганцавіцкі раён».

(Visited 16 times, 16 visits today)

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З пачатку 1942 г. пачаўся новы ўздым партызанскай барацьбы. Гэтаму ў значнай ступені спрыяў праведзены Мінскім падпольным абкомам КП(б)Б рэйд
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика