Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў свята Вялікадня запаліў свечку ў Свята-Благавешчанскім Лядзенскім храме ў Смалявіцкім раёне. На Вялікдзень, у адрозненне ад калядных свят, Аляксандр Лукашэнка звычайна наведвае невялікія цэрквы. Як правіла, яны размешчаны за межамі сталіцы.
Свята-Благавешчанскі Лядзенскі храм знаходзіцца на тэрыторыі мужчынскага манастыра ў гонар Благавешчання Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Малыя Ляды. Кіраўнік дзяржавы прыехаў у царкву разам са сваім малодшым сынам Мікалаем. Коратка паразмаўляўшы з прыхаджанамі, Прэзідэнт запаліў свечку і павіншаваў вернікаў са святам Вялікадня.
Аляксандр Лукашэнка ад-значыў, што Вялікдзень адкрывае серыю добрых і светлых, неаспрэчных свят. Ён падзякаваў прыхаджанам за тое, што, нягледзячы на “нагнятанне сітуацыі” ў грамадстве, яны ўсё ж прыйшлі ў храм. “Беларусы проста малайцы — без панікі, без гвалту. Каму трэба паберагчыся — той сябе беражэ, застаецца дома або проста выйдзе адзін дзе-небудзь, з роднымі падыхае свежым паветрам. Хто мацнейшы, выпрацаваў імунітэт — той смялейшы і ў храмы прыходзіць”, — адзначыў Прэзідэнт.
З храма кіраўнік дзяржавы павіншаваў усіх беларусаў з Вялікаднем, паводле яго слоў, самым светлым святам у жыцці. “Як бы ні было ў нашай гісторыі, ніхто не змог закрыць, прыкрыць, забараніць гэта свята, — падкрэсліў ён. — Я заўсёды прыходзіў і буду прыходзіць у храм. Як бы ні складваліся абставіны, гэта святое. Гэта прынцып майго жыцця. Хачу, каб і вы кіраваліся самымі добрымі і светлымі прынцыпамі. І тады Ён, убачыўшы гэта, абавязкова дапаможа”.
Аляксандр Лукашэнка перадаў словы падтрымкі расіянам і ўкраінцам, якія таксама змагаюцца з пандэміяй. “Яны, як і мы, перажываюць няпросты час. Можа, у іх сёння нават складаней, чым у нас. Хачу ад усіх беларусаў пажадаць ім здароўя. Я хачу, каб Гасподзь пачуў і дапамог ім пераадолець гэту бяду, часта створаную намі самімі. Няхай нашы браты жывуць у міры і згодзе”, — сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы таксама пажадаў хутчэйшага выздараўлення палякам, літоўцам і латышам, жыхарам іншых еўрапейскіх краін, амерыканцам і грамадзянам КНР.
У храме Аляксандру Лукашэнку ўручылі копію цудатворнага візантыйскага абраза “Заступніца”. Ён выкананы на палатне з прымяненнем унікальнай тэхналогіі, якая дазваляе перадаць якасную шаўкаграфію ручной працы.
БелТА.