Камянчанка Анастасія Раманюк – пра мары, мовы, Веру і святло
28.04.2020 11:04
—
Разное
|
>
У 2017-м, напярэдадні апошняга школьнага званка, мне пашчасціла пазнаёміцца з выпускніцай СШ №2 Каменца Анастасіяй Раманюк. Сёння яна – студэнтка трэцяга курса Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, а гэта азначае, што мары здзяйсняюцца, калі вельмі жадаць і старанна працаваць! Чым цяпер жыве наша зямлячка? Запытаем… – Якія замежныя мовы ты вывучаеш? Англійскую (гэта памятаю з інтэрв’ю трохгадовай даўніны) і… Чым яны табе імпаніруюць? – Англійская – мая асноўная мова, у мінулым годзе крыху вывучала іспанскую, а ў гэтым у мяне пачалася другая абавязковая для вывучэння – нямецкая. Выбіраючы яе, разважала практычна – проста паставіла перад сабой пытанне: “Дзе і якім чынам я змагу гэтую мову выкарыстоўваць?” У выніку спынілася на нямецкай. У той час яна здавалася мне грубай, агрэсіўнай, а яшчэ старшакурснікі палохалі тым, што кафедра бязлітасная. Але, тым не менш, цяпер заканчваецца першы год вывучэння, і з упэўненасцю магу сказаць, што вельмі задаволеная! Цяпер мне падабаецца гучанне гэтай мовы! – Якую яшчэ хацелася б засвоіць? – Над гэтым яшчэ не задумвалася, бо для таго, каб вывучыць мову належным чынам, неабходна выдаткаваць на гэта шмат часу, прыкласці максімум намаганняў. Але, у цэлым, думаю, спынілася б на якой-небудзь з еўрапейскіх моў: да азіяцкай культуры неяк не цягне… ПРА ПРАФЕСІЮ– Магчыма, даводзілася выязджаць за межы нашай краіны на моўную практыку (калі яшчэ была магчымасць)? – На жаль, не, але ў мяне быў незабыўны вопыт падчас другіх Еўрапейскіх гульняў у Мінску. Перад імі мы пісалі вялізны тэст на ўзровень ведання англійскай мовы. Відаць, мой вынік быў нядрэнны, бо мне дасталася адна з самых цікавых і ў той жа час складаных пазіцый на міжнародным спартыўным форуме. Я была у нейкім сэнсе журналістам! Работа заключалася ў тым, што назірала за гульнёй у настольны тэніс, развіццём падзей, вывучала біяграфіі спартсменаў, іх рэйтынгі, паражэнні і перамогі, і на аснове гэтага складала пытанні для інтэрв’ю. На англійскай мове, вядома ж. Пасля завяршэння гульні ішла ў зону для інтэрв’ю і гутарыла са спартсменамі. Колькі розных акцэнтаў я пачула тады! Да таго ж, сказаць, што дыялогі былі эмацыянальнымі – не сказаць нічога! Здаралася ўсё: ад слёз да ламання ракеткі аб уласную галаву. (Усміхаецца.)
Далей я апрацоўвала запісы з дыктафона і пісала артыкулы. Пасля праверкі самыя цікавыя з іх публікаваліся. Спярша было складана прыдумваць небанальныя пытанні, але, на шчасце, у нас быў выдатны кіраўнік. Па нацыянальнасці Петэр – швед, працуе ў Лондане журналістам і вельмі часта наведвае падобнага роду мерапрыемствы па ўсім свеце. Ведае некалькі замежных моў. Ён даваў нам каштоўныя парады, падказваў, а самае галоўнае – рабіў гэта ўсё максімальна ненадакучліва, і яго словы заўсёды неслі выключна рэкамендацыйны, а не загадны характар. Петэр давяраў нам самыя складаныя і адказныя інтэрв’ю, заўсёды быў побач. Таксама ў нашай маленькай камандзе працаваў хлопец – напалову француз, напалову англічанін. Яго мова была як бальзам на душу, хоць і з цяжкасцю спярша прывыкалі да яе тэмпу. Яшчэ запомніўся адзін спартсмен з Іспаніі, ве-е-ельмі таварыскі і эмацыянальны, у сваю англійскую мову ён часам устаўляў іспанскія словы. Добра, што мой узровень іспанскай дапамог поўнасцю разумець яго. – Ці была ў цябе педагагічная практыка ў школе? – Яна ў нас на 5 курсе. Але ўжо спрабую сябе ў ролі настаўніка. Займаюся з малодшымі школьнікамі. Не магу сказаць, што гэта лёгка, ніколі не думала, што гэта лёгка, і цяпер пастаянна ў тым пераконваюся. На шчасце, у маім жыцці сустракаліся сапраўдныя, проста выдатныя настаўнікі і выкладчыкі, на якіх хацелася быць падобнай. Таму думаю, што спраўляюся нармальна. Але імкнуцца, безумоўна, ёсць куды! – Ці падпрацоўваеш ты недзе? – Мне вельмі пашанцавала, што ніколі не было праблем з грашыма. Маю ўсё неабходнае дзякуючы бацькам. З дзеткамі займаюся выключна са спартыўнага інтарэсу. Проста хацела паглядзець, як гэта. Да таго ж, калі некаму нешта тлумачыш, сам гэта лепш разумееш. Ну і, у рэшце рэшт, магу крышку падназбіраць на здзяйсненне якой-небудзь маленькай мары. Чаму б і не? – Не шкадуеш аб выбары прафесіі? – Не, не і яшчэ раз не! У іншым месцы абсалютна сябе не бачу. Ды і куды цяпер без ведання замежных моў? – Кім марыш працаваць пасля ВНУ? – Гэта пытанне ўсё яшчэ адкрытае. Ёсць розныя варыянты, але яшчэ не знайшла ідэальны для сябе. Каб дакладна зразумець, дзе тваё месца, трэба многае паспрабаваць. Уласна, гэтым цяпер і займаюся. – Ці цягне вярнуцца працаваць у Каменец? – Не, хочацца далей развівацца, а ў вялікім горадзе для гэтага нашмат больш магчымасцей. ПРА КАМЕНЕЦ І СТАЛІЦУ– Сумуеш па родным горадзе? Школе? Ці часта прыязджаеш? – Каменец для мяне самае роднае месца. У нейкім з фільмаў чула такую фразу: “самыя яркія зоркі ў горадзе дзяцінства”. І гэта сапраўды так. Кожны раз, калі прыязджаю, знаходжу час для прагулкі па горадзе. І мне вельмі прыемна глядзець, як ён прыгажэе. На жаль, выбірацца атрымліваецца не так часта – раз на месяц. Што ж тычыцца школы, я бясконца рада, што вучылася менавіта там, бо ўспаміны толькі самыя прыемныя. Люблю на зімовых канікулах заходзіць у госці, сустракацца з настаўнікамі. Здаралася, што планавала зазірнуць літаральна на гадзінку, а знікала на 4. І нягледзячы на змену некалькіх пакаленняў, у школе ўсё яшчэ нас помняць. (Усміхаецца.) – Падтрымліваеш сувязь з сябрамі школьных гадоў? – Сказаць, што моцна сябруем і часта маем зносіны, не магу. Ува ўсіх свае справы і мэты. Але ёсць некалькі чалавек, з якімі часта стэлефаноўваемся і бачымся. Думаю, пасля школы наша сувязь стала толькі мацнейшай. Галоўнае – не згубіцца. – Знайшла шмат новых сяброў? – Новых знаёмстваў, безумоўна, вялізная колькасць. Ну а сяброў шмат не бывае – адназначна! Асабіста я вельмі часта лаўлю сябе на думцы, што мяне атачаюць выдатныя і непаўторныя людзі! У кожнага ёсць чаму вучыцца. – Дзе ты жывеш? – У інтэрнаце ў студэнцкай вёсцы. Умовы тут выдатныя! І раён таксама – усё, што патрэбна, у крокавай даступнасці. – Як табе Мінск? Ці змагла палюбіць яго? Ці можаш сказаць, што ён цяпер ТВОЙ горад? – Перад паступленнем вельмі баялася гэтага чужога, мітуслівага горада. Але мне хапіла года, каб закахацца і зразумець, што ён не такі ўжо і вялікі. Гадзіны часцей за ўсё дастаткова, каб дабрацца да пэўнага, нават далёкага, месца. Больш за ўсё я люблю начны Мінск, часта гуляю ўвечары, а часам проста саджуся ў аўтобус ці тралейбус і катаюся па горадзе ў прыцемках. Добры час для таго, каб раскласці ўсе свае думкі па палічках. Сказаць, што гэта на сто працэнтаў мой горад, яшчэ не магу, бо параўнаць практычна няма з чым. ПРА ЗАХАПЛЕННІ І НЕ ТОЛЬКІ…– Чым напаўняеш вольны час? – Яго амаль няма. Але пры першай жа магчымасці іду гуляць, часам бяру з сабой фотаапарат ці тэлефон. Людзі, што даўно са мной знаёмыя, ведаюць маю бязмежную любоў да той пары, калі садзіцца сонца. Гэта можна зразумець і па маёй старонцы ў Instagram, дзе яго вельмі шмат. – Напэўна, тваё грамадскае жыццё па-ранейшаму вельмі разнастайнае… Ці ёсць у ім месца валанцёрству? Можа, з’явіліся новыя актыўнасці? – Яно сапраўды разнастайнае. Я – у актыве факультэта… Што тычыцца валанцёрства, то заўсёды для гэтага адкрытая, але магчымасцей не вельмі шмат. – Ці застаецца ў цябе час для спеваў? – Уявіць сябе без іх проста не магу! З першага курса займаюся ў музычнай студыі нашага ўніверсітэта, удзельнічаю ў канцэртах і цікавых праектах. А яшчэ ў нашым інтэрнатаўскім пакоі ёсць гітара. Часам пасля складанага дня яна дапамагае мне “выгаварыцца”. Суседкі любяць (ва ўсялякім разе, кажуць так, калі я спяваю) і часта прыходзяць паслухаць. – Ці пішаш вершы і песні, як раней? Калі так, то як яны выраслі разам з табой? – У гэтым рэчышчы маё развіццё прыпынілася. У галаве заўсёды вялізная колькасць думак, але сабраць іх разам мне пакуль не пад сілу. Стала чытаць больш вершаў іншых людзей і запамінаць тыя, якія мне блізкія. – Што зараз чытаеш? – Літаральна ўчора завяршыла “Выбар” Нікаласа Спаркса. Люблю чытаць, як кажуць, “взахлеб”, таму часцей выдзяляю некалькі дзён і цалкам прысвячаю іх новай гісторыі з кніжных старонак. На жаль, гэта часцей за ўсё адбываецца на канікулах… – Раней ты спявала ў царкоўным хоры камянецкага храма. Ці ходзіш на службы ў Мінску? Што кліча цябе да Бога? – Я і цяпер спяваю, калі прыязджаю дадому. Хор і службы ў нашай царкве – гэта тое, па чым бясконца сумую. У Мінску таксама хаджу ў храм. Ён знаходзіцца вельмі блізка – літаральна праз дарогу. Я там ужо “свая”, па вялікіх святах, калі шмат людзей, просяць дапамагчы. Там утварылася свая так званая “маладзёжка”, і кожны тыдзень мы збіраемся. – Якім быў твой Вялікдзень сёлета, у сённяшняй няпростай сітуацыі? – Асаблівым. І, шчыра кажучы, крыху сумным. Па-першае, я была далёка ад дома і блізкіх людзей. Па-другое, прыйшлося ўстрымацца ад паходу ў храм. Але дзякуючы нашаму бацюшку айцу Сергію і яго памочнікам з роднага камянецкага храма вялася трансляцыя службы. Гэта было самым вялікім падарункам! Знаёмыя воклічы і напевы далі мне адчуванне прысутнасці. Ледзь стрымлівалася, каб не пачаць падпяваць, была ўжо глыбокая ноч. – Як гэта – быць дарослай? – Цікава, але складана! Я не магу назваць сябе зусім дарослым чалавекам. Мне здаецца, што я недзе на мяжы поўнага сталення. Без парад і падтрымкі бацькоў дакладна не справілася б! – Што параіш школьнікам, якім паступаць у бягучым годзе? – Рабіце ўсё, што ў вашых сілах! Старайцеся, імкніцеся. Але не хвалюйцеся, калі нешта ідзе не так. Жыццё проста ўносіць свае змены, каб у рэшце рэшт вы апынуліся на сваім месцы і сталі тымі, кім павінны быць! ПРА АКТУАЛЬНАЕ– І пытанне, без якога зараз, на жаль, ніяк… Чым жыве Мінск у сённяшняй сітуацыі? – Увесь горад падзяліўся на дзве часткі: тых, хто яшчэ не зразумеў сур’ёзнасці таго, што адбываецца, і тых, хто старанна выконвае ўсе меры засцярогі. Калі раней ты ішоў у масцы, людзі адназначна думалі, што з табой нешта не так. А цяпер усё наадварот: коса зірнуць, калі не апрануў маску ў грамадскім месцы. Маскі ўвогуле асобная тэма. У аптэках іх разбіраюць за хвіліны. Добра, што мама-швачка ў свой час навучыла мяне трымаць іголку ў руках. Мы з дзяўчатамі з інтэрната купілі тканіны і бінту, нашылі масак на ўвесь блок. Насілі іх, калі яшчэ ездзілі ўва ўніверсітэт, цяпер мы на дыстанцыйным навучанні. Усе вялікія магазіны Мінска абавязалі павесіць дазатары з антысептыкамі, але радавацца не трэба. У некаторых дазатарах наліта вада… На самой справе, карціна так сабе, аптымізму не прыносіць. Але мы можам менш наведваць грамадскія месцы, выконваць правілы гігіены і не забіваць сабе галаву ўсёй гэтай сітуацыяй. Бо гэта можа паўплываць на псіхіку. Асабіста я магу знайсці ў тым, што адбываецца, адзін вялікі плюс. У шалёным рытме жыцця мы сталі забываць, што сапраўды важна, сталі атрымліваць менш задавальнення ад звычайных рэчаў і ўспрымаць усё, як належнае. Мы перасталі цаніць жывыя зносіны…. Сённяшняя сітуацыя, на мой погляд, – узрушэнне для чалавечай свядомасці. І цяпер усё, чаго я хачу, – гэта прыехаць дадому і сабраць усіх сваіх родных і блізкіх. Хачу без страху гуляць па вуліцах і дыхаць паветрам, што становіцца ўсё больш цёплым. Гэтыя, здавалася б, дробязі цяпер могуць зрабіць мяне па-сапраўднаму шчаслівай!
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У 2017-м, напярэдадні апошняга школьнага званка, мне пашчасціла пазнаёміцца з выпускніцай СШ №2 Каменца Анастасіяй Раманюк. Сёння Сообщение Камянчанка Анастасія...
|
|