Сёння тэмай № 1 у краіне з’яўляецца выбарчая кампанія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Сваім меркаваннем пра будучае краіны і прадстаячы выбар на старонках “Полымя” і на сайце polymia.by дзеляцца жыхары Карэліцкага раёна: настаўнікі і ўрачы, парламентарыі і аграрыі, моладзь і ветэраны, прадстаўнікі самых розных сфер грамадства.
Аляксандр СОНГІН, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Замкавай выбарчай акрузе № 57:
— На працягу ўсяго свайго жыцця мы штодня сутыкаемся з непазбежнасцю якога-небудзь выбару. Пачынаючы ад бытавых дробязяў і заканчваючы жыццёва важнымі сітуацыямі. Часта ад зробленага выбару залежаць далейшае развіццё падзей і ўсё наступнае жыццё.
9 жніўня кожны з нас, прыйшоўшы на выбарчы ўчастак, павінен цвёрда ўсведамляць, што ён робіць выбар не толькі за сябе, але і за тых, хто пакуль не мае права голасу — сваіх дзяцей або ўнукаў. Гэта выбар шляху, па якім краіна будзе рухацца не толькі ў бліжэйшыя 5 гадоў, але значна большы прамежак часу.
Я вельмі балюча ўспрымаю тыя метады, якімі сёння карыстаюцца некаторыя кандыдаты на пост кіраўніка дзяржавы падчас збору подпісаў. Свядомасцю беларусаў маніпулююць, нагнятаючы абстаноўку, часта выкарыстоўваючы заведама хлуслівую інфармацыю. Вельмі шмат сёння спекуляцый на тэме каранавіруса: маўляў, жорсткага каранціну не ўвялі, людзі хадзілі на работу і хварэлі. Але паглядзіце на тое, што адбываецца ў свеце: каранцінныя меры, якія пацягнулі за сабой страту мільёнаў рабочых месцаў, нашкодзілі людзям больш, чым сам вірус. У гэтым годзе ў свеце ад голаду ўжо памерлі 4,8 млн чалавек, гэта ў 12,3 раза больш, чым ад COVID-19.
На шчасце, мы не адчулі перабояў з пастаўкамі прадуктаў, а большасць захварэўшых на каранавірус перанеслі яго ў лёгкай форме. Для падтрымкі эканомікі краіны і кожнага чалавека асобна былі падпісаны і працуюць указы № 143 “Аб падтрымцы эканомікі”, № 178 “Аб часовых мерах дзяржаўнай падтрымкі наймальнікаў і асобных катэгорый грамадзян” і № 179 “Аб аплаце працы”.
Думаю, у такой сітуацыі спробы ачарніць тое добрае, што зроблена ў нашай маладой суверэннай дзяржаве, не могуць не адзывацца крыўдай у сэрцы кожнага шчырага працаўніка. Сустракаючыся з жыхарамі сваёй выбарчай акругі, радуюся, што сярод іх няма людзей раўнадушных. Яны разумеюць, што ідзе інфармацыйная вайна. Таму кожны з нас павінен цвяроза ацэньваць сітуацыю, праламляючы яе праз прызму свайго жыццёвага вопыту. Мы з вамі ведаем: не заўсёды той, хто шмат абяцае, гэта выканае. Важна ацаніць тое добрае, што ўжо зроблена. А зроблена нямала. Заўсёды радуюся, калі ўязджаю на тэрыторыю Карэліцкага раёна: прыгожа, чыста, дагледжана, сапраўдны еўрапейскі край. Бачна, што на гэтай зямлі жывуць моцныя гаспадары. Вядома, ёсць пэўныя дэмаграфічныя праблемы, але сёння ва ўсім свеце моладзь імкнецца ў гарады. Бываючы за мяжой, бачыш жыццё людзей: цяжкасцей хапае ўсюды, але галоўнае — любіць тую зямлю, якая цябе ўзгадавала, і быць адзінымі. Як у старой казцы пра пруцікі, якія толькі разам, у адной звязцы — сіла!
Аляксандр БЫЛІЧ, намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама па будаўніцтве:
— Адной з добрых прыкмет развіцця эканомікі з’яўляецца будаўніцтва: вытворчае, сацыяльнае, жыллёвае. Гэта яскрава бачна цяпер, у суверэннай Рэспубліцы Беларусь. Толькі пачынаючы з 2015 года, у Карэліцкім раёне пабудавана амаль 17 тысяч квадратных метраў жылля, здадзена ў эксплуатацыю 119 кватэр. Гэта значыць, 119 карэліччан атрымалі ключы ад асабістага жылля. У бягучым годзе пачата будаўніцтва 20-кватэрнага жылога дома па вуліцы 8 Сакавіка ў г.п. Карэлічы, наваселле ў якім неўзабаве справяць 15 мнагадзетных сем’яў. Аграгарадок Райца таксама хутка сустрэне навасёлаў.
У 2018 годзе вялікая работа па добраўпарадкаванні праведзена ў г.п. Мір: заасфальтаваны вуліцы, заменена вулічнае асвятленне, адрамантаваны фасады будынкаў гандлю, бытавога абслугоўвання, сувязі. Зараз вядуцца работы па водазабеспячэнні гарпасёлка. Неўзабаве тут будзе ўсталявана станцыя абезжалезвання і ў дамы міран прыйдзе чыстая вада.
Штогод у раёне будуецца і мадэрнізіруецца шэраг сацыяльных і сельскагаспадарчых аб’ектаў. Так, у мінулым годзе быў капітальна адрамантаваны харчаблок у сярэдняй школе № 2 г.п. Карэлічы. У Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы з’явілася міжраённае аддзяленне гемадыялізу, дзе дапамогу атрымліваюць не толькі хворыя карэліччане, але і жыхары Навагрудчыны і Дзятлаўшчыны. У нашай бальніцы завершаны капітальны рамонт харчаблока, у якім працаваць стала зручней, а прыгатаваная ежа атрымліваецца больш карыснай і здаровай.
У аграгарадку Лукі пачата будаўніцтва ветраэнергетычнай станцыі з удзелам літоўскага капіталу. Гэта экалагічна чысты энергазберагальны праект, калі на службу людзям будзе пастаўлены вецер.
У бягучым годзе чакаецца будаўніцтва магазіна ААТ “Санта Рытэйл”, дзе будзе адкрыта 25 новых рабочых месцаў.
Спіс пабудаванага і мадэрнізаванага можна доўжыць, але галоўнае сёння для нас зразумець: пабудаваць вельмі цяжка, а вось узяць і разбурыць — проста. Разбураць тое, што будавалася на працягу многіх дзесяцігоддзяў, дзеля абстрактных прынцыпаў, веру, не ў характары беларусаў.
Іна ЛЕЙКА