Рабочая зялёнага будаўніцтва УП “Нясвіжскі зелянбуд” Рада Мурачкоўская больш за 20 гадоў жыве ў Нясвіжскім раёне і лічыць, што менавіта тут яе другая Радзіма.
— 21 год таму, калі выйшла замуж, я пераехала са Слуцка ў Саску Ліпку, — расказвае Рада Дзмітрыеўна. — Працую ў “Нясвіжскім зелянбудзе” з 2008 года, у адной брыгадзе.
Спачатку Раду Мурачкоўскую прынялі часова, а потым, калі прыгледзеліся і ўбачылі, як старанна яна працуе, прапанавалі пастаяннае месца.
— Хаця і далекавата дабірацца — езджу ў Нясвіж на рэйсавым аўтобусе — я прызвычаілася, бо вельмі люблю гэту работу. — Прачынаюся ў 6 гадзін раніцы, у 7 — ужо іду на прыпынак. Аўтобус адпраўляецца ў 7.20 і з 8 гадзін я на аб’екце. Загадзя дамаўляемся, у якім месцы Несвіжа сустракаемся. Там начальнік участка Раіса Аляксандраўна Глобаж дае разнарадку — палоць ці садзіць. Здараецца, што і самі ёй падказваем, якое месца ў горадзе неабходна прывесці ў парадак.
Падчас нашай размовы Рада Дзмітрыеўна неаднаразова паўтарала, што ёй вельмі падабаецца гэта работа і дружны калектыў.
— У брыгадзе нас 15 чалавек, хлопцаў — амаль палова, — тлумачыць мая суразмоўца. — мужчыны разгружаюць і падносяць кветкі, паліваюць іх. Мы толькі садзім. З лютага мы працуем у цяпліцы, вырошчваем расаду кветак, адна- і двухгадовых, шматгадовых раслін, кустоў і хвойных. Вясной высаджваем іх на вуліцах горада. Калі летам дождж — таксама ў цяпліцы працуем. Дарэчы, азеляняем не толькі Нясвіж. Нас запрашаюць і па-суседстве — вясной, напрыклад, ездзілі ў Стаўбцоўскі раён, мужчыны рабілі дэкаратыўныя элементы “табакеркі”, мы сеялі газон. Звычайна працуем з 8 да 17.30. Калі трэба затрымацца пазней або папрацаваць у выхадны — згаджаемся, гэты час нам аплачваюць.
Рада Дзмітрыеўна ўжо стала адной з самых вопытных на гэтым участку. Падказвае моладзі, як лепш абыходзіцца з кветкамі, кустамі, што падабаецца хвойным. Жадання змяніць работу ніколі не ўзнікала, хаця часам бывае і цяжкавата.
— Мы любім сваю справу, таму складанасцей не заўважаем! — з упэўненасцю гаворыць жанчына. — Часта, калі садзім кветкі каля гістарычных аб’ектаў, падыходзяць замежныя госці, часцей — расіяне, гавораць: “Як у вас тут прыгожа, як дагледжана, дзяўчаткі. Якія вы малайцы!”. Нават дзякуюць, што ствараем такую прыгажосць, кажуць: “Дай Бог вам здароўя за гэта!”. Пасля такіх слоў заўсёды вялікі душэўны ўздым, хочацца яшчэ больш працаваць і ўкладваць у працу душу. Яшчэ мне проста пашанцавала з такім кіраўніком як наша начальнік участка Раіса Аляксандраўна Глобаж. Яна нас усіх вельмі падтрымлівае, дапамагае і парадай, і добрым словам. Я ёй вельмі ўдзячна ў гэтым жыцці, вельмі яна мне дапамагла. Таму заўсёды іду на работу з чыстай душой і добрым настроем. У гэты калектыў хочацца прыходзіць і працаваць, а пасля работы спяшаюся да сям’і. Кожны вечар і выхадныя я праводжу з мужам і сям’ёй сына. Мужчыны працуюць у “Нясвіжскім райаграсэрвісе”. Мы з нявесткай займаемся хатняй гаспадаркай і ўнукамі. Старэйшаму — паўтара года, малодшаму — 3 месяцы. Са старэйшым, вельмі рухомым, шмат часу баўлю на вуліцы. Ёсць і агарод — агуркі, памідоры — свае, свежыя, з градкі.
— Хоць я родам са Слуцка, — кажа Рада Мурачкоўская, — але ў мяне такое адчуванне, што нарадзілася на Нясвіж-чыне — тут людзі добрыя. Ужо маю шмат знаёмых. Усе — вельмі прыемныя, душэўныя. Ідзеш на работу — заўсёды сустракаеш кагосьці з іх, яны добразычліва вітаюцца, цікавяцца, як справы — прыемна! І настрой паляпшаецца. Мне тут падабаецца настолькі, што і не пераехала б ужо назад у Слуцк. Калі прыязджаю туды наведаць родных, дзень пабуду — і сэрца цягне на Нясвіжчыну, дадому.
Вольга МАРЧАНКА.