XXIX Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. 21.by

XXIX Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”

20.07.2020 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Урачыстае адкрыццё XXIX Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” адбылося 16 ліпеня ў Летнім амфітэатры. Цяперашні форум праходзіць пад дэвізам “Я люблю цябе, жыццё”.


Традыцыйна старт “Славянскаму базару” на канцэрце адкрыцця даў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы ў час цырымоніі адкрыцця фестывалю ўручыў прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва за 2019-2020 гады. У гэтым годзе з рук кіраўніка беларускай дзяржавы спецыяльную ўзнагароду “Праз мастацтва – да міру і ўзаемаразумення” атрымаў Філіп Кіркораў.

У дзень адкрыцця “Славянскага базару” Прэзідэнт таксама наведаў 103-ю Віцебскую асобную гвардзейскую паветрана-дэсантную брыгаду. Кіраўніку дзяржавы далажылі аб гісторыі фарміравання, прызначэнні і баявых магчымасцях міратворчай роты. Прэзідэнт азнаёміўся з яе экіпіроўкай, узбраеннем і ваеннай тэхнікай, умовамі жыцця і быту ваеннаслужачых.

На дзень раней кіраўнік дзяржавы сустрэўся з актывам Віцебскай вобласці і прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця пуцеправода “Полацкі”.

Лукашэнка: “Славянскі базар” у Віцебску заўсёды разбураў бар’еры і ўмацоўваў дружбу народаў

Беларускі народ ніколі не пасуе перад выклікамі часу. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на цырымоніі адкрыцця ХХIX Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, “Славянскі базар” стаў сэрцам культурнага і духоўнага адзінства. І яно, падкрэсліў Прэзідэнт, павінна біцца ў імя галоўнай ідэі, закладзенай у аснову фестывалю, – “Праз мастацтва – да міру і ўзаемаразумення”.

“Асабліва сёння, калі ўсе краіны і народы знаходзяцца на мяжы глабальнага геапалітычнага крызісу, перадзелу свету, для нас жыццёва важна захаваць традыцыю, якая аб’ядноўвае людзей. Паколькі што б ні адбывалася ў свеце, міжнародны фестываль “Славянскі базар” заўсёды разбураў бар’еры і ўмацоўваў дружбу народаў”, – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што на фестывальнай сцэне з году ў год выступалі сотні артыстаў розных нацыянальнасцей, розных палітычных і рэлігійных поглядаў, з розных дзяржаў. Але, не зважаючы на міжнародныя канфлікты, міжнацыянальныя і ўнутрыпалітычныя крызісы, тут заўсёды панавалі мір, дружба і ўзаемаразуменне. “У чым сакрэт? Напэўна, і перш за ўсё – у культурным кодзе славян, у агульнай тысячагадовай гісторыі продкаў сучасных славянскіх народаў. У ёй мы не знойдзем фактаў варварскага разбурэння традыцый і знішчэння іншых цывілізацый. Ёсць толькі стварэнне і ўзаемаўзбагачэнне культур. Мы мірныя людзі, рабілі і будзем рабіць усё прыгожа і мірна. Таму штогод “Славянскі базар у Віцебску” прыцягвае да сябе ўдзельнікаў і гасцей з розных куткоў планеты на гэты маляўнічы бераг Дзвіны. У горад, які стагоддзямі натхняў на творчасць вядомых музыкантаў, мастакоў, акцёраў, які падарыў нам таленавітых рэжысёраў і дызайнераў, вучоных і канструктараў, спартсменаў і трэнераў, якія праславілі беларускую і не толькі зямлю на ўвесь свет”, – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што “Славянскі базар” – гэта не толькі песні, але і сканцэнтраванне ўсіх напрамкаў і відаў культур. Ён  упэўнены, што і сёння віцебскі амфітэатр сабраў самых яркіх артыстаў, самых добрых і чулых гледачоў. Такіх, якія прыходзяць і прыязджаюць на гэта свята па закліку сэрца. “Тых, каго аб’ядноўвае шчырая любоў да агульнанацыянальнай славянскай культуры”, – дадаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы пажадаў гасцям і ўдзельнікам фестывалю, каб гэтыя дні падарылі ім шмат яркіх эмоцый, а конкурсы адкрылі новыя імёны ў свеце мастацтва.


Лукашэнка на “Славянскім базары”: беларусы ніколі не ўстаюць на калені перад выклікамі часу

“У гэты ўрачысты вечар мяне перапаўняюць пачуцці радасці і гонару за ўсіх нас, перш за ўсё за беларусаў, якія ніколі не станавіліся і не ўстаюць на калені перад выклікамі часу. Прыклад таго – “Славянскі базар”, фестываль з яркім, цікавым лёсам”, – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што гісторыя фестывалю пачалася ў 1990-я на фоне няпростага выбудоўвання новых адносін паміж суверэннымі дзяржавамі, створанымі з асколкаў вялізнай імперыі – Савецкага Саюза. Фестываль задумваўся як свята дружбы брацкіх народаў: беларусаў, расіян і ўкраінцаў.

“Чвэрць стагоддзя таму гэта вялікае дзейства магло адправіцца ў падарожжа па гарадах і вёсках разваленага Савецкага Саюза. А ў гэтым годзе ён мог проста стаць на паўзу, як гэта здарылася з вядомымі сусветнымі шоу і конкурсамі. Але тады і сёння мы збераглі наш “Славянскі базар”, нашу славянскую традыцыю. Нягледзячы на закрытыя граніцы, тут сабраліся самыя яркія тытулаваныя артысты з Беларусі, Расіі, Украіны, брацкіх нам народаў і рэспублік і іншых дзяржаў. Інакш, напэўна, і быць не магло”, – упэўнены кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка ўручыў прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва за 2019-2020 гады

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час цырымоніі адкрыцця ХХIX Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” ўручыў прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва за 2019-2020 гады.

 

Узнагарод удастоены кінарэжысёр студыі “Летапіс” народны артыст Беларусі Анатоль Алай, мастацкі кіраўнік тэатра-студыі кінаакцёра Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Аляксандр Яфрэмаў і аўтарскі калектыў у складзе рэжысёраў Ірыны Марголінай, Аксаны Чаркасавай, Алены Пяткевіч і Ірыны Кадзюковай.

Прэміі Саюзнай дзяржавы традыцыйна прысуджаюцца за значны ўклад ва ўмацаванне адносін братэрства, дружбы і ўсебаковага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй. Іх уладальнікі вызначаюцца раз у два гады. Упершыню прэміі Саюзнай дзяржавы былі ўручаны ў 2002 годзе.

Лукашэнка ўручыў Кіркораву ўзнагароду “Праз мастацтва – да міру і ўзаемаразумення”

Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка ў час цырымоніі адкрыцця ХХIX Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” ўручыў народнаму артысту Расіі Філіпу Кіркораву спецыяльную ўзнагароду Прэзідэнта Беларусі “Праз мастацтва – да міру і ўзаемаразумення” 2020 года.

“Для мяне вялікі гонар другі раз прыняць адну з самых галоўных узнагарод Беларусі. У маёй памяці той вечар, калі я атрымаў ардэн Францыска Скарыны. Гэта было некалькі гадоў таму. Думаю, што гэты ордэн я сапраўды заслужыў, гэтак жа як і тыя, хто дастойна прадстаўляў Беларусь на конкурсе “Еўрабачанне”, калі я напісаў песню Дзмітрыю Калдуну, стаў прадзюсарам гэтага выступлення. І на самай справе, на цяперашні момант гэта самы высокі рэзультат Беларусі на “Еўрабачанні”, і я вельмі ганаруся, што меў да гэтага дачыненне”, – адзначыў Філіп Кіркораў, прымаючы ад Аляксандра Лукашэнкі чарговую ўзнагароду.

Расійскі спявак лічыць сімвалічным, што атрымаў спецыяльную ўзнагароду Прэзідэнта Беларусі, калі “Славянскі базар” стаў адзіным музычным святам, што выжыла на тэрыторыі былога Савецкага Саюза ў гэты няпросты час. “Я нарадзіўся ў СССР, і для мяне стаяць пад беларускім сцягам, прадстаўляць і абараняць гонар краіны – тое ж,  што і абараняць гонар і славу сваёй краіны, Расіі. Беларусь і Расія заўсёды былі разам. Нават “Еўрабачанне” здалося і перанеслася, а Беларусь і “Славянскі базар” жыў, жыве і будзе жыць! Ганаруся дружбай з табой, Беларусь!” – заявіў Філіп Кіркораў пад апладысменты.

Лукашэнка: наш лёс у нашых руках, і рашэнні наконт яго мы павінны прымаць у Беларусі

Лёс Беларусі павінен вызначацца выключна яе грамадзянамі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў пры наведванні 103-й Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады.

“Мы – маладая суверэнная незалежная дзяржава. Атрымалі мы гэту незалежнасць без крыві. Магчыма, і без поту, – адзначыў кіраўнік дзяржавы. – Тады ішла жорсткая барацьба за ўладу паміж Ельцыным і Гарбачовым у Крамлі. І многія з нас, уся краіна фактычна, назіралі, што ж будзе далей. Гэта значыць, мы ў той краіне нібыта і былі адным з асноўных звёнаў гэтай дзяржавы, але ўплываць на сітуацыю, тым больш, на прыняцце рашэнняў, у той час не маглі”.

“І калі я гавару цяпер (гэта вельмі важна ў перадвыбарны перыяд), я заўсёды прашу людзей мець гэта на ўвазе. Наш лёс у нашых руках. І свае рашэнні наконт нашага лёсу павінны прымаць мы. Тут – у Беларусі”, – падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўніку дзяржавы расказалі аб гісторыі фарміравання, прызначэнні і баявых магчымасцях міратворчай роты, прадэманстравалі розныя варыянты яе экіпіроўкі, узбраенне і ваенную тэхніку. У 103-й брыгадзе Прэзідэнту таксама прадэманстравалі розыгрыш баявога эпізоду “Дзеянне рухомага кантрольна-прапускнога пункта” і паказальнае ваджэнне (“вальс”) БТР-70МБ-1.

Лукашэнка: порах трэба трымаць сухім, у Беларусі гэта засвоілі на генным узроўні

Кіраўнік дзяржавы ў час сустрэчы з ваеннаслужачымі нагадаў аб той сітуацыі, якая складвалася ў свеце перад пачаткам Вялікай Айчыннай вайны. “Мы вайны не хацелі, кіраўніцтва Савецкага Саюза спрабавала ўсяляк прадухіліць вайну, разумеючы, што цяжка будзе яе пазбегнуць. У сувязі з гэтым пачалося масавае пераўзбраенне, дааснашчэнне арміі. Зразумела, фашысцкая Германія, накіраваная на ўсход, разумела, што нельга дапусціць пераўзбраення і мадэрнізацыі ўзброеных сіл. Але давайце скажам адкрыта, мы тады пачатак гэтай вайны прашлёпалі (наша кіраўніцтва), і нам давялося заплаціць высокую цану за тую перамогу, якую атрымалі ў 1945 годзе”, – сказаў Прэзідэнт.

Ён у тым ліку расказаў, як праз граніцу СССР, перш за ўсё на тэрыторыю Беларусі, былі перакінуты спецыяльна падрыхтаваныя ўзброеныя фарміраванні. “У форме савецкіх узброеных сіл. Яны не толькі нейтралізавалі ўсю прыгранічную паласу. Але разумеючы, што без мастоў, перапраў немагчыма будзе ажыццявіць бліцкрыг у гэтай вайне, яны забілі практычна ўсіх, хто стаяў на абароне інфраструктуры Беларусі. І ў асноўным таму фашысцкая армія вельмі хутка прайшла ўсю Беларусь. Фактычна асноўнай ударнай сілай прашылі нашу рэспубліку”, – адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, тады гэта быў тыповы пачатак вайны, але з той пары мінула шмат часу, і сітуацыя змянілася.

“Нечакана немагчыма пачаць вайну, кінуць армаду самалётаў на тэрыторыю нават Беларусі. Не так проста будзе пераадолець нашу граніцу, як тады. Але асноўны ўрок, які я як галоўнакамандуючы, нашы кіраўнікі і вы, афіцэры, вынеслі з той жорсткай вайны, – порах трэба трымаць сухім. І той, хто не корміць свайго салдата, будзе карміць чужога. Гэта не я прыдумаў, але гэта мы засвоілі назаўсёды, гэта ў нас на генным узроўні”, – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што за апошнія дзесяцігоддзі ў свеце адбылося некалькі войнаў, за якімі ў Беларусі ўважліва назіралі і вывучалі гэты вопыт. Пачынаючы з вайны ў Афганістане, якая фактычна прадаўжаецца, падзей у Іраку, чачэнскай вайны ў Расіі і да цяперашніх сутыкненняў у Сірыі, Лівіі.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што частка людзей бачыць пэўныя недахопы ў тым, што цяперашні Прэзідэнт чвэрць стагоддзя кіруе краінай і Узброенымі Сіламі. “Але гэта вам лепш відаць. Мы знаходзімся ў перадвыбарным перыядзе. Кожны мае голас, і ён гаспадар гэтага голасу. Напэўна, нешта мы рабілі так – не так. Але я заўсёды разумеў, колькі б ні было ў краіне міністраў абароны, кіраўнікоў відамі Узброеных Сіл, мы вельмі ўважліва вывучалі тыя войны, якія разгортваліся за чвэрць стагоддзя. І мы, назіраючы ўзровень вядзення сучаснай вайны, мадэрнізавалі нашы Узброеныя Сілы. За маю бытнасць мне даводзілася чатыры разы прымаць рашэнні па змяненні нашых дзеянняў ва ўмовах узброеных канфліктаў”, – расказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што пералічыў факты пра 1941 год для таго, каб падвесці да галоўнага пытання – якой будзе сучасная вайна, калі гэта здарыцца, як будзе разгортвацца, якія прычыны і мэты будзе ставіць агрэсар. Больш падрабязна асвятліць гэту тэму ён папрасіў дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Андрэя Раўкова, адзначыўшы, што ў Беларусі нядаўна ў сувязі з гэтым абнаўлялі Ваенную дактрыну. “Мы з вамі людзі ваенныя. Мы для таго і існуем, каб ваяваць. Не дай бог, вядома. Але калі… то мы павінны і будзем ваяваць, абараняючы не толькі нашу Радзіму (гэта галоўнае), нашу зямлю, але і нашы сем’і, нашых дзяцей”, – падкрэсліў беларускі лідар.

Андрэй Раўкоў расказаў, што, сапраўды, свет не стаіць на месцы, і, на жаль, гэта датычыцца і спосабаў вядзення вайны ў розных яе праяўленнях. Таму, улічваючы сучасныя тэндэнцыі, у 2018 годзе былі ўнесены змяненні ў Ваенную дактрыну Беларусі ў частцы рызык, выклікаў і пагроз.

Дзяржсакратар Савета бяспекі падкрэсліў, што сучасная вайна мае розныя формы, і часта сцэнарый не паўтараецца. Таму віды Узброеных Сіл краіны нацэлены на тое, каб быць гатовымі да любога развіцця сітуацыі.

Аднак Андрэй Раўкоў звярнуў увагу, што часцей за ўсё сучасная вайна і канфлікты пачыналіся не з інтэрвенцый звонку з выкарыстаннем войскаў. “Як правіла, яны пачыналася з вуліцы, плошчы”, – сказаў ён.

“Не трэба думаць аб тым, што нехта сказаў, што армія будзе супраць народа, будзе страляць супраць народа, – падкрэсліў дзяржсакратар Савета бяспекі. – Не толькі Узброеныя Сілы, але і міліцыя, унутраныя войскі, пагранічнікі, іншыя сілавыя структуры – наша задача – не дапусціць гібелі дзяржавы, не дапусціць кровапраліцця ў народзе. Калі мы гэта дапусцім, значыць, мы прайгралі бой. А калі раптам пачнецца, гэта будзе тайна, ціха: арганізацыя масавых беспарадкаў, што вы цяпер, я ўпэўнены, бачыце, назіраеце”.

Андрэй Раўкоў дадаў, што з улікам сучасных тэхналогій ёсць вялікія магчымасці для таго, каб узбударажыць грамадства, расхістаць сітуацыю знутры. “А канфлікт потым можа перарасці ў што заўгодна. Тым больш у гэтым завязаны і знешнія сілы. Гэта ні для каго не сакрэт. Гэта відаць простым вокам”, – адзначыў ён.

Лукашэнка: беларуская армія павінна спалучаць у сабе элементы кантрактнай і тэрміновай службы

Беларуская армія павінна спалучаць у сабе элементы кантрактнай і тэрміновай службы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у час наведвання 103-й Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады.

Нядаўна кіраўнік дзяржавы наведаў 38-ю Брэсцкую асобную гвардзейскую дэсантна-штурмавую брыгаду. Як растлумачыў камандуючы сіламі спецыяльных аперацый Вадзім Дзенісенка, у 103-й брыгадзе ў Віцебску ёсць міратворчае падраздзяленне. Тут служаць выключна кантрактнікі. Яны могуць выконваць задачы ў рамках місій ААН, АДКБ і праграмы НАТА “Партнёрства дзеля міру”. У астатнім брыгады ідэнтычныя.

“Яшчэ адзін прыклад, якой павінна быць армія: кантрактная, тэрміновая служба і іншае. Там, дзе патрэбна, – яна ўся на кантракце. Там, дзе могуць служыць хлопцы тэрміновай службы, мы развіваем тэрміновую службу”, – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўніку дзяржавы расказалі аб гісторыі фарміравання, прызначэнні і баявых магчымасцях міратворчай роты, прадэманстравалі розныя варыянты яе экіпіроўкі, узбраенне і ваенную тэхніку.

Прэзідэнт пацікавіўся, ці ёсць у брыгадзе праблемы з наборам ваеннаслужачых на кантракт. Як запэўніў Вадзім Дзенісенка, жадаючых трапіць на кантракт у сілы спецыяльных аперацый шмат, таму тут вялікі конкурс.

Камандуючы ССА дадаў, што беларускія міратворцы вызначаюцца на ўсіх ваенных конкурсах, займаючы пераможныя і прызавыя месцы. Напрыклад, у мінулым годзе ваеннаслужачыя 103-й брыгады ўзялі серабро на прэстыжным спаборніцтве ва Уэльсе. Тады за перамогу змагаліся амаль 140 каманд з розных краін. У 2018 годзе віцебскія міратворцы сталі лепшымі на міжнародных спаборніцтвах пешых патрулёў Cambrian Patrol у Вялікабрытаніі. Беларускія дэсантнікі рэгулярна выйграюць медалі і на іншых міжнародных конкурсах.

Аляксандр Лукашэнка выказаўся, што беларусы ніяк не могуць заваяваць золата ў танкавым біятлоне, і жартам прапанаваў пасадзіць дэсантнікаў на танк. “Я прасіў. Нам танкавы батальён не далі”, – жартам адказаў Вадзім Дзенісенка.

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што армейскаму спорту ўдзяляе пільную ўвагу і сочыць за ўдзелам беларускіх ваенных на ўсіх конкурсах. “Там жа сядзяць аксакалы. Яны бачаць, што ў Беларусі ёсць армія і яна вось на такім узроўні. І з такой арміяй яны не хочуць ваяваць. Значыць, гэта дэманстрацыя і сцяга, і сілы”, – адзначыў ён.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Урачыстае адкрыццё XXIX Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” адбылося 16 ліпеня ў Летнім амфітэатры. Цяперашні форум праходзіць пад
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика