Чорная дзірка з белым верталётам. 21.by

Чорная дзірка з белым верталётам

14.08.2009 16:54 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Чорная дзірка з белым верталётам

Мы вярталіся дадому. Летні дзень. Спякота. Аўтастрада зморана бяжыць да далягляду. І раптам кіроўца наш ускрыкнуў: «Глядзіце!»

Але нідзе нічога вартага пільнай увагі. Хіба што непадалёку ад шашы вісіць у небе нерухома вялікая птушка. Прыгледзеліся. А гэта ніякая не птушка, а дэльтаплан. І пад ягонымі крыламі – нейкі чалавек. Круціць галавой, нібы надта цікавіцца чымсьці там, унізе. Няўжо ён?.. Усвядоміў, што ў краіне крызіс. Паліва патрэбна на жніво. Адмовіўся ад ўласнай авіяцыіі. Скарыстаў для аблёту падначаленай краіны падчас змагання за ўраджай менавіта гэты аскетычны і да таго ж надзвычай экалагічны сродак.

Аднак раптоўная эйфарыя адразу згасла. Яшчэ мы толькі набліжаемся да сваёй мяжы. Навокал – чужая краіна. Каму тут у галаву ўзбрыдзе з вышыні птушынага палёту сачыць за хадой жніва? А то яшчэ які аднаасобнік, раззлаваўшыся, камянём шпурне ўслед. Ён жне, малоціць сам. І ніхто з кіраўнічай вышыні за ім не наглядае. А ўвогуле, хіба гэта жніво? Ні табе машын мясцовага начальства на палетках, ні нагляднай агітацы. Не той размах. Не той імпэт.

Затое ў краіне нашай – усё грунтоўна і маштабна. Нездарма ж, як высветліла ўлада, свет зайздросціць беларусам. Не ўсе нават ведаюць, дзе тая Беларусь, але зайздросцяць. Нічога тут не скажаш – пашанцавала з найвышэйшым кіраўніцтвам як нікому. І такое яно дбайнае і неўтаймаванае, тое кіраўніцтва. І якая непрыхаваная гордасць за сваё высокае начальства чуецца ў словах простага селяніна, на галову якога проста з неба звалілася гэткая нечаканасць: “Верталёт вялікі, белы, з дзяржаўнай сімволікай”. Зноў завіс ён над краінай. І зноў з усіх тэлеэкранаў, нібы ў зводках з франтоў падчас вайны, гучаць назвы паселішчаў, вялікіх і малых – Скідзель, Сноў, Нясвіж…

Навошта гэты вэрхал? А як жа без яго! Ні жаць, ні сеяць не можам у цішыні. Патрэбны крык на ўвесь свет. Як у той курыцы, што знесла яйка. А там, дзе подзьвіг, быць павінна і начальства. І асабіста ўсіх натхняць. Традыцыя, закладзеная яшчэ ў даўнія савецкія часы. Нават пакідаючы на ноч крамлёўскі кабінет, не выключаць святло, каб уся краіна ведала, што найгалоўнейшы не спіць, не есць, а толькі дбае пра народны дабрабыт. Пазней, калі натхніцель супакоіўся назаўжды, традыцыя набыла ўжо новае дыханне. Торкацца ва ўсе дзіркі. Асабіста. Уламіцца з касою, але ў касцюме і пры гальштуку, у балота. Расцерці ў далонях каласок. У белым халаце прайсці па свінакомплексе. На чале спалоханай і зачараванай чынавенскай драбнаты – гэта ж трэба, да ўсяго даходзіць сам! І няхай “гэтак званая апазіцыя” плявузгае, што за пятнаццаць год так і не ўцяміў, чым павінен займацца кіраўнік дзяржавы. А ён будзе і надалей упарта гойсаць па краіне і мардаваць ўсіх прымітыўнай імітацыяй дзяржаўнай дзейнасці.

Дзе-небудзь на ферме паразважаць глыбакадумна наконт укаранення тых сістэм даення, якімі суседзі нашы даўно ўжо карыстаюцца. Велічна пакаштаваць сасіску ў Снове. Або паведаміць агаломшаным аграрыям пра тое, як у Віскулях на ягоную асабістую вячэру была падсмажана бульба – на чым бы вы думалі? – на рапсавам масле! Такі вось стыль кіравання – просты і пераканаўчы. “Мне важно знать, как выполняют мои поручения”. І сапраўды, а як яшчэ даведацца пра тое, калі не з верталёта. Вялікага і белага. З сімволікай.

А самае галоўнае падчас такіх палётаў – зводкі. Аператыўна, проста на борт. Колькі скошана. Колькі намалочана. У якой кандыцыі. Куды адвезена. Дзе і кім улічана. Усё як на фронце. Каб было поўнае ўражанне, што ідзе не якое-небудзь там не жніво, а бітва за ўраджай, якой не бачыў свет. І якую выйграе, вядома ж, ён. Асабіста.

Але ёсць і бясспрэчная карысць для краіны з тых верталётных шпацыраў. Колькі дзён ніхто не мог даведацца дакладна, пагадзіўся правіцель падпісаць дамову аб стварэнні гэтак званага спецназу СНД у рамках АДКБ ці неяк выкруціўся з той крамлёўскай пасткі. Пытанне далёка не абстрактнае. Размова ідзе пра тое, ці не давядзецца беларусам зноў аддаваць сваё жыццё за інтарэсы маскоўскіх і тутэйшых авантурнікаў.

Вялікая была таямніца. Дзяржаўная. А тут, расслабіўшыся на прыродзе, у атачэнні чэсных журналістаў, галоўны начальнік распавёў пра тое шчыра і адкрыта. “Задаю вопрос: скажите, что я должен защищать у вас, за что должны гибнуть мои ребята, если вдруг? За что? За то, что меня в Россию – на рынок – не пускают? За то, что я не могу получить энергоресурсы из Казахстана, Таджикистана, России, за то, что мне загибают бешеную цену? Наши ребята должны за это гибнуть?”

Які праведны гнеў! Чапавек не ўсведамляе нават, што вярзе. Пра якую цану “на энергоресурсы из Таджикистана”, калі размова ідзе пра верагодную пагібель беларускіх хлопцаў. Нейчых дзяцей. Не ягоных, вядома. Наменклатуршчыкі сваіх не падстаўляюць. І іх шыкоўныя лімузіны каля вайсковых кладоў у звычайныя дні заўважаныя не былі. Там плакалі маці з вёсак ды ўскраін. Над сваімі сынамі. Якія па волі крамлёўскіх маразматыкаў сталі”грузам-200”. Таму што ў тых, крамлёўскіх, быў нейкі “интернациональный долг”.

Падумаць толькі, у змучанай, здратаванай і знявечанай мінулай вайною Беларусі яе сённяшні правіцель лічыць зусім верагоднай думку пра новыя страты. Не таму што вораг напаў на краіну. А проста ў якасці платы за тое, што яго, правіцеля, Расія дапусціць на рынак. Ён не адмаўляе магчымасць новых забойстваў беларусаў ў гарачых кропках імперыі. Калі сыдуцца ў цане на тыя клятыя энерганосьбіты. “Что касается подписания документов, мы обязательно подпишем, если это будет выгодно”.

І гэты верталёт ужо каторы год вісіць нерухома ў нашым небе. Цярплівы народ, нічога не скажаш. І неверагодна абыякавы да лёсу ўласных дзяцей.

А ў астатнім – усё цудоўна. Бітва за ўраджай ідзе нібы па рапсаваму маслу. Дажынкі ўжо не за гарамі. І ўвогуле абвешчана, што ў 2011 годзе беларусы будуць жыць як у Еўропе. Застаецца хіба што маленькая дробязь. Прагаласаваць на чарговых прэзідэнцкіх выбарах.

За таго, хто ў белым верталёце.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мы вярталіся дадому. Летні дзень. Спякота. Аўтастрада зморана бяжыць да далягляду. І раптам кіроўца наш ускрыкнуў: «Глядзіце!»
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика