«Малады Фронт»: «Эўропе трэба мець канкрэтныя патрабаваньні да ўладаў Беларусі»
12.11.2009
—
Новости Политики
|
У гэты дзень у нефармальнай сталіцы Эўразьвязу будзе праходзіць дзьве сустрэчы, ад якіх мае залежыць як лёс санкцыяў у дачыненьні да Беларусі, так і лёс праграмы Ўсходняга партнэрства. Так 16 лістапада адбудзецца «Форум грамадзянскай супольнасьці» ў рамках праграмы Усходняга партнёрства. Таксама Рада Эўрапейскага Зьвязу будзе ацэньваць посьпехі беларуска-эўрапейскага дыялёгу ды сыходзячы з гэтага працягваць дзеяньне мараторыя на санкцыі датычна Беларусі альбо гэты мараторый прыбіраць.
«Малады Фронт» запрошаны на «Форум грамадзянскае супольнасьці» праграмы Ўсходняга партнэрства, дзе мы зьбіраемся даць сваю ацэнку беларуска-эўрапейскаму дыялёгу й ягонае эфэктыўнасьці, – гаворыць старшыня «Маладога Фронту» Зьміцер Дашкевіч. – Таксама мы будзем знаёміць з нашай ацэнкай сытуацыі й канкрэтнымі прапановамі кіраўніцтва краінаў Эўропы. Нашыя задача – паспрыяць прыняцьцю Эўропаю датычна Беларусі абгрунтаванай і пасьлядоўнай пазыцыі, якая б лагічна вынікала з каштоўнасьцяў дэмакратыі, павагі да правоў і свабод асобы». Прапануем тэксn дакуманта, які быў падрыхтаваны арганізацыяй. АНАЛІЗ РАЗЬВІЦЬЦЯ ГРАМАДЗКА-ПАЛІТЫЧНАЙ СЫТУАЦЫІ Ў БЕЛАРУСІ Ў КАНТЭКСЬЦЕ «БЕЛАРУСКА-ЭЎРАПЕЙСКАГА ДЫЯЛЁГУ» (2008-2009гады) З моманту прыпыненьня Эўропаю дзеяньня санкцыяў у дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі мінуў год, – дастаткова часу, каб ацаніць крокі, зробленыя беларускім рэжымам у накірунку да дэмакратызацыі й іх эфэктыўнасьць. Многія палітыкі заяўляюць аб тым, што дзеяньне санкцыяў да 2008 году не прынесла ніякага выніку. Аднак нагадаем, што палітвязьні ў 2008 годзе былі вызваленыя дзякуючы не пустым абяцаньням і палітыцы г.зв. дыялёгу, але дзякуючы наяўнасьці прынцыповай пазыцыі Эўропы й ЗША, якая палягала ў патрабаваньні тэрміновага й безумоўнага вызваленьня палітвязьняў. Цяпер жа мы можам прааналізаваць тыя вынікі, якія прынесла палітыка лібералізацыі ў дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі падчас беларуска-эўрапейскага дыялёгу. Эўропа ў гэтым дыялёгу зрабіла канкрэтныя крокі. Так мы ведаем, што пасьля выбараў 2006 году Эўрапейскі Зьвяз увёў санкцыі датычныя беларускага рэжыму і сфармаваў 12 умоваў ЭЗ, выкананьне якіх было абавязковым для наладжваньня супрацоўніцтва Беларусі з Захадам. Нагадаем яшчэ раз пра гэтыя патрабаваньні (прыведзены ў скарочанай форме): 1. Свабодныя й справядлівыя выбары. 2. Свабода слова й СМІ. 3. Легалізацыя дзейнасьці грамадзкіх арганізацыяў, партыяў і НДА. 4. Вызваліць усіх палітычных зьняволеных – сябраў палітычных апазыцыйных партыяў, сябраў НДА й простых грамадзянаў, арыштаваных падчас мірных дэманстрацый і мітынгаў. 5. Забясьпечыць незалежнае й грунтоўнае расьледаваньне зьнікненьняў людзей. 6. Незалежны суд. 7. Спыніць адвольныя арышты й затрыманьні, дрэннае абыходжаньне зь людзьмі. 8. Паважаць правы й свабоды тых беларускіх грамадзянаў, якія адносяцца да нацыянальных меншасьцяў. 9. Свабодныя й незалежныя прафсаюзы. 10. Прадпрымальніцкая дзейнасьць бязь умяшальніцтва дзяржавы. 11. Адмена сьмяротнага пакараньня. 12. Выкарыстаць падтрымку АБСЭ, ЭЗ і іншых арганізацыяў Эўропы для Беларусі. Пасьля вызваленьня апошніх палітвязьняў у Беларусі напачатку 2008 году, u1091 ужо ў кастрычніку 2008 году з 12 рэкамэндацыяў у якасьці асновы нармалізацыі адносінаў зь Беларусьсю ЭЗ вылучыў пяць: 1. Рэформа выбарчага заканадаўства. 2. Забесьпячэньне свабоды аб'яднаньняў. 3. Стварэньне ўмоваў для дзейнасьці няўрадавых арганізацый. 4. Свабода прэсы. 5. Зьняцьцё абмежаваньняў для свабоды асобы. Можам сьцьвярджаць, што гэта былі значныя саступкі рэжыму Лукашэнкі, зьвяртаючы ўвагу на тое, што верасьнеўскія парляманцкія «выбары» 2008 году не прызнала як ні АБСЭ, так і ніводная цывілізаваная краіна сьвету. Таксама крокам насустрач Беларусі сталася ўключэньне яе ў траўні 2009 году ў праграму «Усходняга партнэрства», заснаваньне якой адбылося на фундаментальных каштоўнасьцях, цытата, «дэмакратыі, вяршэнстве закона, павазе да правоў і свабод, прынцыпах міжнароднага права, рыначнай эканомікі, устойлівага разьвіцьця й дзяржкіраваньня.» Цяпер прааналізуем тыя крокі, і іх значнасьць, якія зрабіў рэжым Лукашэнкі для выкананьня ўмоваў Захаду. ПАЗЫТЫЎНЫЯ ЗЬМЕНЫ, ЗРОБЛЕНЫЯ БЕЛАРУСКІМ РЭЖЫМАМ У НАКІРУНКУ ДА ДЭМАКРАТЫЗАЦЫІ: 1. Непрызнаньне Паўднёвай Асэтыі й Абхазыі. Адным з самых важкіх фактараў для Захаду ёсьць тое, што Беларусь не прызнала незалежнасьці акупаваных Расеяй частак Грузіі – Паўднёвай Асэтыі й Абхазыі. Безумоўна, гэта важкі палітычны чыньнік для Захаду. Але ён ня мае дачыненьне ні да пяці, ні да дванаццаціі ўмоваў ЭЗ і, натуральна, ня можа афіцыйна ўлічвацца Эўропаю ў прыняцьці рашэньня па лёсе санкцыяў у дачыненьні да Беларусі. Аднак трэба разумець, што фактар гэты неафіцыйна будзе мець важкую ролю. 2. Вяртаньне ў падпіску «Нашае Нівы» й «Народнае Волі» . Другім аспэктам пазытыўных зьменаў у Беларусі можна лічыць вяртаньне ў сэтку распаўсюду «Саюздруку» незалежных выданьняў «Народная Воля» й «Наша Ніва». Аднак і ў гэтага рашэньня прысутнічае другі бок, часам ня вельмі заўважны для староньняга назіральніка – кантроль накладу выданьняў. Як толькі «Народная Воля», павысіўшы папулярнасьць, паспрабавала надрукаваць дадатковы наклад газэты, «Саюздрук» адмовіўся іх распаўсюджваць. Такім чынам наяўнасьць у дзяржаўнай сэтцы распаўсюду некаторых незалежных выданьняў, пры кантролі іх накладу, асаблівым чынам на грамадзкую думку не ўплывае й таму для рэжыму Лукашэнкі прымальна. 3. Спыньне практыкі масавых адміністрацыйных арыштаў. Яшчэ адным станоўчым чыньнікам сытуацыі ў Беларусі сталася спыненьне практыкі адміністрацыйных арыштаў за мірныя акцыі пратэсту. Хаця цягам апошняга году й мелі месца судовыя выракі грамадзка-палітычным актывістам у выглядзе адміністрацыйных арыштаў, але практыка масавых судзілішчаў за выказваньне сваёй думкі пакуль спыненая. Адваротныя бокам гэтага пазытыўнага працэсу ёсьць, як мы ўжо зазначылі, наяўнасьць некаторых адміністрацыйных прысудаў, а таксама замена адміністрацыйных арыштаў вялікімі штрафамі, якія вымяраюцца ў сотнях і нават тысячах даляраў. Гэтыя грошы, натуральна, – недасяжныя лічбы для аплаты простым грамадзянам Беларусі. 4. Рэгістрацыя аб’яднаньня «Рух за свабоду» . Рэгістрацыя праваабаронча-асьветніцкага грамадзкага аб'яднаньня "Рух за свабоду" таксама сталася адным з пазытыўных крокаў беларускага рэжыму ў накірунку да дэмакратызацыі. Аднак заўважым, што ў Беларусі ёсьць шэраг зарэгістраваных палітычных партыяў, дзейнасьць якіх не аказвае асаблівага ўплыву ні на беларускае грамадзтва, ні, адпаведна, на рэжым Лукашэнкі. Відавочна, што "Рух за свабоду" зьяўляецца чарговай палітычнаю сілаю, рэгістрацыя альбо нерэгістрацыя якой мала ўзьдзейнічае на ўнутрыпалітычную сытуацыю ў Беларусі. Тым больш, што «Рух за свабоду» – адзіная ўплывовая дэмакратычная арганізацыя, якая дамаглася легалізацыі ў Беларусі. 5. Стварэньне «Грамадзка-кансультатыўнага савету» пры адміністрацыі Лукашэнкі. Таксама пазытыўна беларуская грамадзкасьць ацаніла стварэньне «Грамадзка-кансультатыўнага савету» пры адміністрацыі Лукашэнкі. Гэта дазволіла ўзьняць набалелыя пытаньні грамадзкага, палітычнага і эканамічнага разьвіцьця Беларусі перад дзяржаўнымі чыноўнікамі высокага ўзроўню. Аднак кансультатыўны савет ня здолеў стацца нейкай пляцоўкаю для выпрацоўкі агульнае пазыцыі ўраду й беларускага грамадзтва. Сьведчаньнем таму выхад з гэтага савету аднаго з самых уплывовых незалежных эканамістаў Яраслава Раманчука. На гэтым аналіз пазытыўных зьменаў, на жаль, прыдзецца завершыць, перайшоўшы да агляду адмоўных бакоў працэсу дэмакратызацыі Беларусі. НЭГАТЫЎНЫЯ АСПЭКТЫ ДЗЕЙНАСЬЦІ БЕЛАРУСКАГА РЭЖЫМУ: 1. Палітвязьні. Найбольш значным нэгатыўным чыньнікам грамадзка-палітычнага жыцьця Беларусі ёсьць працяг практыкі вынясеньня палітычнаматываваных крымінальных выракаў. Так, у 2008-2009 гадах былі вынесеныя абвінаваўчыя прысуды па г.зв. «справе чатырнаццаці», у тым ліку – актывісту «Маладога Фронту» Арцёму Дубскаму, а 7-га ліпеня 2009 году маладафронтавец Дубскі быў асуджаны да 1 году пазбаўленьня волі за «ўхіленьне ад адбыцьця пакараньня» ад г.зв. «хатняй хіміі». Трэба зазначыць, што перад другім абвінаваўчым судовым выракам «Міжнародная Амністыя» прызнала Арцёма Дубскага і некаторых іншых удзельнікаў «справы чатырнаццаці» «вязьнямі сумленьня». Нагадаем, што «справа чатырнаццаці» — справа, распачатая на падставе артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя й падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) у дачыненьні да ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая адбылася ў Мінску 10 студзеня 2008 году. З адзінаццаці чалавек, прызнаных «Міжнароднай Амністыяй» па гэтай справе «вязьнямі сумленьня», на дадзены момант сем застаюцца пад крымінальным перасьледам: Арцём Дубскі, Таццяна Цішкевіч, Аляксей Бондар, Міхась Крываў, Алесь Стральцоў, Алесь Чарнышоў, Максім Дашук. Некаторыя зь іх навучаюцца за межамі Беларусі й ня могуць вярнуца на Радзіму, бязь пагрозы быць арыштаванымі за ўхіленне ад адбыцьця пакараньня ў выглядзе абмежаваньня волі. Асуджаных па «справе чатырнаццаці» вызначаюць як палітычнымі вязьнямі ўсе беларускія праваабарончыя арганізацыі, у тым ліку "Вясна" й «Беларускі Хэльсынскі Камітэт». Аднак некаторыя эўрапейскія й нават беларускія палітыкі пасьпешліва заявілі, што ня лічаць Арцёма Дубскага палітычным вязьнем, матывуючы гэта тым, што ён парушыў умовы адбыцьця пакараньня на «хатняй хіміі». Аднак варта нагадаць, што маладафронтавец Артур Фінькевіч, каторы адбываў пакараньне на «хіміі» за палітычныя графіці ў 2006-2007 гадах, таксама быў асуджаны за ўхіленьне ад адбыцьця пакараньня, але гэта ня выклікала ў Захада сумневаў у палітычным характары судовага разьбіральніцтва над Артурам Фінькевічам . Таксама важка зазначыць, што практычна ўсе палітвязьні былі ў месцах пазбаўленьня волі «злоснымі парушальнікамі рэжыму адбыцьця пакараньня». Гэта датычна й экс-кандытата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна, і старшыні Маладога Фронту Зьмітра Дашкевіча, і старшыні БСДП (НГ) Мікалая Статкевіча й многіх іншых. Для тых, хто ня ведае, скажам, што ў месцах пазбаўленьня волі парушэньне ў адбыцьці пакараньня можа быць прызначана за ўсё што заўгодна – і за няправільна прышытую бірку зь імём на адзежы, і за несваечасовае вітаньне з супрацоўнікам калоніі/»хіміі». Таму ў Маладога Фронту, як і большасьці беларускай і міжнароднай супольнасьці, не выклікае сумненеваў палітычнаматываваны судовы вырак Арцёму Дубскаму. Міжнародная Амністыя» вызнаючы Арцёма Дубскага вязнем сумленьня, лічыць палітычна матываваным і яго другую судзімасць за ўхіленьнне ад адбыцьця пакараньня ў выглядзе абмежаваньня волі, паколькі яна зьвязана з парушэньнем непрапарцыйна жорсткага, палітчынаматыванага прысуду, які быў першапачаткова накладзены на Дубскага за ўдзел у мірным сходзе й у сувязі з выказваньнем ім свайго меркаваньня. Нежаданьне прызнаваць «вязьня сумленьня» «Міжнароднай амністыі» «палітычным вязьнем» падмацоўваецца аргумантам аб тым, што паводле міжнародных стандартаў у Беларусі няма палітычных вязьняў. Аднак зазначым, што ў сьвеце існуе шэраг кампэтэнтных ворганаў, якія даюць азначэньне панятку «палітычны вязень». Дакумэнты самай аўтарытэтнай міжнароднай праваабарончай арганізацыі, « Міжнароднай амністыі» сьведчаць, цытата: Палітычным зьняволеным называецца любы зьняволены, у справе якога прысутнічае важкі палітычны элемент. Такім могуць быць: матывацыя дзеяньняў зьняволенага, самі дзеяньні альбо прычыны, што пабудзілі уладу адправіць яго за краты. [...]Калі кажуць «палітычны зьняволены», маюцца на ўвазе як вязьні сумленьня (выд. аўт.), так і асобы, якіх прыцягнулі да крымінальна наказваемага гвалту, альбо абвінавачаныя ў зьдзяйсьненьні іншых відаў злачынстваў, напрыклад, уварваньні ў прыватныя валоданьні або прычыненьні шкоды чужой уласнасці па палітычных меркаваньнях. Аднак «Міжнародная Амністыя» патрабуе неадкладнага і безумоўнага вызваленьня толькі для вязняў сумленьня». Акрамя таго, азначэньне тэрміну «палітычны вязень» дае Рада Эўропы, цытата, "Асоба, пазбаўленая волі, патрапляе пад панятак «палітычны вязень», калі пазбаўленьне свабоды было ужыта ў парушэньне аднаго з асноўных правоў, гарантаваных Эўрапейскай Канвэнцыяй па Правах Чалавека (ЭКПЧ) і пратаколамі да яе (выд. аўт.), у прыватнасьці, свабоды слова, сумленьня й рэлігіі, свабоды выказваньня й інфармацыі, а таксама свабоды сходаў і асацыяцый. Міжнародная праваабарончая арганізацыя "Human Rights Watch" называе «палітвязьнем», цытата, «асобу, якая затрымана без прад'яўленьня абвінавачваньня пасьля палітычных беспарадкаў, дэманстрацыяў або акцый грамадзянскага непадпарадкаваньня, якая лічыцца затрыманай за выказваньне сваіх поглядаў ці апазіцыі да ўраду без прымяненьня гвалту» (выд. аўт.), «абвінавачаную й асуджаную без справядлівага суду або належнай прававой працэдуры». Перакананыя, што гэта – вычарпальныя азначэньні, якімі павінны кіравацца ў сваёй дзейнасьці міжнародныя ды беларускія аналітыкі і палітыкі. 2. Адмова ў рэгістрацыі шэрагу палітычных і грамадзкіх арганізацыяў. Нэгатыўным аспэктам у беларуска-эўрапейскім дыялёгу зьяўляецца адмова ў рэгістрацыі шэрагу грамадзкіх і палітычных арганізацыяў. Так за апошні год было адмоўлена ў рэгістрацыі партыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя», праваабарончаму аб'яднаньню «Наша Вясна». З праблемамі пры чарговай спробе рэгістрацыі сутыкнуўся « Малады Фронт», актывісты якога падавалі заяўкі на рэгістрацыю рэгіянальных аддзяленьняў свайго руху. Адказам на 30 заявак у мясцовыя органы ўлады ў лепшым выпадку паслужыла ігнараваньне, што парушае ч.7 артыкула 32 Канстытуцыі РБ, згодна зь якім «дзяржава стварае неабходныя ўмовы для свабоднага й эфэктыўнага ўдзелу моладзi ў палiтычным, сацыяльным, эканамiчным i культурным развiцьцi». 3. Сілавыя разгоны мірных акцыя апазыцыі. Увёўшы негалосны мараторый на адміністрацыйныя арышты, улада зьвяртаецца да практыкі масавага зьбіцьця ўдзельнікаў мірных дэманстрацыяў. Усе ілюзыі адносна магчымасьці спакойнага правядзеньня мірных акцыяў былі разьвеяны ў самым пачатку 2009 году жорскім разгонам акцыі Маладога Фронту 14 лютага, прымеркаванай да Дня Святога Валянціна. Апошні разгон мірнай «акцыі салідарнасьці» 16 кастрычніка сьведчыць толькі аб тым, што сілавыя структуры Беларусі ўдасканальваюць свае рэпрэсыўныя дзеяньні. Так усе былі сьведкамі новай тактыкі беларускага рэжыму на «супрацоўніцтва» са СМІ: штатныя малодчыкі КДБ з банданамі на тварах закрываюць фота- і відэакамеры журналістам. Заявы «Беларускай асацыяцыі журналістаў» у пракуратуру Беларусі з нагоды гэтых правакацыйных дзеяньняў не прынеслі ніякага станоўчага выніку. 4. Уціск СМІ. Адным з расчараваньняў Захаду сталася прыняцьцё Палатай прадстаўнікоў Беларусі ў лютым 2009 законапраекту аб СМІ. І хаця законапраект мае станоўчым бокам адсутнасьць регістрацыі інтэрнэт-рэсурсаў, па сваім характары ён стаўся значна больш рэпрэсыўным, чым мінулы. Так мінулы закон гарантаваў грамадзянам бесперашкодны доступ да паведамленьняў і матэрыялаў замежных сродкаў масавай інфармацыі. У ім прама прадугледжвалася, што, цытата, «абмежаваньне прыёму праграмаў непасрэднага тэлевізійнага вяшчаньня дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных міжнароднымі дамовамі, заключанымі Рэспублікай Беларусь». У новым законе гэтая гарантыя не прапісаная. Таксама новы закон утрымлівае нормы, экстрапаляваныя з Крымінальнага кодэксу, якія прадугледжваюць адказнасьць журналістаў за дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь, абразу ці паклёп адносна прэзыдэнта й іншых высокіх службовых асобаў. Пашырыліся магчымасьці для прыпыненьня й закрыцьця СМІ. Калі раней было вызначана кола парушэньняў, якія ў выпадку паўтору маглі пацягнуць закрыццё СМІ, то зараз любыя парушэньні могуць стаць падставаю для вынясеньня папярэджаньня. Як тлумачаць экспэрты, магчыма, прыпыненьне сродкаў масавай інфармацыі й спыненьне іх дзеяньня нават за аднаразовае, «грубае» (у дужках, так як слова нявызначанае), парушэньне заканадаўства. Зразумела, што вызначаць, што такое «паклёп» і «грубае» парушэньне закона будзе беларускі «суд». Першаю праверкаю новага законапраекту аб СМІ сталася адмова ў рэгістрацыі шэрагу незалежных рэгіянальных выданьняў, такіх як «Свабодны Салігорск Плюс», «Магілёўскі час», газэта «Мар’інагорская», «Новая газэта Бабруйска». Аналізуючы нэгатыўныя тэндэнцыі ў сфэры СМІ, трэба зазначыць, што вярнуўшы два выданьні ў сетку распаўсюду «Саюздруку», беларускі рэжым не дазволіў вярнуцца да чытачоў шэрагу іншых незалежных выданьняў. На сёньня, паводле інфармацыі прэс-службы «Беларускай асацыяцыі журналістаў», застаюцца пазбаўленымі распаўсюду праз гандлёвую сэтку прадпрыемстваў: «Саюздруку» рэспубліканскія газэты: «Таварыш», «Новы час» і рэгіянальныя выданні: «Барысаўскія навіны», «Віцебскі курьер М», «Газета для Вас» (Івацэвічы), «Газета Слонімская», «Ганцавіцкі час», «Intex-press» (Баранавічы), «Нясьвіжскі час». Ня маюць магчымасьці патрапіць да чытача праз паштовую падпіску: «Таварыш», «СНплюс. Свабодныя навіны плюс», «Новы час», «Барысаўскія навіны», «Віцебскі курьер М», «Вольнае Глыбокае», «Газета Слонімская», «Ганцавіцкі час», «Intex-press». 5. Антыканстытуцыйны артыкул 193-1. Адным з нэгатыўных аспэктаў дзейнасьці рэжыму ёсьць таксама тое, што беларускае незалежнае грамадзтва й міжнародная супольнасьць дагэтуль не дамагліся адмены антыканстытуцыйнага артыкулу 193-1 КК РБ, u1103 які прадугледжвае адказнасьць за, цытата, «арганізацыю дзейнасьці або ўдзел у дзейнасьці палітычнай партыі, іншага грамадзкага аб’яднаньня, рэлігійнай арганізацыі ці фонду, якія не прайшлі ў вызначаным парадку дзяржаўную рэгістрацыю». Нагадаем, што па гэтым артыкуле, які парушае і беларускае заканадаўства, і «Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правох» былі асуджаны чатыры актывісты «Партнэрства» й адзінаццаць сябраў «Маладога Фронту». Артыкул 193-1 дагэтуль прадугледжвае крымінальную адказнасьць за дзеяньне любой незарэгістраванай супольнасьці грамадзянаў, ці тое партыі, ці царквы, ці, тэарытычна, аб'яднаньня жыхароў дома ў абарону дзіцячай пляцоўкі. Цяпер назіраецца пэўны мараторый на ўжываньне гэтага артыкулу, але, відавочна, гэта дасягненьне толькі тых маладафронтаўцаў, каторыя ішлі на суд і прадстаўляючыся сябрам незарэгістраванае супольнасьці сьведчылі, што яны будуць выступаць ад імя незарэгістраванага «Маладога Фронту» й надалей. Праз шэрэг крымінальных расправаў рэжым проста зразумеў, што ня здолее выкарыстоўваць артыкул 193-1 для запужваньня сябраў незарэгістраваных арганізацыяў і спыненьня іх дзейнасьці. «ШТО РАБІЦЬ?» Натуральна, што апроч аналізу пазытыўных і нэгатыўных працэсаў у накірунку да дэмакратыі нас цікавіць найперш адказ на спрадвечнае пытаньне: што рабіць далей? Трэба адзначыць, што Эўрапейскі Зьвяз стаіць перад складанай задачаю ў прынцьці рашэньня па далейшым лёсе санкцыяў датычных Беларусі. З аднаго боку пераважная большасьць палітыкаў і аналітыкаў заяўляць, што вяртаньня да «палітыкі безвыніковых санкцыяў» няма, а зь іншага боку няма таксама ніводнага лягічнага рашэньня якім бы ЭЗ мог аргумэнтаваць працягненьне мараторыя на санкцыі альбо нават іх адмену. Няма па той прычыне, што тыя ж палітолагі сыходзяцца на меркаваньні ў касмэтычных і мінімальных зьменах, якія адбыліся ў Беларусі за год, з моманту спыненьня дзеяньня санкцыяў. І абсалютна ясна, што калі ЭЗ не дамогся зьмены сытуацыі ў Беларусі з правамі чалавека за мінулы год, выстаўляючы мінімальныя ўмовы, немагчыма гэтага дамагчыся будзе цяпер, гэтых умоваў не выстаўляючы. Прапануем са свайго боку канкрэтныя крокі, якія дазволяць Эўропе спрыяць дэмакратызацыі й эўрапеізацыі беларускага грамадзтва, не забываючыся пра каштоўнасны чыньнік. 1. Вызваленьне й рэабілітацыя палітвязьняў. Самым важкім аспэктам у далейшай супрацы Захаду з Беларусьсю мусіць быць патрабаваньне поўнага й безумоўнага вызваленьня палітвязьняў у Беларусі. Перакананыя, што бяз гэтага ня можа быць ня толькі дыялёгу Эўропы зь Беларусьсю, але нават і размовы пра гэты дыялёг. Як мы ўжо зазначалі вышэй, у Беларусі ёсьць адзін бяспрэчны палітзьняволены – сябра Маладога Фронту Арцём Дубскі, безумоўнага вызваленьня якога дамагаеца «Міжнародная амністыя» й іншыя праваабарончыя арганізацыі. Выклікае таксама вялікі непакой крымінальны перасьлед у дачыненьні да Ваўкавыскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча, падчас папярэдніх крымінальных перасьледаў прызнаванага «Міжнароднай амністыяй» «вязьнем сумленьн». І хаця цяпер «Міжнародная амністыя» заявіла, што ня мае фактаў для прызнаньня грамадзка-палітычнага дзеяча, аднаго зь кіраўнікоў апальнага згуртаваньня «Вэтэранаў вайны ў Аўганістане» Мікалая Аўтуховіча «вязьнем сумленьня», «справа ваўкавыскіх прадпрымальнікаў» абурае сваёй абсурднасьцю – абвінавачваньні прадпрымальнікаў у падпале чужога гаражу пры арышце, перакваліфікаваныя потым у спробу тэрарыстычнага замаху на вышэйшых дзяржаўных асобаў. Падцьверджаньнем абсурднасьці крымінальнае справы на ваўкавыскіх прадпрымальнікаў сталася вызваленьне паплечніка Аўтуховіча Юрыя Лявонава. Таксама як і Мікалай Аўтуховіч абвінавачаны ў тэрарызме Юры Лявонаў быў вызвалены пасьля паўгадавога зьняволеньня бязь ніякіх тлумачэньняў. Трэба зазначыць, што гэты крымінальны перасьлед адбываецца ў поўным інфармацыйным вакууме. Таму задача беларускай грамадзкасьці й міжнароднай супольнасьці як мінімум патрабаваць адкрытага судовага працэсу над ваўкавыскімі прадпрымальнікамі. Адным з важкіх пунктаў, на якім заўсёды настойваў «Малады Фронт» ёсьць ня проста вызваленьне палітвязьняў, але й іх рэабілітацыя. Як мы ведаем усе палітвязьні, каторыя былі вызваленыя зь беларускіх турмаў па настойваньню Захаду, беларускімі кіраўнікамі прызнаюцца простымі злачынцамі. Аб гэтым неаднаразова заяўляў і сам Лукашэнка, і ягоныя падначаленыя. А калі ўсе хто сядзеў у турмах па палітычных матывах для беларускага рэжыму простыя злодзеі, ні што не перашкаджае папоўніць турмы Беларусі новымі палітычнымі закладнікамі. Што, на вялікі жаль, мы і назіраем. Таму без прызнаньня як мінімум судовай памылкі ў дачыненьні да палітычных вязьняў, рэжым будзе перманентна асуджаць а потым прадаваць Захаду чарговую партыю палітзакладнікаў. 2. Адмена візавага рэжыму ЭЗ зь Беларусьсю. Калі ў сваёй супрацы зь беларускім рэжымам Захад кіруецца жаданьнем уцягнуць Беларусь у агульнаэўрапейскія працэсы, краінам Эўропы трэба найперш адмяніць любыя візавыя абмежаваньні для ўезда беларусаў у краіны Эўрапейскага Зьвязу. Менавіта адмяніць. Вядома, што цяпер абмяркоўваецца пытаньне паніжэньня кошту шэнгенскіх візаў для грамадзянаў Беларусі з 60 да 35 эўра. Але мы перакананыя, што гэта абсалютна ня будзе мець ніякага значэньня для беларусаў. Тыя, хто набывае шэнгенскую візу за 60 эўра раз на год, набудуць яе і за 120, а тыя хто ня можа сабе дазволіць заплаціць за візу 60 эўра, не паедуць у Эўропу ні за 35 эўра, ні за проста так. Гэта абсалютна відавочна. Таму візавы бар'ер для грамадзянаў Беларусі мусіць быць скасаваны цалкам. Гэта дазволіць, не дапамагаючы беларускай дыктатуры фінансава й палітычна, ўцягнуць усе 10 мільёнаў беларусаў у працэс эўрапеізацыі, а значыцца й у працэс дэмакратызацыі. Мы перакананыя, што бязь гэтага кроку будзе не мажліва гаварыць пра якую б тое не было пасьлядоўную палітыку Эўропы ў дачыньні да Беларусі. 3. Рэгістрацыя грамадзкіх і палітычных арганізацыяў, адмена артыкулу 193-1. Важным аспэктам для разьвіцьця дэмакратыі ў Беларусі ёсьць патрабаваньне рэгістрацыі партыяў, аб’яднаньняў і іншых супольнасьцяў грамадзянаў, якія на тое прэтэндуюць, а таксама адмена антыканстытуцыйнага артыкулу 193-1 КК РБ. Мы ведаем, што ў Беларусі некалькі разоў безвынікова спрабавалі зарэгістравацца «Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя», «Малады Фронт», «Партыя свабоды й прагрэсу», «Наша Вясна». 4. Легалізацыя незалежных СМІ. Вяртаньне ў падпіску й сэтку распаўсюду «Саюздруку» ўсіх рэспубліканскіх і рэгіянальных незалежных выданьняў, а таксама рэгістрацыя тых якія гэтага дамагаюцца, павінна быць адным з асноўных патрабаваньняў ЭЗ да беларускага рэжыму. Свабода слова – неад’емны й адзін з самых галоўных чыньнікаў пабудовы дэмакратычных грамадзтваў. У той час, калі большасьць незалежных выданьняў знаходзяцца ў падпольлі, а журналістам перашкаджаюць выконваць свае функцыянальныя абавязкі, гаварыць аб нейкіх пераменах у Беларусі не выпадае. Некаторыя палітыкі спрабуюць паставіць у галаву вугла перамоваў з рэжымам Лукашэнкі патрабаваньні юрыдычнага характару. Так патрабуецца зьмена выбарчага заканадаўства і, як мы адзначалі, адмена антыканстытуцыйнага артыкулу 193-1 КК РБ. І тут мы лічым вельмі неабходным зазначыць, што зьяўляючыся важкімі, гэтыя патрабаваньні ня могуць быць галоўнымі, а іх выкананьне крытэрам ацэнкі дзеяньняў рэжыму. Мы сьцьвярджаем гэта па той прычыне, што ў Беларусі самая вялікая праблема не заканадаўчая база, а практыка яе прымяненьня. Так нават калі ў Беларусі не было артыкулу 193-1, у турмах знаходзіліся палітычныя зьняволеныя – зь пяцідзесяці палітвязьняў Беларусі, па артыкуле 193-1 было асуджана пяць. Такая ж сытуацыя й з выбарчым заканадаўствам. Да прыкладу выбары ў Вярхоўны Савет ХІІ скліканьня ў 1990 годзе, тады яшчэ парлямант БССР, праходзілі пры горшым заканадаўстве. Тым ня менш цэлы шэраг лідэраў нацыянальна-дэмакратычнага руху выйгралі тыя выбары й атрымалі дэпутацкія мандаты. Гэта ёсьць сьведчаньнем таго, што зьмяніць законы далёка не дастаткова для дэмакратызацыі. Таму патрабаваньні юрыдычнага характару ня мусяць быць галоўнымі. Галоўнае для нас дамагацца сутнаснай зьмены сытуацыі. Таксама ў дадатак да гэтых галоўных пунктаў варта зазначыць, што пры наяўнасьці жаданьня Захаду ўплываць на Беларусь краінам Эўропы трэба мець як канкрэтныя патрабаваньні да рэжыму Лукашэнкі, так і канкрэтны час іх выкананьня. У адваротным выпадку дыялёг ні да якіх вынікаў не прывядзе, застаўшыся адно дыялёгам у імя самога дыялёгу. Вітаючы праграму «Ўсходняга Партнэрства» й спробы Захаду працягнуць руку сяброўства беларускаму народу, хочам зазначыць, што супраца паміж ЭЗ і беларускім рэжымам у сфэры публічнай палітыкі павінна весьціся толькі пры выкананьні Беларусьсю канкрэтных умоваў. Натуральна ў любых варунках трэба працягваць супольную дзейнасьць у сфэрах экалягічнай, эканамічнай, візавай і г.д. Такая супраца цывілізаваным сьветам вядзецца нават з Паўночнай Карэяй. Аднак супраца ЭЗ зь Беларусьсю на высокім палітычным узроўні можа быць толькі пасьля выкананьня пэўных умоваў беларускім рэжымам у сфэры грамадзка-палітычных свабодаў. Інакш публічная падтрымка Захаду будзе выкарыстоўвацца Лукашэнкам для яшчэ большае ўзурпацыі сваёй улады і легалізацыі яе ў вачох беларускай грамадзкасьці й міжнароднай супольнасьці. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
16 лістапада ў Брусэлі будзе вырашацца далейшы фармат беларуска-эўрапейскіх дачыненьняў. |
|