Слава Табе, што паказаў нам Святло!
06.01.2010
—
Новости Политики
|
Ражджэственскае пасланне Мiтрапалiта Мiнскага i Слуцкага Фiларэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусi Узлюбленыя архiпастыры, пастыры, манахi i ўсе верныя дзецi Беларускай Праваслаўнай Царквы! У днi Ражджаства Хрыстовага мы з асаблiвай яснотай усведамляем, што нараджэнне ў чалавечым свеце Госпада нашага Ісуса Хрыста — гэта свята вялiкага асвятлення чалавечага роду Святлом Iсцiны. Чаму ў нашай мове слова "iсцiна", як i слова "святло", звычайна не ўжываецца ў множным лiку? Таму што яна не бывае дваiстай, бо Iсцiна — заўсёды ад Бога. Гэта аб праўдзе кажуць, што яна, маўляў, у кожнага свая. I таму разнадумствы i супярэчнасцi раздзiраюць чалавечую супольнасць, нiбы старую шату. У Ражджастве Сына Божага Iсуса Хрыста ажыццявiлася шматвяковая мара людзей, якая задоўга да гэтай падзеi была прадказаная ў Псалтыры: "Мiласць i iсцiна сустрэнуцца, праўда i мiр пацалуюцца, — абвяшчае Старазапаветнае Пiсанне, — iсцiна ўзнiкне з зямлi, i праўда прыхiлiцца з неба" (Пс. 84: 11—12). Праўда Божая прыхiлiлася з неба ў дзень Благавешчання Вечнадзевы Марыi, i Бажэственная Iсцiна ўзнiкла з зямлi — з Вiфлеемскай пячоры, у якой, паводле сведчання Ангела Гасподняга мясцовым пастухам, "нарадзiўся... у горадзе Давiдавым Спасiцель, Якi ёсць Хрыстос Гасподзь" (Лк. 2: 11). Упершыню прароцтва пра Святло, якое прыходзiць у свет, запiсаў прарок Iсаiя, якога нараклi старазапаветным евангелiстам: "Народ, якi ходзiць у цемры, убачыць святло вялiкае; на тых, што жывуць у краiне ценю смяротнага, святло заззяе" (Iс. 9: 2). І тут прыгадваюцца словы аднаго з псалмоў, якiя апiсваюць стан некалi паланёнага народа: "Яны сядзелi ў цемры i ценi смяротным, скаваныя горам i жалезам; бо не былi пакорнымi словам Божым i не дбалi пра волю Усявышняга" (Пс. 106: 10—11).Калi мы будзем сумленнымi ў адносiнах да самiх сябе, то непазбежна зразумеем, што i нашым продкам, i нашым сучаснiкам, ды i нам самiм знаёмы такi "скаваны" стан душы i розуму, калi забываецца Iсцiна, калi выганяецца Бог, калi заглушаецца сумленне, якое ёсць не што iншае, як голас Божы ў душы кожнага чалавека. Сёння, у дзень святкавання Ражджаства Хрыстовага, давайце нагадаем адзiн аднаму пра iсцiннае значэнне i змест таго, што мы называем "асветаю". Навучаючы нашых дзяцей асновам навук i павышаючы ўзровень сваiх ведаў, мы добра робiм. Але калi мы не дбаем пра сумленне i пра такiя асноватворныя каштоўнасцi сусветнай цывiлiзацыi, як любоў да Бога i любоў да блiжняга, — мы далёкiя ад iсцiннага разумення таго, што ёсць адукаваны чалавек. Цэлая эпоха ў гiсторыi еўрапейскай культуры была названа "эпохай Асветнiцтва". Але гэта быў таксама i час саманадзейнага i спакуслiвага адмаўлення вучонага розуму ад Бажэственнай Iсцiны, час ганенняў, узнятых супраць Госпада Iсуса Хрыста, супраць Евангелля любовi i супраць Божага Закона жыцця. Менавiта тады веды i розум пачалi супрацьпастаўляць веры i сэрцу, нiбы яны — непрымiрымыя ворагi. I што ж спарадзiла гэтая ганарлiвая эпоха? Не, не росквiт народаў, не мiр i не дабрабыт. Яна выклiкала да жыцця такiя грамадзянскiя смуты i кровапралiццi, такiя войны i гiстарычныя катастрофы, якiя дагэтуль адгукаюцца злавесным рэхам у розуме людскiм. Страшны вопыт перажывае чалавек, назапасiўшы многiя веды, валодаючы прагрэсiўнымi поглядамi i шырокiмi практычнымi навыкамi, — але не асветлены святлом Бажэственнай Iсцiны. Раней цi пазней ён усведамляе, што ён не свабодны, што ён скаваны адзiнотай i безвыходнасцю, што ён пакрыты ценем забыцця, i навокал — пустэча... Да самых глыбiнных сховаў чалавечага сэрца звернута евангельскае пытанне Хрыста Збаўцы: "Дык вось, калi святло, якое ў табе, — цемра, тады якая ж сама цемра?" (Мф. 6: 23). I калi чалавек паспрабуе сумленна адказаць свайму Творцу i самому сабе на гэтае пытанне, то ён абавязкова пажадае сапраўднай, паўнавартаснай, iсцiннай асветы. Дык з чаго ж яна складаецца — асвета чалавека, нацыi, усяго чалавечага роду? Яна складаецца з таго, каб "даць зразумець народу... спасенне ў прабачэннi грахоў"; у тым, каб "асвятлiць тых, што сядзяць у цемры i ценi смерцi, скiраваць ногi... на шлях мiру" (Лк. 1: 76—80). Гэтае азначэнне належыць свяшчэннiку Захарыi, якi прамовiў яго над сваiм нованароджаным сынам Iаанам — будучым Прарокам, Прадцечам i Хрысцiцелем Господнiм. I калi прайшло шэсць месяцаў пасля прамаўлення гэтых слоў, тады зiмовай ноччу ў горадзе Давiдавым, у пячоры для авечага статку, Тварэц асвятлiў свет Ражджаством Сына Божага — Сына Чалавечага, Богадзiцяцi Iсуса. I з той пары, паводле слова апостала i евангелiста Матфея, якi сведчыць пра здзяйсненне старажытных прароцтваў, "народ, што сядзiць у цемры, убачыў святло вялiкае, i ўсiм, хто сядзiць у краiне i ценi смерцi, заззяла святло" (Мф. 4: 14—16). Узлюбленыя браты i сёстры! Мы шмат разважаем i гаворым пра тое, як правiльна выхаваць разумных i добрых дзяцей, як лепш укласцi ў малады розум патрэбныя i карысныя веды. I калi гэтая задача больш-менш вырашаная, нас асаблiва хвалюе праблема таго, каб усе гэтыя назапашаныя скарбы не сталi для iх цяжарам, мёртвым у сваёй бясплоднасцi. I тут хрысцiяне паклiканы нагадаць сваiм словам i справай, сваёю працаю i ўсiм жыццём сваiм, што толькi ў Святле Бажэственнай Хрыстовай Iсцiны пасеяныя зярняты сагрэюцца, i прарастуць, i распусцяць лiсце, якое ўсцешыць сэрца, i прынясуць добрыя плады. "Святло Хрыстова асвятляе ўсiх"! Менавiта хрысцiяне ў гэтым свеце паклiканыя быць светачамi, каб асвятляць шлях iсцiны i жыцця Святлом Хрыста Спасiцеля. Так, разважаючы пра падзеi больш як двухтысячагадовай даўнiны, мы думаем пра сябе, пра сучаснае грамадства, пра нашую асабiстую i агульную гiсторыю. I сёння, калi мы ўступiлi ў новы год грамадзянскага летазлiчэння, мы з радасцю пераконваемся, што шматвекавы летапiс нашага гiстарычнага быцця не перарваўся. Ён бачна прысутнiчае ў цяперашнiм часе, i мы працягваем яго напiсанне — тут i цяпер. Сёлета спаўняецца 100 гадоў з дня перанясення з Кiева ў Полацк мошчаў святой апякункi Белай Русi прападобнай мацi нашай Ефрасiннi. Прыгадаем, што гэтай гадавiне на працягу двух дзесяцiгоддзяў папярэднiчала адраджэнне самой Полацкай абiцелi, аднаўленне духоўнага сiмвала беларускай зямлi — Крыжа прападобнай Ефрасiннi, выраб сярэбранай ракi для яе святых мошчаў, адкрыццё фрэсак у храме ХII стагоддзя, перад якiмi Прападобная праводзiла ў малiтве да Бога сваё жыццё, i, нарэшце, добраўпарадкаванне i росквiт самога горада Полацка. У наш час усё гэта i шмат чаго iншага з'яўляецца працягам той асветнiцкай дзейнасцi, якую князёўна-iгумення пачала восем стагоддзяў таму. I гэтая мiсiя неад'емная ад Святой Царквы, якая паклiкана ўсiмi сiламi трымацца запавету свайго Заснавальнiка i Галавы Госпада Iсуса Хрыста: "Дык няхай свецiць святло ваша перад людзьмi, каб яны бачылi вашы добрыя ўчынкi i праслаўлялi Айца вашага Нябеснага" (Мф. 5: 16). Замыкаючы ланцужок гiстарычных падзей не толькi ХХ стагоддзя, але ўсiх васьмi стагоддзяў, што прайшлi з часу зямнога служэння прападобнай Ефрасiннi, нам належыць здзейснiць успамiн яе вялiкага шэсця з Кiева ў Полацк, якое асвяцiла землi братнiх народаў напярэдаднi iх вогненных выпрабаванняў. Вяртаючы ў наша сучаснае жыццё людскiя iмёны i дзеяннi мiнулых дзён, мы аддаём нашым продкам i папярэднiкам данiну ўдзячнай памяцi. I разам з тым мы прымаем на сябе паўнату духоўнай адказнасцi за цяперашнiя i будучыя часы. Таму надыходнае святкаванне 100-годдзя вяртання прападобнай Ефрасiннi ў Полацк звернута не толькi ў мiнулае, але, перш за ўсё, — у будучыню нашых маладых i юных пакаленняў, у Жыццё Вечнае, дзе "ўсё i ва ўсiм Хрыстос" (Кол. 3: 11). Вось чаму сёння, у днi святкавання Ражджаства Хрыстовага, мы адзiнымi вуснамi i адзiным сэрцам паўтараем словы старажытнага Псалтыра, скiраваныя да Збаўцы, Якi прыходзiць у свет: "У Цябе крынiца жыцця; у святле Тваiм мы ўбачым святло" (Пс. 35: 10). Амiнь. Фiларэт, Мiтрапалiт Мiнскi i Слуцкi, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусi Ражджаство Хрыстова, 2009/2010 г., Мiнск Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ражджэственскае пасланне Мiтрапалiта Мiнскага i Слуцкага Фiларэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусi
|
|