Спадары каментатары
18.03.2010 09:48
—
Новости Политики
|
Гвалтоўныя дзеянні міліцыі ў адносінах да журналістаў «Народнай волі», інтэрнет-выдання «Хартыя -97», расійскай «Новой газеты» выклікалі адэкватны рэзананс на Захадзе. На жаль, рэакцыя ў самой Беларусі, як заўжды, даволі млявая. Ці то грамадства прызвычаілася да падобных рэчаў, ці проста робіць выгляд, што іх не заўважае. Але я не пра гэта. Я пра некаторыя каментары, якія з’явіліся на папулярных інтернет-сайтах, што трымаюцца незалежніцкіх і дэмакратычных пазіцый. Не буду называць гэтыя рэсурсы, бо справа не ў іх, а ў рэакцыі пэўнай часткі аўдыторыі. Вось, напрыклад, адзін з першых тыповых водгукаў да фатаграфій з Наталляй Радзінай пасля іх публікацыі: «А дзе фінгал?» (Гэта ў сувязі з інфармацыяй, што супрацоўнік міліцыі ўдарыў журналістку). Другі характэрны водгук прыйшоў адразу пасля прэс-канферэнцыі Радзінай, Саннікава, Халіп ў сядзібе партыі БНФ: «Гэта іх нам прапануюць у якасці новых герояў?». Ну, і далей, зразумела, пра прэзідэнцкія выбары, пра «піяр» і г.д. Лягчэй за ўсё было б сказаць, што тыя каментары пішуць «брыгаднікі» на замову спецслужбаў, ці што гэта нейкія надзвычай рэдкія ўроды. На жаль, іх не так і мала. І галоўнае, стылістыка многіх «каментаў» паказвае: іх аўтары пішуць, як казаў паэт, па загадзе ўласнага сэрца. І пішуць яны не толькі пра журналістаў, якія апынуліся цяпер у цэнтры грамадскай увагі, але ўвогуле пра ўсіх заўважных людзей. Ананімы ў сваіх каментах любяць прыпісаваюць аб’ектам крытыкі самыя горшыя матывы — відаць, зыходзячы з уласнага жыццёвага досведу. Я не выступаю за цэнзуру каментароў — за выключэннем ненарматыўнай лексікі. Усе маюць права выказацца. (Мне, напрыклад, не падабаецца, што на сайце той самай «Хартыі» публікуюцца пераважна водгукі, якія супадаюць з думкай рэдакцыі і амаль ніколі — негатыўныя ці хоць бы палемічныя. Але гэта не мае дачынення да тэмы). Мне хацелася б — хоць я і разумею ўсю марнасць гэтых спадзяванняў — каб спадары каментатары, якія лічаць сябе, несумненна, людзьмі годнымі і інтэлектуальнымі, зразумелі адну простую рэч. Калі яны пішуць — «дзе фінгал?», то яны мала чым адрозніваюцца ад міліцыянера, які гвалтам урываецца ў кватэру журналісткі. Ці ад таго амонаўца, які некалі публічна ўдарыў у твар жонку зніклага журналіста Зміцера Завадскага на Кастрычніцкай плошчы. Вам могуць падабацца ці не падабацца асобныя палітыкі і журналісты. Але калі адбываецца гвалт над чалавекам, непрыстойна блюзнерыць: «а, ён, мабыць, проста вырашыў сябе прапіярыць, каб пра яго напісалі, што ён герой!» Пастаўце сябе спачатку на месца гэтых людзей — ці хацелі б вы, каб вас прапіярылі падобным чынам і зрабілі з вас героя? У расійскага паэта Канстанціна Ваншэнкіна ёсць верш, які часта згадваць мой бацька: Трус притворился храбрым на войне, Поскольку трусам спуску не давали. Он, бледный, в бой катился на броне, Он вяло балагурил на привале. Его всего крутило и трясло, Когда мы попадали под бомбежку. Но страх скрывал он тщательно и зло И своего добился понемножку. И так вошел он в роль, что наконец Стал храбрецом, почти уже природным. Неплохо бы, чтоб, скажем, и подлец Навечно притворился благородным. Скрывая подлость, день бы ото дня Такое же выказывал упорство. Во всем другом естественность ценя, Приветствую подобное притворство! Гэты верш, напісаны ў 1961-м, па-мойму, не страціў сваёй актуальнасці. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гвалтоўныя дзеянні міліцыі ў адносінах да журналістаў «Народнай волі», інтэрнет-выдання «Хартыя -97», расійскай «Новой газеты» выклікалі адэкватны рэзананс на Захадзе.
|
|