АГП спыняе ўдзел у мясцовых выбарах
22.03.2010
—
Новости Политики
|
Зьезд Аб’яднанай грамадзянскай партыі, які адбыўся ў нядзелю 21-га сакавіка, прыняў рашэньне аб спыненьні ўдзелу ў кампаніі па выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў.
Супраць такога рашэньня галасавала трэцяя частка дэлегатаў – 37 са 112 зарэгістраваных. І вынікі галасаваньня, і сама дыскусія, якая разгарнулася на форуме, паказалі – адзінай думкі наконт мясцовых выбараў у дэлегатаў няма. Напрыклад, Гомельская абласная арганізацыя за тое, каб зьняцца з гонкі. Тлумачэньне такое: ад Аб’яднаных дэмсілаў у вобласьці прапанавалі ва ўчастковыя камісіі больш за 200 кандыдатаў. Улады ўключылі толькі 8 чалавек. А калі няма кантролю за падлікам бюлетэняў, то няма і сэнсу вылучаць кандыдатаў у дэпутаты. Іншы падыход у Менскай гарадзкой арганізацыі і арганізацыі “Маладыя дэмакраты”, які агучыў ад імя гэтых структураў Аляксандар Сяргеенка. Толькі ўдзел у выбарах дасьць магчымасьць даведацца пра рэальны ўзровень падтрымкі дэмакратычных кандыдатаў. Яго можна вызначыць з дапамогай тых актывістаў АГП, якіх уключылі ў склад некаторых выбарчых камісіяў. Прадстаўнік сталіцы запытаўся ў залі: з чым мы прыйдзем да прэзыдэнцкіх выбараў, калі ня будзем удзельнічаць у мясцовых? Вынікі дыскусіі падвяло галасаваньне – бальшыня выказалася за рэзалюцыю, у якой запісана: “Спыніць далейшы удзел у чарговым выбарчым фарсе. Заклікаць усе палітычныя партыі і грамадзкія аб’яднаньні, усіх, хто змагаецца за дэмакратычныя зьмены ў краіне, падтрымаць гэтае рашэньне”. Намесьнік старшыні АГП Леў Марголін патлумачыў на просьбу “Свабоды” наступствы такога рашэньня: “Мясцовыя выбары адметныя тым, што ў некаторых месцах на нашых партыйцаў іх калегі па працы, суседзі ўскладаюць вялікія спадзяваньні. І было б напэўна няправільным, калі б мы забаранілі ім удзельнічаць у гэтай кампаніі. Яны могуць працягваць удзел у ёй, могуць нават удзельнічаць у галасаваньні. Але партыя, як палітычная структура, афіцыйна заяўляе, што яна не прызнае гэтыя выбары легітымнымі. Нават калі ў асобных акругах яны будуць празрыстымі. Але ў цэлым па краіне гэта – фарс, фальсыфікацыя. І таму партыя, як палітычная структура, больш прымаць удзел у гэтым фарсе ня будзе”. Дэлегат зьезду, патэнцыйны кандыдат у дэпутаты Менскага абласнога савету прадпрымальнік Сяргей Балыкін галасаваў супраць рашэньня зьняцца з выбарчай гонкі: “Гэта, я лічу, удар у сьпіну тым, хто спадзяваўся на партыю, хто ад яе вылучаўся. Асабіста ў мяне была магчымасьць вылучыцца праз збор подпісаў. Я сабраў неабходную колькасьць подпісаў выбарцаў, аднак перадаў у камісію толькі партыйны пратакол. Зрабіў гэта я з дзьвюх прычынаў. Па-першае, каб рэфармаваць партыю. Па-другое, так у камісіі менш магчымасьцяў адхіліць кандыдатуру, паколькі яна мае справу ўжо не з подпісамі выбарцаў, а толькі зь удзельнікамі партыйнага сходу. І з тэхнічнага боку гэта сапраўды значна прасьцей. Я лічу, што партыя найперш і створаная дзеля таго, каб удзельнічаць у выбарах”. Беларускае заканадаўства дазваляе кандыдату ў дэпутаты мясцовых саветаў перадаваць у выбарчую камісію дакумэнты толькі аднаго з трох спосабаў вылучэньня: праз збор подпісаў выбарцаў, ад палітычнай партыі альбо ад працоўнага калектыву. Такім чынам, на думку палітолягаў, можа ўзьнікнуць сытуацыя, пры якой улады, спасылаючыся на рашэньне зьезду, могуць зьняць з выбарчай гонкі тых кандыдатаў ад АГП, якія вылучаліся ад партыі. А тыя, хто вылучаўся праз збор подпісаў, змогуць пры жаданьні працягнуць сваю выбарчую кампанію.Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Зьезд Аб’яднанай грамадзянскай партыі, які адбыўся ў нядзелю 21-га сакавіка, прыняў рашэньне аб спыненьні ўдзелу ў кампаніі па выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў.
|
|