Лацінаамэрыканская альтэрнатыва Аляксандра Лукашэнкі. 21.by

Лацінаамэрыканская альтэрнатыва Аляксандра Лукашэнкі

23.03.2010 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Завяршылася паўднёваамэрыканскае турнэ Аляксандра Лукашэнкі, падчас якога ён у атачэньні ўрадавых чыноўнікаў і свайго малодшага сына наведаў Вэнэсуэлу і Бразылію. Як экспэрты ацэньваюць высілкі беларускага кіраўніцтва дзеля заваёвы новых заакіянскіх рынкаў?

Наведваньне беларускай дэлегацыяй Вэнэсуэлы і Бразыліі істотна розьніцца ў сваёй насычанасьці. Амаль тыднёвае падарожжа па краіне камандантэ Уга Чавэса прынесла два дзясяткі міждзяржаўных пагадненьняў, якія абумоўліваюць пастаўкі ў Беларусь вэнэсуэльскай нафты, узьвядзеньне беларусамі жыльля і прадпрыемстваў па зборцы беларускіх трактароў і аўтамабіляў, наладжваньне сыстэмы супрацьпаветранай абароны.


Кароткі працоўны візыт у Рыё-дэ-Жанэйра і буйны бразыльскі штат Гаяс скончыліся непрацяглымі перамовамі з прэзыдэнтам Бразыліі Луісам Інасіё да Сільва і губэрнатарам штату Алсыдэсам Радрыгесам Філью. У гутарцы з апошнім Лукашэнка дэкляраваў намер шчыльна вывучыць найбуйнейшую дзяржаву Паўднёвай Амэрыкі з наступным пранікненьнем на стратэгічны рынак:

«Мы намецілі супрацоўніцтва зь вялізным штатам Бразыліі — з насельніцтвам амаль у 30 мільёнаў чалавек, зь вялізным валавым унутраным прадуктам, зь вельмі разьвітай эканомікай, якая мае патрэбу ў тых таварах, якія мы вырабляем у Беларусі. Я ўпэўнены, што яно будзе пасьпяховым. І я вельмі разьлічваю, што вы дапаможаце ня толькі ў наладжваньні нашых адносінаў паміж штатам Гаяс і Беларусьсю, але дапаможаце нам разабрацца ў Бразыліі. Нам вельмі важна не нарабіць тут памылак».

Па выніках перамоваў кіраўнікоў Бразыліі і Беларусі заяўлена пра адкрыцьцё дыпляматычных прадстаўніцтваў у Менску і Бразылія, пра павелічэньне паставак калійных угнаеньняў, пра нарошчваньне экспарту беларускіх трактароў, кар’ерных самазвалаў «БелАЗ» і шынаў; агучаны намер збудаваць у штаце Гаяс прадпрыемства, якое будзе вырабляць беларускую сельгастэхніку.

Палітоляг Віктар Чарноў лічыць, што сваімі кропкавымі паездкамі па сьвеце Аляксандар Лукашэнка перасьледуе адну мэту — прасоўваньне беларускай прадукцыі на замежныя рынкі. Спадзяваньні на Расею практычна марныя:

«Зьнешняя палітыка Беларусі ў апошнія некалькі гадоў насамрэч становіцца шматвэктарнай. І гэта ў першую чаргу тлумачыцца элемэнтарнай прычынай — адсутнасьцю сродкаў, недахопам валюты, неабходнасьцю наўпроставых замежных інвэстыцыяў у нашу эканоміку. І самае галоўнае — неабходнасьцю пашырэньня рынкаў збыту. Гэта тое, што на паверхні. Натуральна, што Бразылія — вельмі ёмісты для Беларусі рынак, на гэты момант намі вельмі мала асвоены. То бок яго патэнцыйныя магчымасьці абсалютна ня выкарыстаныя беларускай экспартнай прамысловасьцю. Таму адна з функцый беларускіх топ-мэнэджэраў, пачынаючы ад прэзыдэнта і заканчваючы чыноўнікамі МЗС і асабліва амбасадарамі — якраз пашыраць рынкі збыту для беларускай прадукцыі. Менавіта ў гэтым кантэксьце разглядаю візыт Лукашэнкі ў Бразылію».

Нашмат большы плён беларускія ўлады разьлічваюць атрымаць у Вэнэсуэле. Ужо ад траўня складаным маршрутам на Мазырскі НПЗ пачне паступаць танная вэнэсуэльская нафта. Цягам году аб’ёмы паставак могуць перавысіць 4 мільёны тон. Экспэрт у энэргетычных пытаньнях Станіслаў Гусак вітае доўгачаканую дывэрсыфікацыю і лічыць, што вялізныя адлегласьці ад пастаўшчыка да атрымальніка ня будуць істотна ўплываць на кошт сыравіны:

«Думаю, што кошт пытаньня цалкам прымальны. І лічу, што гэта будзе выгадна для Беларусі. Ужо сам факт таго, што Беларусь будзе мець некалькі крыніцаў пастаўкі энэрганосьбітаў, што будзе ісьці нафта з Вэнэсуэлы — гэта факт станоўчы. Можна як заўгодна ставіцца да вэнэсуэльскіх уладаў, да іхняга лідэра Уга Чавэса, але ж Беларусі гэта толькі на карысьць. Мы зможам адысьці ад той вялізнай залежнасьці ў пытаньнях паліва, якая сёньня існуе. Асабіста мне гэта падабаецца, бо для Беларусі гэта аб’ектыўна добра. У гэтым сэнсе мы павінны былі даўно адпрацаваць хоць адзін альтэрнатыўны варыянт. Таму, можа, гэта будзе якраз першы рэальны варыянт пастаўкі энэрганосьбітаў зь іншых краінаў, і для Беларусі гэта зусім ня кепска».

Фінансавы аналітык Сяргей Чалы лічыць, што на шляху вэнэсуэльскай нафты можа ўстаць Расея, якая нэрвова адрэагавала на дамоўленасьці Менску і Каракасу. Беларусь ужо зьвярнулася да Расеі з просьбай запусьціць у авэрсным рэжыме нафтаправод «Адэса — Броды», што неабходна пры пастаўках вэнэсуэльскай нафты ў Мазыр. Аднак, нагадвае экспэрт, якраз згода Беларусі не выкарыстоўваць нафтаправод у авэрсным кірунку была сярод умоваў выдзяленьня бязмытных 6,3 мільёна тон расейскай нафты. Але і саму ідэю дастаўкі нафты праз акіян ён называе эканамічна не пралічанай:

«Выглядае ўсё гэта, канечне, блефам, таму што гнаць нафту танкерамі і перавозіць чыгуначным транспартам — сумнеўна з гледзішча эфэктыўнасьці. Ды плюс яшчэ яна высокасярністая менавіта ў тым месцы, дзе мы яе здабываем, і для нашых НПЗ ня вельмі падыходзіць. Таму, хутчэй за ўсё, урэшце размова будзе пра схему продажу нафты, якая здабываецца там, і набыцьця дзесьці бліжэй. То бок чыста заліковая схема. Паглядзім. Але ўжо зараз мы маем на гэтыя схемы нэрвовую рэакцыю Расеі, бо насамрэч Масква пагрозу ўспрымае даволі рэальна. Калі ўзгадаць, то яны нафтавыя пагадненьні з намі спрабавалі абкласьці адпаведнымі ўмовамі. Маўляў, толькі дайце гарантыі няўдзелу ў альтэрнатыўных маршрутах пастаўкі. Таму якраз гэта іх непакоіць. Бо гэта апошняе, што ў Расеі засталося, і страціць цяпер такі рычаг — удар сур’ёзны. І нават хай не наўпрост зараз, а проста хоць бы патэнцыйная пагроза — гэта ўсё адно іх пужае».

Дарэчы, Аляксандар Лукашэнка ня стаў ламаць сямейныя традыцыі і ўзяў з сабой у далёкае падарожжа па Лацінскай Амэрыцы 5-гадовага сына Мікалая. Адрозна ад сваіх аднагодкаў, Міколка на ўласныя вочы пабачыў ужо многія экзатычныя куткі сьвету, але пералёт за акіян для яго першы. Як таго і патрабуе няпісаная традыцыя, па Рыё-дэ-Жанэйра абодва Лукашэнкі гулялі ў сьветлых строях.

 
Теги: Курсы валют
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Завяршылася паўднёваамэрыканскае турнэ Аляксандра Лукашэнкі, падчас якога ён
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика