Аляксандр Лукашэнка: прыніжаць Беларусь нікому не дазволена. 21.by

Аляксандр Лукашэнка: прыніжаць Беларусь нікому не дазволена

16.04.2010 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

(Заканчэнне. Пачатак у нумары за 15 красавіка.)

Асаблівыя поспехі ў асваенні новых тэхналогій вырошчвання кукурузы на зерне і сілас дэманструе перадавая гаспадарка Мазырскага раёна — саўгас-камбінат "Зара", які наведаў кіраўнік дзяржавы.

Тут дабіліся небывалай для Беларусі ўраджайнасці. Жывёлагадоўчыя гаспадаркі "Зары" не купляюць канцэнтраваныя кармы збоку — гэтыя патрэбнасці забяспечвае сілас, які атрымліваецца са сваёй жа кукурузы. Рэнтабельнасць вытворчасці кукурузы на зерне на камбінаце не апускаецца ніжэй за 30 працэнтаў.

"Чаму нельга паўтарыць той вопыт, які ёсць у "Зары"?.. Трэба жорстка патрабаваць за тэхналогію. А то атрымліваецца, што мы страчваем вялікія грошы: укладаем іх, але не атрымліваем належнай аддачы з-за недагляду мясцовых кіраўнікоў", — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама даручыў Мінсельгасхарчу пры справаздачах сельгаспрадпрыемстваў улічваць кукурузу як збожжавую культуру. Такім чынам, аграрыі будуць імкнуцца павысіць паказчыкі па збожжавых за кошт кукурузы, што пойдзе толькі на карысць.

"У свой час шмат крытыкавалі Мікіту Хрушчова за яго ініцыятывы па развядзенні кукурузы. Але аказваецца, што задумка была правільная, але тут важна выкананне тэхналогіі", — адзначыў Прэзідэнт.

Таксама падчас гутаркі з губернатарам Гомельскай вобласці Аляксандр Лукашэнка зноў закрануў тэму меліярацыі Палесся. Кіраўнік дзяржавы выказаў ідэю стварэння на месцах раённых атрадаў па рэкультывацыі і расчыстцы зямель у пойме Прыпяці. "За лета яны б убралі хмызняк, зрабілі рэкультывацыю без меліярацыі. Гэта дасць магчымасць нам потым, пры капітальнай меліярацыі, затрачваць меншыя сродкі, бо зараснікі растуць на вачах, і чым далей мы адкладваем — тым цяжэй нам потым будзе", — растлумачыў Прэзідэнт. Ён даручыў кіраўніку Мінсельгасхарча ў бліжэйшыя тыдні сфармуляваць канкрэтныя прапановы па стратэгіі ачысткі пойменных зямель ад хмызняковых зараснікаў. "Рабіць гэта трэба хутка і разумна. Людзям заплаціць як належыць. Гэта акупіцца", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Акрамя пытанняў аграрнага развіцця была закранута важная для грамадства тэма — падрыхтоўка да святкавання 65-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Аляксандр Лукашэнка пабываў на месцы баёў у ходзе Калінкавіцка-Мазырскай наступальнай аперацыі зімы 1944 года. Тут, на беразе Прыпяці, кіраўнік дзяржавы нефармальна пагутарыў з прадстаўнікамі мазырскай раённай ветэранскай арганізацыі.

"Ні адзін ветэран Вялікай Айчыннай вайны не павінен быць пакрыўджаны і пакінуты на волю лёсу, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Калі раптам вы бачыце, што нехта пакрыўджаны, абдзелены падтрымкай — падкажыце, мы гэта выправім. Ветэраны — гэта наш залаты фонд, крэмень, апора дзяржавы".

Потым Прэзідэнт адказаў на пытанні журналістаў.

Прэзідэнт па просьбе журналістаў пракаментаваў рашэнне адміністрацыі ЗША правесці сусветны саміт па ядзернай бяспецы без удзелу Беларусі, хоць наша краіна была першай дзяржавай, якая добраахвотна адмовілася ад ядзернай зброі.

"Гэты факт сведчыць пра тое, што ні амерыканцам, ні ў цэлым Захаду давяраць нельга", — лічыць Прэзідэнт. "У Расіі нас заўсёды чулі і разумелі. І калі б не гэта вакханалія, блытаніна, зразумела на чым заснаваная... Тут, дарэчы, яшчэ прысутнічае рэўнасць, што мы нядрэнна разбіраемся ў сваёй краіне, і многае іншае. Але гэта неразумна. І мы, і яны ўжо гэта разумеем. Але заўсёды расіяне нас разумелі і падтрымлівалі. З Захадам і ЗША гэтага ніколі не было. Яны вось ухапіліся за нейкае пытанне, дабіліся свайго, а таму кінулі і забылі", — адзначыў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, так было і з ядзернай зброяй. "Лічу, што вывад з Беларусі ядзернай зброі на тых умовах, як гэта было ажыццёўлена ў свой час нашымі нацыяналістамі, было жорсткай памылкай", — падкрэсліў Прэзідэнт. "Мне давялося падпісваць гэты дагавор, таму што дзявацца было няма куды: на мяне націскалі і Расія, і амерыканцы — выводзьце, таму што паабяцалі. Нельга было, гэта найвялікшы здабытак, гэта дарагі тавар, які мы ў рэшце рэшт павінны былі добра прадаць", — сказаў ён.

Прэзідэнт нагадаў, што Беларусь вывела ядзерную зброю пад гарантыі бяспекі з боку вядучых ядзерных дзяржаў. "Нам абяцалі "парасон" бяспекі з боку ядзерных дзяржаў. Гэтага няма!.. Калі б у нас была гэта зброя, з намі б цяпер інакш размаўлялі, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Добра, вывелі. Дык гарантуйце ж нам абяцаную бяспеку. Не".

Аляксандр Лукашэнка сказаў, што ў Беларусі застаўся высокаабагачаны ўран — сотні кілаграмаў, ёсць і ўран нізкай ступені абагачэння. "Мне ўжо які год запар кажуць: вывозьце гэты ўран. Хочаце — у Амерыку, мы вам заплацім, хочаце — у Расію. Я кажу: па-першае, чаму вы нам дыктуеце, калі гэта наш тавар, мы яго трымаем пад кантролем МАГАТЭ. Мы не збіраемся рабіць "брудныя" бомбы або каму-небудзь прадаваць. Мы выкарыстоўваем гэты ўран у даследчых мэтах", — сказаў ён. — Мяне цяпер прыперлі да сцяны, нож да горла — аддай. Я кажу, што ўжо аддалі ў свой час ядзерную зброю, а што мы ад гэтага маем?"

Прэзідэнт падкрэсліў, што дыктаваць умовы нікому не будзе дазволена: "Давайце садзіцца за стол перагавораў і будзем вырашаць, што рабіць з гэтай вялікай колькасцю абагачанага ўрану", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што разумее занепакоенасць іншых дзяржаў, але пры гэтым акцэнтаваў увагу, што Беларусь можа захаваць гэты ядзерны матэрыял, як яна захоўвала яго ўсе гады з моманту набыцця незалежнасці. "Мы на граніцы некалькі разоў затрымлівалі радыеактыўныя рэчывы, дапамагаючы ўсяму свету змагацца супраць гэтага, — нам ніхто дзякуй не сказаў", — адзначыў Прэзідэнт.

"І потым гавораць: калі ты супраць таго, каб аддаць камусьці гэты ўран, — мы цябе не запросім на саміт. Я кажу: дзякуй, я і не збіраўся ехаць. Нават калі б Беларусь запрасілі, я туды не збіраўся ехаць. Чаму, калі Ізраілю было нявыгадна, што зададуць нейкія пытанні па ядзернай зброі, яны памахалі рукой, маўляў, да пабачэння, не патрэбны нам ваш саміт. Прыкладна так і я адказаў", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Прыніжаць Беларусь нікому не дазволена, — падкрэсліў ён. — Мы будзем размаўляць толькі салідна, па-партнёрску, як бы на нас ні націскала Амерыка і з другога боку Расія. А тут націск ідзе з двух бакоў, і мы гэта адчуваем".

Кіраўнік дзяржавы таксама дадаў, што Беларусь заўсёды была вельмі надзейным і адказным партнёрам для любой краіны і супольнасці па ўсім, што датычыцца ядзернай бяспекі, і заўсёды выконвала ўсе абавязацельствы. "Трэба больш апасацца, што ў вядучых краінах свету, і ў Расіі, і ў Францыі, і ў Амерыцы былі выпадкі, калі знікалі ядзерныя матэрыялы, і да гэтага часу іх не могуць знайсці. У нас гэтага не было і не будзе, таму што мы сур'ёзныя і адказныя людзі. Мы хабар за гэта не бяром і нікому не збіраемся тайна прадаваць, нават за вялікія грошы, гэты матэрыял", — заявіў Прэзідэнт.

"Ну і, напэўна, там яшчэ ёсць такое стаўленне: вось мы Лукашэнку не запросім на саміт, навошта ўзнімаць яму рэйтынгі напярэдадні выбараў, — сказаў беларускі лідар. — Дык мне сёння дастаткова рэйтынгаў у Беларусі для таго, каб выбрацца Прэзідэнтам, калі ўжо адкрыта казаць. Проста ў наяўнасці бязмозгасць, тупая інерцыя".

Аляксандр Лукашэнка таксама дадаў, што, "калі б Расія, Казахстан і іншыя дзяржавы СНД, якія там прысутнічаюць, былі сапраўды надзейнымі сябрамі Беларусі, яны б жорстка паставілі пытанне: Беларусь — яна наша і яна павінна быць на саміце, і нікуды б амерыканцы тут не дзеліся".

Ён таксама адзначыў, што спакойна перажывае гэту сітуацыю: "Ну, напэўна, не вельмі ўжо патрэбны мы і Расіі. Кожны хоча быць манапалістам у якой-небудзь сферы. Але мы гэта перажывём. Я, напрыклад, спакойна перажываю. Мне больш прыемна з вамі на беразе Прыпяці весці размову, чым сядзець і парыцца ў Вашынгтоне".

Каментуючы нядаўнія падзеі ў Кыргызстане, Аляксандр Лукашэнка заявіў: "Гэта дзяржаўны антыканстытуцыйны пераварот. Не дай Бог, каб такое адбылося ў нас. І іншым дзяржавам я таксама не жадаю чаго-небудзь падобнага. І не трэба праводзіць паралелі з тым, што адбывалася ў час "цюльпанавай рэвалюцыі". Па-першае, тады не перастралялі людзей. А па-другое, Аскар Акаеў тады адмовіўся ад пасады. Цяперашні Прэзідэнт ад пасады не адмаўляўся. І не дай Бог кыргызскім апазіцыянерам пасадзіць або, горш, застрэліць Бакіева. Гэта выйдзе бокам".

"Што датычыцца пытання, хто за гэтым стаіць, то, каб адказаць на яго, трэба дакладна ведаць адказ. У мяне няма пакуль такой дакладнай інфармацыі, але яна з часам выплыве", — упэўнены Прэзідэнт Беларусі.

"Уявіце, што гэта здарылася б у Беларусі. Але толькі, вядома, не з Лукашэнкам (калі б Лукашэнку зверглі, то акрамя беларускага народа, большай яго часткі, ніхто б не пакутаваў — усе б апладзіравалі), а калі б зверглі беларускага апазіцыянера, які прыйшоў да ўлады... Што б тады пачалося! Вылі б, крычалі, нылі: неканстытуцыйна, дыктатура і гэтак далей. А сёння ўсе маўчаць: ЗША маўчаць, а Расія, вы ведаеце, якія зрабіла заявы. Але чамусьці ніхто з іх не сказаў, што гэта антыканстытуцыйны дзяржаўны пераварот", — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Пры гэтым ён дадаў: "Я не хачу пакрыўдзіць цяперашнія сілы, якія прыйшлі да ўлады ў Кыргызстане. Але хацеў бы сказаць тым, хто сёння папракае Бакіева ў кланавасці і ў тым, што ён разваліў краіну... Узнікае пытанне: а што, мы ўчора гэтага не бачылі? І я ў гэтым плане абсалютна чысты. Я двойчы меў з Бакіевым прынцыповую размову (у нас былі добрыя адносіны), і я адкрыта сказаў яму: Курманбек, глядзі, каб не наступіць на тыя ж граблі. Але я ведаю аб сынах Бакіева — паверце, жыць з шыкам у такой краіне, як Кыргызстан, проста немагчыма. Гэта бедная краіна. І папракаць Бакіева ў тым, што ён яе раскраў, — проста смех. Ён кідаўся па розных краінах, здабываючы крэдыты. І я ведаю, куды ён іх укладаў: у Кыргызстане будавалася гідраэлектрастанцыя. Расія паабяцала крэдыт, а потым адмовіла. І ён гаварыў мне, што вымушчаны быў пакінуць амерыканцаў (на базе "Манас"), таму што яны хоць плацяць грошы за арэнду".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Я лічу, што палітыка, па-першае, амерыканцаў, а па-другое, расіян адносна гэтых падзей вельмі дрэнная і недальнабачная. Яны павінны былі заявіць аб непрымальнасці такіх дзеянняў кыргызскай апазіцыі".

Прэзідэнт Беларусі таксама сказаў: "Калі б такое адбывалася ў маёй краіне і нехта павёў бы людзей пад кулі — мала б такім не паказалася. І няма чаго папракаць Бакіева за тое, што ўлада прымяняла сілу, абараняючы сябе. Бо калі ўлада не можа абараніць сябе і свой народ, дык што гэта за ўлада?.." На думку Аляксандра Лукашэнкі, тым сілам, якія прыйшлі сёння да ўлады ў Кыргызстане, "трэба яшчэ добра падумаць пра тое, як сябе легітымізаваць".

Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў таксама трагічныя падзеі пад Смаленскам — крушэнне самалёта Прэзідэнта Польшчы.

"Мы вельмі шкадуем. Гэта трагедыя. Загінуў не толькі Прэзідэнт, амаль 100 чалавек, у тым ліку кіраўнікі дружалюбнага, вельмі блізкага нам народа. Вядома, гэта трагедыя не магла не адгукнуцца ў нашых сэрцах", — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што беларускі бок аказаў усю неабходную дапамогу тысячам палякаў, якія хацелі выехаць праз Беларусь да месца трагедыі. Для спецыяльных авіярэйсаў бясплатна быў прадастаўлены аэрапорт у Віцебску, аўтамабілі дэлегацыям. "Мы зрабілі ўсё, што трэба было зрабіць у гэтай сітуацыі для нашага суседа", — сказаў ён.

"Не хачу гаварыць, хто вінаваты, хто не, хоць для мяне тут усё абсалютна зразумела. Проста хачу даць інфармацыю. Калі ляціць самалёт з Прэзідэнтам на борце, калі ідзе адхіленне ад нормы, камандзір экіпажа непасрэдна дакладвае Прэзідэнту аб гэтым. Прэзідэнт пытаецца, ці магчыма, як у гэтым выпадку, пасадзіць самалёт, але апошняе слова застаецца за Прэзідэнтам. Ён прымае рашэнне, садзіць самалёт ці не. Але пілоты маюць права не паслухацца", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка расказаў журналістам, што ў Леха Качыньскага аднойчы ўжо была сітуацыя, калі з-за дрэнных умоў надвор'я яго самалёт не зрабіў пасадку ў Грузіі, а прызямліўся ў Азербайджане. "Тады хацелі зняць з пасады пілотаў за тое, што яны не паслухаліся. Міністр абароны тады за іх заступіўся", — сказаў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што ў яго гэта недапушчальна: калі ён прымае рашэнне, пілоты жалезна выконваюць.

Прэзідэнт Беларусі расказаў аб двух выпадках, калі яму давялося прымаць такія рашэнні. Аднойчы гэта было пры вяртанні з Пекіна ў Мінск у дрэнных умовах надвор'я, а другі раз — праводзячы візіт у ахоплены вайной Бялград.

"Гэтак жа было над Смаленскам. Пілот прыйшоў, я ўпэўнены ў гэтым, далажыў Прэзідэнту, тым больш самалёт чатыры разы заходзіў на пасадку, нулявая бачнасць. Прэзідэнт прыняў рашэнне садзіцца", — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. Ён таксама адзначыў, што неабходна было мець на ўвазе, што самалёт не меў тых навігацыйных прыбораў, якія ёсць у сучасных авіялайнерах. Акрамя таго, аэрапорт у Смаленску не мае такога абсталявання, якое дазваляла б цалкам аўтаматычна пасадзіць самалёт. "Тады нельга было прымаць такое рашэнне. А яно было прынята, — рэзюмаваў Прэзідэнт. — Зразумела, хто нясе за гэта адказнасць. Вінаваты ці не вінаваты, але ты галоўны на борце чалавек, ты нясеш за гэта адказнасць. І мы, прэзідэнты, павінны памятаць пра тое, што ў самалёце сядзіць яшчэ сотня чалавек, у якіх ёсць сем'і". Ён таксама лічыць, што "гаварыць аб тым, што вінаватыя пілоты, што яны прынялі рашэнне, няправільна, так не бывае".

"Што датычыцца гэтай трагедыі, гэта вельмі сур'ёзны ўрок нам. Вельмі шкада, што Прэзідэнт загінуў", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. "Калі гіне Прэзідэнт, гэта вельмі дрэнна і для краіны, і для прымаючага боку", — дадаў ён.

"Паслухаем, што скажа камісія, але вы ўбачыце, што ўсё было нармальна з тэхнікай. Тут было няправільнае рашэнне галоўнага чалавека на борце", — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле паведамленняў прэс-службы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і БЕЛТА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
(Заканчэнне. Пачатак у нумары за 15 красавіка.) Асаблівыя поспехі ў асваенні новых тэхналогій вырошчвання кукурузы на зерне і сілас дэманструе перадавая...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика