Беларусь і Расія яшчэ могуць нагнаць адставанне ў будаўніцтве Саюзнай дзяржавы. 21.by

Беларусь і Расія яшчэ могуць нагнаць адставанне ў будаўніцтве Саюзнай дзяржавы

06.05.2010 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Будаўніцтва Саюзнай дзяржавы апошнім часам некалькі прыпынілася, аднак Беларусь і Расія могуць нагнаць гэта адставанне. Такую думку выказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 4 мая ў інтэрв'ю інфармацыйнаму агенцтву "Рэйтэр".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Саюзную дзяржаву неабходна будаваць на роўных прынцыпах. "І калі Расія ў гэтым напрамку будзе працягваць рухацца, ствараць наш саюз на роўных прынцыпах, то мы з вялікім задавальненнем будзем працягваць гэта будаўніцтва", — сказаў кіраўнік дзяржавы. "Так, яно неяк прытармазілася апошнім часам. Але ўпэўнены, што мы можам пераадолець той вакуум, які ўтварыўся, і нагнаць хуткімі тэмпамі сваё адставанне", — лічыць Прэзідэнт.

"Галоўны прынцып, які мы заяўляем, — але Расія, відаць, не прымае і не разумее нас, — што мы не адмовімся ад свайго суверэнітэту і незалежнасці", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама дадаў, што на іншых прынцыпах Беларусь Саюзную дзяржаву ва ўрон свайму народу і дзяржаве будаваць не будзе.

"Для нас гэта непрымальна, — падкрэсліў ён. — І калі нам уводзяць мытныя пошліны, а несаюзнікам гэтыя пошліны не ўводзяць, на адчувальныя тавары для нас, згадзіцеся, што гэта ўжо спроба "нахіліць", "дыктаваць". Гэта таксама непрымальна ў саюзнікаў".

На пытанне аб магчымасці адмовы Беларусі ад далейшага будаўніцтва Саюзнай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка адказаў, што ляпаць дзвярамі Беларусь не будзе. "Мы вельмі шмат зрабілі для таго, каб стварыць гэты працэс, аформіць, накіраваць яго. Таму абрадаваць сваіх праціўнікаў і ворагаў я не магу. Грукаць дзвярамі Беларусь не мае намеру. Наадварот", — сказаў ён.

"У адносінах з Расійскай Федэрацыяй мы зрабілі гіганцкі крок насустрач адзін аднаму, — адзначыў беларускі лідар. — Але апошнім часам расійскае кіраўніцтва захацела выбудоўваць з Беларуссю абсалютна прагматычныя адносіны. Мы да гэтага гатовыя". Аляксандр Лукашэнка пры гэтым падкрэсліў, што "прагматызм не павінен губіць усё тое, што накоплена на сёння".

"Калі расіяне, у бухгалтэрыі падлічыўшы, убачылі, што яны ствараюць вельмі вялікія даброты для беларускага народа, то я павінен сказаць, што гэта няправільны падлік. Гэта касабокі, аднабокі прагматызм", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Калі вы думаеце, што ў нас настолькі дрэнныя адносіны з Пуціным і Мядзведзевым, то вы памыляецеся, — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. — З Пуціным і Мядзведзевым мы наогул аднаго ўзроўню палітыкі, я маю на ўвазе і па ўзросце, у нас мысленне аднолькавае і гэтак далей, у нас няма ніякіх антаганістычных супярэчнасцяў. Тое, што ёсць, гэта пераадольна".

"Таму не трэба разлічваць, што пасварыўшыся з Расіяй, Лукашэнка трапіць у няміласць нейкую. Гэта не патрэбна кіраўніцтву Расіі. Страціць Беларусь для Расіі — гэта будзе незаменная страта і незаменны ўрон, і перш за ўсё маральная шкода, — лічыць Прэзідэнт. — Рускі чалавек гэтага не пацерпіць. Усе апытанні грамадскай думкі ў Расіі, колькі б іх ні праводзілі пракрамлёўскія сацыялагічныя цэнтры, даюць вынік: больш за палову насельніцтва Расіі ў пагаршэнні адносінаў паміж Беларуссю і Расіяй абвінавачваюць расійскае кіраўніцтва. Народ не падманеш..."   Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў Беларусі і Расіі і раней былі рознагалоссі, але калі сустракаліся прэзідэнты дзвюх краін, заўсёды прымаліся глабальныя рашэнні. "І Саюзная дзяржава была задумана тады, і мы прайшлі вельмі вялікі шлях. І не было такіх эканамічных сутыкненняў у нас з Расійскай Федэрацыяй. І Ельцын заўсёды мяне падтрымліваў і беларускі народ. Заўсёды! Расіі тады было вельмі цяжка. Але ён падтрымліваў", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

На просьбу журналіста агенцтва ацаніць работу Дзмітрыя Мядзведзева на пасадзе Прэзідэнта, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што не будзе даваць ніякіх ацэнак. Што ж датычыцца выказванняў аб тым, што Мядзведзеў нібыта знаходзіцца ў цені Пуціна, то Прэзідэнт Беларусі назваў гэта выдумкай журналістаў: "Ніякага там ценю не было. Патрэбны наогул нейкі час, каб у такой гіганцкай краіне чалавек, які ўпершыню прыйшоў да ўлады (Мядзведзеў жа ўпершыню прыйшоў да ўлады, зусім малады палітык, можна сказаць яшчэ, што і вопыту такога не было)... Ядзерная краіна — трэба быць акуратным, асцярожным. Ён і акуратна, і асцярожна працуе Прэзідэнтам".

"Як бачыце, апошнім часам Мядзведзеў зусім іншы, чым год-два таму. Ён дзейнічае як Прэзідэнт. Вазьміце пагадненне з Украінай па Севастопалі. Паглядзіце па Нарвегіі, па гэтым вектары. Ён жа вельмі шмат кардынальных рашэнняў прыняў з гэтым кіраўніцтвам — тое, што раней не было прынята. Ды і ўнутры краіны ён сябе пазіцыянуе ўсё больш і больш як моцны Прэзідэнт, як і належыць па Канстытуцыі", — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. Ён таксама дадаў, што паміж двума палітыкамі ў Расіі — прэзідэнтам і прэм'ерам — ёсць пэўны падзел паўнамоцтваў, аднак гэта іх уласны выбар.

Беларусь здабыла ў Захаду рэпутацыю адказнага партнёра, заявіў Прэзідэнт Беларусі.

"З намі ахвотна супрацоўнічаюць міжнародныя фінансавыя структуры, таму што ведаюць: калі мы нешта паабяцалі — абавязкова гэта выканаем", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт нагадаў, што апошнім часам у Беларусі выбудоўваюцца вельмі плённыя адносіны з Захадам па лініі бізнэсу і фінансаў, развіваюцца кантакты з МВФ, Сусветным банкам, ЕБРР. "Гэта значыць, тут зроблена нямала", — падкрэсліў ён.

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў наяўнасць кантактаў у палітычнай сферы на ўсіх узроўнях, уключаючы ўзровень Прэзідэнта. "Апошнім часам мы нямала зрабілі ў выбудоўванні нармальных, добрасуседскіх адносінаў з нашымі заходнімі партнёрамі", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым беларускі лідар дадаў: "Калі браць усё супрацоўніцтва ў цэлым, то я не сказаў бы, што зроблена ўсё, на што мы разлічвалі, і што Захад пайшоў нам насустрач".

"Ёсць добрыя зрухі ў нашых адносінах, ёсць нядрэнныя вынікі, але гэта працэс неспраўджаных надзей як з боку Захаду, калі чытаць тое, што вашы палітыкі заяўляюць, так і з нашага боку. Мы чакалі ад Захаду большага", — сказаў Прэзідэнт.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што беларуская дзяржава не пацерпіць ніякага націску з боку заходніх палітыкаў. "Нас ніхто не будзе пхаць у спіну, намі ніхто не будзе панукваць, намі ніхто не будзе камандаваць. Усім давядзецца змірыцца з тым, што тут ёсць суверэнная незалежная дзяржава, ёсць народ, гераічны народ. Мы кожнага трэцяга страцілі падчас вайны. І я лічу, што як Вялікабрытанія, Францыя, ЗША — нашы саюзнікі ў гэтай вайне, так і Германія павінны быць удзячны беларускаму народу. І калі Германія вінавата ў тым, што адбылося ў гісторыі, і яна павінна ведаць аб гэтым і кампенсаваць Беларусі — я не гавару аб фінансавай кампенсацыі, а хаця б у павазе і ўзаемаадносінах кампенсаваць усё тое, што здарылася, — так і краіны кааліцыі павінны не забываць аб тым, што беларускі народ вельмі шмат паклаў на алтар перамогі, нашай агульнай перамогі", — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

"Добрая ініцыятыва — "Усходняе партнёрства". Я лічу, што Еўрасаюзу сапраўды на граніцах, важных граніцах на ўсходзе, абсалютна не патрэбна нестабільная дзяржава, не патрэбны непрадказальныя рэжымы. Хіба ж было б дрэнна, калі б мы ў рамках "Усходняга партнёрства" змаглі і Украіну, і Беларусь, і іншыя краіны, якія ў гэтым удзельнічаюць, падцягнуць да ўзроўню заходнееўрапейскіх дзяржаў? Гэта было б нармальна: большы рынак, развіццё адносінаў, выгадная транзітная палітыка. Ужо колькі мы гаворым аб гэтым "Усходнім партнёрстве" — але ж нічога не адбываецца!" — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Ну што ж, гэта справа больш Еўрасаюза, мы пачакаем. Але гэта ўтварэнне, якое яшчэ не сфарміравалася, — "Усходняе партнёрства" — ужо сёння нам заяўляе: "Вось будзе нейкая парламенцкая арганізацыя ЕЎРАНЕСТ. І вось усе дзяржавы, якія ўваходзяць ва "Усходняе партнёрства", будуць прадстаўлены парламентарыямі, а Беларусь павінна быць прадстаўлена не толькі выбраным народам парламентам, але яшчэ і нейкімі самазванцамі. Чаму да нас такое стаўленне? — абурыўся беларускі лідар. — Што, у нашых дзяржаў — партнёраў па "Усходнім партнёрстве" не такія праблемы, як у Беларусі? Ды яшчэ больш праблем. Чаму вы да нас падыходзіце гэтак, а да іх інакш?"

..."Калі вы такіх крокаў хочаце, каб мы праз выбарчае заканадаўства ўсё тут зламалі, то гэтага не будзе ніколі. І паверце, не толькі пры мне не будзе. Які тут ні быў бы Прэзідэнт, калі, вядома, ён будзе прабеларускі, калі ён будзе дбаць аб сваёй краіне, сваім народзе, ён ніколі не пойдзе на тое, што патрабуе Захад", — упэўнены кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка пры гэтым падкрэсліў, што наша краіна поўнасцю адкрыта для супрацоўніцтва з Захадам. "Калі Еўропа гатовая і хоча з намі супрацоўнічаць па ўсіх напрамках, калі ласка, прыязджайце. Мы не можам закрыцца: у нас эканоміка адкрытая, мы 75—80 працэнтаў вырабленага экспартуем. Па гэтай прычыне мы не можам закрыцца ад усяго свету і праводзім адкрытую палітыку", — адзначыў ён.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Мінск гатовы зрабіць "роўна столькі крокаў, наколькі да гэтага гатовы Захад". "Ведаеце, я не магу нават вам сказаць аб тых кроках, вельмі значных для нас, якія я зрабіў. І Захад мяне "кінуў", — дадаў кіраўнік дзяржавы. — І гэта нам дорага каштавала. І я зразумеў, яшчэ раз падкрэсліваю, што на Захадзе проста вялікая колькасць безадказных палітыкаў. Яны забываюць аб тым, што гаварылі ўчора. Непаслядоўныя. Вось, разумееце, у іх добра сёння, быццам з крызісу выходзім: а потым, маўляў, паглядзім, як складзецца..."

"Таму не трэба ад нас патрабаваць нейкіх крокаў. Мы робім вельмі шмат крокаў — сотні, можа, тысячы за год. Але крокаў, якія задавольваюць нас і наш народ... Але Захад чамусьці хоча нейкіх іншых крокаў — "аддай бясплатна прадпрыемства", так званая прыватызацыя, "рэнтабельнае, высокадаходнае прадпрыемства — аддай". Гэта, дарэчы, не толькі Захаду датычыцца. Я сказаў, як мы будзем у гэтым напрамку дзейнічаць", — рэзюмаваў Прэзідэнт.

Адказваючы на пытанне аб тым, якіх крокаў Мінск чакае ад Захаду, кіраўнік дзяржавы сказаў: "Што датычыцца эканомікі — зона свабоднага гандлю, сістэма абагульненых прэферэнцый. Чаму вы нас адтуль выключылі? Гэта што, вам на страту? Вы павінны былі дапусціць нас на роўных умовах без дыскрымінацыі на свае рынкі, мы ж вас не дыскрымінуем у Беларусі. Вы гэтага не зрабілі. І ўсё нам выстаўляеце нейкія ўмовы... Я яшчэ раз падкрэсліваю: я ведаю, да чаго зводзяцца гэтыя ўмовы: вам не падабаецца Лукашэнка. Давядзецца пацярпець — выбар зробіць беларускі народ".

Аляксандр Лукашэнка асабліва падкрэсліў неабходнасць зняцця як эканамічных, так і візавых абмежаванняў. "Усялякія санкцыі павінны быць зняты. Гэта, па-першае. Па-другое, візы для нашых грамадзян павінны быць такімі, як для нашых суседзяў. Вы ж багатыя, чаго вы нам заломліваеце цану 60 еўра?" — абурыўся Прэзідэнт.

Каментуючы пытанне аб магчымасці адмены смяротнай кары ў Беларусі, кіраўнік дзяржавы нагадаў, што пераважная большасць беларускага грамадства выказваецца за захаванне ў краіне вышэйшай меры пакарання. "У свой час мы ўвялі пажыццёвае зняволенне. І тыя, хто раней падпадаў пад смяротную кару як выключнае пакаранне, пераважная большасць, атрымліваюць, як і ў вас, пажыццёвае зняволенне. Калі толькі хоць самая малая зачэпка недзе ў суда ёсць, што можа быць дапушчана памылка, то ў нас ёсць альтэрнатыва — пажыццёвае зняволенне. Але, выбачайце, калі нягоднік і падонак здзекуецца над вашымі дзецьмі і забівае іх... Вось расіяне ўвялі мараторый на пакаранне смерцю. Спытайце ў кіраўніцтва Расіі і расіян: яны ў захапленні ад гэтага? Не!" — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Мінск не прыме любыя патрабаванні аб выдачы К. Бакіева.

"Да мяне афіцыйна ніхто не звяртаўся. І адразу хачу заявіць, што гэтыя звароты будуць дарэмныя, таму што яны ведаюць, які будзе адказ ад Лукашэнкі. Прэзідэнт Кыргызстана знаходзіцца пад абаронай беларускай дзяржавы і Прэзідэнта. Прэзідэнт Кыргызстана і сёння Прэзідэнт. Яго ніхто не пазбавіў паўнамоцтваў. Нават калі б ён захацеў пайсці ў адстаўку, то па Канстытуцыі яе няма каму прымаць — парламент жа таксама разагналі. Таму ён сёння адзіны легітымны чалавек. І ён жа не рвецца ў Кыргызстан, каб вярнуцца і зноў стаць Прэзідэнтам, хоць гэта было б зразумела. Ён адкрыта заяўляе, перажываючы за сваю краіну і народ, што ён гатовы аказаць дапамогу ў выхадзе з юрыдычнага тупіка ўсёй краіны і так званага часовага ўрада", — адзначыў беларускі лідар.

...Прэзідэнт Беларусі нагадаў, што толькі 9 месяцаў таму кыргызскі народ выбраў свайго Прэзідэнта. "Там назіралі ўсе пільна: і Захад, і Амерыка, і СНД. І ўсе ў адзін голас прызналі гэтыя выбары. Прызналі Бакіева законным Прэзідэнтам. Што здарылася праз 9 месяцаў? Каму ён стаў непажаданы?" — абурыўся беларускі лідар. "І з гэтага пункту гледжання — што мяне папракаць, тым больш Расіі? Гэта што ў іх, першы раз здарылася? Калі гэтага ж Прэзідэнта за рукі прывялі да ўлады, праўда, тады без стральбы, дзе апынуўся папярэдні Прэзідэнт Кыргызстана Аскар Акаеў, дзе? У Расіі. Яны спакойна працаўладкавалі яго. Я працаўладкаваў, груба кажучы, прыняў гэтага Прэзідэнта. Што тут не так? Або Расіі можна, а нам нельга?", — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанне журналіста, выказаў упэўненасць, што кыргызскі сцэнарый у Беларусі немагчымы. "Вы добра ведаеце, што Беларусь — гэта не Кыргызстан. І любы, хто паспрабуе ў Беларусі зрабіць падобным чынам, будзе заўсёды, узважваючы, думаць: наколькі гэта будзе шкодна для яго самога. Гэта зрабіць сабе на шкоду. Беларусь — цэнтр Еўропы, цывілізаванага свету. Таму тут па прычыне іншых, у тым ліку, фактараў гэта немагчыма, — сказаў ён. — Што датычыцца таго, ці стаяла Расія за падзеямі ў Кыргызстане... У мяне звестак няма. Але заявы расійскіх палітыкаў у час гэтага дзяржаўнага перавароту і пасля яго насцярожваюць. Гэтак жа, як і вас".

На думку Прэзідэнта Беларусі, Расія і ЗША тым, што падтрымліваюць незаконнае фарміраванне і ўрад, які насільным шляхам прыйшоў да ўлады, па сутнасці, стварылі небяспечны прэцэдэнт.

Беларусь настойвае на пабудове Мытнага саюза на раўнапраўных прынцыпах.

На думку беларускага лідара, існуюць класічныя прынцыпы пабудовы таго ці іншага аб'яднання...

"У Еўрапейскім саюзе паміж еўрапейскімі дзяржавамі ёсць якія-небудзь мытныя пошліны? Няма. Ніякіх граніц: ні эканамічных, ні мытных, нават і пагранічных. Няма іх. Усё ўніфікавана, як у адной дзяржаве. І гэта правільна", — лічыць Прэзідэнт.

"А чаму мы, выбудоўваючы Мытны саюз, павінны зыходзіць з іншых прынцыпаў? Не павінны, — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы. — Тут вырашылі зрабіць выключэнне. Гэта сведчыць аб чым? Што ў нас нераўнапраўныя адносіны: вось захацела адна дзяржава "нахіліць" другую — увялі мытныя пошліны. Вы лічыце, што ў гэтага аб'яднання ёсць перспектывы? Наўрад ці, калі мы будзем адыходзіць ад нашых дамоўленасцяў і калі мы будзем парушаць фундаментальныя прынцыпы пабудовы гэтага Мытнага саюза і гэтай арганізацыі".

У той жа час Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што Беларусь, Казахстан і Расія пакуль толькі ў пачатку шляху па фарміраванні Мытнага саюза. З 1 студзеня быў уведзены Адзіны мытны тарыф. З 1 ліпеня плануецца зняць усялякі кантроль на ўнутраных граніцах і перавесці яго на знешнія. "Вядома, калі там будзе дыскрымінацыя ў адносінах да нас, то нам такое аб'яднанне не патрэбна, нам гэта дыскрымінацыя не патрэбна. Але я лічу, што і Расія, і Казахстан (а ім гэта вельмі важна і з палітычнага, і з эканамічнага пункту гледжання, асабліва для Расіі), ніколі не пойдуць на разбурэнне свайго дзецішча, на разбурэнне свайго дзіцяці. А калі не пойдуць, значыць, будуць будаваць на раўнапраўных, фундаментальных прынцыпах Мытнага саюза нашы адносіны", — перакананы кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама падкрэсліў, што пакуль яшчэ дачасна гаварыць аб выхадзе Беларусі з Мытнага саюза. "Выходзіць, яшчэ не ўвайшоўшы, — наўрад ці гэта будзе правільна, — адзначыў ён. — Пажывём — пабачым. Паглядзім, як будзе складвацца сітуацыя. Але мы нацэлены на тое і прыхільнікі таго, каб гэта быў цесны саюз, пакуль трох дзяржаў, але я ўпэўнены, што, калі гэта ўсё нармальна пойдзе, да нас далучацца і іншыя".

"Беларусь заўсёды была краінай, якая выступала за інтэграцыю на постсавецкай прасторы", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. "І калі дэзінтэграцыйныя працэсы адбываюцца, яны нас не проста хвалююць, а мы вельмі перажываем наконт гэтага. Я вельмі выразна разумею, што сабою ўяўляе СНД, ЕўрАзЭС, АДКБ. Ну што гэта за арганізацыя, калі ў яе рамках адбываецца нешта падобнае да кыргызскіх падзей. Уявіце, што ў НАТА ў нейкай краіне здарылася б такая падзея? Вы што, хочаце сказаць, што гэта засталося б без увагі арганізацыі? Не. Імгненна адрэагавалі б, на працягу некалькіх гадзін. У нас ужо мінула паўмесяца, па-мойму, — цішыня... Ну і што гэта за арганізацыя?" — абурыўся Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што на гэты час няма фактараў, якія прымусілі б яго адмовіцца ад удзелу ў прэзідэнцкіх выбарах.

"Што датычыцца майго ўдзелу... Я рашэння гэтага не прымаў. І шчыра вам скажу, што я не сяджу і не ўзважваю за і супраць, я проста аб гэтым не думаю", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Але адкрыта вам скажу, што цяпер такіх фактараў, якія прымусілі б мяне адмовіцца ад удзелу ў гэтых выбарах, няма. Няма такіх фактараў, якія б, ведаеце, усяму народу давалі сігнал, што Лукашэнка не павінен удзельнічаць у гэтых выбарах, — адзначыў ён. — Напэўна, наадварот, калі б я адмовіўся, то народ бы мяне не зразумеў. Гэта нейкая баязлівасць... Ну, ідзі на выбары: прайграеш — прайграеш, выйграеш — выйграеш. Таму я спакойна да гэтага стаўлюся".

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што не думаў над тым, у якім узросце пойдзе з прэзідэнцкай пасады. "Справа ж не ва ўзросце. А справа ў стане чалавека і ў магчымасці, у здольнасці забяспечыць той або іншы працэс і выканаць тыя абавязацельствы, якія ты на сябе бярэш. А народ, усё гэта бачачы, супастаўляе і галасуе за або супраць", — сказаў ён.

"Што датычыцца майго ўзросту, то я вам павінен сказаць, што я вельмі рана стаў Прэзідэнтам, таму вам ужо ў нейкай ступені, напэўна, надакучыў, — дадаў Аляксандр Лукашэнка. — А ў маім узросце толькі-толькі становяцца сталымі палітыкамі, толькі-толькі становяцца прэзідэнтамі. Раней — небяспечна".

На пытанне журналіста, ці ёсць у Аляксандра Лукашэнкі планы, пайшоўшы з прэзідэнцкай пасады, пакінуць гэту пасаду сваім сынам, ён адказаў: "У мяне такіх планаў, паверце, няма. Каб мой сын стаў прэзідэнтам? Я неяк гаварыў, што мае дзеці "наеліся" майго прэзідэнцтва, што наўрад ці яны захочуць быць прэзідэнтамі пасля мяне". Кіраўнік дзяржавы таксама дадаў, што ў Беларусі пасада Прэзідэнта ў спадчыну не перадаецца.

Нікому звонку не будзе дазволена змяніць у Беларусі ўладу, заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Нікому, як бы ні склалася тут сітуацыя, не будзе дазволена і ў яго не будзе ніякай магчымасці змяніць тут уладу і паставіць сваю, нават у амерыканцаў. Гэта немагчыма!" — сказаў кіраўнік дзяржавы, адказваючы на пытанне, ці існуюць нейкія сілы на Захадзе або Усходзе, якія жадаюць умяшацца ў ход прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

"Беларусы ж не ў бананавай краіне жывуць! Гэта адукаваныя, нармальныя людзі. І калі толькі вы паспрабуеце ім навязаць волю — яны зробяць наадварот. Таму ні Расіі, ні Амерыцы, ні Еўрасаюзу не дазволена ўмешвацца празмерна і адкрыта ў нашы выбары", — адзначыў Прэзідэнт. "Таму я абсалютна не хвалююся, што недзе ў Расіі, або ў Еўрасаюзе, або ў Амерыцы ўжо нехта пачаў варушэнне, каб зняць дзейнага прэзідэнта і паставіць свайго", — дадаў ён.

У той жа час Аляксандр Лукашэнка не думае, што такія працэсы ўжо адбываюцца. На яго думку, Расіі нявыгадна тут мяняць дзейную ўладу. "Давайце возьмем Расію. У Расіі, можа, хтосьці і хацеў бы, каб тут быў іншы прэзідэнт. Чым жа дрэнны для іх Лукашэнка? Толькі тым, што ён не кланяецца, не сядзіць пад Крамлём і не просіць падачкі і мае сваю пазіцыю, адстойвае незалежнасць сваёй дзяржавы. Але ўсё астатняе ж тут прарасійскае. У нас дзяржаўныя мовы беларуская і руская. Але расіяне заўсёды настойваюць, каб руская мова культывавалася ў тых або іншых дзяржавах. Вельмі балюча рэагуюць, калі ўшчамляецца руская мова. У нас гэта ёсць? Не. Правы рускага чалавека ў нас ушчамляюцца? Не. Ды ў нас палавіна ўрада — рускія", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

"У нас што, крымінальная краіна, бандыцкая, карумпаваная? Не. Дай бог, каб Расія такая была. Мы што, не выконваем свае абавязацельствы, узятыя перад Расіяй па абароне, па іншых пытаннях? Не. Мы што, расійскія прыродныя рэсурсы не транспартуем праз сваю тэрыторыю на Захад? Ды не, нармальна ўсё. Тады што трэба? Ад дабра дабра не шукаюць — у нас ёсць такая прымаўка. Таму так, Лукашэнка вось такі — яго нельга нахіліць. Але, з іншага боку, тая палітыка, якую праводзіць Лукашэнка, — гэта ж карысць для Расіі. Дык чаго тут скакаць, кідацца і чагосьці шукаць новага?" — адзначыў Прэзідэнт. "Я не лічу, што ў Расіі палітычная эліта і нават кіраўніцтва краіны, для якога я не вельмі зручны, будуць некага шукаць тут", — дадаў ён.

Што ж датычыцца Захаду, то, на думку кіраўніка дзяржавы, яму было б выгадна, калі б у Беларусі не было Лукашэнкі. "Захад апладзіраваў бы, калі б заўтра тут не было Лукашэнкі. Расія — не, а Захад — бы апладзіраваў", — сказаў Прэзідэнт. "І я гэта добра разумею. Але выгадна было б толькі ў тым выпадку, калі б прыйшоў іх чалавек", — адзначыў беларускі лідар. "Усе, хто змагаецца супраць Лукашэнкі, заходнеарыентаваны. А з Расіяй яны проста спрабуюць заігрываць. Але ў Расіі дурняў няма, яны ж вельмі добра разумеюць і нармальна ацэньваюць тут сітуацыю. Наколькі, вядома, яны інфармаваны аб працэсах, якія адбываюцца ў Беларусі", — сказаў ён.

"Таму калі вы перажываеце наконт таго, што тут, за мяжой ужо нейкія працэсы пачаліся, накіраваныя на зняцце прэзідэнта, то не перажывайце", — падагульніў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле паведамленняў прэс-службы Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь і БЕЛТА.

   

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Будаўніцтва Саюзнай дзяржавы апошнім часам некалькі прыпынілася, аднак Беларусь і Расія могуць нагнаць гэта адставанне. Такую думку выказаў Прэзідэнт Беларусі...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика