20.08.2010 14:51
—
Новости Политики
|
З 23 па 27 жніўня рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «Белая Русь» па даручэнні прэзідэнта будзе праводзіць маніторынг меркавання насельніцтва аб якасці працы мясцовай улады.
Пра гэта журналістам паведаміў старшыня «Белай Русі» міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў 20 жніўня перад адкрыццём форуму педагагічных работнікаў устаноў сістэмы адукацыі ў Мінску. Паводле слоў Радзькова, «Белая Русь» актыўна ўключылася ў працу дзяржорганаў. «Гэты маніторынг — магчымасць дапамагчы. Прычым арганізацыя грамадская, якая не залежыць ад уплыву ўлады. Мы ўпэўнены, што, апрацаваўшы звароты насельніцтва, дадзім кіраўніку дзяржавы дастаткова аб’ектыўны матэрыял», — сказаў старшыня РГА. Адной з форм узаемадзеяння «Белай Русі» з насельніцтвам, паводле слоў Радзькова, з’яўляюцца грамадскія прыёмныя, арганізаваныя ва ўсіх раённых цэнтрах. За час працы РГА праз грамадскія прыёмныя паступіла прыкладна 10 тысяч зваротаў. Сярод іх — як скаргі на начальства і органы ўлады, так і праекты, прапановы, пажаданні. Усе звароты перадаюцца на адпаведныя ўзроўні ўлады для далейшага разгляду, запэўніў Радзькоў, дадаўшы, што «ёсць добрыя вынікі».
|
|