Ключы ад выбараў знаходзяцца ў кішэні беларускага народа. 21.by

Ключы ад выбараў знаходзяцца ў кішэні беларускага народа

28.09.2010 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Аб гэтым 25 верасня ў Лідзе, адказваючы на пытанні журналістаў, заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што з'яўляецца самым зацікаўленым чалавекам у тым, каб выбары ў краіне прайшлі адкрыта і сумленна. "Мая справа як Прэзідэнта, нягледзячы на тое, што я ўдзельнічаю ў гэтых выбарах, забяспечыць абсалютную празрыстасць і сумленнасць на выбарах", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Ключы ад выбараў у Беларусі знаходзяцца сёння ў вас у кішэні. Нават не ў мяне, яны ў вас, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Ключы сёння не ў Крамлі, а ў Мінску, Гродне, Лідзе, у маленькіх вёсачках, сёлах, у кішэнях нашых ветэранаў, пенсіянераў, студэнтаў, моладзі, ваенных людзей. Вось там гэтыя ключы".

Галоўнай падзеяй "Дажынак — 2010" у Лідзе ўжо традыцыйна стала ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання Прэзідэнтам Беларусі пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва. На галоўную фестывальную пляцоўку кіраўнік дзяржавы прыбыў пасля знаёмства з вынікамі праведзенай у горадзе працы па падрыхтоўцы да рэспубліканскага свята і, у прыватнасці, з пабудаваным  Лядовым палацам. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што такі цудоўны аб'ект не павінен пуставаць, неабходна ствараць спартыўныя школы і набіраць дзяцей.

Каравай — сімвал новага ўраджаю — кіраўніку дзяржавы ўручыў старшыня СВК "Прагрэс-Верцялішкі" Гродзенскага раёна, Герой Беларусі Васіль Равяка — менавіта ў гэтай гаспадарцы сёлета атрымалі найлепшую ў краіне ўраджайнасць збожжа — 84,9 цэнтнера з гектара.

"Дзякуй нашай роднай зямлі і тым, хто на ёй працуе. У чатырнаццаты раз усенародна і ўрачыста краіна ўшаноўвае людзей адной з самых мірных на зямлі прафесій — хлебаробаў. Такое стаўленне яны заслужылі па праву. Бо менавіта дзякуючы іх самаадданай працы забяспечваецца харчовая бяспека дзяржавы, што робіць нашу эканоміку менш залежнай ад знешніх фактараў і больш устойлівай" — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт нагадаў, што калі некалькі гадоў таму была прынятая Дзяржаўная праграма адраджэння і развіцця вёскі, а пасутнасці яе выратавання, то многія ў нас у краіне і за мяжой ёрнічалі і скептычна пасмейваліся. Аднак сёння ўсе ўжо пераканаліся, што гэта быў правільны, вывераны і граматны крок як з пункту гледжання развіцця эканомікі, так і павышэння дабрабыту людзей. За пяць гадоў практычна ўтрая павялічылася вытворчасць валавага ўнутранага прадукту на вёсцы і прадукцыйнасць працы. З'явілася амаль паўтары тысячы аграгарадкоў, дзе амаль 80 тысяч сем'яў справілі ўваходзіны ў камфартабельных кватэрах альбо дыхтоўных дамах. Мы фактычна сфарміравалі матэрыяльную базу сельскай гаспадаркі. Цалкам абнавілі машына-трактарны парк. Аб'яднаўшы намаганні прамысловай вытворчасці, навуковых работнікаў, канструктараў, стварылі тэхніку новага пакалення, якая па сваіх спажывецкіх якасцях набліжаецца да лепшых замежных аналагаў, аднак каштуе танней. За апошнія пяць гадоў асвоены прамысловы выпуск 67 відаў сельскагаспадарчых машын і абсталявання. І цяпер амаль усе віды аграрных работ мы можам праводзіць, выкарыстоўваючы толькі айчынную тэхніку. У 2005—2009 гадах рэканструявана і пабудавана амаль паўтары тысячы малочнатаварных фермаў, 95 комплексаў па вырошчванні свіней, 89 — па адкорме буйной рагатай жывёлы, абноўленыя практычна ўсе птушкафабрыкі. Такой магутнай мадэрнізацыі і будаўніцтва на вёсцы не было ніколі за ўсю гісторыю нашай краіны.

Сучасныя тэхналогіі, сказаў Аляксандр Лукашэнка, дазволілі выйсці на значна больш высокі ўзровень ураджайнасці палёў і прадуктыўнасці жывёлагадоўлі. У сярэднім штогод за перыяд рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы па адраджэнні і развіцці вёскі ў краіне атрымана амаль 7,5 мільёна тон збожжа — гэта амаль на 2 мільёны тон больш, чым у сярэднім за мінулую пяцігодку. А сярэдняя ўраджайнасць узрасла з 22 да 30 цэнтнераў. Ужо тры гады наша жывёлагадоўля мае ўласныя кармы ў неабходных аб'ёмах. Цалкам забяспечваюцца сыравінай перапрацоўчыя прадпрыемствы. Вытворчасць цукровых буракоў дасягнула 4 мільёнаў тон, агародніны — больш чым 2 мільёнаў тон, пладоў і ягадаў — каля 700 тысяч тон. Сярэдні надой ад каровы летась перавысіў 4700 кілаграмаў. Пры гэтым у трэці гаспадарак перавышаны пяцітысячны ўзровень. А 53 сельгаспрадпрыемствы перавысілі 7 тысяч кілаграмаў. Такія аб'ёмы вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі дазваляюць значную яе частку пастаўляць за мяжу. У бліжэйшыя гады экспарт сельскагаспадарчай прадукцыі будзе павялічаны як мінімум удвая. А ў 2015 годзе ставіцца задача выйсці на ўзровень экспарту 7—10 мільярдаў долараў.

"Мяркую, сёння ўжо ні ў кога язык не павернецца сказаць, што грошы, якія выдзяляюцца на сельскую гаспадарку, закопваюцца ў зямлю", — зазначыў Прэзідэнт. Так, цана пытання вялікая. На рэалізацыю Дзяржаўнай праграмы адраджэння, развіцця вёскі, падтрымкі сельскагаспадарчай вытворчасці накіравана больш за 120 трыльёнаў рублёў. Але вынік відавочны. Беларусь забяспечвае прадуктамі харчавання не толькі сябе, але і шэраг іншых краін. Нават тыя, якія калісьці лічыліся жытніцамі. Сёння ні на адзін тавар попыт не расце так, як на прадукты харчавання. А беларуская прадукцыя запатрабаваная ў самых розных рэгіёнах, яна канкурэнтаздольная па цане і якасці. І цяпер галоўнае для нас — не ўпусціць момант, з улікам цяперашняй кан'юнктуры спрацаваць з максімальнай эканамічнай эфектыўнасцю, пашырыць геаграфію экспарту. Трэба ад таго, што мы сёння маем ад матулі-зямлі, атрымаць максімальны даход. Гэта наша "вуглевадародная сыравіна".

Прэзідэнт адзначыў, што для беларускіх земляробаў сёлетні год аказаўся вельмі няпростым. Былі лютыя маразы, праліўныя дажджы і анамальная спёка. У ліпені — першай палове жніўня Беларусь зраўнялася па тэмпературы паветра з Цэнтральнай Афрыкай. Па падліках вучоных, з-за неспрыяльных кліматычных умоў Беларусь недабрала сёлета больш за два мільёны тон злакаў. І ўсё ж, лічыць кіраўнік дзяржавы, са складанай сітуацыі мы выйшлі больш паспяхова, чым многія іншыя краіны. Максімальна выкарысталі фактар надвор'я падчас жніва, завяршылі яго да пачатку непагадзі, паспелі сабраць збожжа без дадатковай сушкі, што дазволіла зэканоміць 10 мільярдаў рублёў у цэлым па краіне. Валавы збор усіх збожжавых і зернебабовых культур, з улікам прыватных падворкаў і фермерскіх гаспадарак, склаў больш за 7 мільёнаў тон. У большасці абласцей у чарговы раз пераадолелі мільённы рубеж. Нягледзячы на цяжкія ўмовы надвор'я, сёлета ўпершыню закладзена ў засекі амаль 600 тысяч тон толькі пшаніцы. Нарыхтавалі неабходную колькасць піваварнага ячменю найвышэйшай якасці. Цалкам забяспечым жывёлагадоўлю канцэнтраванымі кармамі. Больш за тое, маем пераходны запас збожжа мінулага ўраджаю — 1 мільён 200 тысяч тон. Зможам і сябе накарміць, і дапамагчы суседзям. Па просьбе Расіі наша краіна прадасць ёй некалькі дзясяткаў тысяч тон насення, частку мукі і крупаў.

Акрамя таго, у гэтым годзе нас падтрымае кукуруза, ад яе мы павінны атрымаць тысяч 800, а можа, і мільён тон збожжа, якое не горшае, чым фуражнае збожжа злакаў. Прычым праз два гады краіна цалкам забяспечыць свае патрэбы ўласным насеннем кукурузы. Пабудаваныя два заводы, якія давядуць збожжа да сусветных кандыцый. І гэта таксама вялікі рэзерв для жывёлагадоўлі.

Гаворачы аб выпрабаванні краіны анамальнай спёкай, Прэзідэнт высока ацаніў дзейнасць мясцовых органаў улады, работнікаў лясной гаспадаркі, і, галоўнае, спецыялістаў МНС, дзякуючы якім быў устаноўлены парадак у лясных масівах, ажыццяўляўся маніторынг і аператыўна ліквідаваліся ачагі пажараў, што перыядычна ўзнікалі. Гэтым мы змаглі выратаваць не толькі ўраджай, але і людзей. Не згарэла ніводная вёска, не пацярпеў ніводны дом, ніводны чалавек. "Гэта сведчанне таго, што краіна цвёрда стаіць на нагах, яна кіруемая і мы здольныя адказваць на выклікі і прыроды, і часу" — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама адрасаваў словы падзякі ўсім, хто сваёй дзейнасцю дапамагае аграрыям — вучоным, машынабудаўнікам, транспартнікам, дзеячам культуры, медыцынскім работнікам. І, звяртаючыся да ўдзельнікаў галоўнага свята хлебаробаў, яшчэ раз падкрэсліў, што яны ва ўмовах анамальнай спёкі "не зламаліся, не схіліліся, а разам са сваімі кіраўнікамі выратавалі збожжавы клін нашай дзяржавы".

Аляксандр Лукашэнка назваў рэгіёны, гаспадаркі, імёны сёлетніх перадавікоў, якіх гасцінна сустрэлі ў старажытнай Лідзе. Калісьці мы здзіўляліся тысячным намалотам камбайнераў, а сёлета звыш 2 тысяч тон намалацілі амаль 100 экіпажаў, а шасці ўдалося атрымаць больш за 3 тысячы тон. Рэкорд года ўстанавілі старшы камбайнер агракамбіната "Зара" Магілёўскага раёна Уладзімір Корсак і яго памочнік Аляксандр Разганаў, на рахунку якіх амаль 4 тысячы 200 тон збожжа. Да іх выніку наблізіліся старшы камбайнер Валянцін Саламаха з напарнікам Аляксандрам Гранем з агракамбіната "Холмеч" Рэчыцкага раёна, якія намалацілі 3863 тоны збожжа.

Пры гэтым Прэзідэнт адзначыў, што фестываль "Дажынкі" ўжо традыцыйна становіцца двайным святам — як для працаўнікоў вёскі, так і для жыхароў тых населеных пунктаў, якія атрымалі новае аблічча. Фестываль заканчваецца, а новыя аб'екты застаюцца і будуць служыць людзям шмат гадоў. "Асабліва прыемна, што многае з гэтага было зроблена ўласнымі сіламі жыхароў, работнікаў арганізацый. Больш за 50 тысяч чалавек выйшла на суботнікі, каб добраўпарадкаваць свой горад. Малайцы лідчане! Справай даказалі сваю любоў да горада. Там, дзе людзі нераўнадушныя да родных мясцінаў, заўсёды будзе парадак, дабрабыт і абавязкова працвітанне", — сказаў Прэзідэнт.

Беларусь стаіць на парозе новай пяцігодкі. Мы падыходзім да яе з саліднымі дасягненнямі ў агракомплексе, але значна, несувымерна больш нам трэба зрабіць заўтра, падкрэсліў Прэзідэнт. Неабходна выйсці на сярэднееўрапейскі ўзровень сельскагаспадарчай вытворчасці і якасці жыцця людзей. Ужо ў наступным годзе нам трэба мець каля 10 мільёнаў тон збожжа, па меншай меры на 10 працэнтаў павялічыць аб'ёмы жывёлагадоўчай прадукцыі. Да 2015 года экспарт малочных прадуктаў павінен прыносіць краіне не менш за 2 мільярды долараў ЗША. Удвая ўзрасце вытворчасць свініны і птушкі. Акрамя таго, у планах атрыманне да 40 тысяч тон далікатэсных вырабаў з ялавічыны. Асаблівыя патрабаванні будуць прад'яўленыя да захоўвання прадукцыі, прадугледжана маштабнае будаўніцтва сучасных складскіх памяшканняў і бульбасховішчаў. 

Будзе далей удасканальвацца і сацыяльная сфера вёскі. Усе аграгарадкі будуць даведзеныя да поўной адпаведнасці сваім пашпартам. Аграгарадок павінен стаць не толькі месцам утульнага пражывання сялян, але і цэнтрам іх эфектыўнай і добра аплачваемай працы. Зарплата на вёсцы павінна павялічыцца як мінімум удвая.

"Асаблівасць наступнай пяцігодкі, калі казаць простай мовай, будзе ў тым, што нам неабходна паскорыцца і "бегчы" ўдвая хутчэй. Каб у гэтай мітусні нас, калі застанемся ў хвасце, не раздавілі. Каб мы не адсталі і потым зноў гераічна не пераадольвалі за вялікія грошы гэта адставанне. Нам трэба працаваць больш эфектыўна і хутка. І будзьце гатовыя, калі нам давядзецца працаваць (няхай гэта непапулярна сёння прагучыць у перадвыбарную кампанію): дысцыпліна як на вёсцы, так і ў цэлым у краіне павялічыцца , калі казаць простай мовай, таксама ўдвая" — сказаў Аляксандр Лукашэнка. На яго думку, з-за расхлябанасці, неарганізаванасці, недысцыплінаванасці мы не атрымліваем 25 працэнтаў эфекту. А значыць, мы маглі б на гэтыя 25 працэнтаў быць багацейшымі. І ў гэта не трэба ўкладваць грошы. Патрэбныя дысцыпліна, парадак. Гэты рэсурс у будучай пяцігодцы мы абавязаныя выкарыстаць спаўна.

Напрыканцы выступлення Прэзідэнт ад імя ўсяго беларускага народа падзякаваў усім, хто так ці інакш мае дачыненне да ўраджаю сёлетняга года, пажадаў ім моцнага здароўя, дабрабыту і працвітання. А затым былі ўзнагароджаныя пераможцы рэспубліканскага спаборніцтва. У прыватнасці, камбайнеры — Ганаровым дыпломам і легкавым аўтамабілем. Альбо, калі такая ўзнагарода механізатару ўжо ўручалася на ранейшых "Дажынках" — камп'ютарам і грашовай прэміяй у суме 9 мільёнаў рублёў. За высокія вынікі ў вырошчванні збожжавых культур, забеспячэнне эканамічнай эфектыўнасці сельскай гаспадаркі, развіццё сацыяльнай сферы вёскі калектывы аграпрамысловага комплексу Гродзенскай і Брэсцкай абласцей удастоеныя Падзякі кіраўніка дзяржавы. Упершыню на рэспубліканскіх "Дажынках" адзначаныя Ганаровымі дыпломамі і грашовымі прэміямі дасягненні ў вытворчасці насення кукурузы.

У гутарцы з журналістамі Прэзідэнт адказаў на шэраг актуальных пытанняў. У прыватнасці, ці няма небяспекі, што нашы прадукты харчавання будуць вывозіцца ў суседнія краіны, дзе сёлета з-за засухі быў неўраджай? Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што дэфіцыту прадуктаў харчавання ў рэспубліцы не будзе: "Калі навокал пачынае штарміць, то гэта не значыць, што ў нас будзе ціша і любата. Безумоўна, зачэпіць і нас. Але я вас запэўніваю, што без кавалка хлеба, без крупаў, мяса і малака наша Беларусь ніколі не застанецца. Таму што ў нас ёсць, адкуль гэта ўзяць, ёсць нармальныя запасы. У нас не выразана пагалоўе кароў — значыць, будзе малако. Прыбавілі значна пагалоўе мясное — значыць, будзе мяса. Гэта запас, які сёння знаходзіцца на фермах, і яго ніхто нікуды не вывезе. Калі будзе цяжка, мы знойдзем схему, каб па прымальнай цане сваю прадукцыю давесці да спажыўцоў Беларусі".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што менавіта захаванасць вырашчанай прадукцыі з'яўляецца сёння галоўным патаннем.

Потым прадстаўнікі СМІ папрасілі кіраўніка дзяржавы пракаментаваць заяву некаторых так званых экспертаў ад апазіцыі, якія сцвярджаюць, што павышэнне зарплат, пенсій і стыпендый у гэтым годзе звязана з падрыхтоўкай улады да прэзідэнцкіх выбараў, а пасля выбараў сітуацыя быццам бы зменіцца ў горшы бок.

У адказ на гэта Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Ці тое яшчэ будзе: да 19 снежня (дзень прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі) вам столькі напішуць і столькі раскажуць, што вы самі здзівіцеся". "Нас палохалі ўжо шмат-шмат разоў і дэвальвацыяй, і ростам цэнаў, і абвалам, і знішчэннем, і "свіным", і "птушыным" грыпам. Я заўсёды сумленна і адкрыта казаў: супакойцеся, беларусы. Калі заўтра будзе цяжка, я сам вам пра гэта скажу, я ў гэтым буду зацікаўлены, каб людзі падрыхтаваліся. Сёння няма ніякай крытычнай сітуацыі", — адзначыў беларускі лідар. Аляксандр Лукашэнка заявіў: "Нашым апанентам, так званым, я іх называю ворагамі народа, яны, праўда, не вельмі згодныя, але я яшчэ раз паўтару: нашым ворагам народа выгадна дэстабілізаваць абстаноўку, на фінансавым рынку гэта, у сферы цэнаў, палітыкі, эканомікі, ці ў сферы бяспекі для таго, каб нават не выйграць гэтыя выбары, а паказаць, што Лукашэнка не здольны. Усё гэта палітыка. Пройдзе Новы год, паглядзіце — пра гэта перастануць пісаць".

"Але я хачу папярэдзіць, што час у нас складаны. Вы бачыце гэты націск жудасны з усіх бакоў. І яны думаюць, што могуць неяк мяне нахіліць і краіну разваліць. Я чарговы раз гавару: я ненахіляемы, я ўмею слухаць, рабіць высновы, улічваць чужое меркаванне, ісці на кампрамісы, але нахіляць мяне дарэмна таму, што ёсць вы, ёсць Беларусь і ёсць вось гэта прыгажосць, якую мы не можам нікому аддаць. І наогул навошта? Калі хто-небудзь хоча, каб мы некаму гэта зрабілі, калі ласка, плаціце грошы — мы вам зробім. Але націскаць на нас бесперспектыўна", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

"Палохаць будуць, але нам трэба супакоіцца і займацца сваёй справай. Яшчэ на палях шмат бульбы, лён убралі — трэба яго перапрацаваць, каб было сваё адзенне, сёння на палях добры ўраджай агародніны — яго трэба сабраць і захаваць. Увогуле, усё ў нас ёсць для таго, каб абуцца, апрануцца і паесці. Таму выжывем, як бы нас ні палохалі, як бы нам ні раілі МВФ, Расія, Еўропа. У нас ёсць свае мазгі. Мы будзем зыходзіць з таго, што ёсць", — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Каментуючы некаторыя прагнозы наконт дэвальвацыі рубля, Прэзідэнт сказаў, што трэба падрыхтавацца не да дэвальвацыі, а да таго, каб "спакойна жыць і карміць свае сем'і". "Самы просты варыянт, каб у фінансава-эканамічнай сферы дэстабілізаваць абстаноўку — гэта парадзіць паніку ў насельніцтва. Маўляў, заўтра з рублём нешта будзе і так далей, бяжыце ў абменнік і мяняйце на долары. Сёння мы не збіраемся абвальвацца, калі гэтага не захочуць людзі, калі яны не пачнуць панікаваць. У нас дастаткова золатавалютных рэзерваў, каб аднамомантна разлічыцца з людзьмі, калі яны захочуць узяць свае ўклады. Калі ласка, забірайце. Але я яшчэ раз кажу: мы павінны бачыць перспектыву, мы павінны клапаціцца і хварэць за сваю дзяржаву. Яшчэ раз падкрэсліваю: мы цалкам выканаем свае абавязацельствы, узятыя ў гэтым годзе... Валютны калідор вызначаецца на кожны год, і на будучы мы таксама яго аб'явім", — зазначыў Аляксандр Лукашэнка.

Што датычыцца знешняга ціску на беларускую перадвыбарную сітуацыю, то ніякага ўмяшання з-за мяжы не будзе, перакананы Прэзідэнт: "Выбары мы як пачалі, так і правядзем транспарэнтна, абсалютна адкрыта. Ідзіце, глядзіце. Ідзіце прама да стала, лічыце бюлетэні, хто за каго аддае галасы. Я зраблю ўсё для таго, каб выбары прайшлі спакойна, каб лёс нашай краіны і сёння, і заўтра вырашалі вы".

Наступнае пытанне прадстаўнікоў СМІ таксама датычылася перадвыбарнай тэматыкі. У прыватнасці, увага кіраўніка дзяржавы была звернута на тое, што многія кандыдаты ў прэзідэнты ў цяперашнюю кампанію, у тым ліку і тыя, каго прывыклі называць "заходнікамі", сёння ўзмоцнена разыгрываюць расійскую карту, выступаюць у расійскіх СМІ, разважаюць аб тым, як канструктыўна яны будуць выбудоўваць адносіны з Расіяй, будучы ўпэўненымі, што ключы ад беларускіх выбараў знаходзяцца ў Маскве.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: "Ключы ад выбараў у Беларусі знаходзяцца сёння ў вас (беларускага народа) у кішэні. Нават не ў мяне, яны ў вас. Мая справа як Прэзідэнта, нягледзячы на тое, што я ўдзельнічаю ў гэтых выбарах, забяспечыць абсалютную празрыстасць і сумленнасць на выбарах. Вы разумееце, чаму я больш за ўсё ў гэтым зацікаўлены. І справа не ў тым, прызнаюць — не прызнаюць, легітымны — нелегітымны. Мне ж трэба, каб вы сапраўды, рэальна падтрымлівалі прэзідэнта, а не з пункту гледжання фальсіфікацыі. Ну і навошта, каб пяць гадоў потым папракалі, што мы фальсіфікавалі гэтыя выбары. Самы зацікаўлены чалавек, каб гэтыя выбары прайшлі адкрыта і сумленна — гэта я. Вы гэта павінны ведаць. А ключы сёння не ў Крамлі, а ў Мінску, Гродне, Лідзе, маленькіх вёсачках, сёлах, у кішэнях нашых ветэранаў, пенсіянераў, студэнтаў, моладзі, ваенных людзей. Вось там гэтыя ключы".

На думку Прэзідэнта, "ніякага ўплыву Крэмль на гэтыя выбары не акажа". "Але, калі і акажа, як было да гэтага часу, то толькі ў плане станоўчага, з пункту гледжання цяперашняй улады. Вы ведаеце, што ўвесь гэты бруд аказаўся на руку не ім, а нам. Дай Бог, каб яны і далей вялі гэту кампанію", — сказаў беларускі лідар.

Заўвагу журналіста аб рэзка змененых палітычных схільнасцях многіх кандыдатаў Аляксандр Лукашэнка назваў правільнай. "Дзеючыя асобы адны і тыя ж. Учора яны ігралі на заходняй скрыпцы, сёння іграюць на балалайцы ў Маскве. І гэтым яны сябе поўнасцю знішчаць", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Ну, няўжо вы не разумееце, што гэта людзі, якія наогул не маюць не тое што стрыжня, яны мазгоў не маюць. У мяне складваецца ўражанне: ці хацелі яны наогул прыйсці да ўлады ў Беларусі? Напэўна, не", — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Ён таксама дадаў: "Гэта іх бізнэс. Я ж вам казаў: плацілі на Захадзе, бралі грошы там, яны едуць не толькі на "агледзіны" туды, яны едуць туды для таго, каб атрымаць добрыя грошы. Ёсць людзі, якія ім гэтыя грошы плацяць. Мы ведаем, хто плаціць".

"На здароўе. Гэта таксама інвестыцыі ў наша грамадства. Выбары скончацца, грошы ў іх застануцца, можа нехта што-небудзь купіць на нашым рынку, заплаціць грошы", — адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што "нам трэба супакоіцца і менш глядзець па баках". "Яшчэ раз кажу, нікому мы ключы ад выбараў не аддадзім. Яны будуць у беларускага народа", — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Барыс ПРАКОПЧЫК.

Фота БЕЛТА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аб гэтым 25 верасня ў Лідзе, адказваючы на пытанні журналістаў, заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што з'яўляецца самым...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика