Фрык-парад кандыдатаў у кандыдаты
28.09.2010 15:40
—
Новости Политики
|
27 верасня Цэнтравыбаркам Беларусі
Ветэран кампаній Першай была зарэгістравана ініцыятыўная група старшыні савету Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва 60-гадовага Віктара Цярэшчанкі. Ягонае імя мала вядома масам, аднак прадпрымальнік будзе ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах у трэці (!) раз (дагэтуль былі кампаніі 1994 і 2001 гг.). Прычым у 1994-м Цярэшчанка, які быццам бы ўжо меў 85 тысяч сабраных подпісаў (пры неабходных 100 тысячах), сышоў з гонкі і стаў дарадчай асобай прэзідэнта Лукашэнкі. Ён кіраваў Міжнародным інстытутам мэнэджменту, працаваў у Вярхоўным Савеце 13-га склікання і ў Адміністрацыі прэзідэнта, але потым быццам бы расчараваўся ў палітыцы кіраўніка краіны. У 2001-м “нерадыкальны апазіцыянер” не сабраў неабходнай колькасці подпісаў, хоць і абяцаў, што на пасадзе прэзідэнта раскрые "праўду аб прычынах таямнічай смерці Машэрава, Сурганава... аб прычынах знікнення Захаранкі, Ганчара, Красоўскага, Завадскага". Улюбёнец Курасоўшчыны Адным з самых нечаканых “кандыдатаў у кандыдаты” стаў дырэктар выдавецтва ТДА "Тривиум" Дзмітры Ус. Таленавіты бізнэсоўца, пасля распаду СССР ён сабраў у выдавецтве каманду высокапрафесійных картографаў. Як вынік, доўгі час лепшыя атласы на абсягах СНД выдаваліся менавіта ў Беларусі. У 1993-2003 гадах Дзмітры Ус быў дэпутатам Мінгарсавету ад Курасоўшчыны. Прычым, у адрозненне ад многіх іншых, на гэтай пасадзе ён займаўся рэальнай працай, дапамагаючы сваім выбарцам вырашаць праблемы з капрамонтам, добраўпарадкаваннем двароў і г.д. Дзякуючы гэтаму Ус стаў улюбёнцам жыхароў Курасоўшчыны. Прадпрымальнік таксама ўдзельнічаў у выбарах у Палату прадстаўнікоў 13-га склікання (але саступіў алімпійскаму чэмпіёну Уладзіміру Парфяновічу, якога тады яшчэ падтрымліваў адміністратыўны рэсурс) і тройчы — у Мінгарсавет дэпутатаў. Няўдала. Вядома таксама, што некалькі год назад Дзмітры Ус перанёс цяжкую хваробу, падчас якой, магчыма, страціў ці не ўвесь свой бізнэс. Знаёмыя кажуць, што палітыкай Ус ніколі не цікавіўся, не меў нічога агульнага з апазіцыйнымі партыямі і ўдзельнічаў у выбарчых кампаніях хутчэй для статусу. Цяперашняе рашэнне балатавацца ў прэзідэнты стала для ягоных былых паплечнікаў неспадзяванкай. Сам "улюбёнец Курасоўчыны" кажа, што хоча расплюшчыць людзям вочы, давесці, што самі яны не выбіраюць, а іх галасы папросту выкарыстоўваюць у статыстыцы. На выбарах у гарсавет дэпутатаў гэтай вясной, паводле афіцыйных вынікаў, Ус набраў на 8% меней за старшыню прафсаюзу завода "Інтэграл". Грунтуючыся на статыстыцы галасавання і колькасці сабраных за яго вылучэнне подпісаў, Ус заявіў, што вынікі былі сфальсіфікаваныя. Пад ягоным заклікам перагледзець вынікі галасавання і ўзнавіць справядлівасць падпісалася каля тысячы жыхароў Курасоўшчыны. Прыхільнік асвечанага харчавання У ініцыятыўнай групе начальніка сектара Віцебскага садавіна-гародніннага камбіната Сяргея Рыжова 112 чалавек. 46-гадовы віцебчук трапіў пад На мінулым тыдні ён паведаміў, што пасля цяжкай хваробы яму адмовілі ў шпіталізацыі ў інфекцыйную бальніцу і спрабавалі ўкалоць "невядомы прэпарат". Сяргей Рыжоў дагэтуль не выяўляў палітычнай пазіцыі, не належаў да партый і цяпер не хоча называць сябе апазіцыянерам. Праўда, днямі ў Сеціве з’явілася ягоная праграма пад даўжэзнай назвай "Альбо мы можам мець у гэтай краіне дэмакратыю, альбо велізарнае багацце, засяроджанае ў руках некалькіх чалавек. Але мы не можам мець і тое, і другое адначасова". Сярод іншага ў ёй ідзецца пра неабходнасць сысці ад "існуючай "феадальнай" сістэмы, у якой асноўны прыбытак прадпрыемстваў і канчатковыя рашэнні залежаць ад дзяржаўных "стаўленікаў", а не ад тых, хто сваёй працай, ведамі і дзеяннямі прыносіць рэальную карысць". "Лепшы прадпрымальнік", фізік-ядзершчык, сілавік і пенсіянер Падчас рэгістрацыі ў ЦВК ініцыятыўных груп 51-гадовы віцебскі прадпрымальнік Уладзімір Правальскі заклікаў не рэгістраваць групу прэзідэнта Лукашэнкі, бо той асабіста не падаваў свае дакументы. Выпускнік Беларускага політэхнічнага інстытута, Правальскі займаецца бізнэсам з 1991 года. Цяпер ён прадстаўляе камерцыйныя інтарэсы замоўцаў, забудоўшчыкаў і падрадчыкаў, і сёлета ўказам прэзідэнта Беларусі быў названы пераможцам у катэгорыі "Лепшы прадпрымальнiк у галiне аказання паслуг". 38-гадовы беспрацоўны Сяргей Іваноў з 1994 па 2000 год быў супрацоўнікам сілавых структур, пасля чаго працаваў у камерцыйнай фірме. Ён заяўляе, што прэзідэнт Лукашэнка выканаў пастаўленую ў 1994 годзе задачу, а сістэма ўлады сябе вычарпала. Незадаволены сітуацыяй у краіне ("пануе бязладдзе") і іншы кандыдат ў кандыдаты інжынер-будаўнік Пётр Барысаў. Падаючы заяўку на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы, ён паведаміў, што "СМІ загладжваюць сітуацыю, гавораць, што ў нас усё добра, а ў іншых краінах усё дрэнна". А вось 61-гадовы загадчык лабараторыі Аб'яднанага інстытута энергетычных і ядзерных даследаванняў "Сосны" доктар фізіка-матэматычных навук Іван Кулікоў цяперашнюю ўладу не крытыкуе. Навуковец, вядомы апошнім часам заявамі адносна падрыхтоўкі будаўніцтва першай беларускай АЭС, хваліцца, што большую частку ягонай групы (108 чалавек) складае моладзь. Санітарка па-за гульнёй Не атрымалі рэгістрацыі беспрацоўны псіхолаг з Калодзішчаў Ілля Дабратвор і санітарка санаторыя "Чонкі" на Гомельшчыне Наталля Старыкава. Яны не здолелі сабраць 100 чалавек для ініцыятыўнай групы. Прычым, як выявілася, 45-гадовая Старыкава, якая прадставіла спіс з 30 прозвішчаў (знаёмыя і жыхары яе пасёлка), нават не ведала аб гэтым патрабаванні. Калі журналісты зацікавіліся ейнай асобай, спецыяліст з вышэйшай эканамічнай адукацыяй, якая працуе санітаркай на часовым кантракце, заявіла, што падтрымлівае дзейснага прэзідэнта і адмаўляецца ад удзелу ў прэзідэнцкай кампаніі. Праўда, адпаведную заяву ў ЦВК так і не атрымалі. Бацька чатырох дзяцей 29-гадовы Ілля Дабратвор, у ініцыятыўнай групе якога быў толькі ён сам, падаў заяўку ў знак пратэсту супраць таго, што дакументы падаюць "усякія незразумелыя і невядомыя людзі, кшталту санітаркі". Таксама стала вядома, што гора-кандыдат ёсць сябрам ініцыятыўнай групы паэта Уладзіміра Някляева. Як было раней 1994 год На першых выбарах прэзідэнта Беларусі 21 кандыдат выказаў жаданне ўдзельнічаць у кампаніі. 19 ініцыятыўных груп былі зарэгістраваныя тагачасным ЦВК. Не будзем падрабязна спыняцца на спісе "кандыдатаў у кандыдаты" узору 1994 года. Адзначым толькі, што ў бланкі для галасавання ўрэшце трапіла шэсць прозвішчаў: Аляксандр Дубко (старшыня Саюза аграрнікаў), Вячаслаў Кебіч (прэм'ер-міністр Беларусі), Аляксандр Лукашэнка (старшыня калгасу "Гарадзец"), Васіль Новікаў (сакратар ЦК ПКБ), Зянон Пазьняк (лідар Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне"), Станіслаў Шушкевіч (былы старшыня Вярхоўнага Савета). Прычым, будучы прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка мог у гэты "спіс 6-ці" і не прайсці. Як узгадваў журналіст Сяргей Навумчык (у той час — дарадчая асоба кандыдата Зянона Пазьняка), у падпісных лістах за кандыдата Лукашэнку "месцам ягонага жыхарства быў пазначаны Менск, а пасада — дэпутат ВС, тым часам як жыў Лукашэнка ў вёсцы Рыжкавічы Шклоўскага раёна, а пасада была — дырэктар саўгасу "Гарадзец". 2001 год Па колькасці падачы заяваў і рэгістрацыі ініцыятыўных груп выбары прэзідэнта 2001 года былі рэкорднымі. Ажно 26 чалавек падалі дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп. 23 з іх атрымалі ўхвальную візу ад Цэнтравыбаркама. Сярод ахвочых стаць прэзідэнтам было нямала даволі дзіўных персанажаў: беспрацоўны інжынер электроннай тэхнікі Канстанцін Канановіч, гаспадар "Даньков-клуба" Юры Данькаў, бібліятэкарка Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Ніна Лабанава, афіцэр запаса КДБ Валянцін Сямак, дырэктар завода "Атлант" Леанід Калугін, які потым быў асуджаны па абвінавачванні ў карупцыі, а яшчэ пазней прыняў манаскі пострыг… Пасля падліку сабраных подпісаў ЦВК выдаў кандыдацкія пасведчанні Сяргею Гайдукевічу, Уладзіміру Ганчарыку, Сямёну Домашу і Аляксандру Лукашэнку. 2006 год На старце прэзідэнцкай кампаніі 2006 года заявы аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп падалі 8 кандыдатаў, якія і былі зарэгістраваныя Цэнтравыбаркамам. Усе яны — вядомыя гульцы на айчыннай грамадска-палітычнай арэне: Аляксандр Вайтовіч, Сяргей Гайдукевіч, Аляксандр Казулін, Аляксандр Лукашэнка, Аляксандр Мілінкевіч, Зянон Пазьняк, Сяргей Скрабец, Валеры Фралоў. Неабходную колькасць подпісаў удалося сабраць толькі чатыром (Гайдукевіч, Казулін, Лукашэнка, Мілінкевіч), якія і атрымалі пасведчанні кандыдатаў у прэзідэнты. Фота: "Радыё Свабода". Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
27 верасня Цэнтравыбаркам Беларусі абвясціў спіс зарэгістраваных ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў на пост прэзідэнта. З 19 пададзеных заяваў першую... |
|