Які будзе першы ўказ новага прэзідэнта?
28.09.2010 15:40
—
Новости Политики
|
Саннікаў, калі стане кіраўніком краіны, першым указам абмяжуе колькасць прэзідэнцкіх тэрмінаў, Рымашэўскі верне бел-чырвона-белы сцяг і "Пагоню", Кастусёў адродзіць НЭП, Някляеў дасць прэферэнцыі бізнесменам, а Глушакоў адменіць усе ўказы і скасуе сваю пасаду.
Еўрарадыё пацікавілася, якім будзе першы ўказ новага прэзідэнта Беларусі, калі ім стане хтосьці з патэнцыйных прэтэндэнтаў на гэтую пасаду. Як прызнаўся эканаміст Яраслаў Раманчук, у яго ўжо падрыхтаваныя ажно тры праекты першых прэзідэнцкіх указаў. І ўсе яны будуць тычыцца эканомікі. Яраслаў Раманчук: “Шмат у мяне дакументаў, якія ўжо падрыхтаваныя. Найперш, гэта — бюджэт, гэта — указ аб лібералізацыі дзелавога клімату. Яшчэ ў нас падрыхтаваны закон аб сацыяльных гарантыях, які будзе ў комплексе прыняты. Гэтыя тры будуць адразу прынятыя. А чацвёрты — аб прызначэнні рэферэндуму па канстытуцыйных зменах”. З эканомікі, як гэта ні дзіўна, пачне сваю працу і паэт, лідар кампаніі “Гавары праўду!” Уладзімір Някляеў. Уладзімір Някляеў: “Мы бачым інтэнсіўнае развіццё нашай эканомікі найперш за кошт малога і сярэдняга бізнесу. І першым будзе ўказ, які дасць поўныя прэферэнцыі тым, хто будзе займацца малым і сярэднім бізнесам, дасць поўную інтэнсіўнасць гэтаму працэсу”. Такому бізнесу прэзідэнт Някляеў дасць поўную свабоду — абмежаваную толькі падаткамі, якія, абяцае ён, будуць мінімальнымі. А вось вяртаць нацыянальную сімволіку і адраджаць мову Някляеў збіраецца не ўказамі, а размовамі. Маўляў, будзе паступова пераконваць людзей станавіцца сапраўднымі беларусамі. Эканомікай найперш зоймецца і намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў. Прычым, ён хоча адрадзіць НЭП, які быў у Расіі на пачатку мінулага стагоддзя. Рыгор Кастусёў: “Калі адным сказам, то гэты будзе ўказ аб увядзенні новай эканамічнай палітыкі ў Беларусі. Накшталт новай эканамічнай палітыкі ў Расіі ў 1920-х гадах. Хачу НЭП вярнуць. А для чаго? Шмат хто кажа, што калі пачаць рэформы, то адбудзецца падзенне эканамічных паказчыкаў — а НЭП дазволіць цяперашнюю сітуацыю скарыстаць як стартавую і не дапусціць падзення ў эканоміцы”. А вось першы ўказ прэзідэнта Віталя Рымашэўскага будзе тычыцца вынікаў рэферэндуму, які даў нашай краіне чырвона-зялёны сцяг, і вяртання бел-чырвона-белага сцяга і "Пагоні". Але самым галоўным Рымашэўскі лічыць прызначэнне новых кадраў на ключавыя пасады. А там ужо, глядзіш, дойдзе чарга і да эканомікі. Прызначэнні на пасады будуць у першым указе і старшыні савета Асацыяцыі малога і сярэдняга бізнесу Віктара Цярэшчанкі. Віктар Цярэшчанка: “Першы ўказ — гэта кадравы, аб расстаноўцы кадраў. Бо ўрад выконвае галоўныя абавязкі, і сябры ўрада — таксама”. А потым будуць указы па дзяржаўных праграмах, грашова-крэдытнай палітыцы, па ўзроўні сацыяльнай абароны грамадзян. Алесь Міхалевіч на пасадзе прэзідэнта перш-наперш падумае, што рабіць са сваім папярэднікам. Алесь Міхалевіч: “Першы ўказ будзе аб прававым статусе папярэдняга прэзідэнта Беларусі”. Праўда, што гэта будзе за статус, Міхалевіч не адказаў, а толькі заўважыў, што гэта будзе залежаць ад многіх абставінаў. Прававы статус кіраўніка краіны прапіша і Андрэй Саннікаў. Сваім першым указам ён абмяжуе колькасць прэзідэнцкіх тэрмінаў. Андрэй Саннікаў: “Каб супакоіць людзей, найперш трэба гарантаваць абмежаванне прэзідэнцкіх тэрмінаў. Гарантаваць назаўжды, бо гэта зараз выклікае найбольш адмоўную рэакцыю”. Першы ўказ старшыні ліберал-дэмакратаў Сяргея Гайдукевіча будзе тычыцца змены Канстытуцыі і склікання парламента. Сяргей Гайдукевіч: “Першы ўказ — падрыхтаваць пасяджэнне парламента па разглядзе новай Канстытуцыі. Трэба зразумець, што трэба рыхтавацца да змены Канстытуцыі, трэба прыводзіць у адпаведнасць роўнасць галінаў улады, каб пераходзіць на партыйныя спісы і ўсё як належыць”. Больш падрабязна размаўляць на тэму сваіх першых указаў Гайдукевіч не захацеў. Маўляў, ён палітык прыземлены і вырашае пытанні, калі яны з’яўляюцца. Намеснік старшыні “Зялёных” Юрый Глушакоў паабяцаў, што сваім першым указам адменіць дзеянне ўсіх існуючых указаў Аляксандра Лукашэнкі. Юрый Глушакоў: “Першы мой указ будзе аб адмене дзеяння ўсіх указаў. Бо я прынцыповы прыхільнік паслядоўнага шматуладдзя. На мой погляд, прэзідэнцкая рэспубліка павінна быць скасаваная. Гэта я зраблю калі не першым, то другім указам”. Усю ўладу Глушакоў плануе перадаць парламенту і мясцовым саветам. Што тычыцца эканамічных пытанняў, то ён падпіша ўказ аб скасаванні кантрактнай сістэмы. На думку Глушакова, працоўныя павінны быць гаспадарамі сваіх арганізацый. У той жа час ён супраць прыватызацыі такіх прадпрыемстваў, як “Беларуськалій” ды “Нафтан”. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Саннікаў, калі стане кіраўніком краіны, першым указам абмяжуе колькасць прэзідэнцкіх тэрмінаў, Рымашэўскі верне бел-чырвона-белы сцяг і "Пагоню", Кастусёў... |
|