Міхалевіч прачытаў лекцыю, Рымашэўскі патлумачыў, адкуль возьме грошы
01.12.2010 10:15
—
Новости Политики
|
Сёньня ў эфіры беларускага радыё прагучалі другія выступы кандыдатаў у прэзыдэнты Алеся Міхалевіча і Віталя Рымашэўскага. У адрозьненьне ад Уладзімера Някляева, які ўчора паўтарыў свой выступ зь мінулага тыдня, сёньня кандыдаты пераважна не паўтараліся. Зьмест агучаных раніцай кандыдацкіх зваротаў да выбаршчыкаў мы абмяркоўваем з нашым аглядальнікам Уладзімерам Глодам. Абламейка: Уладзімер, на што вы зьвярнулі ўвагу ў радыёвыступе Алеся Міхалевіча? Глод: Я зьвярнуў увагу найперш на тое, што гэта быў арыгінальны выступ. Ён нічога не паўтарыў са сваіх ранейшых зваротаў да выбарцаў, як радыйных, так і тэлевізійных. Прамаўляў выключна на беларускай мове. Яго выступ ахопліваў толькі сфэру культуры, і, зразумела, на іншай мове выступу і не магло быць. Сваю галоўную тэзу Алесь Міхалевіч сфармуляваў так: каб культурны брэнд «Made in Belarus» стаў часткаю агульнабеларускага брэнду. Кандыдат абмаляваў сытуацыю, якая цяпер ёсьць у Беларусі з мовамі, зь дзьвюхмоўем. Ён сказаў, што дзяржаўныя чыноўнікі вымушаныя быць рускамоўнымі і патлумачыў, чаму так атрымліваецца — усходні вэктар палітыкі, накіраванасьць Беларусі на Маскву да гэтага прымушаюць. Але што мяне зьдзівіла ў выступе Міхалевіча, дык гэта тое, што галоўным ворагам беларушчыны, паводле яго, зьяўляецца міністэрства культуры. Але ж вядома, што гэта, мякка кажучы, не зусім так.Магчымасьці ў міністэрства і ў яго кіраўніка — абмежаваныя. І абмяжоўвае іх вядома хто — гэта кіраўнік беларускай дзяржавы, які ня раз дазваляў сабе даволі зьдзекліва выказвацца наконт роднай мовы. І вось я зьвярнуў увагу, што некалькі дзён таму, калі Аляксандар Лукашэнка размаўляў са сваімі даверанымі асобамі, ён сказаў, што калі апазыцыйныя кандыдаты захопяць уладу, яны правядуць гвалтоўную беларусізацыю. І вось мяне зьдзівіла, што ў сваім выступе Алесь Міхалевіч гэтую тэзу не абверг.У такім падыходзе, на маю думку, галоўная слабасьць яго сёньняшняга радыёзвароту. Як мне здаецца, гэта самы слабы з усіх яго чатырох выступаў. Можна было б падумаць, што не хапіла часу, але ён уклаўся ўсяго ў 20 хвілінаў, замест заплянаваных 30. Мой калега Валер Карбалеівч, які аналізаваў першыя выступы Міхалевіча, адзначыў, што яны больш нагадваюць лекцыю прафэсара перад студэнтамі, і мне здаецца, што тое самае можна сказаць і сёньня, нават яшчэ і ў большай ступені. Фактычна, і Алесь Міхалевіч гэта прызнаў сам, бо скончыў сваю прамову тым, што назваў свой зварот лекцыяй для выбарцаў. Так і атрымалася — гэта сапраўды была лекцыя. Абламейка: Ну, а зараз, Уладзімер, пагаворым пра зьмест прамовы Віталя Рымашэўскага. Ён, як вядома, цяпер знаходзіцца зь візытам у Брусэлі. Якім чынам была арганізавана яго прамова і на якія яе пункты зьвярнулі ўвагу вы? Глод: Прамова гэтая, як я даведаўся, была запісаная раней, сёньня яна гучала не ў жывым эфіры, але ў запісе. Запісана яна была перад тым, яек Рымашэўскі паляцеў у Брусэль. Маю ўвагу найперш прыцягнуў той факт, што сёньня зноў, як і ў папярэдніх выступах, Віталь Рымашэўскі гаварыў пра хрысьціянства і хрысьціянскія каштоўнасьці. У гэтым сэнсе, на мой погляд, Віталь Рымашэўскі самы партыйны з усіх кандыдатаў у прэзыдэнты. Бо ва ўсіх без выключэньня сваіх зваротах да выбарцаў ён робіць акцэнт на тое, што ён прадстаўнік хрысьціянскай дэмакратыі. Яшчэ адна рыса, якая праходзіць праз усе выступы Рымашэўскага — ён рэзка крытыкуе ўлады. Гэта з аднаго боку. А зь іншага, ён дае і сваю станоўчую праграму і паказвае, чаго можна дасягнуць. І што яшчэ прываблівае ў выступе гэтага кандыдата, гэта тое, што ён гаворыць зразумелымі для людзей словамі. І вось сёньня ён казаў пра тое, што калі да ўлады прыйдзе хрысьціянская дэмакратыя, то галоўным вымярэньнем жыцьця беларуса будзе не паказьнікі валавога ўнутранага прадукту або інфляцыя, а працягласьць жыцьця беларуса, колькасьць аўтамабіляў у сям’і, наяўнасьць свайго дому. І яшчэ мне спадабалася ў Рымашэўскага, што ён тлумачыць, адкуль возьмуцца грошы.Ён абяцае крэдыты пад тры працэнты, бо Лукашэнка іх бярэ на Захадзе пад тры працэнты, абяцае таньнейшы бэнзін, бо ня будзе навару для дзяржавы, абяцае большыя пэнсіі, бо самыя моцныя прадпрыемствы будуць пералічваць грошы ў пэнсійныя фонды. Як мне здаецца, гэта павінна прывабіць выбарцаў да Рымашэўскага, бо ён ня толькі кажа, што зробіць, але і кажа, як зробіць. Падзяліцца навіной:
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёньня ў эфіры беларускага радыё прагучалі другія выступы кандыдатаў у прэзыдэнты Алеся Міхалевіча і Віталя Рымашэўскага. У адрозьненьне ад Уладзімера...
|
|