Аляксандр Лукашэнка не ў захапленні ад работы саміту АБСЕ
03.12.2010
—
Новости Политики
|
Аб гэтым ён заявіў у інтэрв'ю казахстанскай тэлекампаніі "7-ы канал", перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Я не хацеў бы ацэньваць работу саміту, таму што гэта ўжо наша адказнасць — усіх членаў АБСЕ. Я не ў захапленні ад гэтай работы", — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. Разам з тым Прэзідэнт Беларусі аддаў належнае казахстанскаму боку, падкрэсліўшы, што арганізацыя саміту была на самым высокім узроўні. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, не было ніякіх праблем і нішто не перашкаджала рабоце саміту. "Я ўдзячны вам (казахстанскаму боку. — Заўвага БЕЛТА) за выдатнае забеспячэнне гэтага саміту", — сказаў Прэзідэнт Беларусі. Ён таксама адзначыў, што правядзенне саміту з'яўляецца найвышэйшай планкай, якую сам сабе ўстанавіў і ўзяў Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў. Што датычыцца работы АБСЕ, Аляксандр Лукашэнка выступіў з крытыкай шэрагу момантаў у яе дзейнасці. "Скажыце, што гэта за арганізацыя, якая не мае свайго статута. Што гэта за арганізацыя, якая да гэтага часу не можа вырашыць ні аднаго пытання, а рашэнні ж прымаліся ёю, адназначныя рашэнні". Кіраўнік беларускай дзяржавы таксама адзначыў, што АБСЕ не справілася са сваёй задачай у пытанні вырашэння рэгіянальных канфліктаў. "А ў сувязі з тым, што не вырашаюцца гэтыя замарожаныя канфлікты (Прыднястроўе, Нагорны Карабах), з'яўляюцца новыя канфлікты, такія як у Грузіі". Ён нагадаў, што ў АБСЕ ёсць некалькі напрамкаў дзейнасці, галоўны з якіх — бяспека. Даволі мала ўдзяляецца ўвагі эканамічнаму супрацоўніцтву ва ўмовах крызісу. Што датычыцца "трэцяга кошыка" АБСЕ — гуманітарнага вымярэння (дэмакратыя, правы чалавека і г.д.), то, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у рабоце арганізацыі намеціўся перакос менавіта ў гэты бок. "Усе чамусьці рынуліся ў выбарную тэматыку, дэмакратыю, правы чалавека. Дарэчы, правы чалавека разумеюць (у АБСЕ. — Заўвага БЕЛТА) вельмі аднабакова. Ніхто не сказаў аб правах чалавека як аб дастойным жыцці, дастатковай зарплаце, нармальнай рабоце і г. д., што, дарэчы, у Беларусі і Казахстане вырашана не горш, чым у некаторых краінах, якія прысутнічалі сёння на саміце", — сказаў беларускі лідар. Што датычыцца тэматыкі выбараў у рабоце АБСЕ, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў гэтым пытанні пастаянна гавораць пра нейкія выбарныя стандарты. "Ну а дзе гэтыя стандарты, хто іх выпрацоўваў, — задаў рытарычнае пытанне кіраўнік дзяржавы. — Прыязджаюць чыноўнікі і пачынаюць вучыць — Казахстан, Узбекістан гэта, Беларусь, ці яшчэ нехта, гэтым выбарным тэхналогіям". "Гэта значыць, намеціўся дзіўны перакос", — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі. Паводле яго слоў, калі б людзі былі ўключаны ў дыялог як на вышэйшым узроўні, так і проста на ўзроўні народнай дыпламатыі, калі б вырашаліся праблемы бяспекі, эканомікі, то, напэўна, адпала б вастрыня і гэтага "трэцяга кошыка" АБСЕ, якая ўключае гуманітарнае супрацоўніцтва. "Кожны народ мае права выбіраць свой шлях развіцця. Я думаю, якраз у Казахстане з гэтым пагодзяцца. Думаю, што асобным членам АБСЕ пара б гэта зразумець і прыняць", — дадаў Аляксандр Лукашэнка. Журналісты "7-га канала" закранулі і тэму супрацоўніцтва паміж краінамі ў сферы энергетыкі Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, паміж Беларуссю і Казахстанам існуе больш як 30 сумесных праектаў. У большасці гэта праекты, якія рэалізуюцца Беларуссю на тэрыторыі Казахстана. Што датычыцца энергетычнага супрацоўніцтва, то беларускі лідар сказаў: "Калі ласка, з вялікім задавальненнем". Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь будзе перапрацоўваць казахстанскую нафту, якую гэта краіна будзе пастаўляць на беларускія НПЗ. "І будзем пастаўляць нафтапрадукты пасля яе перапрацоўкі на нашых заводах разам з вамі на еўрапейскі, расійскі, беларускі, украінскі рынкі", — сказаў ён. Што датычыцца функцыянавання Мытнага саюза, Прэзідэнт адзначыў: "Гэта таксама вельмі сур'ёзнае супрацоўніцтва". Ён разлічвае, што пры пераходзе да АЭП існуючыя пытанні будуць значна прасцей вырашацца. "Ёсць у нас неразуменне з расійскім бокам, але калі ўжо на гэта пайшлі (на фарміраванне АЭП. — Заўвага БЕЛТА), трэба разумець, што ўсё тут павінна быць падпарадкавана галоўнай ідэі — свабодзе руху тавараў, рабочай сілы, капіталаў". Беларускі лідар адзначыў, што ў гэтым аспекце супрацоўніцтва бакі пакуль робяць толькі першыя крокі і пакуль надзей больш, чым эфектыўнасці. Тым не менш, паводле яго слоў, на першым этапе работы Мытнага саюза, прынамсі, на ўзроўні прыняцця рашэнняў, узгадненняў, праблем не ўзнікае, а калі яны ёсць, то вырашаюцца на ўзроўні экспертаў і членаў Камісіі МС. "Галоўнае цяпер — ад гэтай першай стадыі перайсці да АЭП", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Што датычыцца візавага пытання, Прэзідэнт падкрэсліў, што для Беларусі гэта не праблема. "Гэта пытанне да еўрапейцаў. Мне здаецца, што мы абсалютна недалёка ад вырашэння гэтых праблем", — сказаў ён. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, еўрапейцы таксама зацікаўлены ў свабодным перамяшчэнні па Беларусі і далей у Расію і Казахстан. "Таму, я думаю, яны прымуць адпаведныя рашэнні". Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аб гэтым ён заявіў у інтэрв'ю казахстанскай тэлекампаніі "7-ы канал", перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Я не хацеў бы ацэньваць работу саміту, таму што гэта ўжо... |
|