Стратэгія абнаўлення. 21.by

Стратэгія абнаўлення

08.12.2010 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Учора ІV Усебеларускі народны сход працягнуў сваю работу. У другой палове першага дня работы форуму дэлегаты працавалі па секцыях. Групы наведалі 19 прадпрыемстваў і арганізацый сталіцы і Мінскай вобласці, абмеркавалі асноўныя моманты Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на бліжэйшыя пяць гадоў. Падзяліцца сваімі думкамі на гэты конт перад прадстаўнічай аўдыторыяй выказалі жаданне больш як 30 чалавек.

  Першы выступоўца — старшыня Гомельскага аблвыканкама Аляксандр Якабсон — бачыць прыярытэты будучай пяцігодкі ў формуле трох "і": ініцыятыва, інавацыі, інвестыцыі. Сапраўды, развіццё чалавечага патэнцыялу — стратэгічная мэта, паводле ацэнкі Прэзідэнта, — немагчымае без ініцыятывы, мадэрнізацыя вытворчасці — без інавацый, а ўстойлівае развіццё рэгіёнаў — без інвестыцый. Аляксандр Якабсон запэўніў: Гомельшчына гатовая да вялікай стваральнай работы ў новай пяцігодцы. "Усё, што намі ўжо зроблена і што будзе дасягнута ў будучым, закладвае аснову для забеспячэння высокіх стандартаў і якасці жыцця людзей", — перакананы старшыня аблвыканкама.

"Дзяржава для народа — гэта не проста лозунг, а прыярытэт улады, яе закон у працы, — падкрэсліў Аляксандр Якабсон. — Менавіта таму мы дасягнулі значных поспехаў у шматлікіх сферах і сёння жывём ва ўладкаванай цывілізаванай краіне".

Паводле яго слоў, у найбліжэйшай перспектыве акцэнт будзе зроблены на далейшым добраўпарадкаванні малых гарадоў і сельскіх населеных пунктаў, удасканаленні дарожнай сеткі, стварэнні гарадоў-спадарожнікаў. "Толькі палепшыўшы камфортнае пражыванне ў малых гарадах і на вёсцы, мы зможам разгрузіць абласны цэнтр, дзе пражывае трэць насельніцтва вобласці і не дапусціць непажаданых праблем, выкліканых ростам колькасці жыхароў мегаполіса", — падкрэсліў кіраўнік рэгіёна.

Ініцыяваная кіраўніком дзяржавы праграма развіцця Прыпяцкага Палесся дазволіць карэнным чынам змяніць гэты ўнікальны край. "Яе першыя вынікі ўдыхнулі аптымізм у сэрцы і душы жыхароў гэтага рэгіёна. Сюды прыходзіць якасна новае жыццё, — адзначыў губернатар. — Палешукі поўныя рашучасці рэалізаваць усе задачы дзяржпраграмы. Справа гонару — зрабіць гэты куток квітнеючым і непаўторным".

"Сумесныя намаганні па пераадоленні наступстваў катастрофы на ЧАЭС паказалі, што разам нам па сілах вырашыць любыя праблемы. Мы не толькі аправіліся ад чарнобыльскага шоку, але і змаглі мабілізаваць сілы на адраджэнне гэтых тэрыторый", — рэзюмаваў Аляксандр Якабсон.

Пытанні з залы выклікала выступленне старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леаніда Козіка. Паводле яго слоў, сапраўды, здараецца, што прыватныя гаспадары, асабліва ў дробных арганізацыях, часта парушаюць заканадаўства, а на малых прадпрыемствах умовы працы часам пакідаюць жадаць лепшага. Акрамя таго, іншы раз частка зарплаты выплачваецца "ў канвертах" — у абыход бухгалтэрыі. Каб такога не адбывалася, ва ўсіх арганізацыях, дзе ёсць наёмная праца, трэба складаць калектыўныя дагаворы, лічыць старшыня ФПБ.

Леанід Козік адзначыў: "Не ўсюды ёсць прафсаюзныя арганізацыі ў прыватным сектары". ФПБ займаецца кантрольнай дзейнасцю, але ўвядзенне абавязковых калектыўных дагавораў дазволіла б узмацніць гэты кантроль, лічыць ён. Больш за тое, калі на прыватным прадпрыемстве ёсць прафсаюзная арганізацыя, то гэта таксама дазваляе адстойваць правы працаўнікоў больш эфектыўна. Пры гэтым Леанід Козік заўважыў, што колькасць прафсаюзаў, якія аб'ядноўваюць прыватны бізнэс і малыя прадпрыемствы, сёлета ўзрасла ў два разы.

Кажучы пра праект сацыяльна-эканамічнага развіцця на наступнае пяцігоддзе, кіраўнік ФПБ нагадаў, што прафсаюзы настойвалі на прыняцці яшчэ больш напружаных паказчыкаў. Гэта, паводле меркавання Леаніда Козіка, забяспечыць хуткі рост прыбыткаў. "Без павелічэння прадукцыйнасці працы не будзе крыніц для павелічэння зарплаты", — падкрэсліў ён. Менавіта таму ў новай пяцігодцы павінна зменшыцца энергаёмістасць і матэрыялаёмістасць, трэба забяспечыць дысцыпліну працы, якасць прадукцыі.

Тэзіс кіраўніка дзяржавы аб наданні павышанай увагі якасці адукацыі, выказаны ў першы дзень работы Сходу, учора ў сваім выступленні развіла настаўніца беларускай мовы і літаратуры СШ № 43 Мінска Алеся Зяневіч.

Педагог лічыць, што "фармальныя і традыцыйныя паказчыкі — гадавыя і іспытныя адзнакі, а таксама вынікі ЦТ, конкурсаў, паступленні ў вну ці ссну, на жаль, вельмі адносныя і не заўсёды паказваюць сапраўды рэальную карціну якасці адукацыі". Паводле яе меркавання, адукацыя, нават вельмі даступная і вельмі якасная, не будзе каштоўнай для грамадства і дзяржавы, ды і для самой асобы, калі не прынясе эканамічнага і сацыяльнага эфекту.

"Якасць адукацыі — гэта, у першую чаргу, якасць працы педагогаў", — лічыць Алеся Зяневіч. Настаўнік — гэта ключавая фігура ў дасягненні ўсіх прыярытэтаў, таму што менавіта ён ведае, фарміруе і забяспечвае ўсё адзінства патрабаванняў "дзіцяці-бацькоў-грамадства", пры гэтым ён з'яўляецца галоўным правадыром дзяржаўнай палітыкі ў сістэме адукацыі. Сучаснае навучанне, працягнула яна, проста не можа быць адарвана ад жыцця — яно павінна мець практычную мэту. Таму прыярытэтамі ў развіцці адукацыі павінны стаць даступнасць, якасць і эфектыўнасць.

"У нас ёсць усе падставы для аптымістычнага прагнозу", — адзначыла педагог. "У апошні час мы сталі працаваць на апярэджанне — адукацыя арыентавана на перспектыўныя задачы, усе формы адукацыйнай практыкі ўжо здольныя задаволіць заўтрашні заказ дзяржавы і тым самым садзейнічаць яе ўстойліваму развіццю", — падкрэсліла яна. "Нягледзячы на тое, што задачы гэтыя няпростыя, упэўнена, што мы іх паспяхова вырашым", — рэзюмавала Алеся Зяневіч.

Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Філарэт адзначыў, што сёння епіскапат, клір і паства беларускай праваслаўнай канфесіі вольна і з грамадзянскай годнасцю ўдзельнічаюць у вызначэнні стратэгічных кірункаў і тактычных задач развіцця краіны на найбліжэйшы гістарычны перыяд. Паводле яго меркавання, асабліва важна асэнсаваць надыходзячую дату — 850 гадоў з часу стварэння духоўнага знака беларускага народа — Крыжа Прападобнай Еўфрасінні, ігуменні Полацкай. Узнаўленне мясціны, дзе несла подзвіг святая, было пачата і працягваецца сумеснымі намаганнямі БПЦ і дзяржавы. Іерарх лічыць, што неабходна пашырыць такую сумесную апеку пра гістарычную спадчыну.

Храмавыя архітэктурныя помнікі — як у вялікіх гарадах, так і ў глыбінцы — патрабуюць прафесійнай навуковай увагі. Патрэбна дапамога ў рэстаўрацыі і многае іншае. "Без агульнага саборнага клопату ахоўная таблічка на сценах помніка архітэктуры губляе сэнс", — перакананы іерарх.

Мітрапаліт таксама адзначыў, што самы дакладны паказчык маральнага і матэрыяльнага стану грамадства — гэта становішча настаўнікаў, медыкаў і суддзяў. Для самасцвярджэння беларускаму грамадству, паводле яго меркавання, неабходна беспрэцэдэнтная ўвага да тых, хто абраў гэтыя базавыя сацыяльныя прафесіі. "Моцнае і квітнеючае грамадства фарміруецца там, дзе асвета, здароўе і справядлівасць", — растлумачыў Мітрапаліт Філарэт.

Ён таксама лічыць, што ў Беларусі пакуль не ў поўнай меры запатрабаваны такі важны інструмент, як інтэграцыя духоўнай і свецкай адукацыі. Ён адзначыў, што не толькі вышэйшая, але і агульнаадукацыйная школа імкнецца да вывучэння рэлігійнай традыцыі і культуры. У сталіцы створаны і паспяхова развіваецца Інстытут тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірылы БДУ. Але разам з гэтым багаслоўскія навукі пакуль знаходзяцца ў няроўным становішчы ў параўнанні з іншымі дысцыплінамі. Кажучы пра гэту праблему, Мітрапаліт Філарэт заявіў, што свецкасць не раўназначная атэізму.

Уладар Філарэт падкрэсліў, што без рэлігійнай закваскі, якую завуць сумленнем, немагчыма выступаць за маральнасць нават у самым адукаваным і сацыяльна абароненым грамадстве. Больш за тое, адсутнасць выразнага агульнанацыянальнага і агульнаграмадзянскага вызначэння маральнасці прыводзіць да дысгармоніі інтарэсаў і задач на ўсіх узроўнях грамадскага быцця. Як лічыць іерарх, ніякая паліткарэктнасць не заменіць маральных асноў, таму што менавіта яны ляжаць у аснове вялікіх гістарычных перамог народа і яго мірнага паўсядзённага жыцця.

Паводле ацэнкі старшыні ЦК КПРФ, кіраўніка фракцыі КПРФ у Дзярждуме Расіі Генадзя Зюганава, беларуская мадэль сацыяльна-эканамічнага развіцця з'яўляецца найбольш эфектыўнай на постсавецкай прасторы.

"Як палітык і навуковец, хачу не проста падтрымаць вас, але даказаць, што ваша мадэль найболей эфектыўная і вы павінны ўпэўнена ісці абраным шляхам", — падкрэсліў лідар КПРФ. У пацвярджэнне сваіх слоў ён прывёў факты таго, што на постсавецкай прасторы Беларусь лідзіруе па індэксе чалавечага патэнцыялу, у краіне самы нізкі паказчык расслаення ў грамадстве — на ўзроўні 4-5, у той час, як у Расіі ён дасягае 20, а ў Маскве — амаль 40. Паводле меркавання Генадзя Зюганава, становішча ў Беларусі можна назваць найбольш стабільным і бяспечным, менавіта сюды едуць шматлікія мігранты, і ў той жа час мала хто з беларусаў эмігрыруе з краіны.

Больш за тое, Беларусь апынулася сярод нямногіх дзяржаў, якія змаглі вытрымаць выпрабаванне сусветным крызісам, падкрэсліў расійскі палітык. "З 200 краін, якія апынуліся ўцягнутымі ў гэтую яму, толькі 12 прыбаўлялі на працягу года, і сярод іх — Беларусь. Нягледзячы на цяжкі крызіс, вы і ў гэтых умовах працуеце прафесійна, граматна і годна", — сказаў ён.

Генадзь Зюганаў перакананы, што шлях і вопыт Беларусі заслугоўваюць не толькі ўвагі, але і далейшай актыўнай падтрымкі. "Бо мадэль фінансавага капіталізму, якую амерыканцы спекулятыўна навязвалі, лопнула назаўжды. Патрэбна сацыяльная мадэль разумнай, стваральнай, здаровай, кіруемай дзяржавы, калі шануецца праца і добрая якасць, а не чарговы кашалёк ці злачынства", — лічыць палітык.

Паводле яго меркавання, краінам постсавецкай прасторы трэба "аб'ядноўваць патэнцыялы, каб упэўнена глядзець у будучыню". Найбольш аптымальнай формай такога аб'яднання, на яго погляд, можа стаць саюз Расіі, Беларусі, Украіны і Казахстана. У гэтай сувязі Генадзь Зюганаў асабліва адзначыў стратэгію "роўнай набліжанасці" да Усходу і Захаду, якую абрала Беларусь, назваўшы яе мудрай і правільнай, якая дазваляе "быць канкурэнтнымі ў свеце і забяспечыць годную будучыню кожнага чалавека".

Беларускі спадарожнік хуткім часам выйдзе на касмічную арбіту. Пра гэта заявіў лётчык-касманаўт, двойчы Герой Савецкага Саюза, рэферэнт па пытаннях навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва пасольства Беларусі ў Расіі Пётр Клімук.

Ён падкрэсліў, што работы па стварэнні беларускага касмічнага комплексу знаходзяцца на завяршальным этапе. Па сваіх тактыка-тэхнічных і тэхналагічных характарыстыках ён увойдзе ў дзясятку лепшых у свеце. Яго оптыка-электронная частка выканана на прадпрыемствах Беларусі. "Для мяне вельмі важнай з'яўляецца праца па стварэнні і запуску штучнага спадарожніка дыстанцыйнага зандзіравання зямлі", — падкрэсліў Пётр Клімук. Спадарожнік вельмі неабходны для маніторынгу сельскагаспадарчай дзейнасці, землекарыстання, а таксама маніторынгу тэхнагенных і надзвычайных сітуацый.

Хуткім часам беларускі і расійскі спадарожнікі будуць адпраўлены на касмадром Байканур для заключных выпрабаванняў, а затым — сумеснага запуску, праінфармаваў касманаўт.

Запуск спадарожніка стане яркай іміджавай падзеяй для Беларусі, прадэманструе наяўнасць у краіне самых сучасных тэхналогій, навукаёмістых вытворчасцяў і аб'ектыўна ўнясе краіну ў прэстыжны спіс касмічных дзяржаў, заявіў дэлегат.

Пётр Клімук таксама адзначыў важкія дасягненні Беларусі. Паводле яго меркавання, паспяховае функцыянаванне беларускай мадэлі сацыяльна-эканамічнага развіцця — гэта вынік эфектыўнай дзяржаўнай улады, моцнай сацыяльнай палітыкі і народнай падтрымкі. У прыватнасці, здабылі другое дыханне і працуюць на поўную моц прамысловыя прадпрыемствы, пабудаваныя новыя дарогі, жыллё, школы, сучасныя спартыўныя цэнтры. Па індэксе нацыянальнага дабрабыту ў 2010 годзе Беларусь заняла 54-е месца з 110 самых квітнеючых краін свету. Стабільнасць і грамадзянская згода ў Беларусі маюць пад сабой трывалы палітычны, эканамічны, сацыяльны і прававы падмурак, падкрэсліў Пётр Клімук.

З аптымізмам глядзіць на планы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на наступнае пяцігоддзе і самая паважаная частка нашага грамадства — ветэраны. Пра гэта паведаміў першы намеснік старшыні рэспубліканскай рады Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў Міхаіл Жукоўскі.

Нягледзячы на крызісныя з'явы, у Беларусі расце сацыяльны дабрабыт. Свой уклад у гэта ўносіць рэалізацыя комплекснай і тэрытарыяльных праграм па сацабслугоўванні ветэранаў, пажылых людзей і інвалідаў. Прычым, паводле меркавання ўдзельніка народнага сходу, важна не толькі павелічэнне пенсійнага забеспячэння, але і актывізацыя клопату працоўных калектываў пра сваіх былых працаўнікоў — цяпер пенсіянераў.

Мясцовыя органы ўлады, органы сацыяльнай абароны, прафсаюзы, БРСМ прадпрымаюць намаганні для падтрымкі адзінокіх і адзінока пражываючых пажылых людзей (іх у краіне налічваецца 155,8 тыс. і 577 тыс. чалавек адпаведна). "Адзінокі чалавек не павінен заставацца ў поўнай адзіноце, сам-насам са сваімі праблемамі, — лічыць Міхаіл Жукоўскі. — Для такіх людзей вельмі важна адчуваць падтрымку той краіны, якой яны аддалі сваё жыццё, за якую ваявалі і на дабрабыт якой працавалі".

Час няўмольны: радзеюць шэрагі ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. "Таму неабходна данесці да падрастаючага пакалення подзвіг тых, хто загінуў, абараняючы сваю Айчыну, — лічыць Міхаіл Жукоўскі. — Павінна ўсё менш заставацца невядомых, безыменных герояў вайны".

"Ветэраны ад шчырае душы дзякуюць кіраўнікам усіх рангаў за ўсё, што зроблена і робіцца ў нашай краіне", — рэзюмаваў прадстаўнік грамадскага аб'яднання.

Да абмеркавання выступленняў дэлегатаў, якія ўзнімалі найбольш вострыя і значныя пытанні, далучаўся Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Так, кіраўнік дзяржавы запатрабаваў навесці парадак і ўмацаваць дысцыпліну ў будаўнічай галіне.

"Я прама кажу: рыхтуйцеся да ўзмацнення дысцыпліны", — сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да прадстаўнікоў будаўнічай галіны, і дадаў, што гэтага сёння патрабуе ад нас само жыццё.

"Калі мы дысцыпліну і парадак навядзём, разгільдзяйства прыбяром, крадзеж, то мы на 25% зменшым сабекошт у будаўніцтве", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Адмысловую ўвагу ён надаў пытанню зніжэння кошту праектна-каштарыснай дакументацыі, якая, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, павінна быць "без усялякіх наваротаў". "Якая цікавасць ім скарачаць кошт будаўніцтва, бо чым больш яны запраектуюць, тым больш атрымаюць? Штосьці мы спрабуем у гэтым накірунку зрабіць, але гэтага недастаткова", — адзначыў Прэзідэнт. "Вучыцеся будаваць у руплівых гаспадароў, у тым ліку па ўсёй Еўропе, па ўсім свеце, у тым ліку і ў Расіі, дзе сёння ёсць добрыя прыклады", — падкрэсліў ён, звяртаючыся да будаўнікоў.

Апроч гэтага, Прэзідэнт закрануў і тэму ўводзін у Беларусі еўрапейскіх нормаў у будаўніцтве, а таксама ўстаранення недахопаў на аб'ектах. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што раней было прынята рашэнне праверыць усе нядаўна ўведзеныя ў эксплуатацыю аб'екты, і калі выявіцца брак, дапушчаны па віне будаўнікоў, то прыняць самыя жорсткія меры да вінаватых. Пры гэтым самая простая мера пакарання, паводле меркавання кіраўніка дзяржавы, — гэта за іх кошт усё аднавіць, адрамантаваць.

"Мяне вельмі крыўдзіць, калі людзі скардзяцца на будаўнікоў. Вы ж памятаеце сярэдзіну 90-х, калі ў краіне ўсіх будаўнікоў разагналі, ПМК развалілі?" — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. "Усё было парасцягнута, але мы пачалі аднаўляць ПМК. І сёння ў кожным раёне ёсць перасоўная механізаваная калона", — сказаў ён.

Узрасла і колькасць будаўнікоў. Усе спецыялісты, якія раней з'язджалі на працу ў іншыя краіны, вярнуліся ў Беларусь. "І вось зараз, калі я чую, што будаўнікі працуюць дрэнна, у мяне кроў кіпіць", — падкрэсліў Прэзідэнт.

Пытанне аб увядзенні ў Беларусі звання "Заслужаны донар", якое адзін з дэлегатаў задаў галоўнаму ўрачу Брагінскай цэнтральнай раённай бальніцы, Прэзідэнт пераадрасаваў сабе.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што з гэтым пытаннем неабходна было звярнуцца ў Адміністрацыю Прэзідэнта і яно ў адпаведнасці з устаноўленай працэдурай пачало б вырашацца. "Ён пытанне канкрэтна ставіць: я 300 разоў у сваім жыцці здаў кроў. Гэта высакародныя людзі, якія здаюць сваю кроў", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Беларускі лідар распавёў, што таксама ў сваім жыцці станавіўся донарам, галоўным чынам у студэнцкія гады. "Вось ён 300 разоў здаў, а я, можа, 5-6. Ну чаму ён не "Заслужаны донар"? Чаму няма такога звання? Мы разгледзім гэта пытанне", — паабяцаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, гэтае пытанне будзе неадкладна вырашана, калі гэта будзе спрыяць таму, каб колькасць донараў не скарацілася. "Я не думаю, што гэта галоўнае для сапраўднага донара. Калі ты сапраўдны донар, то і без звання будзеш такім. А што да звання, мы разгледзім гэта пытанне", — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Асабліва абурыла Аляксандра Лукашэнку праблема, узнятая адной з удзельніц форуму, аб тым, што часам натуральныя нормы харчавання ў школах не супадаюць з грашовымі.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, нядаўна ён быў праінфармаваны сваімі даверанымі асобамі і выявіліся проста ганебныя факты. Напрыклад, калі ў адной школьнай сталоўцы дзеці з менш забяспечаных сем'яў харчуюцца па адным рацыёне, а за грошы — зусім іншы рацыён. "Калі дзеці з малазабяспечаных сем'яў, за якіх плаціць бюджэт дзяржавы, ядуць салату з капусты, які-небудзь бульбяны суп, а катлеты ці сасіскі ім у гарачае не пакладуць. Гэта дзікунства сярэднявечнае. Лепш тады наогул нікога не карміць, чым у школе вось такім чынам расслойваць дзяцей", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што па гэтым пытанні неадкладна было прынята рашэнне. "І, як мне паведаміў мэр Мінска, думаю, і ў іншых рэгіёнах гэта зроблена, гэта ўжо ўхілена".

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў свой час, нягледзячы на складаныя з эканамічнага пункту гледжання часы, прыняў рашэнне пра тое, каб карміць у школах дзяцей. "Тады было сказана выразна, адназначна і сумленна: не кожнае дзіця ў сям'і можа атрымаць нармальнае харчаванне. І такіх сем'яў была ледзь не палова. І тады мною было прынята рашэнне карміць дзяцей, а мабыць, дзесьці і па два разы, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Таму, што не ў кожнай сям'і дзіця магло есці і першае, і другое, і трэцяе. І мы з тых часоў дзяцей кормім, але атрымаліся вось гэтыя перакосы".

"Яшчэ раз падкрэсліваю, як мне паведаміў мэр Мінска, літаральна за тыдзень была выпраўлена сітуацыя. Я вельмі вас прашу і патрабую, каб да Новага года гэтую дзікасць ухілілі", — запатрабаваў беларускі лідар, дадаўшы, што дзеці ў школе не павінны ў гэтым плане адрознівацца адно ад аднаго.

Прэзідэнт нагадаў, што аналагічнае рашэнне было прынята не толькі па пытанні харчавання, але і была ліквідавана сітуацыя, калі нібы лепшыя дзеці вылучаліся ў асобныя класы. Тым самым астатнія дзеці пазбаўляліся звычайнага станоўчага прыкладу. "Мы і тут няроўнасць ліквідавалі", — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

"Таму карміць дзяцей мы будзем як трэба. Дзіця трэба накарміць — увесь сказ, і нармальна накарміць", — запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.

Сяргей ПРОТАС.

Фотаздымкі БЕЛТА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Учора ІV Усебеларускі народны сход працягнуў сваю работу. У другой палове першага дня работы форуму дэлегаты працавалі па секцыях. Групы наведалі 19 прадпрыемстваў...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика