Беларусь прапануе стварыць інстытут партнёрства АДКБ. 21.by

Беларусь прапануе стварыць інстытут партнёрства АДКБ

11.12.2010 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўчора ўзяў удзел у сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў — членаў АДКБ і пасяджэнні Савета калектыўнай бяспекі АДКБ.

Беларусь у якасці прыярытэтных напрамкаў дзейнасці АДКБ на сярэднетэрміновую перспектыву выдзяляе стварэнне дзейснай сістэмы рэагавання на крызісныя сітуацыі. Аб гэтым гаворыцца ў звароце Прэзідэнта Беларусі да кіраўнікоў дзяржаў — членаў АДКБ.

"Мінулы год для нашай арганізацыі быў вельмі няпросты. Існуючая ў зоне адказнасці АДКБ сітуацыя даказала, што неабходна выразна бачыць праблемы, своечасова і адэкватна на іх рэагаваць, — гаворыцца ў звароце. — Беларусь у перыяд свайго старшынства прыкладала і будзе прыкладаць усе намаганні для павышэння эфектыўнасці функцыянавання арганізацыі".

У час папярэдняй сустрэчы ў Ерэване быў пакладзены пачатак гэтаму працэсу, а менавіта прынята рашэнне па неабходнасці ўдасканалення патэнцыялу АДКБ у сферы крызіснага рэагавання. У развіццё гэтых дамоўленасцяў абмеркаваны і, у выпадку адабрэння членамі Савета, падпісаны адпаведныя дакументы ў гэтай сферы.

"Разам з тым мы толькі ў пачатку шляху. Нам неабходна будзе прыкласці намаганні, каб выпрацаваныя механізмы арганічна ўпісаліся і дапоўнілі ўжо існуючы інструментарый АДКБ па рэагаванні на крызісныя і канфліктныя сітуацыі", — адзначае кіраўнік беларускай дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што эфектыўнае і канструктыўнае ўзаемадзеянне ў знешнепалітычнай сферы застаецца актуальным для ўсіх дзяржаў — членаў АДКБ.   Беларусь прапануе прапрацаваць перспектывы міратворчай дзейнасці ў фармаце ААН-АДКБ.

У 2007 годзе было падпісана Пагадненне аб міратворчай дзейнасці АДКБ, якое ўжо ўступіла ў сілу. "Пара перайсці ад тэорыі да практыкі. У нашай арганізацыі павінен быць дзейсны міратворчы кампанент", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

На думку кіраўніка беларускай дзяржавы, сённяшняя рэальнасць патрабуе ўдзяліць асаблівую ўвагу супрацоўніцтву ў сферы процідзеяння сучасным выклікам і пагрозам. Пляцоўка для абмеркавання пытанняў у гэтай сферы была створана з утварэннем у фармаце АДКБ каардынацыйных саветаў па надзвычайных сітуацыях і па барацьбе з нелегальнай міграцыяй. Беларусь у перыяд свайго старшынства мае намер прадоўжыць развіваць гэты напрамак. "Прымаючы да ўвагі, што ствараемыя КСАР будуць мець у сваім складзе падраздзяленні і па надзвычайных сітуацыях, лічым патрэбным распрацаваць адзіны рэгламент іх выкарыстання ў выпадку ўзнікнення надзвычайных сітуацый на тэрыторыях дзяржаў — членаў АДКБ", — гаворыцца ў звароце.

У мэтах процідзеяння нелегальнай міграцыі, барацьбы з тэрарызмам і іншымі праяўленнямі проціпраўнай дзейнасці грамадзян трэціх краін Беларусь прапануе стварыць прававыя рамкі для фарміравання базы даных асоб, якія нясуць патэнцыяльную пагрозу. На думку кіраўніка беларускай дзяржавы, гэта мера будзе перашкаджаць пранікненню экстрэмістаў і іншых патэнцыяльных парушальнікаў правапарадку на тэрыторыі дзяржаў — членаў АДКБ.

Беларусь заўсёды выступала за цеснае развіццё адносін арганізацыі як з іншымі міжнароднымі структурамі, так і з асобнымі дзяржавамі, адзначаецца ў звароце. "Толькі разам мы зможам забяспечыць бяспеку па перыметры, як кажуць, на подступах да рубяжоў АДКБ, — лічыць кіраўнік беларускай дзяржавы. — Перакананы, што нам ёсць што прапанаваць і чым зацікавіць не толькі прыгранічныя краіны, але і дзяржавы на іншых кантынентах. Перспектывы гэтых ініцыятыў — пашырэнне сферы ўплыву і павышэнне ролі арганізацыі на міжнароднай арэне і ў рэгіянальным плане".

На думку Прэзідэнта Беларусі, яшчэ шмат трэба будзе зрабіць для таго, каб быў запушчаны ў дзеянне інструментарый КСАР. У якасці чарговага захаду на шляху ўмацавання і развіцця гэтых сіл Беларусь прапануе распрацаваць і зацвердзіць мэтавую праграму аснашчэння сучасным і сумяшчальным узбраеннем, сродкамі спецыяльнага прызначэння і сувязі, іншым рыштункам. Такая праграма будзе садзейнічаць павышэнню ўзроўню боегатоўнасці і аператыўнай сумяшчальнасці нацыянальных кантынгентаў, лічыць кіраўнік дзяржавы.

У якасці ініцыятывы ў ваеннай галіне Беларусь таксама лічыць неабходным прыцягваць сілы і сродкі сістэмы калектыўнай бяспекі АДКБ для ўдзелу ў сумесных вучэннях, праводзімых у рэгіёнах калектыўнай бяспекі. На думку беларускага боку, фактар выкарыстання сіл і сродкаў сістэмы калектыўнай бяспекі прадэманструе міжнароднай супольнасці адзінства і магчымасці дзяржаў — членаў АДКБ рэагаваць на выклікі і пагрозы, а таксама гатоўнасць да сумесных дзеянняў па забеспячэнні калектыўнай бяспекі ў зоне адказнасці АДКБ. Такое ўзаемадзеянне станоўча зарэкамендавала сябе ў час беларуска-расійскага сумеснага аператыўна-стратэгічнага вучэння "Захад-2009", у якім прынялі ўдзел і падраздзяленні Арменіі, Казахстана, Таджыкістана. У 2011 годзе на тэрыторыі Расіі плануецца правядзенне сумеснага аператыўнага вучэння ўзброеных сіл Беларусі і Расіі. Аляксандр Лукашэнка выказаў надзею, што будзе агульная зацікаўленасць усіх дзяржаў — членаў АДКБ прыняць удзел у гэтым мерапрыемстве сваімі нацыянальнымі кантынгентамі.

Прэзідэнт Расіі Дзмітрый Мядзведзеў, перадаючы Прэзідэнту Беларусі функцыі старшыні ў Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, пажадаў поспехаў у справе ўмацавання АДКБ. Адкрываючы сустрэчу кіраўнікоў дзяржаў АДКБ у пашыраным складзе, якая праходзіла ў Крамлі, Дзмітрый Мядзведзеў паведаміў, што Беларусь прыняла ўжо функцыі старшынства ў арганізацыі.

Ацэньваючы дзейнасць Расіі ў якасці старшыні АДКБ, Прэзідэнт РФ заявіў, што зроблены важныя крокі, накіраваныя на ўмацаванне бяспекі ў рэгіёне. Паводле яго слоў, асноўны акцэнт рабіўся на стварэнні механізма рэагавання на крызісныя сітуацыі.

Знакавай падзеяй Дзмітрый Мядзведзеў назваў стварэнне Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання (КСАР) колькасцю каля 20 тыс. чалавек. "Праведзеныя вучэнні паказалі, што КСАР мае нядрэнны патэнцыял", — адзначыў Прэзідэнт Расіі.

Беларусь у перыяд старшынства ў АДКБ прыкладала і будзе прыкладаць усе неабходныя намаганні для павышэння эфектыўнасці функцыянавання арганізацыі, заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі падзякаваў расійскаму боку за канструктыўную работу ў час яго старшынства ў АДКБ. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь заўсёды выступала за неабходнасць павышэння ўзроўню і эфектыўнасці дзейнасці АДКБ на гэтым напрамку.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на сустрэчы ў вузкім складзе быў абмеркаваны шэраг ініцыятыў і падыходаў беларускага старшынства, нацэленых на ўмацаванне арганізацыі. Паводле слоў Прэзідэнта, іх рэалізацыя дасць магчымасць зрабіць крок наперад па ўдасканаленні супрацоўніцтва ў палітычнай і ваеннай сферах, па праблематыцы новых выклікаў і пагроз.

Кардынальнай ломкі АДКБ не будзе, аднак арганізацыі давядзецца актывізаваць сваю работу па некаторых напрамках, заявіў журналістам Прэзідэнт Беларусі.

"Не трэба гаварыць, што гэта кардынальная ломка. Шчыра кажучы, нічога кардынальнага не адбылося, а вось паскорыцца нам давялося", — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што цяперашняя сесія Савета калектыўнай бяспекі АДКБ была вельмі насычанай: кіраўнікі дзяржаў разгледзелі 34 пытанні, па ўсіх падпісаны адпаведныя рашэнні. Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на адно новаўвядзенне: старшынствуючы бок зрабіў зварот да партнёраў, дзе акрэсліў тыя напрамкі, на якіх засяродзіць увагу ў перыяд старшынства. Гаворачы аб беларускіх ініцыятывах, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што прапановы ўносіліся і зыходзячы з рэальнай магчымасці іх рэалізацыі.

Прэзідэнт акцэнтаваў увагу таксама на тым, што некаторыя канфліктныя падзеі ў адной з краін — удзельніц АДКБ у гэтым годзе далі штуршок да ўдасканалення нарматыўна-прававой базы арганізацыі. Даючы тлумачэнне, чаму АДКБ аператыўна не адрэагавала на падзеі, якія адбываюцца ў Кыргызстане, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Не было ні сіл, ні сродкаў, ні паўнамоцтваў". Ён таксама звярнуў увагу на неабходнасць стварэння нарматыўна-прававой базы, і такія прапановы будуць унесены.

"Усе бакі АДКБ важныя, але, пагадзіцеся, што гэта ўсё ж такі ваенная арганізацыя, і ваенны складальнік павінен быць тут адпаведны для таго, каб мы сапраўды ў выпадку пагрозы, знешняй пагрозы нашым дзяржавам, змаглі забяспечыць бяспеку гэтай дзяржавы", — лічыць кіраўнік беларускай дзяржавы. Ён таксама дадаў, што забеспячэнне бяспекі любой дзяржавы — гэта найважнейшае пытанне функцыянавання дзяржавы і дзейнасці ўлад гэтай дзяржавы.

Прэзідэнт Беларусі абвергнуў чуткі аб тым, што адносіны з яго расійскім калегам Дзмітрыем Мядзведзевым сапсаваліся. Аб гэтым кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў журналістам пасля завяршэння саміту АДКБ у Маскве.

"Мы з Мядзведзевым і не сварыліся", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. "Я яшчэ ў Мінску гаварыў: дарэмна некаторыя паціраюць рукі за спінамі прэзідэнтаў Беларусі і Расіі, радуючыся. Як нечакана нашы адносіны сапсаваліся — так нечакана для многіх яны і нармалізуюцца. Мы стрымалі сваё слова", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. "Для вас гэта была нечаканасць, для нас — не", — дадаў ён.

Прэзідэнт таксама падкрэсліў, што вялася вельмі напружаная работа над тым, каб прыйсці да тых пагадненняў, якія былі падпісаны напярэдадні ў Маскве.

"Не перажывайце: нават калі мы пасварымся — мы знойдзем час памірыцца", — запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

Пры любых палітычных зменах Беларусь будзе прыхільніцай прынцыпаў супрацоўніцтва, заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Якія б ні былі палітычныя змены, а яны абавязкова будуць, я ўпэўнены, што вы мелі на ўвазе палітычныя змены наогул, а не са зменай улады ў Беларусі (усялякае можа быць — гэта палітыка), нават калі будуць іншыя прэзідэнты на чале ўлады, паверце, Беларусь будзе прыхільніцай прынцыпаў супрацоўніцтва. Іншае проста не прымае беларускі народ", — падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы. Ён адзначыў, што ў Беларусі жыве вельмі талерантны народ, па сваёй ментальнасці вельмі стабільны, у краіне няма ніякіх канфліктаў ні на нацыянальнай, ні на рэлігійнай, ні на палітычнай глебе.

"Усё будзе нармальна: і з палітычным курсам, і з АДКБ, і з нашым удзелам у гэтай арганізацыі", — запэўніў беларускі лідар.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі ў перадвыбарны перыяд нікому не ствараецца ніякіх перашкод для работы або назірання за перадвыбарнай кампаніяй. "Мы ўжо сталі ў гэтыя прэзідэнцкія выбары такой дэмакратычнай дзяржавай, што я баюся, каб ад мяне ўжо іншыя кіраўнікі дзяржаў не шарахаліся як ад буйнога дэмакрата, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Мы ўжо настолькі раскрылі краіну: прыязджайце, хто хоча, нават каму і быў у свой час аб'ектыўна закрыты ўезд у краіну, што хочаце гаварыце, ідзіце глядзіце урны, бюлетэні — усё правярайце. Калі ласка. Толькі каб пасля не сказалі, што мы дзесьці там сябе неяк скрытна паводзілі".

Паводле паведамленняў прэс-службы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і БЕЛТА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўчора ўзяў удзел у сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў — членаў АДКБ і пасяджэнні Савета калектыўнай бяспекі АДКБ. Беларусь у...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика