Маштабным задачам — эфектыўныя законы. 21.by

Маштабным задачам — эфектыўныя законы

23.12.2010 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Паважаныя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў!

Паважаныя члены Урада, журналісты і запрошаныя!

Завяршаецца работа шостай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь чацвёртага склікання.

Яна праходзіла пад знакам такіх важных для краіны падзей, як чацвёрты Усебеларускі народны сход і выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Прымаючы самы актыўны ўдзел у гэтых мерапрыемствах, дэпутаты прыклалі максімум намаганняў, каб намечаныя планы сацыяльна-эканамічнага развіцця адпавядалі інтарэсам народа і сучасным патрэбнасцям краіны, а выбары Кіраўніка дзяржавы прайшлі ў строгай адпаведнасці з Канстытуцыяй і выбарчым заканадаўствам.

Рашэнні ўсенароднага форуму, пераканаўчая перамога Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі прадэманстравалі цвёрдую прыхільнасць беларускага народа да палітычнага курсу, які на справе даказаў сваю эфектыўнасць.

У новы этап свайго развіцця краіна ўваходзіць як ніколі згуртаванай, з ясным бачаннем мэт і дакладным разуменнем задач, якія неабходна вырашыць, каб выйсці на еўрапейскі ўзровень якасці жыцця.

У гэты насычаны падзеямі перыяд парламентарыі не збавілі тэмпаў заканадаўчай дзейнасці, зрабілі ўсё, каб яе вынікі былі сугучныя патрабаванням часу.

У ходзе сесіі прыняты 22 законапраекты ў першым чытанні, 67 — у другім, у тым ліку 46 законапраектаў аб ратыфікацыі міжнародных дагавораў. Разгледжаны 4 часовыя дэкрэты Кіраўніка дзяржавы.

Асаблівая ўвага была ўдзелена заканадаўчым ініцыятывам, прызначаным сфарміраваць прававую базу, якая дасць магчымасць Беларусі ўвайсці ў трыццатку краін з найбольш спрыяльнымі ўмовамі вядзення бізнэсу.

Праведзена вялікая работа па вызваленні прававога поля ад устарэлых норм, якія стрымліваюць развіццё ініцыятывы і прадпрымальнасці.

У першую чаргу тут варта адзначыць заканадаўчыя рашэнні па зняцці адміністрацыйных бар'ераў пры ажыццяўленні прадпрымальніцкай дзейнасці, а таксама па прывядзенні ўмоў гаспадарання ў адпаведнасць з міжнароднай практыкай.

Спрошчаны працэдуры ў сферах архітэктурнай, будаўнічай і транспартна-экспедыцыйнай дзейнасці. Аптымізаваны парадак прыцягнення ў краіну замежнай рабочай сілы.

Дзелавую ініцыятыву часта зводзяць на нішто неапраўдана суровыя санкцыі за парушэнне адміністрацыйных прадпісанняў.

Часткова зняць гэту праблему дазволяць магчымасць зніжэнне максімальнага памеру штрафу за парушэнні ў сферы эканамічнай дзейнасці і ўстанаўленне за асобныя віды правапарушэнняў такога спагнання, як папярэджанне.

Пазбегнуць працяглых судовых разбораў і звязаных з імі расходаў дапаможа рэалізацыя норм, накіраваных на развіццё практыкі вырашэння гаспадарчых спрэчак у дасудовым парадку. Гэта перш за ўсё выкарыстанне спрошчаных і прымірыцельных працэдур, стварэнне прававых умоў для больш шырокага прымянення інстытута трацейскага разбору.

Абароне законных інтарэсаў інвестараў і зніжэнню магчымасці ўзнікнення спрэчных сітуацый па здзелках з аб'ектамі нерухомай маёмасці паслужыць карэкціроўка Закона "Аб дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёю".

Вызваляючы прадпрымальнікаў ад празмернага кантролю, дзяржава ў той жа час абавязана ў поўным аб'ёме абараніць правы работнікаў. І тут больш актыўную ролю павінны адыгрываць прафсаюзы. Умацаванню іх прававога статусу будуць садзейнічаць папраўкі ў Закон "Аб прафесійных саюзах".

Прынцып максімальнага ўліку інтарэсаў усіх удзельнікаў праваадносін з'яўляецца прыярытэтным і пры ўдасканаленні экалагічнага заканадаўства. Так, адначасова са спрашчэннем парадку карыстання аб'ектамі расліннага свету прапануецца ўвесці механізм кампенсацыі шкоды, што ім наносіцца ў выніку гаспадарчай дзейнасці. Акрамя таго, вырашаюцца задачы павышэння эфектыўнасці дзяржаўнай экалагічнай экспертызы, захавання прыродных экалагічных сістэм, біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці.

Разам са стварэннем аптымальных умоў для вядзення бізнэсу дэпутаты актыўна ўключыліся ў працэс фарміравання прававой базы для інавацыйнага абнаўлення эканомікі. Асноўныя напрамкі гэтай дзейнасці былі намечаны на парламенцкіх слуханнях, прысвечаных ролі навукі і адукацыі ў рэалізацыі стратэгіі інавацыйнага развіцця.

У ходзе сесіі ўнесены значны ўклад у кадыфікацыю заканадаўства. З прыняццем праекта Кодэкса аб адукацыі завершана складаная, карпатлівая работа па фарміраванні новай галіны нацыянальнага права. Закладзены заканадаўчыя асновы для стабільнага развіцця айчыннай сістэмы адукацыі і яе інтэграцыі ў сусветную адукацыйную прастору.

У першым чытанні прыняты праект Жыллёвага кодэкса. Улічваючы асаблівае гучанне, якое набыла жыллёвая праблематыка на Усебеларускім народным сходзе, далейшая работа над гэтым дакументам будзе праводзіцца з максімальным улікам выказаных пазіцый і меркаванняў.

У блоку сацыяльных пытанняў найбольш значнымі з'яўляюцца рашэнні, накіраваныя на ўзмацненне падтрымкі сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей, устанаўленне льгот дзецям, якія навучацца ва ўстановах адукацыі, размешчаных на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання, а таксама ўрэгуляванне адносін у галіне донарства крыві і яе кампанентаў.

Важкі пакет дакументаў быў прысвечаны ўдасканаленню работы праваахоўных органаў, умацаванню стабільнасці і правапарадку ў краіне.

Узмоцнены патрабаванні да правядзення аператыўна-вышуковай дзейнасці. Замацаваны пераўтварэнні ў структуры органаў унутраных спраў. Вядзецца карэкціроўка заканадаўства аб пракуратуры. Аптымізуецца сістэма прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх. З улікам правапрымяняльнай практыкі ўнесены змяненні ў Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы Рэспублікі Беларусь.

Важным заключным акордам сесіі стала ратыфікацыя 18 міжнародных дагавораў, якія фарміруюць прававую базу Адзінай эканамічнай прасторы Беларусі, Казахстана і Расіі.

Насычанай і дынамічнай была міжнародная дзейнасць Палаты прадстаўнікоў. Заканамерна, што важнейшым яе напрамкам у гэты перыяд была работа з замежнымі і міжнароднымі наглядальнікамі на прэзідэнцкіх выбарах.

Па запрашэнні Палаты прадстаўнікоў у краіне працавалі місіі наглядальнікаў ад Міжпарламенцкай Асамблеі СНД і Парламенцкай асамблеі АБСЕ, якія мелі магчымасць аб'ектыўна ацаніць абстаноўку ў рэспубліцы і пераканацца ў тым, што выбары праходзілі ў поўнай адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам.

Актыўная работа праводзілася ў рамках міжпарламенцкіх арганізацый. Ключавой падзеяй тут стала 38-я сесія Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі. Сярод асноўных яе рашэнняў — прыняцце праекта саюзнага бюджэту на 2011 год.

Плённа працавалі дэпутаты ў міжпарламенцкіх структурах СНД, ЕўрАзЭС і АДКБ. На пленарных пасяджэннях і іншых мерапрыемствах гэтых арганізацый былі абмеркаваны пытанні фарміравання прававой базы Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы ў рамках ЕўрАзЭС, умацавання яго парламенцкага складальніка, заканадаўчага забеспячэння інавацыйнага развіцця дзяржаў — удзельніц СНД, стварэння сістэмы крызіснага рэагавання ў АДКБ.

Праведзеныя ў рамках гэтых форумаў сустрэчы з кіраўнікамі парламенцкіх дэлегацый Казахстана, Расіі, Таджыкістана і Украіны далі магчымасць абазначыць шляхі далейшага развіцця двухбаковага супрацоўніцтва і аказання ўзаемнай падтрымкі ў міжпарламенцкіх арганізацыях.

Адзначу таксама плённы ўдзел дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў у 123-й Асамблеі Міжпарламенцкага саюза, асенняй сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ, 36-м пленарным пасяджэнні Генеральнай асамблеі Парламенцкай асамблеі Чарнаморскага эканамічнага супрацоўніцтва, штогадовай сесіі парламенцкай структуры Цэнтральнаеўрапейскай ініцыятывы.

Дэпутаты актыўна выкарыстоўвалі трыбуну гэтых арганізацый, каб данесці пазіцыю нашай краіны па такіх актуальных пытаннях, як барацьба з транснацыянальнай злачыннасцю, карупцыяй і гандлем людзьмі, ахова навакольнага асяроддзя, змяненне клімату, энергетычная і харчовая бяспека.

Сярод важнейшых падзей сесійнага перыяду неабходна назваць афіцыйны візіт беларускай парламенцкай дэлегацыі ў Сацыялістычную Рэспубліку В'етнам, у час якога адбыліся сустрэчы з Прэзідэнтам і Прэм'ер-міністрам гэтай краіны, кіраўніцтвам Парламента і прадстаўнікамі дзелавых колаў. Былі абмеркаваны пытанні развіцця беларуска-в'етнамскага палітычнага дыялога, гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, пашырэння ўзаемадзеяння ў міжнародных арганізацыях, у тым ліку шляхам устанаўлення партнёрскіх адносін паміж Парламентам Беларусі і Парламенцкай асамблеяй Асацыяцыі краін Паўднёва-Усходняй Азіі.

Высокай была актыўнасць рабочых груп Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па супрацоўніцтве з парламентамі замежных дзяржаў. Упершыню адбыўся візіт беларускай парламенцкай дэлегацыі ў Эстонію, па лініі парламенцкіх груп дружбы ажыццёўлены візіт у Японію.

У снежні гэтага года прайшло трэцяе пасяджэнне Міжпарламенцкай камісіі па супрацоўніцтве Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Вярхоўнай Рады Украіны, на якім абмяркоўваліся пытанні развіцця дагаворна-прававой базы дзвюх дзяржаў, гандлёва-эканамічных сувязяў, а таксама супрацоўніцтва нацыянальных дэлегацый Беларусі і Украіны ў міжнародных парламенцкіх структурах.

За апошнія тры месяцы ў Палаце прадстаўнікоў праведзена каля 10 сустрэч з парламентарыямі замежных дзяржаў, прадстаўнікамі міжнародных арганізацый і дыпламатычнага корпуса замежных дзяржаў.

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў у складзе місіі наглядальнікаў ад СНД прымалі ўдзел у міжнародным назіранні за правядзеннем канстытуцыйнага рэспубліканскага рэферэндуму і парламенцкіх выбараў у Рэспубліцы Малдова, а таксама выбараў у Парламент Азербайджанскай Рэспублікі.

Дынаміка двухбаковых кантактаў не знізіцца і ў міжсесійны перыяд. Разглядаюцца прапановы аб ажыццяўленні візітаў беларускіх парламентарыяў у Бахрэйн, Іран і Украіну. Чакаецца, што нашу краіну наведаюць парламенцкія дэлегацыі Італіі, Карэі, Лівана.

Дэпутаты прымуць удзел у мерапрыемствах Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі, міжпарламенцкіх асамблей СНД і ЕўрАзЭС, Парламенцкай Асамблеі АДКБ, а таксама ў зімняй сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ. Прадоўжыцца падрыхтоўка трэцяга сумеснага семінара дэлегацыі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у ПА АБСЕ і Рабочай групы ПА АБСЕ па Беларусі па пытаннях сродкаў масавай інфармацыі.

Напружанай будзе і заканадаўчая дзейнасць. Ужо сёння неабходна ўключыцца ў работу па падрыхтоўцы заканадаўчых ініцыятыў, кіруючыся рашэннямі Усебеларускага народнага сходу, перагледзець нашы рабочыя планы, прааналізаваць законапраекты, якія ўжо знаходзяцца ў пастаянных камісіях.

Мы набралі добры тэмп работы ў выбарчых акругах з насельніцтвам, працоўнымі калектывамі, мясцовымі органамі ўлады. Наша задача не знізіць яго і ў міжсесійны перыяд.

На заканчэнне, паважаныя калегі, дазвольце падзякаваць вам за плённую работу і выказаць упэўненасць, што пастаўленыя перад намі задачы будуць паспяхова вырашаны.

Сардэчна віншую ўсіх прысутных з надыходзячым Новым годам і Каляднымі святамі.

Жадаю вам моцнага здароўя, дабрабыту, поспехаў і ўдачы ва ўсіх справах.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Выступленне Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Андрэйчанкі У.П. на закрыцці шостай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика