Аляксандр ЛУКАШЭНКА: "Нацыянальная культура набывае ўсё большае значэнне як надзейны гарант захавання самабытнасці народа"
11.01.2011
—
Новости Политики
|
Нацыянальная культура набывае ўсё большую палітычную сілу і значэнне як надзейны гарант захавання ідэнтычнасці і самабытнасці народа, каштоўнейшая канкурэнтная перавага ва ўмовах глабалізацыі. Аб гэтым заявіў Аляксандр Лукашэнка 8 студзеня ў Палацы Рэспублікі на цырымоніі ўручэння прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне" і спецыяльных прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўручэнне прэмій не выпадкова праводзіцца ў калядныя святы. Па добрай традыцыі ў гэтыя дні на самым высокім дзяржаўным узроўні падводзяцца вынікі мінулага года. Уручэнне калядных прэмій — гэта, па сутнасці, усенародны агляд творчых сіл краіны, красамоўнае сведчанне таго, якім грамадскім прызнаннем карыстаецца кожнае дасягненне, кожны значны крок на шляху мастацтва, міласэрнасці, маральных пошукаў, служэння людзям і Айчыне. Прэзідэнт падкрэсліў, што спрадвеку Беларусь па праву славіцца як зямля падзвіжнікаў і мудрацоў, дзе вышэй за ўсё цэняць духоўнасць, асвету і, вядома ж, кнігу. "Вялікую ролю ў гэтым адыграла Праваслаўная царква, якая з часоў прападобнай Еўфрасінні Полацкай нязменна несла беларусам святло дабра і прыгажосці", — адзначыў ён. Беларускія храмы і замкі, абрады і легенды, літаратура і бясцэнныя шэдэўры мастацтва складаюць неад'емную частку сусветнай спадчыны, падкрэсліў Прэзідэнт. "Мы разглядаем нацыянальную культуру як стратэгічны рэсурс краіны, краевугольны камень нашай незалежнасці, без якога не можа быць суверэннай і квітнеючай дзяржавы", — заявіў кіраўнік дзяржавы. "Галоўны прынцып культурнай палітыкі Беларусі — не проста захаваць, а шматразова прымножыць духоўныя багацці народа, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Мы адраджаем помнікі мінулага, такія як Мірскі замак, Нясвіжскі палац, Брэсцкая крэпасць, ствараем новыя шэдэўры — Нацыянальную бібліятэку, "Мінск-Арэну", мемарыял на Буйніцкім полі, Храм-помнік у гонар Усіх Святых і іншыя маштабныя збудаванні, вартыя стаць візітнай карткай эпохі. Мы шануем творчыя традыцыі, развіваем мастацкія школы і адкрываем новыя зорныя імёны". "Дарогу талентам!" — гэтыя словы сталі дэвізам сучаснай Беларусі, лічыць Аляксандр Лукашэнка. Мабыць, нідзе ў свеце да талентаў не ставяцца з такім хваляваннем і павагай, як у нас у краіне. Адораныя асобы адчуваюць дзяржаўны клопат з маленства і на працягу ўсяго жыцця. "І як бы ні складвалася эканамічная сітуацыя, грошай на таленавітых людзей, на адукацыю, навуку і культуру мы шкадаваць не будзем", — падкрэсліў ён. На думку Прэзідэнта, тэма духоўнасці набывае асаблівую актуальнасць у нашы дні. "Як расліна не можа жыць без святла і цяпла, так і краіна — без духоўнасці, без шматграннай творчасці яе грамадзян, — адзначыў ён. — Гэта асабліва актуальна ў нашы дні, калі ўпершыню ў гісторыі беларусы пабудавалі сваю дзяржаву, адчулі сябе паўнапраўнымі гаспадарамі на сваёй зямлі. Набыццё незалежнасці акрыляе, дае небывалы ўзлёт патрыятычных пачуццяў, імкненне зрабіць як мага больш для ўмацавання і ўпрыгажэння нашага агульнага дому". Аляксандр Лукашэнка нагадаў словы знакамітага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча пра Беларусь: "Гэта край раскрытых душ і дзвярэй, гэты край — наш дом і сабор". Вось такое стаўленне да роднай зямлі — як да святыні, якая заслугоўвае асаблівай любові і шанавання, — павінна яднаць і натхняць на новыя здзяйсненні і вялікія справы, перакананы ён. Заўтрашні дзень дзяржавы непасрэдна залежыць ад таго, якія ідэалы ўмацоўваюцца сёння. "Ва ўсе часы людзі не толькі шукалі матэрыяльнага дастатку, але і імкнуліся да духоўных вышынь. І ў нашы дні пытанні маралі і культуры адыгрываюць вядучую ролю ў мастацкай творчасці, навуцы, адукацыі і медыцыне. Ад таго, якія ідэалы ўмацоўваюцца сёння, непасрэдна залежыць заўтрашні дзень нашага народа", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Мы заўсёды будзем паважаць права майстроў мастацтва на свабоду думкі і самавыяўлення. Але, як справядліва заўважыў вялікі Някрасаў, паэт перш за ўсё абавязаны быць грамадзянінам. Вы, творчыя людзі, не павінны забываць пра сваю сацыяльную, духоўную місію. Краіна чакае ад вас яркіх, маштабных твораў, якія выхоўвалі б народ у духу традыцыйных ідэалаў і каштоўнасцяў. Адлюстроўвалі тыя пазітыўныя змены, якія адбываюцца ў нашым жыцці. Абуджалі ў маладых сэрцах пачуццё патрыятызму і гордасці за сваю краіну. Няхай добрым прыкладам для ўсіх паслужаць слаўныя справы і цудоўныя творы тых выдатных людзей, якіх мы ўшаноўваем". Прэзідэнт Беларусі ўручыў 15 лаўрэатам, прадстаўнікам розных прафесій, прэміі "За духоўнае адраджэнне" і спецыяльныя прэміі дзеячам культуры і мастацтва. Сярод лаўрэатаў — урачы і свяшчэннаслужыцелі, бацькі-выхавальнікі сямейнага дзіцячага дома і тыя, хто дасягнуў высокага майстэрства на творчай ніве. "Усіх іх па праву можна назваць сапраўднымі падзвіжнікамі духу, якія аддаюць усе сілы розуму і таленту беззапаветнаму служэнню роднай краіне", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Звяртаючыся да лаўрэатаў, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Мне вельмі прыемна першым павіншаваць вас з прысуджэннем такіх высокіх узнагарод. Вы ў поўнай меры заслужылі іх сваёй самаадданай працай і выдатнымі вынікамі ў сферы культуры і мастацтва, у дабрачыннай і сацыяльнай рабоце, справах асветы і міласэрнасці. Няхай гэта ўрачыстасць надасць вам яшчэ больш стваральнай энергіі і энтузіязму, натхніць на новыя здзяйсненні ў імя шчасця і працвітання любімай Айчыны". Кіраўнік дзяржавы таксама падкрэсліў: "Ражджаство — гэта светлае, сямейнае свята. І таму я хачу звярнуцца да вас з тымі словамі, якія гавару самым родным людзям: пажаданнямі шчасця, здароўя, дабрабыту і абавязкова ўдачы! Няхай кожнаму з вас спадарожнічае поспех у справах, здзяйсняюцца ўсе мары, а сэрцы будуць напоўнены выдатным настроем, цяплом і дабрынёй". Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, які прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі, адзначыў вялікае значэнне гэтай каляднай сустрэчы, на якой "вызначаюцца ключавыя моманты ў сферы духоўнага адраджэння і стварэння ў нашай нацыянальнай культуры". Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нацыянальная культура набывае ўсё большую палітычную сілу і значэнне як надзейны гарант захавання ідэнтычнасці і самабытнасці народа, каштоўнейшая канкурэнтная...
|
|