Рыгор Васілевіч: "Трэба прымяняць заканадаўства разумна"
24.03.2011
—
Новости Политики
|
Прэзідэнт у снежні мінулага года зацвердзіў Канцэпцыю ўдасканалення мераў крымінальнай адказнасці і парадку іх выканання. — Там у асноўным прааналізавана судовая практыка, — распавёў Генеральны пракурор Беларусі Рыгор Васілевіч. — Мы звярнулі ўвагу, што не заўсёды законныя прысуды, якія выносяцца, з'яўляюцца справядлівымі. Я тут маю на ўвазе індывідуалізацыю пакарання. Напрыклад, вельмі часта суддзя прызначае меру пакарання, якая, гэта загадзя можна спрагназаваць, не будзе выконвацца чалавекам. У сувязі з гэтым мы маем да 30 працэнтаў ухіленняў ад адбывання вынесеных прысудаў. Гэта, як правіла, ухіленне ад папраўчых работ, абмежавання волі. Я скіроўваю пракурораў, каб яны больш прынцыпова падыходзілі да гэтага пытання і апратэстоўвалі падобныя (<І>якія чалавек не будзе выконваць. — Н. Д.) прысуды. Такі падыход, мяркуецца, зменшыць рэцыдыўную злачыннасць. Канцэпцыя таксама скіроўвае за асобныя злачынствы эканамічнага характару пры вынясенні пакарання аддаваць перавагу штрафным мерам, а не пазбаўленню волі. Як адзначыў Генпракурор, для рэалізацыі Канцэпцыі на працэнтаў 80 неабходна проста арганізаванасць і жаданне працаваць і прымяняць заканадаўства разумна. Пэўная частка прапаноў, якія змяшчае Канцэпцыя, можа быць рэалізавана, калі будуць унесены адпаведныя змены ў заканадаўства. Генпракуратура не выключае магчымасць экстрадыцыі Міхалевіча. Так адказаў на пытанне, ці збіраецца Генпракуратура накіроўваць запыт на экстрадыцыю экс-кандыдата ў прэзідэнты Аляксея Міхалевіча, Рыгор васілевіч. — Раз заведзена крымінальная справа, такі варыянт хутчэй за ўсё напрошваецца, — сказаў Рыгор Васілевіч. — Чалавек схаваўся ад следства (А. Міхалевіч праходзіць як падазроны па справе аб масавых беспарадках 19 снежня, ён парушыў падпіску аб нявыездзе і пакінуў межы Беларусі. — Н. Д.), калі будзе аб'яўлены вышук, ён павінен будзе з'явіцца па выкліку следчага. Генеральны пракурор нагадаў, што даў даручэнне сваім намеснікам правесці праверку па фактах, якія выкладзены ў заяве экс-кандыдата Міхалевіча (аб катаваннях у СІЗА КДБ).— Па выніках праверкі мы будзем судзіць, ці былі там парушэнні, — падкрэсліў Рыгор Васілевіч. Генпракурор таксама паведаміў, што ён паўторна накіраваў ліст старшыні Камітэта дзяржбяспекі, каб права на судовую абарону было рэалізавана для ўсіх асоб, якія знаходзяцца пад следствам па справе аб масавых беспарадках 19 снежня. Пракаментаваў, па просьбе журналістаў, Генеральны пракурор і факт вынясення афіцыйных папярэджанняў службовым асобам Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, Міністэрства прамысловасці. — Што тычыцца афіцыйных папярэджанняў, вынесеных у адрас намеснікаў кіраўнікоў названых міністэрстваў, — патлумачыў Рыгор Васілевіч, — то гэта не што іншае, як наша жаданне звярнуць увагу на недахопы, звязаныя з павелічэннем колькасці злачынстваў эканамічнага характару ў сістэме гэтых ведамстваў. Мы спадзяёмся, што гэтыя папярэджанні паспрыяюць актывізацыі работы антыкарупцыйных камісій міністэрстваў, будуць стымулам для службовых асоб, каб прааналізаваць, з чым звязана негатыўная тэндэнцыя, што неабходна зрабіць, каб папярэдзіць эканамічныя злачынствы. Пры гэтым Генпракурор выказаў меркаванне, што пэўны імпульс працы па барацьбе з праявамі карупцыі дасць сумесная калегія з Камітэтам дзяржаўнага кантролю, якая мае адбыцца напрыканцы сакавіка ці ў пачатку красавіка. Паводле слоў Генпракурора, у 2010 годзе зарэгістравана больш як 14 тысяч крадзяжоў з аўтамабіляў, пакінутых іх гаспадарамі на ўнутрыдваравых тэрыторыях ці ў іншых месцах, якія не ахоўваюцца. Большасць такіх злачынстваў здзейснена ў Мінску. Гэты від злачыннасці звязаны ў першую чаргу з недахопам ахоўных аўтастаянак. Так, у рэспубліцы зарэгістравана каля 3 млн адзінак індывідуальнага аўтатранспарту, а месцаў у гаражных кааператывах — 430 тысяч, машына-месцаў на ахоўных аўтастаянках — 164 тысячы. Летась тэрытарыяльнымі органамі ўнутраных спраў у выканаўчыя і распарадчыя органы накіраваны 192 лісты па пытанні адкрыцця аўтастаянак. Па выніках іх разгляду абсталявана ўсяго толькі 17... Стаянкі, як адзначыў Рыгор Васілевіч, у першую чаргу клопат мясцовых уладаў. А ў іх працы пакуль што яшчэ вельмі шмат фармалізму. — Знаёмішся з некаторымі рашэннямі — і бачна, што абмяжоўваюцца проста агульнымі заклікамі "актывізаваць", "узмацніць". Гэтага мала. Даўно дадзена даручэнне аналізаваць сітуацыю і, зыходзячы з гэтага, выпрацоўваць канкрэтныя меры. Надзея ДРЫЛА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прэзідэнт у снежні мінулага года зацвердзіў Канцэпцыю ўдасканалення мераў крымінальнай адказнасці і парадку іх выканання. — Там у асноўным прааналізавана... |
|