Беларусь і Расія фактычна завяршылі перагаворны працэс па прадастаўленні крэдытаў
18.05.2011
—
Новости Политики
|
Аб гэтым 17 мая Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку далажыў прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч, паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы. "Я толькі што гаварыў з Прэзідэнтам Расіі Дзмітрыем Анатолевічам Мядзведзевым. Ён пазваніў мне. У нас ідуць перагаворы з Расійскай Федэрацыяй аб прадастаўленні стабілізацыйнага крэдыту на падтрыманне курсу беларускага рубля. Па ўсіх перагаворах яны гатовы да таго, каб тэрмінова, калі гэта патрэбна, і не тэрмінова, калі гэта нам не патрэбна, адрэагаваць. І гэта прыкладна $3,1 млрд, калі мы, вядома, будзем падпісваць з імі адпаведнае пагадненне", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, цяпер усё практычна ўжо зроблена, і Беларусь можа атрымаць гэты крэдыт. Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Прыкладна $3 млрд — гэта будучыя продажы нашых тавараў. Нас гатовы пракрэдытаваць. У выніку атрымліваецца 6 з лішнім мільярдаў долараў — гэтага дастаткова ў гэтым годзе не толькі для стабілізацыі, але і для таго, каб мець салідныя золатавалютныя рэзервы". "Але пры гэтым трэба мець на ўвазе, што эканоміка ў нас усё-такі расце, ВУП 112,3 працэнта да аналагічнага перыяду мінулага года — гэта высокі паказчык. Зразумела, крыху сродкаў не хапае, паколькі яшчэ высокія цэны на нафту, сыравіну, камплектуючыя і г.д. Гэта аб'ектыўна. Але гэта часовыя цяжкасці, і я хацеў бы, каб урад і Нацыянальны банк не вельмі ўжо тут стараліся ў плане пазыковых сродкаў, таму што іх трэба будзе вяртаць. Таму арыентацыя на тое, што жыць трэба па сродках", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. "Я спецыяльна тыдзень быў у сельскагаспадарчых арганізацыях, глядзеў, што ж там адбываецца, — сказаў Прэзідэнт. — Ніякай катастрофы няма, гаспадаркі працуюць устойліва, нармальна, а вось што цяпер адбываецца на валютным і спажывецкім рынку ў цэлым па краіне, я хацеў бы ад вас пачуць. Толькі аб'ектыўна. Усё, што адбываецца. Калі патрэбна, каб я цяпер кінуў усе справы і падключыўся да гэтага пытання, — добра. Давайце я буду займацца. Калі пакуль сітуацыя кіруемая і вы бачыце перспектывы, тады не будзем гарачыцца, будзем спакойна ў гэтым напрамку дзейнічаць". "Мне, як вы ведаеце, дакладвае група, якая займаецца маніторынгам валютнага і спажывецкага рынкаў. Я хацеў бы ад вас пачуць пра ўсё, што адбываецца на валютным і спажывецкім рынках перш за ўсё. Я ведаю, вы ўчора збіраліся і быццам выпрацавалі яшчэ адно чарговае рашэнне. Але яшчэ раз хачу вас папярэдзіць, каб вы мне прадставілі аб'ектыўную ацэнку, каб я, нарэшце, мог зрабіць пэўныя вывады, таму што дакладчыкаў шмат, а вывад павінен быць адзін", — запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да прэм'ер-міністра. Міхаіл Мясніковіч адзначыў: "Мы фактычна завяршылі перагаворны працэс з Расійскай Федэрацыяй. У прынцыпе ўсе пытанні ўрэгуляваны. І цяпер міністрам фінансаў Беларусі Андрэем Харкаўцом і міністрам фінансаў Расіі Аляксеем Кудрыным абмяркоўваюцца канчатковыя матрыцы". У ходзе праведзеных перагавораў у мінулую нядзелю ў Мінску з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства фінансаў і Цэнтральнага банка Расіі былі абмеркаваны падыходы да крэдытавання. "Сёння Аляксей Кудрын праінфармаваў сваё кіраўніцтва, я далажыў Прэзідэнту Беларусі. Такім чынам, мы дамовіліся фактычна на $3-3,5 млрд крэдытнай падтрымкі з боку Расіі на выгадных умовах. Акрамя таго, ёсць яшчэ прапановы, і яны фактычна адобраны Прэзідэнтам, па атрыманні адпаведных валютных крэдытаў пад будучыя таварныя пастаўкі. У выніку цана пытання — $6-6,5 млрд. Мы лічым, што гэтыя сродкі будуць садзейнічаць таму, каб сапраўды стабілізаваць сітуацыю на валютным рыку", — падкрэсліў прэм'ер-міністр. Паводле яго слоў, усе гэтыя пытанні рэальна вырашыць на працягу бліжэйшых месяцаў. Міхаіл Мясніковіч таксама паведаміў, што Беларусь не выключае магчымасці звароту за крэдытнай падтрымкай да МВФ. "Але гэты працэс даволі працяглы. У чэрвені будзе чарговая планавая місія названага фонду ў Беларусі. Мы не гэтыя пытанні будзем абмяркоўваць, але ў залежнасці ад той справаздачы, якая будзе падрыхтавана місіяй МВФ, мы можам прагназаваць далейшае развіццё падзей у адносінах з гэтай аўтарытэтнай міжнароднай арганізацыяй", — сказаў ён.Прэм'ер-міністр далажыў Прэзідэнту, што ў краіне забяспечваецца ўстойлівае развіццё эканомікі. У параўнанні з 4 месяцамі мінулага года занятасць у краіне павялічылася на 15,6 тыс. чалавек. "Гэта значыць, людзі працуюць, прадпрыемствы ўсе працуюць. Зразумела, ёсць моманты, калі даводзіцца вырашаць у ручным рэжыме, але сітуацыя кіруемая, каардынацыя забяспечваецца поўнасцю, і ўрадам прымаюцца неабходныя кіраўніцкія рашэнні", — сказаў прэм'ер-міністр. Наконт інфляцыйных пытанняў у краіне Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што Прэзідэнт звярнуў увагу ўрада на тое, што аб'ектыўныя інфляцыйныя працэсы павінны кампенсавацца праз рост даходаў насельніцтва. Аляксандр Лукашэнка даручыў, каб у першую чаргу забяспечвалася падтрымка маламаёмных грамадзян, пенсіянераў. Акрамя таго, кіраўніку дзяржавы даложана аб пытаннях, якія плануецца абмеркаваць 19 мая ў ходзе пасяджэнняў Савета кіраўнікоў урадаў СНД, Міждзяржсавета ЕўрАзЭС на ўзроўні кіраўнікоў урадаў і Міждзяржсавета ЕўрАзЭС (вышэйшага органа Мытнага саюза) на ўзроўні кіраўнікоў урадаў. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аб гэтым 17 мая Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку далажыў прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч, паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы. "Я толькі што...
|
|