Яшчэ адна спроба актывізаваць дзейнасць СНД
20.05.2011
—
Новости Политики
|
Учора ў Мінску на пасяджэнні кіраўнікоў урадаў СНД быў разгледжаны і прыняты шэраг важных дакументаў, якія дазваляюць спадзявацца на тое, што пасля 20 гадоў існавання Садружнасць нарэшце запрацуе ў адпаведнасці са сваім вялікім патэнцыялам. Відаць, невыпадкова прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч перад адкрыццём пасяджэння кіраўнікоў урадаў СНД быў даволі стрыманы ў прывітальным слове. Так, ён у цэлым станоўча адзначыў работу СНД, назваў яе той пляцоўкай, якая дазваляе кіраўнікам краін Садружнасці сустракацца як аднадумцам і абмяркоўваць злабадзённыя пытанні. Разам з тым, зазначыў: нягледзячы на тое, што выканкам СНД не мае наднацыянальных органаў і бюджэту для развіцця, Садружнасць, тым не менш, ведаюць на міжнароднай арэне. Зразумела, хацелася б мець большыя вынікі дзейнасці СНД. З гэтай нагоды прэм'ер-міністр Беларусі выказаў цікавую думку аб неабходнасці ўзяць "хатняе заданне", каб за 2-3 месяцы падрыхтаваць і ўнесці прапановы па актывізацыі дзейнасці СНД, асабліва ў гуманітарнай і навукова-тэхнічнай сферах. Але склалася ўражанне, што ўрад Беларусі над сваёй часткай гэтага агульнага "хатняга задання" мэтанакіравана працуе і ўжо мае пэўныя напрацоўкі. Міхаіл Мясніковіч на прэс-канферэнцыі, якая адбылася адразу пасля завяршэння пасяджэння, падзяліўся інфармацыяй пра беларускія ініцыятывы па ажыўленні, дакладзе, вываду на ўзровень сучасных патрабаванняў дзейнасці СНД. У прыватнасці, Беларусь прапаноўвае актывізаваць работу па стварэнні зоны свабоднага гандлю. Праўда, адпаведны канчатковы дакумент не ўдалося падпісаць учора ў Мінску. А шкада. Гэта было б знакавай падзеяй у гісторыі СНД. Аднак з-за ўзніклых супярэчнасцяў і негатоўнасці, відаць, усіх членаў СНД гандляваць па-новаму было вырашана працягнуць работу ў гэтым кірунку і праз некалькі месяцаў яе ў рэшце рэшт завяршыць. Бо няпроста адмовіцца ад пратэкцыянісцкіх мер у знешнім гандлі, пагадзіцца на паэтапную адмену экспартных мытных пошлін. На пасяджэнні таксама прагучала яшчэ адна цікавая прапанова беларускага ўрада па ўзмацненні інавацыйнага супрацоўніцтва краін СНД. У выніку, паводле слоў Міхаіла Мясніковіча, сёння прынята рашэнне "забяспечыць старт у будучым годзе міждзяржаўнай праграмы інавацыйнага супрацоўніцтва краін СНД да 2020 года". Як падкрэсліў прэм'ер, гэта не дэкларацыя, а канкрэтны пакет мер па развіцці інавацыйнай інфраструктуры. Без гэтага цяжка дасягнуць пашырэння аб'ёмаў таго ж узаемнага гандлю, ствараць сумесныя буйныя вытворчыя транснацыянальныя карпарацыі, выходзіць на рэалізацыю сістэмных праектаў у будучым і тым самым павышаць узровень інтэграцыі.Падчас сустрэчы з журналістамі ўдзельнікі прэс-канферэнцыі паведамілі і пра іншыя вынікі пасяджэння кіраўнікоў урадаў СНД. Краіны згодныя рэалізаваць сумесную праграму па выкарыстанні атамнай энергіі "Супрацоўніцтва "АТАМ-СНД". Яна працягнецца да 2020 года. Абмеркавалі і стан супрацоўніцтва ў сферы культуры, адукацыі і мастацтва. У час пасяджэння быў абмеркаваны ход падрыхтоўкі Міждзяржаўнай выставы да 20-годдзя СНД. Здаецца, што ўдзельнікі пасяджэння ў Мінску дамовіліся напярэдадні юбілею яшчэ раз уважліва прааналізаваць поспехі і пралікі ў дзейнасці СНД, знайсці эфектыўныя меры і захады па актывізацыі яго велізарнага патэнцыялу. Дарэчы, такіх спроб ужо было некалькі. І кожны раз думалася, што цяпер СНД ужо запрацуе, як трэба. Але мінаў час, і асаблівых зрухаў не назіралася. Хоць і ўсе кіраўнікі краін галасавалі аднадушна. Мінская сустрэча ўсё ж можа адыграць ролю генератара ў развіцці арганізацыі ў многім дзякуючы стварэнню Мытнага саюза, які ставіць усе краіны СНД перад складаным выбарам — як жыць далей. Учора таксама адбыліся пасяджэнне Міждзяржаўнага савета ЕўрАзЭС на ўзроўні кіраўнікоў урадаў, а таксама Міждзяржсавета ЕўАзЭС на ўзроўні кіраўнікоў урадаў Беларусі, Казахстана, Расіі. Леанід Лахманенка. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Учора ў Мінску на пасяджэнні кіраўнікоў урадаў СНД быў разгледжаны і прыняты шэраг важных дакументаў, якія дазваляюць спадзявацца на тое, што пасля 20 гадоў...
|
|