Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся знізіць з раніцы цэны на паліва
09.06.2011
—
Новости Политики
|
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся знізіць з раніцы цэны на паліва. Аб гэтым ён заявіў учора на нарадзе па актуальных пытаннях эканомікі, перадае БЕЛТА. "Давайце дамовімся: паліва з заўтрашняй раніцы будзе не Br5200-5100, а максімум Br4500, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Таму можаце ісці і аб'явіць усім: Br4500 — гэта максімум, гэта я бяру самы дарагі бензін. Ад гэтага будзем лічыць і дызельнае паліва, і больш танны бензін — нізкаактанавы", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў далейшым цана на бензін не будзе рэзка расці, будзе прывязана да курсу долара, калі ён установіцца. "І да 1 студзеня, калі ў нас будзе курс ці то Br5000, ці то Br4500: калі Br4500 — такі і застанецца, калі Br5000 — значыць, да 1 студзеня будзеце працаваць па цэнаўтварэнні, за квартал дабаўляючы па 2-3 працэнты, калі гэта трэба будзе, але не на 30 працэнтаў", — сказаў Прэзідэнт. "Вось і ўсё маё рашэнне па паліве", — сказаў ён. Аляксандр Лукашэнка таксама дадаў, што, магчыма, давядзецца "адкручваць цэны" і па іншых групах тавараў. "Я катэгарычна забараняю любы рух звыш 3-5 працэнтаў па цэнах без майго ведама", — сказаў ён. Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў работу ўрада па цэнаўтварэнні. Ён нагадаў, што тыдзень таму на нарадзе гаварыў аб тым, што ў цяперашніх складаных умовах трэба сур'ёзным чынам звярнуць увагу на стабілізацыю сітуацыі як у эканоміцы, так і ў сацыяльным плане. "Галоўная праблема, якая да гэтага часу хвалюе людзей, — гэта інфляцыя. Мною было дадзена ўказанне прэм'ер-міністру, губернатарам і мэру Мінска самым строгім чынам рэагаваць на рост цэн. Я быў упэўнены, што гэтыя службовыя асобы будуць прымаць рашэнні ўзважана і абдумана, паколькі галоўнае сёння — не проста зрабіць так, каб бюджэт быў тоўстым і тлустым, а галоўнае — абараніць людзей", — сказаў кіраўнік дзяржавы. "Пры гэтым абсалютна недапушчальна, я аб гэтым катэгарычна папярэдзіў, рабіць рэзкія рухі ў цэнаўтварэнні. Можна толькі ўніз, уверх нельга", — падкрэсліў ён. На думку кіраўніка дзяржавы, калі дзесьці патрэбна была карэкціроўка цэн, то гэта неабходна было рабіць плаўна і акуратна. "Людзі павінны былі мець магчымасць прывыкнуць да любога руху. Што атрымалася на справе? За адзін вечар вы павысілі цану на паліва аж на 30 працэнтаў", — сказаў ён. Паводле слоў Прэзідэнта, калі б давялося павышаць цану толькі на паліва, гэта было б зразумела. "Але гэта ўжо "букет", цэны выраслі на ўсё!" — падкрэсліў Прэзідэнт. "Хто падумаў, што будзе заўтра, павышаючы цану на паліва? Напэўна, кожнаму вядома, што будзе. Паліва — гэта прадукты харчавання, гэта ў меншай ступені, але таксама адзенне. Вы што, і заўтра яшчэ раз павысіце цэны на прадукты харчавання?" — звярнуўся кіраўнік дзяржавы да прысутных. "І наогул, дзе чалавеку ўзяць грошы на ўтрыманне сям'і? Вы што, дасце заўтра гэтыя грошы, кампенсуеце страты кожнай сям'і? А інфляцыя? Вы ж не на іншай планеце жывяце, у магазіны, напэўна, ходзіце і бачыце, што там адбываецца", — сказаў Прэзідэнт. "Вы мне хочаце сказаць, што ў нас цэны сёння на тавары, у тым ліку на паліва злашчаснае, ніжэйшыя, чым у суседніх дзяржавах. Вывозяць. Але да гэтага часу мне ніхто не далажыў факты, дзе затрымалі, колькі, хто вёз, якія меры прыняты і г.д.", — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт распарадзіўся напалавіну ўрэзаць расход паліва службовага транспарту ўрада і Адміністрацыі Прэзідэнта. "З заўтрашняй раніцы напалавіну ўрэзаць ліміт паліва ўраду і Адміністрацыі. На веласіпедах няхай ездзяць, тады, можа быць, будуць думаць, як думаюць людзі", — сказаў кіраўнік дзяржавы. "Як назло робяць!" — дадаў Прэзідэнт. "Людзі толькі-толькі ачухаліся ад удару — на табе, як абухом па галаве, другі раз. Толькі людзі апамяталіся — на табе трэці раз, і гэта, мне дакладваюць, не апошні", — канстатаваў Прэзідэнт. "Тады, хлопцы, я скажу вам, не ў краіне, а недзе за мяжой трэба будзе шукаць работу, — сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да прысутных у зале. — Я дапусціць гэтага здзеку з людзей не магу. Я вас папярэдзіў 10 дзён таму, прэм'ер-міністра асабіста". "Вы зыходзіце з нейкага курсу долара. Скажыце мне, калі ласка, а які сёння рэальны курс долара? Не ведаеце. Дык чаму прывязваеце да нейкага незразумелага курсу долара ўсё на свеце, у тым ліку і паліва? Няўжо тут нельга было прайсці спакойна, павысіўшы цэны на паліва на 10-15 працэнтаў адразу, а потым расцягнуць да 1 студзеня, калі стабілізуецца сітуацыя на валютным рынку, прывязацца да якога-небудзь долара і пералічыць праз долар цану на гэта паліва. Гэта нельга было зрабіць?" — сказаў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт падкрэсліў, што на сённяшняй нарадзе мае намер пачуць выразныя тлумачэнні з пункту гледжання ўнутранай сітуацыі ў краіне. "Сапраўды, як дзеці малыя. Ад вас запалкі ў доме трэба хаваць, бо дом спаліце. Крыху адвернешся — праўда, дом спаліце", — сказаў Прэзідэнт. Звяртаючыся да губернатараў, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што мае намер пачуць ад іх, як яны збіраюцца весці ўборачную кампанію, павысіўшы цэны на паліва. "Ці вы думаеце, што з бюджэту вам нехта грошы дасць? У бюджэце гэтых грошай няма", — падкрэсліў Прэзідэнт. Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка мае намер пачуць і аб сітуацыі на валютным рынку. "Думаю, калі Пётр Пятровіч можа сёння, ён даложыць, што адбываецца на ўнутраным рынку і што будзе заўтра, паслязаўтра, праз 5 дзён, а не абмяжуемся размовамі аб імпартазамяшчэнні", — сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да кіраўніка Нацыянальнага банка Пятра Пракаповіча. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што галоўнае, што ён хоча пачуць, — гэта дынаміка, што змянілася за апошнія 10 дзён "з моманту прынцыповай размовы". "Вы мне дакладваеце, што ажывіўся пазабіржавы валютны рынак. Хацелася б мець канкрэтныя факты, як ажывіўся гэты пазабіржавы рынак", — адзначыў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад прысутных даць дакладныя адказы на пытанні, хто і як прымаў рашэнні аб павелічэнні цэн на спажывецкія тавары, у тым ліку паліва, чым матываваны такія значныя скачкі цэн, як урад мае намер утаймаваць інфляцыю, ці прадугледжаны адэкватныя меры сацыяльнай абароны насельніцтва, ці відаць дадатная дынаміка на ўнутраным валютным рынку. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся знізіць з раніцы цэны на паліва. Аб гэтым ён заявіў учора на нарадзе па актуальных пытаннях эканомікі,...
|
|